Заўтра, 30 снежня, Пуцін абвесціць аншлюс Беларусі?

Для Пуціна можа мець сімвалічнае значэнне 30 снежня 2022 года як дата 100-годдзя ўтварэння СССР, і менавіта ў гэты дзень Пуцін можа абвясціць аншлюс Беларусі. Пра гэта заявіў расійскі апазіцыйны палітык Леанід Гозман.

marsz_adzinstva_6__85__logo_2_logo.jpg

Беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка ўжо практычна адмовіўся ад незалежнасці сваёй краіны і можа даць яе тэрыторыю і нават войска для новай атакі на Кіеў падчас вайны ва Украіне, лічыць расійскі палітык Леанід Гозман. Але можа здарыцца яшчэ горшае: беларускі народ не пагодзіцца на аншлюс — і распачне ў адказ партызанскую вайну

Леанід Гозман у эфіры праграмы «Паветра» на канале «Хадаркоўскі Live» сярод іншага разважаў, якія падарункі Пуцін рыхтуе свайму народу? Усеагульная мабілізацыя, яшчэ адна распачатая вайна, адстаўка або Пуцін нічога не падаруе, бо расійскі народ і так шчаслівы.

— Расіяне, безумоўна, шчаслівыя, ды і як можна быць няшчасным, калі ў іх такі цудоўны кіраўнік, што ўсе зайздросцяць, — саркастычна заявіў расійскі палітык. — Я думаю, што ўсеагульную мабілізацыю ён так і так падаруе, таму што падзецца яму няма куды.

Яшчэ адну вайну? Не выключана. Але вы ведаеце, я з вялікай трывогай чакаю 30 снежня — дня 100-годдзя стварэння СССР. Таму што для Пуціна гэта такі пункцік — распад Саюза. Памятаеце, у яго язык павярнуўся назваць гэта найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагоддзя. Як мог сказаць такое рускі чалавек, які вырас у Піцеры, які нарадзіўся ў краіне, што прайшла праз дзве сусветныя вайны, рэвалюцыю, тэрор, голад, блакаду… У мяне гэта папросту ў свядомасці не ўкладаецца, як можна такое сказаць… Дык вось, паколькі Пуцін моцна зацыклены на СССР, ён відавочна хоча зрабіць нейкі жэст 30 снежня, нешта пакласці пад елачку. Канешне, ён хацеў бы пад елачку пакласці Украіну, але вось ва ўкраінцаў неяк аказалася іншае меркаванне на гэты конт — таму ў Пуціна не атрымалася… І вайскоўцы ў параднай форме ў перадавых танках ехалі дарэмна…

Што ён можа пакласці пад елачку? Ён можа пакласці Беларусь. Мяне вельмі гэта хвалюе, таму што яго візіт у Мінск абсалютна не ўкладаецца ў логіку адносін з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам…

Я баюся, што гэта была завяршальная стадыя нейкіх сур’ёзных рашэнняў. Звярніце ўвагу, што Аляксандр Рыгоравіч цалкам перастаў гуляць у нейкую там незалежнасць, і цяпер у яго галоўны пасыл — думка Пуціна. Да таго ж, як вы адзначалі ў рэпартажы, ён адзіны, хто надзеў гэты дурны пярсцёнак…


Я вельмі баюся, што 30-га Пуцін можа абвясціць разам з Лукашэнкам пра нейкую чарговую інтэграцыю, а можа, нават пра аншлюс Беларусі.

Але гэта ў кантэксце вайны… Справа ў тым, што калі яны абвесцяць аншлюс, то, як заўсёды, зноў цалкам праігнаруюць волю людзей. Бо калі яны пачалі гэту жахлівую авантуру ва Украіне, яны праігнаравалі волю ўкраінскага народа, які вырашыў, што не — мы гэтага не хочам… Таму мы там маем тое, што маем.

Беларускі народ абсалютна дакладна не хоча трапіць пад руку рускага цара, і вельмі можа стацца, што, калі яны гэты жах зробяць у Беларусі, там рэальна пачнецца народны супраціў… Пачнецца партызанская вайна… І гэта можа быць зусім другая вайна.

Нейкай іншай вайны я пакуль не бачу… Адзінае, калі вайна ва Украіне перарасце ў сусветную, што таксама не выключана… Вось тады будзе такі падарунак — мы ўсе патрапім у рай.

Зрэшты, апазіцыйны палітык не першы раз кажа пра планы РФ анексаваць Беларусь. Яшчэ ў 2019 годзе Гозман, як пісаў «НЧ», раіў беларусам: «Калі Пуцін зразумее, што будзе ўзброены супраціў, што вы будзеце страляць, ён не пойдзе на анексію. Не пойдзе на вайну, як на Данбасе. Таму цяпер ён стараецца зламаць Лукашэнку, разлічваючы, што гэта атрымаецца і не давядзецца прымяняць сілу… Калі б я быў грамадзянінам Беларусі, то пастараўся б адправіць мэсэдж вялікаму суседу: «Хлопец, а ў нас звычайныя людзі будуць страляць, нават калі войска падпарадкуецца, усё адно будуць страляць, такая традыцыя». Тады Пуцін адмовіцца ад сілавога сцэнару. Ён больш не можа дазволіць сабе прымаць «грузы-200».

Аднак, як паказаў час, Гозман ідэалізаваў у 2019-м сітуацыю: Пуцін вельмі лёгка звярнуўся да сілавога сцэнару ва Украіне.