"Дзеля падтрымання паўкаланіяльнага статусу Беларусі мы давалі даволі шмат грошай"

За 20 гадоў праект пабудовы так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі цалкам праваліўся.



da297185_7b74_4d81_82b5_a5a8354f1254_w640_r1_s_cx0_cy4_cw0.jpg

Такое меркаванне ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" выказаў расійскі апазіцыйны палітык Леанід Гозман.

Амаль 20 гадоў таму, 2 красавіка 1996 года, было падпісана пагадненне аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі. У 1997 годзе супольнасць фармальна пераўтварылі ў саюз Беларусі і Расіі, а ў 1999-м пераназвалі ў саюзную дзяржаву.

З 1998 году 2 красавіка афіцыйна адзначаецца як дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.

Расійскі апазіцыйны палітык, былы старшыня партыі «Саюз правых сіл» Леанід Гозман лічыць, што так званай Саюзнай дзяржавы насамрэч не існуе, і гэты праект не мае аніякіх перспектыў.

«У такім вымушаным саюзе з Расіяй ніякай будучыні ў Беларусі няма»

«Няма ніякай Саюзнай дзяржавы, і цалкам відавочна, што яе і не будзе. Больш за тое, яна і не планавалася — прычым як з нашага боку, так і з боку Аляксандра Лукашэнкі.

Расія, як мне здаецца, хацела замацаваць такі паўкаляніяльны статус Беларусі. Пры гэтым гаворка не ідзе пра тое, што Расія, накшталт ангельцаў ці французаў у XIX стагоддзі, збіралася выпампоўваць рэсурсы і ўсяляк рабаваць Беларусь. Зразумела, не. Гаворка ідзе пра палітычны ўплыў — гэта значыць захаванне Беларусі як несамастойнага палітычнага суб’екта, які заўсёды гатовы выступіць на нашым баку, які заўсёды гатовы даць скарыстаць сваю тэрыторыю для нашых геапалітычных дзеянняў (накшталт размяшчэння вайсковых базаў). Вось гэта сапраўды меркавалася. Дзеля падтрымання гэтага паўкаланіяльнага статусу Беларусі мы давалі даволі шмат грошай, мы скрозь пальцы глядзелі на ўсялякія забавы Аляксандра Рыгоравіча з энергарэсурсамі, якія пастаўляліся яму па нізкіх коштах, і на тое, што ён тварыў унутры Беларусі — ад забойстваў да здушэння дэмакратыі», — кажа палітык.

Аднак рэалізаваць гэты каланіяльны праект Маскве не ўдалося, лічыць Гозман:

«Нашы стратэгі недаацанілі прывабнасць Захаду, недаацанілі беларускі народ і яго імкненне да незалежнасці, і яны недаацанілі Аляксандра Лукашэнку.

 

На сённяшні дзень тыя, хто задумаў гэты каланіяльны праект, цалкам прайгралі, таму што пры першых жа выбухах грому, калі ад Аляксандра Рыгоравіча спатрэбілася праявіць саюзніцкую салідарнасць, ён яе, натуральна, не праявіў. Ён стаў гуляць у сваіх уласных інтарэсах (хоць у дадзеным выпадку, напэўна, і ў інтарэсах Беларусі, таму што Беларусь стала трошкі бліжэй да Еўропы). Ён адмовіўся прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію, на чым, вядома, настойвала расійскае кіраўніцтва — для іх было абсалютна прынцыпова, каб нехта яшчэ, акрамя Нікарагуа, прызнаў незалежнасць Асеціі і Абхазіі. Але Лукашэнка прызнаць адмовіўся. А калі пачаўся ўкраінскі крызіс, Лукашэнка проста паслаў „старэйшага брата“ куды далей і стаў праводзіць вельмі эфектыўную палітыку дыстанцыявання ад Расіі».

З пункту гледжання Гозмана, гэтая палітыка ўжо дала плён, бо з беларускіх уладаў былі знятыя заходнія санкцыі.

«Гэта той рэдкі выпадак, калі ў Беларусі як у краіны прыкладна тыя ж інтарэсы (што і ў Лукашэнкі. — РС). Таму што ў такім вымушаным саюзе з Расіяй ніякай будучыні ў Беларусі няма. Будучыня Беларусі, як мне здаецца, у Еўропе», — рэзюмуе расійскі палітык.

«І Ельцын, і Пуцін заўсёды ставіліся да Аляксандра Рыгоравіча як да чалавека вельмі дрэнна»

Гозман упэўнены, што, нягледзячы на заявы пра «братні саюз двух народаў», і Лукашэнка, і расійскія лідэры заўсёды ставіліся да двухбаковых адносінаў выключна прагматычна.

«Ні прэзідэнт Ельцын, ні прэзідэнт Пуцін ніколі не ставіліся да Лукашэнкі добра. Яны заўсёды ставіліся да Аляксандра Рыгоравіча як да чалавека вельмі дрэнна — з раздражненнем і пагардай. Ніколі яны яго за роўнага і паважанага партнёра не мелі — гэта заўсёды былі чыста прагматычныя адносіны і для Ельцына, і для Пуціна (ну, і для Мядзведзева, вядома — я проста ўжо і забыўся, што быў у нас і такі прэзідэнт)», — кажа апазіцыйны палітык.

Лукашэнка ж разглядаў стасункі з Расіяй выключна ў кантэксце ўмацавання сваёй асабістай улады, лічыць Гозман.

«Аляксандр Лукашэнка заўсёды працаваў толькі на ўмацаванне сваёй асабістай улады. У гэтым сэнсе Расія для Лукашэнкі — не больш чым вялікая бензакалонка, на якой ён мог запраўляцца „на халяву“.

 

Напэўна, ён хоча застацца ў гісторыі Беларусі неяк пазітыўна (калі чалавек так доўга знаходзіцца на троне, ён пачынае думаць і пра сваё месца ў гісторыі), але тое, што яму глыбока напляваць на адносіны з Расіяй, што яны выключна службовыя для яго — гэта, на мой погляд, цалкам відавочна. І больш за тое, я вам скажу, што гэта абсалютна правільна. Гэта абсалютна правільна, бо няма ў Беларусі такой звышзадачы — сябраваць з Расіяй, як у Брытаніі няма звышзадачы сябраваць з Ірландыяй. Ёсць задача ўласнага дабрабыту, уласнай стабільнасці і ўласнай велічы, калі хочаце», — сказаў расійскі апазіцыйны палітык.