Польшча. Смаленская катастрофа вярнулася ў павестку дня

Следства, якое раней вяла Ваенная акружная пракуратура, было падоўжана да кастрычніка бягучага года.



7d65b5a40.jpg

Фота Wikipedia/PRSteam

Wikipedia/PRSteam

Чым бліжэй да шостай гадавіны авіякатастрофы пад Смаленскам, калі загінулі 96 прадстаўнікоў польскіх кіруючых эліт з прэзідэнтам на чале, тым часцей смаленская тэма паяўляецца ў польскіх СМІ — чытаем у «Polska The Times».

Міністр абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч сфармаваў новую падкамісію ў рамках Камісіі даследавання авіякатастроф, якая займаецца высвятленнем прычын гэтай трагедыі. У склад камісіі ўвайшлі давераныя людзі міністра.

Таксама міністр юстыцыі Збігнеў Зёбра прыняў рашэнне пра новае следства і прызначыў новых пракурораў. Следства, якое раней вяла Ваенная акружная пракуратура, было падоўжана да кастрычніка бягучага года.

Нядаўна на кангрэсе, прысвечаным бяспецы, Антоні Мацярэвіч заявіў, што Польшча стала ахвярай тэрарызму. Гэта было сказана ў кантэксце смаленскай катастрофы.

Міністар пазней апраўдваўся, што не было гаворкі пра канкрэтную дзяржаву і пра доказы таго, што самалёт распаўся ў паветры. І абвінаваціў СМІ ў перайначанні ягоных словаў, і ў тым, што яны распаўсюджваюць расейскую версію прычын здарэння.

І чарговая тэма, звязаная з гэтай трагедыяй, — судовы працэс, на якім будуць судзіць між іншым Томаша Арабскага, кіраўніка канцылярыі былога прэм’ер-міністра Дональда Туска.

Прыватныя асобы, сваякі загінулых пад Смаленскам, вінавацяць яго ў халатнасці, якая стала прычынаю катастрофы.

www.radyjo.net