Непатрэбны міф яднання
2 красавіка — Дзень адзінства народаў Беларусі і Расіі. У гэты дзень 20 гадоў таму была падпісаная Дамова аб супольнасці Беларусі і Расіі. А яшчэ праз год, 2 красавіка 1997 года, была падпісана дамова пра стварэнне Саюза Беларусі і Расіі.
Планавалася, што Саюзная дзяржава будзе паўнавартасным заменнікам СССР — са сваёй адзінай валютай, з агульным гербам, гімнам, сцягам, з адной Канстытуцыяй і агульным кіраўніцтвам. Кажуць, Лукашэнка, усяляк прасоўваючы ідэю Саюзнай дзяржавы, меціў на месца Барыса Ельцына, то бок на саюзную прэзідэнцкую пасаду.
Гэтым марам не было наканавана спраўдзіцца — да кіраўніцтва Расіяй прыйшлі больш прагматычныя і менш настальгічна настроеныя «піцерскія». І ўсе крэатыўныя ініцыятывы па яднанні «двух братэрскіх народаў» здуліся. Найперш, з-за эканомікі.
Пуцін не пагадзіўся ствараць эмісійны цэнтр, кантроль за якім меў бы Аляксандр Лукашэнка. Прыкладна тое ж адбылося з Канстытуцыяй Саюзнай дзяржавы — праца над гэтым дакументам была спыненая яшчэ ў 2013 годзе. Аляксандр Рыгоравіч, у сваю чаргу, адмовіўся ад ідэі праводзіць рэферэндум па аб’яднанні Расіі і Беларусі, і раптам пачаў казаць пра каштоўнасць незалежнасці сінявокай.
Калі зараз узгадваць Саюзную дзяржаву, што першае прыходзіць на розум? Найперш, гэта, канешне, розныя пасяджэнні дэпутатаў «саюзнага парламента» і «тэт-а-тэтныя» перамовы кіраўнікоў Расіі і Беларусі ў гэтых варунках. СД стала проста чарговай нагодай для таго, каб правадыры Расіі і Беларусі часцей сустракаліся.
Па-другое, гэта навуковыя праекты: такія, як суперкампутар «Скіф», беларуская касмічная праграма, спадарожнік «БелКА». Але і тут не без кур’ёзаў. У 2008 годзе адбыўся запуск касмічнага апарата «Юбілейны» з рухавіком «без выкіду рэактыўнай масы». У космасе ён працаваць адмовіўся, а ў прэсе атрымаў мянушку «гравіцапа». Па дадзеных расійскага акадэміка Эдуарда Круглякова, фінансаванне «эксперыменту стагоддзя» ішло з бюджэту Саюзнай дзяржавы.
Падаецца, неблагія вынікі дала праграма «БелРасТрансген», — вывядзенне трансгенавых козаў, якія б давалі малако з лактаферынам — лекавым бялком чалавека. Аднак наўгародскае прадпрыемства, якое павінна было выпускаць «цудадзейнае малако», спыніла вытворчасць: з-за таго, што ніхто не ведае, хто можа валодаць вынікамі агульнай праграмы і як размяркоўваць прыбытак.
Дырэктар «Трансгенбанка» Інстытута біялогіі гена Расійскай акадэміі навук Ігар Гольдман заявіў: «На жаль, ні ў праграмах Саюзнай дзяржавы, ні ў праграмах Мінадукнавукі няма ўказання, хто павінен укараняць гэта і хто павінен за гэта адказваць. А адказваць ёсць за што, таму што Падліковая палата Расіі праверыла нас. Мы на ўсе патрацілі больш за 20 мільёнаў долараў, мы зрабілі добры прадукт, і Падліковая палата кажа: трэба ўкараняць, але яна сама не ведае, хто і як павінен гэта рабіць».
Карацей, Саюзная дзяржава зараз — гэта ўжо не палітычны праект, а сродак выбіць фінансаванне для расійскіх і беларускіх навуковых інстытутаў. Ну, улічваючы, як у нас фінансуецца навука — і тое хлеб.
Але ці можна лічыць гэты дзень святам? І каму наогул патрэбна такая саюзная дзяржава сёння?
Па дадзеных апытання Незалежнага інстытута сацыяльных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Літва) за сакавік гэтага года, на пытанне, «Калі б сёння праходзіў рэферэндум па аб’яднанні Беларусі і Расіі, як бы вы прагаласавалі», 52,4% рэспандэнтаў зазначылі, што былі б супраць такога аб’яднання.
Праўда, калі б паўстаў выбар паміж уступленнем Беларусі ў Расію альбо ЕС, абралі б Расію толькі 48% апытаных. ЕС — 32,1%. Гэта падкрэслівае, што народ Беларусі пакуль не імкнецца яднацца ані з Захадам, ані з Усходам.
Гэта нягледзячы на тое, што 73,9% рэспандэнтаў лічаць сябе больш блізкімі да рускіх, чым да еўрапейцаў. І зноў парадокс — да ідэі «рускага міра» станоўча ставяцца толькі 30,9% беларусаў.
Чаму? Таму што Расія — злая і агрэсіўная? Не. 57,8% апытаных беларусаў дагэтуль лічыць, што анексія Расіяй Крыма — гэта «вяртанне Расіяй рускіх земляў і ўзнаўленне справядлівасці». 43,6% мяркуюць што Расія ў Сірыі сапраўды ваявала з тэрарызмам, які пагражае ўсяму свету.
І ў той жа час 42,9% апытаных выказаліся адмоўна наконт ідэі расійскай авіябазы ў Беларусі.
Такім чынам, «яднанне народаў Беларусі і Расіі» застаецца ўсяго толькі міфам, альбо «патэнцыялам», як пішуць у НІСЭПД. Канешне, грамадзяне Беларусі не супраць скарыстацца выгодамі — адсутнасцю кантролю на мяжы з Расіяй і да таго падобнымі заўважнымі «фішкамі» Саюзнай дзяржавы. Але жыць беларусы прызвычаіліся ў незалежнай краіне — ім і без «агульных дзяржаваў» добра.
А таму свята «яднання народаў» засталося для каго-небудзь усяго толькі чарговай нагодай кульнуць кілішак.