Сёння ў Польшчы могуць абліць вадой (відэа)
Гэта традыцыя захавалася з паганскіх часоў: тады такім чынам будзілі прыроду пасля зімовага сну.
Смігус-дынгус (Śmigus-dyngus), альбо Мокры панядзелак. Фота sxc.hu/public domain
Сёння палякі адзначаюць другі дзень Вялікадня. Згодна са старадаўняй традыцыяй, сёння — Смігус-дынгус (Śmigus-dyngus), альбо інакш Мокры панядзелак. Здаўна існуе звычай менавіта ў велікодны панядзелак аблівацца вадою. Традыцыя захавалася з паганскіх часоў: тады такім чынам будзілі прыроду пасля зімовага сну. Лічыцца, што чалавеку, якога аблілі вадою, будзе спрыяць поспех і багацце.
Вадою абліваюцца перш за ўсё моладзь і дзеці, якія ў Мокры панядзелак часта бегаюць з вадзянымі пісталетамі альбо бластэрамі, але пад струмень могуць трапіць звычайныя пешаходы. Зразумела, гэта не
ўсім даспадобы, і таму супрацоўнікі дзяржаўнай і муніцыпальнай паліцыі пільнуюць сёння, каб шанаванне традыцыі не ператварылася ў хуліганства. У гэтым выпадку паліцыя папярэджвае, што расцэньвае такі
крок як дробнае хуліганства, за што пагражае штраф у памеры да 500 злотых (прыкладна 120 еўра) альбо нават пазбаўленне свабоды тэрмінам на адзін дзень.
Аднак нягледзячы на магчымыя пакаранні, як і штогод, тысячы палякаў вернуцца дадому са святочных прагулак альбо з гасцей у мокрай вопратцы.
Традыцыя Мокрага панядзелку існуе таксама ў іншых краінах, для прыкладу, у Чэхіі, Славакіі, Вугоршчыне, некаторых раёнах Заходняй Украіны.