Зяленскі: Уступленне Беларусі ў вайну стане «вялізнай памылкай»

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю BBC выключыў магчымасць адмовы ад якой-небудзь тэрыторыі сваёй краіны ў патэнцыйным мірным пагадненні з Расіяй. Не абышоў увагай і Беларусь.

З відэа ВВС

З відэа ВВС

Уладзімір Зяленскі папярэдзіў, што саступка зямлі будзе азначаць, што Расія можа «працягваць вяртацца», а заходняя зброя наблізіць мір. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю BBC, прымеркаваным да года з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі.

Зяленскі таксама сказаў, што прадказаны вясновы наступ ужо пачаўся.

«Расійскія атакі ўжо адбываюцца з некалькіх кірункаў», — сказаў ён.

Аднак ён лічыць, што ўкраінскія войскі могуць працягваць супраціўляцца прасоўванню Расіі, пакуль не будуць пачынаць контрнаступленне. Зяленскі таксама паўтарыў свае заклікі да большай ваеннай дапамогі з боку Захаду.

«Вядома, сучасная зброя паскарае мір. Зброя — гэта адзіная мова, якую Расія разумее», — сказаў Зяленскі.


Украінскі прэзідэнт таксама звярнуўся да пагрозы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі весці вайну разам з расійскімі войскамі са сваёй тэрыторыі, калі хоць адзін украінскі салдат перасячэ мяжу.

«Я спадзяюся, што [Беларусь] не ўступіць [у вайну]», — сказаў ён. «Калі гэта адбудзецца, мы будзем змагацца — і мы выжывем». Дазволіць Расіі зноў выкарыстоўваць Беларусь у якасці плацдарма для нападу было б «вялізнай памылкай», дадаў ён.

Зяленскі нагадаў, што расійскія войскі пачалі частку свайго поўнамаштабнага ўварвання з тэрыторыі Беларусі 12 месяцаў таму. Яны рушылі на поўдзень у напрамку сталіцы Украіны Кіева, але атрымалі адпор і вымушаны былі адступіць праз некалькі тыдняў, несучы вялікія страты.

Адказваючы на пытанне, ці здзівіла яго тактыка Расіі ў вайне, Зяленскі назваў яе «бескарыснай».

«Тое, як яны ўсё знішчылі. Калі іх салдаты атрымалі [і выканалі] гэтыя загады, гэта азначае, што яны падзяляюць тыя ж каштоўнасці».

Украінскія даныя, апублікаваныя на гэтым тыдні, паказваюць, што расійскія войскі ва Украіне паміраюць у большай колькасці ў гэтым месяцы, чым калі-небудзь з першага тыдня іх уварвання. Гэтыя лічбы немагчыма праверыць, але Міністэрства абароны Вялікабрытаніі заявіла, што тэндэнцыі «верагодна дакладныя».

«Сёння наша адзінства — гэта наша выжыванне», — сказаў Зяленскі пра тое, як, на яго думку, скончыцца вайна. «Я лічу, што Украіна змагаецца за сваё выжыванне». Яго краіна рухалася ў Еўропу эканамічна, а таксама праз свае каштоўнасці, сказаў ён.


«Мы выбралі гэты шлях. Мы хочам гарантый бяспекі. Любыя тэрытарыяльныя кампрамісы зробяць нас слабейшымі як дзяржаву».

«Справа не ў самім кампрамісе, — дадаў Зяленскі. — Чаго нам гэтага баяцца? У нас кожны дзень у жыцці мільёны кампрамісаў… Пытанне ў тым, з кім? З Пуціным? Не. Таму што няма даверу. Дыялог з ім? Не. Таму што няма даверу».