«900 блакадных дзён — гэта прапагандысцкі слоган. Людзей забілі не 900, а 90 дзён голаду»

У жніўні 1941 года нямецкія войскі выйшлі на блізкія подступы да Ленінграда. Праз некалькі тыдняў, у верасні, пачнецца трагедыя, якая ўвойдзе ў гісторыю як блакада Ленінграда. Што ў гэтай жахлівай гісторыі міф, а што праўда? Звяртаемся да даследаванняў. 

125 блакадных грам 

125 блакадных грам 

Марк Салонін нарадзіўся ў 1958 годзе ў расійскім Куйбышаве. Мае адукацыю авіяцыйнага інжынерa-канструктара. Але вядомы ён перадусім як даследчык гісторыі Другой сусветнай вайны, які аспрэчвае трактоўку падзеяў вайны, прынятую савецкай ідэалогіяй.

Марк Салонін. Фота Tairo Lutter / Postimees

Марк Салонін. Фота Tairo Lutter / Postimees

Пісьменніца і журналістка Юлія Латыніна адзначала, што «ў Расіі ёсць два вялікія ваенныя гісторыкі ў XX—XXI стагоддзі. Гэта Віктар Сувораў і Марк Салонін».

Віктар Сувораў, у сваю чаргу, ацаніў працы Салоніна як «навуковы подзвіг», лічыў іх «залатой цэглай у падмурку той гісторыі вайны, якая калісьці будзе напісаная».

Супрацьлеглага меркавання прытрымліваўся маршал Савецкага Саюза Дзмітры Язаў. Ён лічыў, што працы Марка Салоніна скіраваныя на тое, каб «ачарніць перамогу» і «прынізіць подзвіг народа».

Факты, прыведзеныя Маркам Салоніным у даследаваннях тэмы блакады Ленінграда, дакладна заслугоўваюць увагі. Звяртаемся да іх.

Ці была блакада?

«Другая сусветная вайна — страшная чалавечая трагедыя. Нават у гэтым маштабе ленінградская трагедыя ўзрушае. Па самых мінімальных падліках 600 тысяч чалавек памерлі ад голаду, у страшных пакутах. На вачах паміралі іхнія дзеці, іх бацькі. Ніякіх сумневаў у тым, што менавіта так усё і было, што сотні тысяч людзей памерлі з голаду, няма і быць не можа», — сцвярджае Марк Салонін.

Аднак гісторык настойвае на тым, што не варта ставіць знак роўнасці між масавым голадам і блакадай. Ён прапануе сваё вызначэнне слова блакада – не навуковае, але зразумелае: «Блакада – гэта калі ёсць што везці, але няма чым/няма куды прывезці. А калі весці няма чаго – гэта не блакада».

«Уявіце, што вы ў блакадзе. Вас акружылі з усіх бакоў ворагі. А па-за кальцом блакады вашыя сябры, саюзнікі, якія вельмі хочуць вам дапамагчы, яны навезлі туды горы харчавання, з жахам назіраюць за вашымі пакутамі, але пераадолець кола блакады і даставіць да вас ежу не могуць. Вось гэтае парушэнне транспартных камунікацый і называецца словам блакада», — тлумачыць Салонін.

Ён лічыць, што гэтае апісанне абсалютна не падыходзіць да падзеяў Ленінградскай трагедыі.

Звернемся да мапы палажэння фронта на канец верасня 1941 года.

Скрыншот з YouTube-канала Mark Solonin

Скрыншот з YouTube-канала Mark Solonin

«З поўдня да Ленінграда падыходзіць некалькі чыгунак. Ёсць такая вузлавая станцыя Мга. Гэтую станцыю немцы занялі 30 ліпеня 1941 года. Праз тыдзень, 8 верасня 1941 года, немцы занялі Шлісельбург, гэта значыць, выйшлі да берага Ладажскага возера, і такім чынам усякае сухапутнае злучэнне з паўднёвых подступаў да Ленінграда было перакрыта».

«Але дзе тут кола? Немцы былі толькі з поўдня», — звяртае ўвагу даследчык.

З поўначы да Ленінграда падыходзяць 2 чыгункі. Гэтыя дарогі пераразае лінія савецка-фінскага фронта.

Салонін лічыць, што існавала магчымасць дамовіцца з Фінляндыяй мірам і разблакаваць Ленінград з поўначы.

«Фінлянцыя ўступіла ў вайну ў 1941 годзе супраць Савецкага Саюза, маючы абсалютна канкрэтныя задачы — вярнуць сваю тэрыторыю і атрымаць гарантыі таго, што больш не будзе агрэсіі, будзе мір паміж Фінляндыяй і Савецкім Саюзам», — кажа Салонін.

«Калі б Сталін у 1941 годзе прапанаваў фінам вяртанне да законнай мяжы 1939 года, я не бачу прычын, па якіх Фінляндыя б ад такой прапановы адмовілася. Магчыма, мая здагадка не правільная. Але безумоўны факт заключаецца ў тым, што нават спробаў дамовіцца з Фінляндыяй Савецкі бок не прымаў, і ў выніку паўночныя подступы да Ленінграда заставаліся перакрытымі».

На захадзе – Фінскі заліў. Тэарэтычна ежу ў Ленінград можна было б завозіць праз нейтральную Швецыю.

«Разумею, наколькі дзікім гэта здаецца ўсялякаму савецкаму чалавеку, але вымушаны нагадаць, што Вялікабрытанія ва ўмовах такой блакады праваявала ўсю вайну. Кожны літар нафты, кілаграм руды і харчавання, якія траплялі на тэрыторыю Вялікабрытаніі, траплялі туды па моры».

«Таму калі казаць, што сітуацыя, калі адзіным транспартным калідорам з’яўляецца мора – блакада, тады варта прызнаць, што дзяржава Ізраіль з першага дня свайго існавання знаходзіцца ў блакадзе. Таму што ніводнай чыгункі да Ізраіля не падыходзіць», — сцвярджае даследчык.

Але пытанне забеспячэння Ленінграда праз Балтыку ніколі не абмяркоўвалася — насамрэч у гэтым не было неабходнасці.

На ўсходзе – Ладажскае возера, паўднёвы бераг якога кантралюеццца Чырвонай Арміяй.

Скрыншот з YouTube-канала Mark Solonin

Скрыншот з YouTube-канала Mark Solonin

«На заходнім беразе Ладажскага возера ад лініі фронту з фінамі і на поўдзень ад Шлісельбурга прыблізна 60 кіламетраў адкрытага берага, на якім не выбухаюць бомбы, не падаюць снарады, на якім няма мінаў, няма ворага. На іншым баку, праз кавалачак вады, які мае назву Шлісельбургская губа, паселішча Кабона, да якога падыходзяць дарогі. І вось адтуль да Ленінграда па вадзе 27 кіламетраў (15 марскіх міль)», — кажа Марк Салонін.

«Тое, што савецкая прапаганда называла блакадай Ленінграда, ёсць неабходнасцю пераадолець 15 марскіх міль па возеру. Гэта адзінае, што аддзяляла Ленінград ад вялікай зямлі на працягу ўсёй так званай блакады».

Колькі харчавання магло б выратаваць горад?

Дагэтуль немагчыма назваць дакладную колькасць людзей, якія заставаліся ў Ленінградзе. Салонін прапануе наступныя падлікі:

«Найбольш дакладнай ацэнкай колькасці жыхароў блакаднага Ленінграда з'яўляецца колькасць выдаваемых хлебных картак. Гэта прыводзіць нас да лічбы ў 2,544 мільёна цывільнага насельніцтва ў акружаным горадзе.

Жыхар Ленінграда. 1942. Фота Getty Images

Жыхар Ленінграда. 1942. Фота Getty Images

Асабісты склад Ленінградскага фронту і Балтыйскага флота ўнутры блакаднага кольца складаў каля 350 тысяч.

Разам — 2,9 мільёна чалавек, акруглена — тры мільёны».

Гісторык лічыць, што памер пайка ў 500 грамаў простай, таннай ежы ў дзень на чалавека закрыла б пытанне галоднай смерці.

«Памнажаем тры мільёны на 500 грам – і атрымліваем 1,5 тысячы тон. 1,5 тысячы тон ежы ў дзень цалкам здымаюць тэму голаду. Яшчэ патрэбнае паліва, медыкаменты і гэтак далей. У рэальнасці пастаўкі ў Ленінград былі 6:4, дзе 6 адзінак – харчаванне, 4 – усё астатняе. Але палічым з запасам, 1:1, і атрымаем лічбу ў 3 тысячы тон на дзень. Гэта тыя пастаўкі, якія маглі б забяспечыць Ленінград жыццём – цяжкім жыццём прыфрантавога тылавога горада».

Ці былі тэхнічныя магчымасці забеспячэння такіх паставак?  

«Адна з арганізацый, якая павінна была вырашаць гэтую задачу, Паўночна-Заходняе рачное параходства, мела ў складзе суда з сукупнай грузападымальнасцю ў 420 тысяч тон. У навігацыю 1940 года суда ПЗРП перавозілі 14 тысяч тон на дзень».

Насамрэч менавіта такія аб’ёмы паставак праз «Дарогу жыцця» і былі забяспечаныя – але занадта позна. У лютым 1942 года ў Ленінград  пастаўлялі 3,1 тысячы тон у дзень. У сакавіку – 3,9 тысяч. У красавіку – 4,1. Эвакуіраваныя былі 554 тысячы чалавек.

Тады чаму людзі паміралі?

Але калі пастаўкі харчавання былі наладжаныя, галодных смерцяў менш не стала. 

У снежні 1941 года ў Ленінградзе памерлі 53 тысячы чалавек. У студзені – 102 тысячы. У лютым – рэкордныя 103 тысячы. Сакавік – 99 тысяч. Красавік – 80 тысяч. Травень – 53 тысячы загінулых у Ленінградзе.

«Гэта звязана з асаблівасцямі чалавечага арганізму. На жаль, сістэматычная нястача ў харчаванні выклікае хваробу – аліметарная дыстрафія. Гэта жудаснае разбурэнне ўсёй сістэмы абмену рэчываў, арганізм ужо не можа прыйсці ў норму», — кажа Марк Салонін. -- Таму нават тады, калі пайшоў паток харчавання, які па нашых падліках мог зняць усе пытанні, ён іх не зняў. З людзей, арганізм які быў разбураны за лістапад, снежань, студзень, калі былі тыя страшныя блакадныя нормы – 125 блакадных грам – не ўсіх атрымалася вярнуць».

Дзеці блакады. 1942

Дзеці блакады. 1942

У адным з інтэрв’ю Салонін выказаўся наступным чынам: «900 блакадных дзён — гэта прапагандысцкі слоган. Людзей забілі не 900, а 90 дзён голаду».

Інфаграфіка BBC

Інфаграфіка BBC

Справа ў тым, што цягам першых трох блакадных месяцаў не было зразумела, ці захопяць немцы горад канчаткова. Таму карміць ленінградцаў савецкай уладзе было папросту нявыгадна. Гэта цалкам упісвалася ў логіку Сталіна, які загадваў: «Пры вымушаным адыходзе частак Чырвонай Арміі не пакідаць суперніку ні кілаграма хлеба, ні літра паліва».

«Улада ставілася да насельніцтва, якое знаходзілася ў яе распараджэнні, як да рэсурсу. Рэсурс трэба карміць толькі ў тых выпадках, калі ад яго можна атрымаць нейкую карысць. Калі рэсурс можа быць захоплены супернікам і выкарыстаны ім як працоўная сіла або прызыўны кантынгент, тады лепш каб гэтага рэсурсу не было, — тлумачыць Салонін. -- У лютым Сталін зразумеў, што горад здаваць не давядзецца, што гэта савецкі тылавы горад і яго трэба забяспечваць».

Але вярнуць сотні тысяч загінулых у страшных пакутах гэта не дапамагло.

Ленінград падчас блакады

Ленінград падчас блакады

«З 19 снежня па 1 сакавіка на вуліцах горада была падабрана 261 тысяча трупаў і 9207 жывых людзей у стане крайняга знясілення. На працягу трох зімовых месяцаў за «забойства з мэтай паядання мяса забітых» былі арыштаваныя 886 чалавек», — нагадвае Марк Салонін.