Адраджэньне Эўропы праз адразаньне чырвонага: якім быў арыгінальны плян Маршала 1948 года?

Пасьля Другой сусьветнай вайны Эўропа ляжала ў руінах. Гарады былі зьнішчаныя, эканоміка разбураная, мільёны людзей загінулі або былі пераселеныя. Плян Маршала, афіцыйна вядомы як праграма аднаўленьня Эўропы, меў на мэце ажыўленьне эканомікі Эўропы і паспрыяў спыну распаўсюду камунізму. Разьбяромся!

Тавары, прывезеныя ў Францыю дзякуючы Пляну

Тавары, прывезеныя ў Францыю дзякуючы Пляну

Плян Маршала, заснаваны 3 красавіка 1948 году, зьяўляецца адной з самых амбіцыйных і пасьпяховых ініцыятываў замежнай дапамогі ў гісторыі.

Навошта гэта ўвогуле спатрэбілася?

Другая сусьветная вайна нанесла Эўропе катастрафічны ўрон. Эканамічны аб'ём вытворчасьці кантынэнта скараціўся ўдвая, сельскагаспадарчая вытворчасьць рэзка ўпала праз страту працоўнай сілы і разбурэньня неабходных пераапрацоўчых маутнасьцяў, што прывяло да недахопу харчаваньня і голаду.

Прамысловая інфраструктура, аснова эўрапейскай эканомікі, знаходзілася ў перадсьмяротным стане — фабрыкі былі разбураныя, а транспартная сетка значна парушаная пасьля зьнішчэньня чыгуначных шляхоў, мастоў, докаў, што ўскладняла намаганьні па разьмеркаваньні любых вырабленых тавараў. Гарады былі ператвораныя ў руіны, што выкінула мільёны людзей зь іх дамоў і працоўных месцаў.

Пляну — быць!

Пляну — быць!

Калі Эўропа пачынала змагацца за тое, каб паўстаць з попелу вайны, стаў набываць абрысы новы канфлікт, на гэты раз ідэалягічны і палітычны. Жалезная заслона, метафарычны і ў канчатковым выніку фізычны бар'ер, аддзяляў усходні блёк, дзе дамінаваў камуністычны СССР, ад заходніх дэмакратыяў.

Злучаныя Штаты і іх хаўрусьнікі імкнуліся аднавіць Эўропу праз дэмакратычныя ўрады і рынкавую эканоміку, у той час як СССР імкнуўся пашырыць свой уплыў і забясьпечыць бясьпеку сваіх межаў шляхам усталяваньня камуністычных рэжымаў пад сваім кантролем.

Сталін з глыбокай падазронасьцю ставіўся да пляна Маршала, бо гэта быў “інструмэнт амэрыканскай імпэрыялістычнай экспансіі і пагроза савецкім інтарэсам у Эўропе”. Нягледзячы на пачатковыя перамовы, Сталін загадаў камуністычным прадстаўнікам выйсьці з абмеркаваньняў і прымусіў краіны Ўсходняй Эўропы адмовіцца ад дапамогі.

Маштаб дапамогі

Было вылучана прыкладна 13 мільярдаў даляраў на той час (эквівалентна прыкладна 135 мільярдам даляраў у сёньняшніх далярах), ініцыятыва была скіраваная на 16 эўрапейскіх краінаў.

Сродкі разьмяркоўваліся на працягу чатырох гадоў (1948-1952). Гэтая дапамога аказвалася ў розных формах, у тым ліку ў выглядзе грантаў, пазыкаў і паставак, кожная зь якіх прыстасоўвалася да асаблівасьцяў краінаў-атрымальнікаў. Мэта была зразумелая: хутка адрадзіць разбураную вайной эканоміку Эўропы і забясьпечыць яе інтэграцыю ў сусьветную эканамічную сістэму ў рамках дэмакратычнага кіраваньня.

Заходняя Нямеччына хутка аднавілася дзякуючы Пляну

Заходняя Нямеччына хутка аднавілася дзякуючы Пляну

Адным з першых і найбольш прыкметных наступстваў пляна Маршала стала фізычная інфраструктура Эўропы. Чыгункі, масты, парты і дарогі, многія зь якіх былі зьнішчаны падчас вайны, былі рэканструяваныя або адрамантаваныя, што спрыяла руху тавараў і людзей, і мела вырашальнае значэньне для эканамічнага аднаўленьня. Плян таксама падтрымліваў аднаўленьне школаў, шпіталёў і жыльля, што непасрэдна паляпшала якасьць жыцьця мільёнаў эўрапейцаў.

Забясьпечваючы абсталяваньнем, сыравінай і іншымі прамысловымі матэрыяламі, плян Маршала дапамог аднавіць узровень вытворчасьці, а ў некаторых выпадках і перасягнуць даваенны ўзровень. Напрыклад, здабыча вугалю значна павялічылася. Падобным чынам падтрымка Пляна для аднаўленьня сельскай гаспадаркі шляхам паставак угнаеньняў, харчовых запасаў і машынаў ліквідавала дэфіцыт харчаваньня і аднавіла сельскагаспадарчы сектар.

Падмацоўваючы валютныя рэзэрвы Эўропы далярамі, плян Маршала спрыяў большай стабільнасьці і даверу да эўрапейскіх валютаў, што, у сваю чаргу, спрыяла інвэстыцыям і эканамічнай актыўнасьці.

Да 1952 года эўрапейская прамысловая вытворчасьць вырасла на 64% у параўнаньні з даваенным узроўнем, што сьведчыць аб посьпеху пляна.

Першая старонка Пляна Маршала

Першая старонка Пляна Маршала

Стратэгія па выкарчоўваньні камунізму

Стваральнікі пляна Маршала, добра ўсьведамлялі адчайныя эканамічныя ўмовы, зь якімі сутыкнулася Эўропа. Яны прызнавалі, што такія цяжкасьці ствараюць спрыяльную глебу для камуністычных ідэалёгіяў. Беднасьць, беспрацоўе і сацыяльныя хваляваньні маглі лёгка быць выкарыстаныя камуністычнымі партыямі, якія набіралі моц у шэрагу эўрапейскіх краінаў з абяцаньнямі рэформаў і эканамічнай роўнасьці. План імкнуўся падарваць гэта. Ён даказваў, што дэмакратычны капіталізм можа перабудаваць Эўропу больш эфектыўна, чым камуністычныя рэжымы.

Дапамога патрабавала ад краінаў-атрымальнікаў правядзеньня эканамічных рэформаў, разьвіцьця дэмакратычных інстытутаў і ўдзелу ў сумесным міжэўрапейскім гандлі. Гэтая абумоўленасьць гарантавала эфектыўнае і выкарыстаньне дапамогі, спрыяла аднаўленьню Эўропы як згуртаванай і інтэграванай эканамічнай адзінкі і, што вельмі істотна, маргіналізавала камуністычныя партыі.

Двума найбольш яркімі прыкладамі палітычнай стратэгіі пляна Маршала зьяўляюцца Францыя і Італія, краіны, дзе камуністычныя партыі мелі значны ўплыў у першыя пасьляваенныя гады. У Францыі камуністычная партыя актыўна ўдзельнічала ў руху супраціву падчас вайны і карысталася значнай папулярнасьцю пасьля гэтага. Падобным чынам у Італіі камуністычная партыя набірала моц, карыстаючыся пасьляваенным расчараваньнем і эканамічным адчаем.

Дзяржсакратар ЗША Джордж Маршал

Дзяржсакратар ЗША Джордж Маршал

У Францыі плян Маршала адыграў вырашальную ролю ў стабілізацыі эканомікі і, такім чынам, пазбавіў камуністычную партыю адной зь яе галоўных крычалак: няздольнасьць капіталізму аднавіць нацыю. Плян Маршала дапамог палепшыць узровень жыцьця і зьнізіць беспрацоўе, што падрывала камуністычны наратыў капіталістычнай эксплюатацыі. Больш за тое, патрабаваньні Пляна па эканамічнай мадэрнізацыі і супрацоўніцтве з іншымі эўрапейскімі краінамі спрыялі рэінтэграцыі Францыі ў заходнюю эканамічную сферу.

У Італіі таксама плян Маршала аказаў істотную падтрымку эканамічнаму аднаўленьню, што, у сваю чаргу, умацавала партыю Хрысьціянская Дэмакратыя супраць яе камуністычных супернікаў на электаральным полі. Эканамічная стабілізацыя і рост, якія адбыліся пасьля дапамогі, саслабілі прывабнасьць камуністаў. Быў яскравы прыклад таго, што эканамічны росквіт і палітычная стабільнасьць дасяжныя ў дэмакратычных рамках.

Як вядома, крамлёўскія камуністы прыдумалі таксама свой плян – плян Молатава (ня блытаць з пактам Молатава-Рыбэнтропа, бо нацысцкі сябар камуністаў быў ужо не ўстане зноў дапамагаць Маскве). Гэты эканамічны плян Молатава так і ня быў рэалізаваны ў дзяржавах пад палітычнай камуністычнай акупацыяй, бо ў СССР вядома ж, не было на гэта рэсурсаў.

Такім чынам, забарона ўдзельнічаць у Пляне Маршала для краінаў на ўсход ад Бэрліну, значна адкінуў іх у эканамічным пляне ззаду. Гэтую прорву, верагодна, не пераадоліць.

Дзякуй табе, дзяржсакратар ЗША Джордж Маршал, за гэты Плян. Ганьба табе, камуністычнае іга, за згвалтаваную палову Эўропы.