Пірат ці рыцар? Тонкая мяжа, якая спараджае войны
Фрэнсіс Дрэйк 4 красавіка 1587 года стаў рыцарам у Англіі. Адначасова з гэтым у Гішпаніі ён быў адным з галоўных ворагаў кароны. Пірат, капер, патрыёт, ашуканец – любое з гэтых словаў можна спалучыць з марской легендай мінулага. Паспрабуйце абраць свой бок.
Ангельскі шляхціч
Фрэнсіс Дрэйк нарадзіўся ў 1540 годзе ў Дэваншыры. Ён стаў суперзоркай пасьля плаваньня вакол усяго сьвету паміж 1577 і 1580 гадамі. Гэта стала ўсяго другім выпадкам у гісторыі пасьля заплыву Магелана. Грандыёзны посьпех замацаваў за ім статус аднаго з найвыдатнейшых мараплаўцаў свайго часу. Гэтае падарожжа было вельмі прыбытковым прадпрыемствам. Рабаваньне Дрэйкам гішпанскіх караблёў і паселішчаў напоўніла казну Англіі і прадэманстравала патэнцыйнае багацьце за берагамі Эўропы, што распальвала ўяўленьні аб сьвеце і амбіцыі ангельцаў.
Стратэгічны геній Дрэйка падчас разгрому гішпанскай армады ў 1588 годзе ўзьвялічыў яго як нацыянальнага героя. Сьмелая тактыка ў спалучэньні з глыбокім веданьнем мораў адыграла галоўную ролю ў абароне Англіі ад гішпанскага ўварваньня. Тая перамога прынесла з сабою пачатак заняпаду Гішпаніі як марской дзяржавы і ўздым Англіі як грознай марской сілы.
Рашэньне каралевы Лізаветы I пасьвяціць Фрэнсіса Дрэйка ў рыцары на борце яго карабля «Залатая лань» стала для марака асабістым гонарам і рашучай палітычнай заявай. Гэтым учынкам ангельская каралева выказала сваю маўклівую згоду рабаваньню гішпанскіх тэрыторый. Тая падзея была сымбалем складанага ўзаемадзеяньня паміж пірацтвам і каперствам эпохі, калі дзеяньні, якія лічыліся злачыннымі, калі яны былі несанкцыянаваныя суверэнам, маглі ўспрымацца як патрыятычныя, калі зьдзяйсьняліся з санкцыі кароны.
Фрэнсіс Дрэйк унёс значны ўклад у марскую моц Англіі дзякуючы сваім дасьледаваньням, тактыцы вядзеньня марской вайны і багацьцям, якія ён прывёз у Англію. Гэта дапамагло фінансаваць далейшыя марскія экспедыцыі і заклала аснову для пашырэньня Ангельскай, а пасьля — Брытанскай імпэрыі. Гэтыя падарожжы адкрылі новыя шляхі і магчымасьці для ангельскага гандлю і калянізацыі.
У літаратуры і мастацтве жыцьцё і прыгоды Дрэйка натхнілі на незьлічоныя творы, ад п'есаў лізавецінскай эпохі да сучасных раманаў і фільмаў, у якіх ён паказваецца як квінтэсэнцыя лізавецінскага героя — сьмелага, вынаходлівага і нязломнага ангельца. Яго гісторыя зьяўляецца адным з асноўных элементаў навучальных праграмаў на ангельскай мове, выкладаецца як частка больш шырокай гісторыі пра ўздым Англіі як ваенна-марской дзяржавы і пашырэньня імпэрыі.
Сэр Фрэнсіс Дрэйк увасабляе дух дасьледаваньняў і прыгодаў, якія характарызавалі перыяд кіраўніцтва каралевы Лізаветы І.
Біч Гішпанскай імпэрыі
З пункту гледжаньня Гішпаніі, XVI стагодзьдзе было эпохай грандыёзнага марскога панаваньня, калі галеоны Гішпанскай імпэрыі перасякалі зямны шар, нагружаныя скарбамі з Новага Сьвету. Менавіта ў гэты час сэр Фрэнсіс Дрэйк, або Эль-Драке (Дракон), як яго злобна называлі ў Гішпаніі, стаў самай грознай пагрозай для гішпанскага панаваньня на морах.
Для гішпанцаў Дрэйк быў не гераічным дасьледчыкам і не доблесным рыцарам, а піратам, карсарам, які палюе на караблі і землі іх імпэрыі з разбуральным эфектам.
Уварваньне Дрэйка ў гішпанскія воды было адназначна расцэненае як дзёрзкая зьнявага ўлады гішпанскай кароны. Згаданае вышэй грандыёзнае плаваньне вакол сьвету, якое ў Англіі разглядалася як гераічнае дасягненьне, было азмрочанае ў вачох гішпанцаў рабаваньнем іх караблёў і партоў.
Асабліва рабаваньне Кадыса ў 1587 годзе ўмацавала яго рэпутацыю звычайнага пірата. У апэрацыі, якую сам Фрэнсіс Дрэйк сьціпла назваў «абпальваньнем барады караля Гішпаніі», яго флот нанёс прэвентыўны ўдар па гішпанскай армадзе. Былі зьнішчаныя караблі і было затрыманае заплянаванае ўварваньне ў Англію. Гэтая атака нанесла глыбокі псыхалягічны ўдар па гішпанцах.
Страта скарбаў, якія мелі вырашальнае значэньне для фінансаваньня вялізнага гішпанскага ваеннага і каляніяльнага апарату, стала наўпроставым ударам па амбіцыях Гішпаніі і яе здольнасьці кантраляваць свае бязьмежныя тэрыторыі. Набегі перапынілі плынь каштоўных мэталаў з Амэрыкі. А бяз золата – няма любові.
Дзейнасьць Дрэйка прывяла да фінансавага напружаньня і спрыяла канчатковаму зьніжэньню гішпанскага дамінаваньня на сусьветнай арэне. Здольнасьць Фрэнсіса Дрэйка пазьбягаць захопу і выклікаць хаос у глыбіні гішпанскіх уладаньняў культывавала пачуцьцё ўразьлівасьці і абурэньня. Яго імя стала сінонімам пірацкага барбарства, сымбалем вонкавых пагрозаў, якія акружылі імпэрыю. Гэтыя настроі яшчэ больш пагоршыліся паразай гішпанскай армады ў 1588 годзе.
У гішпанскіх гістарычных аповесьцях і масавай культуры Фрэнсіс Дрэйк мае складанае становішча. Нягледзячы на тое, што ён у значнай ступені запомніўся пірацтвам і праблемамі, якія ён ствараў для імпэрыі, ёсьць таксама лінія, якая неахвотна прызнае яго навыкі ваенна-марскога генія і стратэга. Яго часта малююць як хітрага і нястомнага суперніка.
Такім чынам, з пункту гледжаньня Гішпаніі, Эль-Драке застаецца піратам, які кінуў выклік магутнасьці Гішпанскай імпэрыі і пакінуў сумны сьлед у яе гісторыі.
Што такое каперства?
Гэтую зьяву можна апісаць словазлучэньнем: легальнае пірацтва. Каперства было падмацаванае заканадаўчай базай, якая адрозьнівала яго ад пірацтва, што паўсюдна асуджалася як злачынства. Каперы, як, напрыклад, Фрэнсіс Дрэйк, уяўлялі сабой людзей, што мелі ўзброеныя судны, якія належалі і кіраваліся прыватнымі асобамі, і мелі камісійныя або каперскія лісты ад свайго ўрада. Гэты дакумэнт дазваляў ім захопліваць або зьнішчаць караблі, якія належаць варожым краінам. Прыватныя акты агрэсіі пераўтвараліся ў працяг дзяржаўнай палітыкі.
Выдача падобных граматаў рэгулявалася рознымі нацыянальнымі і міжнароднымі законамі, у тым ліку знакамітым Ваенна-марскім кодэксам больш позьняга перыяду. Тым не менш выкананьне і прызнаньне гэтых законаў былі непасьлядоўнымі, часта афарбаванымі палітычнымі і ваеннымі інтарэсамі ўцягнутых дзяржаваў. Гэтая супярэчлівасьць прывяла да плыўнай мяжы паміж каперствам і пірацтвам, прычым адна і тая ж асоба адной нацыяй часам адзначалася як законны капер, а іншай асуджалася як пірат.
Гэта дазволіла краінам перасьледваць камерцыйныя інтарэсы сваіх ворагаў, аслабляючы іх эканоміку і адцягваючы іх ваенна-марскія рэсурсы. Для невялікіх марскіх дзяржаваў каперства зраўняла ўмовы супраць вялікіх ваенна-марскіх сілаў, што забяспечвала эканамічна эфектыўны спосаб удзелу ў марской вайне.
Аднак выкарыстаньне капераў мела і істотныя недахопы. Абяцаньне багацьцяў прымусіла некаторых ігнараваць абмежаваньні сваіх даручэньняў. Такія каперы нападалі на нэйтральныя або нават хаўрусныя караблі, тым самым ускладняючы дыпляматычныя адносіны. Адрозьненьне паміж законным каперствам і адкрытым пірацтвам станавілася ўсё больш размытым, асабліва ў адкрытым моры.
Больш за тое, абыходжаньне з палоннымі экіпажамі выклікала вялікія праблемы, паколькі канвэнцыі, якія рэгулююць абыходжаньне з ваеннапалоннымі, далёка не заўсёды выконваліся прыватнымі піратамі.
Практыка каперства пачала зьмяншацца толькі ў ХІХ стагодзьдзі, кульмінацыяй якой стала Парыжская дэклярацыя аб марскім праве 1856 года, якая адмяніла каперства сярод краінаў-падпісантаў.
Фрэнсіс Дрэйк быў рыцарам, каперам, героем і ворагам. Які падыход да яго асобы вам бліжэй?