Піраты-чытачы XVIII стагоддзя

Дэпартамент прыродных і культурных багаццяў Паўночнай Караліны паведаміў, што ў адной з гарматаў флагманскага карабля знакамітага пірата Чорная Барада «Помста каралевы Ганны» амерыканскімі навукоўцамі было выяўлена 16 фрагментаў кніг, якія чыталі піраты XVIII стагоддзя.

czornaja_barada.jpg

У 1717 годзе пірат Эдвард Драмонд (Ціч) па мянушцы «Чорная Барада» захапіў французскі карабель «Канкорд», зрабіў сваім флагманам, пераназваўшы яго ў «Помста каралевы Ганны». У чэрвені 1718 года карабель сеў на мель ля берагоў Паўночнай Караліны.

У 1996 годзе карабель быў знойдзены, і з тых часоў даследчыкі паступова ўздымалі з дна часткі шалёўкі, такелажа ды іншыя фрагменты. Навукоўцы знайшлі ў паднятай са дна мора гармаце вільготны камяк паперы. Самы буйны з іх дасягаў памеру ў чвэрць друкарскага аркуша (каля 24,15×30,5 см). Звычайна папера вельмі хутка раскладаецца пад вадой, але ў гэтым выпадку яна захавалася!

Было зроблена яшчэ адно адкрыццё: на некаторых фрагментах паперы ўсё яшчэ быў друкаваны тэкст, хоць прачытвалася толькі некалькі слоў. Затым задача заключалася не толькі ў тым, каб захаваць папяровыя фрагменты, але і вызначыць, адкуль яны.

У выніку доўгіх месяцаў карпатлівай працы даследчыкам удалося высветліць, што знойдзеныя артэфакты ўяўляюць фрагменты першага выдання кнігі Эдварда Кука «Падарожжа да Паўднёвага мора і вакол Зямлі, здзейсненае ў 1708, 1709, 1710 і 1711 гадах». У ёй аўтар апісвае плаванне двух караблёў — «Герцага» і «Герцагіні» — пад агульным камандаваннем капітана Вудса Роджэрса, які таксама апублікаваў рэпартаж пра сваё падарожжа.

Чорная Барада на пірсе, малюнак з кнігі «Капітан Ціч, ён жа Чорная Барада», (1736)

Чорная Барада на пірсе, малюнак з кнігі «Капітан Ціч, ён жа Чорная Барада», (1736)

Кнігі пра падарожжы былі надзвычай папулярныя ў XVII–XVIII стагоддзях. У кнігах Роджэрса і Кука апісана выратаванне з бязлюднага вострава марака Аляксандра Селькірка, які пражыў 4 гады на незаселенай выспе і стаў прататыпам Рабінзона Круза, кнігу пра якога Даніэль Дэфо апублікаваў у 1719 годзе.

У гістарычных архівах ёсць некалькі спасылак на кнігі на борце караблёў у флоце Чорнай Барады, але няма ніякіх канкрэтных назваў, і гэтая ўнікальная знаходка з’яўляецца першым археалагічным сведчаннем іх прысутнасці.

Аднак ці чытаў сам Чорная Барада гэтую кнігу насамрэч — сказаць немагчыма…