Уладзімір Някляеў: «Я гэткаму лёсу рады»

«Я не ведаў, як буду паводзіць сябе ў гранічнай сітуацыі: прадаць — не прадаць, стрываць — не стрываць, здацца — не здацца... Не думаў, што здольны буду прайсці праз такія фізічныя і псіхалагічныя выпрабаванні, праз якія прайшоў, не надламаўшыся. Аказалася, здольны...»
 

На ўручэнні прэміі Наталлі Арсенневай. Фота Арцёма Лявы

На ўручэнні прэміі Наталлі Арсенневай. Фота Арцёма Лявы

За ўдзел у «Маршы недармаедаў» у маі Уладзімір Някляеў былі асуджаны на 5 сутак. Калі ж у верасні на Кастрычніцкай плошчы прынёс клятву на вернасць Беларусі, атрымаў 7 сутак. У лістападзе за нібыта заклік да ўдзелу ў апазіцыйнай акцыі падчас інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» яго асудзілі ўжо на 10 сутак. Так цягам года дзяржава абвешвала «ўзнагародамі». Але ў вачах пераважанай большасці чытачоў, дый, відаць, свету, Някляеў быў і застаецца не апазіцыйным палітыкам, а найперш паэтам. І лішняе пацвярджэнне таму — прэміі, якімі ён былі ўганараваны цягам толькі мінулых гадоў: літаратурныя прэміі імя Алеся Адамовіча і Ежы Гедройца, «Гліняны Вялес», міжнародныя прэміі імя Курта Тухольскага (Швецыя), Браніслава Герэмека (Польшча) і Міхая Эменеску (Румынія), а таксама прэмія выдаўца Алеся Усені «За вялікі творчы ўнёсак у сучасную беларускую літаратуру». А ўжо ў снежні атрымаў прэмію імя Наталлі Арсенневай за кнігу «Толькі вершы» як за найлепшую кнігу паэзіі. Уладзімір Някляеў — паэт ці палітык? Пра гэта з ім пагутарылі.

Фота "Радыё Свабода"

Фота "Радыё Свабода"

— Калі ў ноч на 25 сакавіка мяне арыштавалі ў Брэсце (без ніякіх прычын і тлумачэнняў зняўшы з цягніка Варшава-Мінск), дык праз суткі з турэмнай камеры я патрапіў (па стане здароўя) у палату шпіталю хуткай дапамогі. Не маючы з сабой паперы, на звароце рэцэпта (нейкіх лекаў у шпіталі не было, параілі набыць) накідаў верш. І забыўся на яго, што ў паслякрызавым стане не дзіва. Папрасіў дзяўчыну (незнаёмую, у шпіталь шмат незнаёмых людзей прыходзіла), якая апельсіны мне прынесла, па лекі схадзіць. Лекі яна набыла, а рэцэпт застаўся ў аптэцы. Праз нейкі час (я ўжо дома быў) аптэкарка патэлефанавала Пэтару Барасу, майму вугорскаму перакладчыку, які даўно жыве ў Брэсце, і пра якога яна ведала, што ён мой блізкі знаёмы. «На звароце рэцэпта, — сказала, — вершы былі, дык я на ўсялякі выпадак перапісала». А ўжо Пэтар пераслаў перапісаны верш мне. І хоць я зусім яго не помніў, але, прачытаўшы, не стаў адмаўляцца ад аўтарства, што-кольвечы дапісаўшы ў вершы і паправіўшы…

 

Цела — на захад, а кроў выцякае на ўсход.

Мёртвы народ сам сябе ўжо не помніць жывога.

Гэта такая трагедыя — мёртвы народ.

Гэта такая камедыя мёртвага Бога.

 

Ён у царквах, у касцёлах у храмах памёр.

Думалі храмы, а выйшла, што склепы і труны.

І не пры чым ні чума, ні халера, ні мор,

І не пры чым ні варагі, ні скіфы, ні гуны.

 

Час і манюк, і прарокаў да кучы грабе,

Перамяшаліся ў пыле свае і чужыя,

Мёртвы народ ажыўляе самога сябе

І аніяк ён самога сябе не ажывіць.

 

Бог беларускі! Калі ты ў нябёсах есі,

Можа, абрынешся градам, пяском з камянямі,

Громам ударыш ці вогненны знак падасі,

Страшны свой суд, ажывіўшы, учыніш над намі.

 

Можа, запаліш у нас пад нагамі зямлю,

Каб мы суда пабаяліся болей, чым смерці…

Бог беларускі!

Цябе я і мёртвым люблю!

Б’ецца і б’ецца ўва мне тваё мёртвае сэрца.

 

26.03.2017. Брэст, шпіталь хуткай дапамогі

 

Чаму менавіта гэтая гісторыя запомнілася? Бо з яе вынікае, што не ўсе беларусы, нягледзячы на больш чым дваццацігадовыя старанні ўлады, перакаваліся ў «рускіх са знакам якасці». Не ўсе сталі абыякавымі да беларускага слова, да літаратуры, да вершаў — і не страцілі павагі да тых, хто іх стварае. Дык вось праз удзячнасць гэтым людзям, праз любоў да іх, беларусаў, якія разумеюць, што без беларускага слова, без беларускай мовы не стане самой Беларусі, я, як пісаў, гэтак і буду пісаць — хоць у турмах, хоць у шпіталях…

Вечарына памяці Вацлава Гавела, 2017 год. Фота Арцёма Лявы

Вечарына памяці Вацлава Гавела, 2017 год. Фота Арцёма Лявы

— У мінулым годзе ў вас было так: то турма, то прэмія. Мусіць, усё ж меў рацыю Віктар Казько, калі напісаў у прадмове да вашых «Знакаў прыпынку», маючы на ўвазе палітычны складнік вашага жыцця, — «ён не той, хто сёння ёсць»?

— Шчыра сказаць, я не зусім уцяміў, што меў на ўвазе, напісаўшы гэтыя словы, мой даўні сябар, выбітны сучасны пісьменнік Віктар Казько. Спытаў яго пра гэта аднойчы, ён не стаў адказваць. Сказаў, што «ў напісаным усё напісана». Ну, можа быць, і я так адказаў бы, каб думалі, нібы напісана нешта такое, што не кожнаму ўцяміць. А ўвогуле прэміі — гэта лепш, чым суды, штрафы ды арышты. Але, каб засведчыць тое, можна было б і не мець майго досведу. Даволі дорага ён абыходзіцца. Часам так, што не стрываць. Суды можна было б трываць, калі б яны былі судамі. Калі б у іх была хоць нейкая справядлівасць. Дык не. Спачатку ўлада пастанаўляе, за што і на колькі мяне пасадзіць, а пасля ўжо міліцыянты цягнуць у суд. І што ты там ні рабі, чым і як ні даводзь сваю правату — без толку. Суд, суддзя нічога не вырашае. Выконвае тое, што яму загадалі.

І арышты можна было б трываць, калі б яны былі проста арыштамі. Без здзеку, знявагі. Ну, напрыклад, калі напісана ў правілах вашай турмы, што я магу карыстацца алоўкам, паперай, — дык выконвайце свае правілы. Дайце магчымасць пісаць! Не, наўмысна не даюць... І калі заўважаеш, што не можаш успомніць незапісаны тэкст, што ён знік з памяці, проста вар’яцееш. На жаль, гэтак многае знікла, бо ў семдзесят адзін год памяць ужо не тая, якая была ў сямнаццаць.

— Калі браць пад увагу ганебныя судовыя выракі, прыгадваецца бліскучы афарызм Ганны Ахматавай, якая сказала ў дні, калі судзілі будучага нобелеўскага лаўрэата Іосіфа Бродскага, што ўлада не разумее, што тым самым «нашаму рыжаму робіць біяграфію». Хіба ў вашым выпадку не так?

— Не. І ў выпадку з Бродскім не так. Чалавек робіць сваю біяграфію сам. Калі б не быў Бродскі такім і тым, якім і кім быў, якую б біяграфію зрабіла яму ўлада? Якую біяграфію зрабіла б улада той жа Ахматавай, калі б яна Ахматавай не была? Калі б, дапусцім, не засталася ў рэвалюцыйнай Расіі, а з’ехала з мяжу?

Што да нобелеўскай біяграфіі, дык у Беларусі яна ўжо зробленая, напісаная — і на доўгі час наперад. Не думаю, што ў бліжэйшыя, дасяжныя для мяне гады яна паўторыцца — няхай нават усе беларускія літаратары, празаікі і паэты будуць пісаць выключна шэдэўры. Нагадаю, што сваіх нобелеўскіх лаўрэатаў у літаратуры не маюць, да прыкладу, такія літаратурныя краіны, як Канада, Украіна...

Зрэшты, усе прэміі, як вялікія, гэтак і меншыя, не столькі аб’ектыўная ацэнка творчага ўзроўню аўтараў і мастацкай вартасці іх твораў, колькі латарэя. Не заўсёды выйгрыш у гэтай гульні быў заслужаным, але здаралася і такое: Кіплінг, Франс, Шоў, Галсуорсі, Гар, Фолкнер, Хэмінгуэй, Камю, Сартр, Салжаніцын, Маркес... У некага іншы спіс, але калі раней ні ў адным з іх не было прозвішча, якое прадстаўляе Беларусь, дык цяпер яно ёсць. І дзякуй Богу за спрыянне ў гэтым, за дапамогу.

— Некалькі гадоў таму вы сказалі: «Не замяніла палітыка паэзію, а дадалася да яе. Спадзяюся, не па скон жыцця, на нейкі час». І іншым разам: «Літаратура ¾ занятак, ад якога не хачу нічога і нічога не чакаю, апроч самога занятку. Бо ён адзіны, ад якога маю асалоду. Палітыка ж ¾ праз самапрымус, праз сілу». У звязку з гэтым прыгадваецца паэма «Паланэз», дзе вамі была агучана галоўная прычына нечаканага для ўсіх ад’езду з Беларусі ў 1999 годзе:

— Таму і край свой кінуў ты,

І зараз тут і там чужы

Сабе і ўсім… Скажы, скажы,

Дзеля чаго зрабіў ты гэта?..

— Найперш, каб зратаваць паэта.

— Якога?

— Можа, не благога.

Я забывацца стаў, якога.

Ён у апошнія гады

Адчуў, што ўжо не малады,

Што ўсё спазнаў: каханне… славу…

Надзеў хамут, упрогся ў справу —

І паміраць пачаў…

Сёння ў вас не ўзнікае жадання развітацца з палітыкай, каб зратаваць у сабе паэта і стаць тым, кім, перафразуючы Віктара Казько, вы на самай справе ёсць?

— Сказаўшы «ён не той, хто сёння ёсць», Казько наўрад ці меў на ўвазе, што калі і наканавана мне кімсьці быць у будучыні, дык не палітыкам, а паэтам. Неяк яно надта проста...

Хоць і не надта. Вось здавалася, што развітанне з палітыкай для мяне не стане праблемай. А стала. Чаму? Бо там жа не палітыка сама ў сабе, там — людзі. Іх давер, падтрымка. Іх вера, надзея. І адказнасць там не меншая, чым у творчасці. Нават большая. Бо не жыццё ўсё ж спадарожнічае літаратуры, як я катэгарычна заяўляў у маладосці, а літаратура жыццю.

Згаданымі радкамі з «Паланэза» я спрабаваў адказаць Васілю Быкаву на ягонае пытанне, зададзенае ў Фінляндыі: «Чаму ты з’ехаў з Беларусі?» Сам ён, дарэчы, не лічыў, што з’ехаў, хоць пражыў у замежжы на той час утрая болей за мяне. Дык вось там, у Хельсінкі, і вырашаў я, што рабіць далей. Калі застацца ў гасцінных фінаў — значыць, толькі пісаць. А хто чытаць будзе, калі ў Беларусі мова, на якой пішу, знікае?..

Калі ж вярнуцца, дык толькі дзеля змагання з тымі, хто супраць беларушчыны. Значыць, вярнуцца — і займацца палітыкай. Не надта мяне такая перспектыва цешыла. Але іншага рашэння прыняць я не мог. Поза чалавека, які сядзіць на Алімпе, назіраючы мітусню мурашоў унізе, не для мяне. У час, калі стаіць пытанне, быць ці не быць Беларусі, мне нават ніякавата глядзець на нашых «алімпійцаў».

Фота з фэйсбуку Уладзімира Някляева

Фота з фэйсбуку Уладзімира Някляева

 — Калі казаць пра гады, пражытыя вамі ў палітыцы, дык у плане творчасці яны таксама не былі бясплодныя. Тут можна ўзгадаць вашы паэтычныя кнігі «Лісты да Волі» і «Толькі вершы», «Знакі прыпынку» і нашумелы раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». Ва ўсіх гэтых кнігах так ці іначай засведчаны ваш турэмны досвед. Нават у юбілейнай кнізе «Толькі вершы», што выйшла да вашага 70-годдзя, ёсць цэлы раздзел пад назвай «Турэмная бібліятэка». То-бок турма не адпускае вас?

— У «Лістах да Волі» ёсць паэма «Турма» (між іншым, адна з самых складаных маіх паэм), у якой напісана: «“Ты закахаешся ў мяне!” — Турма мне горача шаптала». Трэба сказаць, зашмат тут турма на сябе брала, каханкай маёй яна не стала, але многае ў ёй адкрылася для мяне з нечаканага боку. А праз тое шмат нечаканага адкрыў я і ў самім сабе. Ну, скажам, я не ведаў, як буду паводзіць сябе ў гранічнай сітуацыі: прадаць — не прадаць, стрываць — не стрываць, здацца — не здацца... Не думаў, што здольны буду прайсці праз такія фізічныя і псіхалагічныя выпрабаванні, праз якія прайшоў, не надламаўшыся. Аказалася, здольны. Такія адкрыцці і з’яўляюцца штуршком для ўзнікнення таго ў табе, што ёсць паэзія, насычаюць яе энергіяй. І ты за пяць дзён пішаш паэму, якую ў іншым выпадку пісаў бы пяць тыдняў ці пяць месяцаў. Калі ўвогуле напісаў бы, бо ёй ад цябе энергіі трэба, як ад блоку АЭС.

— Некалі падчас нашай з вамі гутаркі вы сказалі: «Займаючыся адначасова літаратурай і палітыкай, я ўсё ж займеў унікальны досвед. Вось з яго й стаўся “менскі раман” ¾ і яшчэ нешта станецца. Калі Бог дасць». Дык што цяпер на пісьмовым стале паэта і празаіка Уладзіміра Някляева?

— Шмат чаго... Не толькі новага, але і некалі недапісанага. Можа, яно не надта заўважна, але пасля 2015 года я стаў адыходзіць ад палітыкі. Праз тое з’явілася магчымасць болей пісаць, і я павыцягваў з шуфлядак няскончаныя рукапісы. Не ведаю, ці дапішу іх, але спрабую. Да прыкладу, драму «Крэва». Бо як гэта: нарадзіцца ў Крэве і пра драматычныя падзеі ў ім не напісаць?

З мінулага года ляжыць на стале і раман з назвай (пакуль умоўнай) «На крыжы». Я ў ім кропку паставіў, але пасля мне здалося (магчыма, дарма), што гэта шматкроп’е. Ці кропка з коскай. І калі ў першапачатковай задуме гэта быў фантасмагарычны раман пра Купалу, толькі пра яго, дык далей пайшло ўсё так, што не толькі. Дзея з 40-х гадоў мінулага стагоддзя перакінулася ў 1980-я, і пакуль я ніяк не магу вырашыць, што з гэтым рабіць?

Паэму яшчэ адну дапісваю. Пра каханне, я шмат чаго пра яго не дапісаў.

 

Калі мяне не стане — ты жыві,

Забыўшыся, што я цябе пакінуў.

Я — у табе, я — у тваёй крыві,

А не ў халодных вежах успамінаў,

Не ў тых лістах, якія напісаў,

Не ў словах тых, якія можна сцерці,

А ў той радзімцы, што пацалаваў,

 

Упершыню ў сабе адчуўшы сэрца...

 

 

— Яшчэ ў 1976-м Рыгор Барадулін прызнаўся ў лісце да вас: «Наогул, Валодзя, надзеі ў мяне ўсе на цябе ў нашай паэзіі!» Гэтаксама і Пімен Панчанка пісаў вам: «Помніце, я заўсёды верыў і веру і ўсюды сцвярджаю, што вы — адзіны па-сапраўднаму таленавіты, арыгінальны і патэнцыяльна вялікі паэт (з сярэдняга пакалення)». І іншым разам Пімен Емяльянавіч паведамляў: «Я ўважліва сачу за ўсімі вашымі новымі вершамі… У многіх вершах — сапраўдная паэзія. Мы на вас вельмі спадзяёмся. Дык глядзіце не падвядзіце…» Як думаеце, Уладзімір Пракопавіч, ці спраўдзілі вы спадзяванні Панчанкі і Барадуліна?

njakljaeu_logo_1.jpg

— Што тут можна думаць?.. Пры сённяшняй дэвальвацыі мастацкага слова, пры цяперашніх адносінах да культуры цяжка ўявіць, што азначала быць паэтам у часы Панчанкі ці маладога Барадуліна. Яны, як вяршыні снежных гор, бліскалі, сляпілі — не падступіцца. Скажам, я з Аляксандрам Твардоўскім, з якім хацеў мяне пазнаёміць Аркадзь Куляшоў, так і не пабачыўся, бо не здолеў націснуць кнопку званка на дзвярах ягонай кватэры. Рука не паднялася. Увайду, а там аўтар верша «Я ведаю: няма маёй віны...» А хто я?.. І пісаў (абсалютна шчыра) у тыя часы, што «калі называюць паэтам і пішуць у кнігах паэт — няёмка, нібыта ўвайшоў без білета туды, дзе спытаюць білет».

Толькі пасля кнігі вершаў і паэм «Прошча», якую напісаў на пераломе часу, я дазволіў сабе паверыць у тое, што ўсё ж маю дачыненне да паэзіі. У кнізе прысутнічала, я сам тое адчуваў, неабходная для гэтага глыбіня. І першы, хто павіншаваў мяне з «Прошчай», быў якраз Барадулін. Прыбег з кнігай, як шалёны. Ці як захмялелы, хоць тады ўжо кроплі не браў. А вось Пімена Панчанкі, калі з’явілася «Прошча», у зямным свеце не было. Так што дазнацца пра тое, ці спраўдзіліся ягоныя спадзяванні, змагу цяпер хіба пры сустрэчы на нябёсах.

Хто б ведаў, як не хапае мне сёння сустрэч з імі на зямлі! Як не хапае...

А калі гаварыць пра сучасную беларускую літаратуру, пра маладзейшых літаратараў, пра каго вы можаце сказаць гэтаксама: «Усе мае надзеі на цябе»?

— Прэмію, якую прысудзілі мне напрыканцы сыходзячага года за найлепшую кнігу паэзіі, я перадаў Насці Кудасавай.

Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці. Фота Арцёма Лявы

Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці. Фота Арцёма Лявы

— У вершы «Каляды», які вы прысвяцілі жонцы Вользе і які вядомы як песня ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча, ёсць радкі:

Званы зазвінелі.

Хрыстос усміхнуўся з нябёс.

Калядная зорка то гасла, то ззяла.

«Ты рады, — пытала, — што гэтакі выпаў нам лёс?..»

Які — не казала.

Дык ці рады вы, Уладзімір Пракопавіч, што выпаў вам гэтакі лёс?

— Як з’яўляюцца некаторыя кузуркі, матылькі? Перад тым, як стаць матылькамі, яны праходзяць розныя стадыі, жывуць спачатку ў глеі (зямлі), пасля ў вадзе, потым у паветры. Пражываюць як бы тры жыцці ў трох стыхіях. А чалавек — адно ў адной.

У юнацтве я напісаў верш пра тое, як зайздрошчу матылькам. Цяпер такі верш не напісаў бы, бо, пачаўшы жыццё ў СССР, доўжыў яго яшчэ ў дзвюх стыхіях. Пражыў як бы тры жыцці, з кожнага наступнага азіраючыся на папярэдняе, намагаючыся асэнсаваць і яго, і сябе ў ім. Не ўсім гэткае пакручастае жыццё да спадобы («Не дай вам Бог жыць у часы перамен!»), а я такому жыццю, гэткаму лёсу рады.

Ува ўсім, што ёсць, было і будзе —

Ані ў чым цябе магло не быць.

Цуды ўсе ў адным-адзіным цудзе:

У неверагодным цудзе

Жыць!

— Яшчэ ў 2011 годзе, пасля месяца, праведзенага ў засценках КДБ, і пяці месяцаў хатняга арышту, калі ў кватэры ўдзень і ўначы жылі два кадэбісты, вы, ледзь апынуліся на волі, адразу паехалі наведаць Рыгора Барадуліна, якому тады — я сам таму сведкам — сказалі: «Вось у цябе неаднойчы пыталіся: ты, дзядзька, пражыў даволі вялікае жыццё, дык скажы: што такое шчасце? — кажа Някляеў Барадуліну. — У цябе пыталіся і ў мяне таксама. Дык сёння з раніцы я зразумеў, што такое шчасце: калі прачынаешся ў сваёй хаце, і ў ёй няма чужых!» Аднак сёння, Уладзімір Пракопавіч, як адкажаце на гэтае пытанне: што ж яно такое — шчасце?

fota_z_fejsbuku_uladzimira_njakljaeva.jpg

Фота з фэйсбуку Уладзіміра Някляева

— Зноў жа згадаю юначыя вершы...

Пад заканчэнне школы я напісаў паэму, якая называлася «Счастье» (на рускай мове). Пачаў паэму як бы з эпіграфа: «Таго, што нельга ўкласці ў фізічную, хімічную ці матэматычную формулу, не існуе». Такі вось радыкалізм. І далей ужо спрабаваў сфармуляваць, што яно ёсць такое — гэтае самае шчасце?.. Завяршалася паэма пра шчасце так: «Кто же счастлив? Наивный вопрос! Счастлив тот, кто над кровью и потом По земле, как награду, пронес Голубые глаза идиота!».»