Пра што распавёў «інтымны дзённік» Максіма Багдановіча

Дыскусія вакол «інтымнага дзённіка» Багдановіча пачалася не сёння. Галоўны тэзіс: нібыта існуюць людзі, якія не даюць яго чытаць іншым, а чаму — не зразумела. І гэта пытанне задаецца кожны раз, як першы, пачынаючы з публікацыі Алеся Астраўцова пра дзённік у «Нашай Ніве» напачатку 1990-х. Але пра ўсё па чарзе...

Фота Свабода

Фота Свабода

Што такое «інтымны дзённік»?

Гэта прыватныя запісы, зробленыя Максімам Багдановіча летам 1915 года ў Старым Крыме, — ён фіксуе эпізоды летняга кахання.

Максім Багдановіч наведваў Крым тры разы — у 1909, 1915 і 1917 гадах. Першы раз у Крым Максіма завёз бацька. Перад гэтым у 1908 годзе ад сухотаў памірае старэйшы брат Максіма — Вадзім Багдановіч, а ў 1909 годзе сімптомы хваробы выяўляюцца ў Максіма.

Другі раз у 1915 годзе Максім Багдановіч адпачывае ў Старым Крыме. Зараз ён едзе адпачываць самастойна, без бацькі. Адна з крыніц, з якой можна даведацца пра гэты перыяд, — твор «Из летних впечатлений»: падарожныя нататкі на рускай мове. Яны складаюцца з трох нарысаў: «Феодосия», «Старый Крым», «Поездка в Коктебель». Упершыню былі надрукаваныя з працягам ў часопісе «Русский экскурсант» у 1916 годзе пад рубрыкай «Родиноведение». Пад кожным нарысам подпіс — «М. Богданович».

Падзеі лета 1915 года Максім Багдановіч занатоўваў уласнаручна. Ён быў дарослым 23-гадовым студэнтам-юрыстам. У Старым Крыме Максім Багдановіч пазнаёміўся з Клавай, якая стала персанажам так званага «Інтымнага дзённіка паэта» (рукапіс, які захоўваўся ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску). Яшчэ падчас СССР дзённік расчытваўся пры дапамозе крыміналістычнай экспертызы. Менавіта крыміналісты рабілі фотакопіі інтымных запісаў і іх расчытку. Але да гэтага часу дзённік расчытаны не цалкам. Не расчыталіся, напрыклад, словы, якія знаходзіліся на згібах. Запісы рабіліся на аркушы, які пасля перагібаўся некалькі разоў, каб займаць менш месца, каб лягчэй было схаваць. Не расчыталіся і некаторыя скарачэнні (іх там шмат) і словы (запісы вяліся дробным «бісерным» почыркам).

Хто ведаў пра дзённік, працаваў з ім і прымаў рашэнне не друкаваць?

Мікалай Агурцоў, яраслаўскі сябра паэта, згадваў: «Асабіста ад мяне ён (Максім Багдановіч) не хаваў, што знаходзіцца ў інтымнай перапісцы з адной асобай, з якой пазнаёміўся ў Крыме і пакахаў. Я не ведаў гэтай асобы. Але, як мне здавалася, яго пачуцці былі сур’ёзныя і моцна адбіваліся на здароўі. Адчувалася, што ён перажывае нейкі цяжкі ўнутраны крызіс».

Даследчык С. Калугін, які адшукаў дом у Старым Крыме, дзе жыў Максім Багдановіч у 1915 годзе, выказаў меркаванне, што Клава была армянкай з рускім прозвішчам Салтыкова (па мужу), падобная да «Венецыянкі» Урубеля, але версія не мае дакументальнага пацвярджэння. Клаве прысвечаны верш на рускай мове «Забудется многое, Клава».

Спачатку дзённік знаходзіўся ў драматурга і палітыка Язэпа Дылы, разам з іншымі дакументамі, перададзенымі бацькам паэта Адамам Багдановічам.

Язэп Дыла ў быў сябрам камісіі Інбелкульту па спадчыне Максіма Багдановіча, і ўжо ў 1920-я гады абмяркоўваў мэтазгоднасць друкавання дзённіка з Адамам Багдановічам. Абодва прыйшлі да высновы — друкаваць не варта. Перапіска ёсць у адкрытай крыніцы — зборніку «Шлях паэта» 1976 года.

Пазней Язэп Дыла быў рэпрэсаваны і высланы ў Саратаў.

У кнізе «Шляхі» бібліёграфа Ніны Ватацы, зборы якой леглі ў аснову фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску, на старонцы 128 чытаем: «Беларускі драматург Язэп Дылапрыслаў з Саратава ў Акадэмію навук БССР амаль нечытэльны алоўкавы аўтограф Крымскага дзённіка Максіма Багдановіча 1915 года. Літаратуразнаўчага значэння гэтыя інтымныя накіды не маюць. Захоўваецца дзённік у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (Рукапісны фонд Сектара тэатра і кіно, фонд 1, Агульны раздзел, спр.13)».

І ўсё. А што пасля? Як дзённік трапіў з архіва ў музей Максіма Багдановіча? Як ні дзіўна — з прыватнага архіва, куды ён трапіў з дзяржаўнага. У той жа кнізе «Шляхі» чытаем: «У пачатку 1968 года пачаў збіраць біяграфічныя звесткі для напісання лібрэта оперы пра Максіма Багдановіча паэт Алесь Бачыла. На аснове тых матэрыялаў А. Бачыла напісаў цікавую кнігу "Дарогамі Максіма"».

Опера называлася «Зорка Венера», і для працы над лібрэта аўтар карыстаўся дзённікам.

У кнізе «Дарогамі Максіма» Алесь Бачыла піша:

«Пра існаванне гэтага дзённіка ведала вельмі абмежаванае кола людзей. Нават многія з даследчыкаў творчасці Максіма Багдановіча, калі я напамінаў пра дзённік, дзівіліся: «Няўжо ёсць такі дзённік?» Так і ляжаў ён амаль нікім не чапаны ў інстытуцкіх шафах. Я ўжыў слова «амаль» не выпадкова. Бо ўсё ж да дзённіка — уцалелых рукапісаў паэта няшмат — дакраналіся цікаўныя рукі тэатральнага даследчыка Алега Саннікава. Больш за месяц праседзеў ён з павелічальным шклом у руках над невялікім аркушыкам паперы, спісаным бісерным почыркам, каб прачытаць тэкст. Расшыфраваныя словы і цэлыя сказы ён старанна заносіў у асобны сшытак. Але да канца расшыфраваць тэкст так і не ўдалося. 

Паколькі дзённік пісаўся не для пабочных людзей, таму яго аўтар не клапаціўся пра выразнасць почырку, і шмат якія словы падаваў у скарачэннях, зразумелых толькі самому. І ўсё ж месяц карпатлівай працы не прапаў марна. Нават на тым, што расшыфравана, а расшыфравана крыху больш за трэць тэксту, мы можам скласці ўяўленне пра паэтаў характар, пра яго погляды на жанчын і пра адносіны з Клавай, якую ён сустрэў улетку 1915 года ў Старым Крыме. (…) Дзённік падрабязна расказвае пра іх інтымныя адносіны, і таму мы не маем права цытаваць тое, што пісалася для сябе, што з’яўляецца таямніцаю за сямю пячаткамі».

Часткова «Дзённік» быў пераказаны і апублікаваны ў кнізе Леаніда Зубарава пра Максіма Багдановіча.

Што спыняла ад друку цалкам?

Дакрананне да чужой таямніцы, да тэксту напісанага «для сябе» — прынцып прыватнасці, павага да памяці паэта.

Але пытанне, чаму не дагэтуль не даюць друкаваць дзённік, застаецца. Хто і каму павінен даваць адказ — не зразумела. Даследчыкі творчасці Максіма Багдановіча ў розныя часы мелі доступ да дзённіка. І цяпер супрацоўнікі музея могуць падрыхтаваць дзённік да друку — навуковага патэнцыялу ў музея дастаткова.

Адразу скажам — мы за тое, каб людзі яго маглі чытаць, але для гэтага дзённік трэба выдаць з навуковымі каментарамі, а перад гэтым паспрабаваць яшчэ раз расчытаць яго.

У 1980-я гады з дзённікам працавалі эксперты-крыміналісты. У выніку з’явілася расшыфроўка тэксту. Але нават пасля гэтага, ужо напрыканцы 1990-х супрацоўніца Фондаў Літаратурнага музею Алена Лапцёнак расчытала каля 10 новых словаў з дзённіка.

Калі дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску быў Алесь Бяляцкі, то ўжо збіраліся друкаваць дзённік у архіўным зборніку, які павінен быў прысвячацца жанчынам у жыцці Максіма Багдановіча. Але зборнік не быў выдадзены: па палітычных матывах дырэктару і частцы супрацоўнікаў давялося звольніцца з музея. 

Гэты артыкул пад аўтарствам паліны Сцепаненка быў упершыню надрукаваны ў «Новым Часе» пяць гадоў таму, 31 студзеня 2018 года.