ЗША і Айвазоўскі: невядомая гісторыя дзвюх карцін

У Дзень незалежнасці ЗША, 4 ліпеня, часта згадваюцца гісторыі дапамогі амерыканскага народа савецкаму — у часы голаду і ваенных выпрабаванняў.

Айвазоўскі - аўтапартрэт

Айвазоўскі - аўтапартрэт

Многія памятаюць «ножкі Буша» у часы развалу СССР, амаль усе ведаюць лэнд-ліз, без якога Савецкаму Саюзу складана было б выйграць Другую Сусветную. Вядома, што без амерыканскіх інжынераў не адбылася б «індустрыялізацыя» 1930-х… 

Але Амерыка дапамагала Расіі не толькі ў савецкія часы, але і ў часы Імперыі. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца дзве не вельмі папулярныя (можна нават сказаць «забароненыя») творы знакамітага марыніста Івана Айвазоўскага — «Карабель дапамогі» і «Раздача харчавання». На іх мастак зафіксаваў прыбыццё на караблі «Місуры» (а была яшчэ «Індзіяна») амерыканскіх гуманітарных канвояў. 

Н. Сотбіс Пінчар. Дапамога мельнікаў для Расіі. Параход "Місуры" ў гавані Лібавы, 1892 год.

Н. Сотбіс Пінчар. Дапамога мельнікаў для Расіі. Параход "Місуры" ў гавані Лібавы, 1892 год.

ajvazovskij_korabl_pomoschi_1892.jpg

Айвазоўскі. Карабель дапамогі, 1892 год.

ajvazovskij_razdacza_prodovolstvija_1892.jpg

Айвазоўскі. Раздача харчавання, 1892 год.

Гісторыя карцін наступная. У выніку ранняй зімы 1891-1892 гадоў, прымаразкаў увесну і засушлівага лета 1892 года цэнтральную Расію — 17 губерніяў, — ахапіў голад (губерніі Варонежская, Вяцкая, Казанская, Ніжэгародская, Арэнбургская, Арлоўская, Пензенская, Пермская, Разанская, Самарская, Саратаўская, Сімбірская, Тамбовская, Табольская , Тульская, Уфімская, Херсонская). Па розных ацэнках, страты насельніцтва ад голаду і эпідэмій халеры і тыфу склалі ад 400 тысяч (савецкая гістарыяграфія) да 2 мільёнаў (даклад цару ў 1892 годзе) чалавек. Пры гэтым дзяржава-экспарцёр збожжа працягвала ім, збожжам, гандляваць — у 1891 годзе 3,5 млн тон, у 1892-м — 6,6 млн тон пайшлі на экспарт. Адказны за арганізацыю грамадскіх работ па дапамозе галадоўцам (бюджэт 10 млн рублёў) генерал світы Анненкаў (пад наглядам Асобай рады міністраў) правараваўся і ў 1895 годзе быў асуджаны.

У гэтых умовах у Расіі ўпершыню пачаў нараджацца грамадскі рух — інтэлігенцыя, пісьменнікі рушылі ў пацярпелыя раёны: хто лекаваць, як Антон Чэхаў, хто адчыняць дабрачынныя сталоўкі, як Леў Талстой (з дачкамі арганізаваў іх каля 70-ці). Хаця спачатку ім нават забаранялі даваць аб’явы ў газеты пра сваю дзейнасць і голад (доўга пісалі — «неўраджай»).



М. Дзмітрыеў. Сям'я хворых на тыф у г. Княгініне, 1891 год.

М. Дзмітрыеў. Сям'я хворых на тыф у г. Княгініне, 1891 год.


У сакавіку 1892 года ў Лібаву і Рыгу ў красавіку, маі, чэрвені і ліпені прыйшло некалькі амерыканскіх караблёў. Агульны кошт зерня і кукурузнай мукі, якія яны прывезлі, склаў 1 млн. долараў. Дадалася і грашовая дапамога на 75 млн. долараў ад ураду ЗША.
А пачалося ўсё з таго, што пра бядоты ў Расіі даведаўся філантроп Уільям Эдгар, выдавец часопіса Northwestern Miller. І, праявіўшы настойлівасць, дамогся ад царскага ўраду згоды на атрыманне ім амерыканскай дапамогі (з другой тэлеграмы, першую ў Пецербурзе праігнаравалі). Northwestern Miller накіраваў у Расію прадстаўнікоў для ацэнкі падзеяў, якіх сітуацыя на месцы яшчэ больш шакавала. Натоўпы галодных, людзі ядуць ляпёшкі з кары дрэваў, пахлёбку з травы. Вяскоўцы цягнуцца ў гарады ў пошуках працы. А Піцер, — сталіца — шыкуе.

Па вяртанні ў ЗША Northwestern Miller даў аб’яву са зваротам па дапамогу: «У нас у ЗША вулічныя сабакі харчуюцца лепш за рускіх сялян…» На аб’яву адгукнуліся жыхары 450 гарадоў у 25 штатах. І караблі «Famine Fleet» («Флоту голада») паплылі. У Расіі іх сустракалі з аркестрамі, цягнікі з грузам ехалі далей пад расійскімі і амерыканскімі сцягамі. Гэта і ўразіла Айвазоўскага. 

М. Дзмітрыеў. Раздача сялянам зерня ў Ніжагародскай губерні, 1891 - 1892 год.

М. Дзмітрыеў. Раздача сялянам зерня ў Ніжагародскай губерні, 1891 - 1892 год.


Што тычыцца карабля S.S. Missouri, гэты сухагруз 1888 года пабудовы праславіўся гуманітарнымі акцыямі. 6 красавіка 1889 года ён уратаваў 300 пасажыраў і экіпаж парахода «Данія», што цярпеў бедства пасярод Атлантыкі. А пасля рэйсаў у Расію у каюце капітана з’явілася таблічка: «Мы выратавалі ад смерці 30.000 расійскіх грамадзян». 

"Місуры"

"Місуры"

Айвазоўскі падараваў палотны — з прыбыццём S.S. Missouri ў порт і бравай тройкай з харчамі пад сцягам ЗША на вулачцы нейкага правінцыйнага рускага гарадка — у вашынгтонскую Галерэю Каркаран. Цікава, што па жаданні Жаклін Кэнэдзі ў пачатку 1960-х, на знак адноўленага сяброўства (пасля Карыбскага крызісу) з СССР, яны віселі ў кабінеце прэзідэнта ЗША. Потым трапілі ў 1979 годзе ў прыватную калекцыю. Але іх дублікаты з Музея Айвазоўскага ў Феадосіі праз Sotheby’s за 2,4 млн. даляраў былі прададзены ў ЗША нейкаму мецэнату, які зноў-такі перадаў іх у Галерэю Каркаран. 

"Місуры" ў моры

"Місуры" ў моры


Праўда, Айвазоўскі вельмі хваляваўся, ці не ўспрымуць яго працы як прыхаваную крытыку няўклюднасці пад час голаду царскага двара. І не знайшоў нічога лепшага, чым сказаць у інтэрвію ў 1893 годзе газеце «The New York Evening Post», што, маўляў, урад у нас добры. А амерыканцы часам скажаюць яго дзейнасць, прыкладам, у адносінах да габрэяў. А гэта ж такая самая праблема, як у амерыканцаў з кітайскімі імігрантамі.
На што часопіс «Free Russia» у ЗША адрэагаваў: «Мы шкадуем, што мастакі, падобныя да Айвазоўскага, замест заняткаў жывапісам лічаць магчымым выступаць у абарону цара і «гістарычнага сяброўства». ... Прафесар Айвазоўскі глыбока памыляецца, калі спадзяецца знайсці сярод разумна мыслячых амерыканцаў тых, хто выступае за ўвядзенне закона супраць кітайскай іміграцыі, кіруючыся ідэяй яго магчымай блізкасці з тымі, якія дзейнічаюць у Расійскай імперыі».

Застаецца дадаць, што беларускія губерніі перажылі катаклізмы 1891-1892 гадоў спакойна, хаця і плацілі патройны падатак срэбрнай манетай (а не асігнацыямі).