Флярыян Ажэшка – паўстанец, лекар, шляхціч

Яго братам быў Пётр, чыя жонка, Эліза з Паўлоўскіх, стала выбітнай беларускай і польскай літаратаркай. Прасочым за лёсам знакамітага паўстанца часоў Кастуся Каліноўскага ў гадавіну яго сьмерці.

Флярыян Ажэшка

Флярыян Ажэшка

У апавяданьні Элізы Ажэшка «Gloria Victis» часта сустракаецца герой нашага артыкула:

«З навучаньня ва ўнівэрсітэце ён прынес з сабой гарачы, люты дэмакратызм у думках, сэрцы і словах, як малітву, ён прамаўляе склон: народ, да народа, для народа, ад народа, у народзе. ... Абветраны, шыракаплечы, ён спалучаў гэта з дэмакратычным ладам мысьленьня знарочыстую грубасьць рухаў і словаў, а з шэрых вачэй глядзела на сьвет мяккая, міласэрная душа летуценьніка, якая пастаянна ўзьлятала да вышыні».

Род

Флярыян паходзіць з даўняга беларускага шляхетнага роду Ажэшка гербу «Кораб». Зрэшты, некаторыя айчынныя дасьледчыкі выкарыстоўваюць больш слушны і родны варыянт вымаўленьня – Арэшка. Напрыклад, гісторык Зьміцер Юркевіч у сяброўскіх дыскусіях пераконвае мяне да ўжытку якраз другога варыянту, спасылаючыся, у тым ліку, на Францішка Багушэвіча, які называў дарагую сяброўку Арэшка. Але ў дадзеным выпадку пакінем (пакуль што) замацаваны варыянт зь літарай ж.

Герб «Кораб»

Герб «Кораб»

Пачынальнікам роду лічыцца Ян Ажэшка, войскі мельніцкі ў 1539 годзе. Ён згадваецца ў фрагмэнце Літоўскай Метрыкі: «У 1539 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт пакінуў старасьце мельніцкаму палову маёнткаў, што засталіся пасьля Яна Ажэшкі, войскім мельніцкім, сыну Крыштафу, а другую палову дачцэ Ганьне, якая выйшла за аднаго з Завішаў (дарэчы дагэтуль ідэнтэфікаваць за каго са знакамітага роду Завішаў выйшла замуж тая старадаўняя Ажэшка – не атрымалася).

Першы з Ажэшкаў — Ян ажаніўся з Ганнай Сакалоўскай, а яго сын Крыштаф Ажэшка быў дзедзічам у 1556 годзе ў Фаленчыцах.

Землі Яна былі настолькі вялікія, што ён выставіў восем узброеных коньнікаў для вайны. У рашэньні вялікага князя літоўскага і караля польскага падзяліць маёнтак няма нічога асаблівага, як зазначае ў сваёй гістарычнай працы нашчадак роду, Вацлаў Ажэшка. Маёмасьць атрымлівалі ў спадчыну толькі нашчадкі мужчынскага полу. Калі маёмасьць або яе частку павінна была атрымаць дачка, патрабавалася згода караля як на вясельле, так і на ўзяцьце гэтых рэчаў у пасаг.

Па меры таго, як род Ажэшкаў пачаў разрастацца (а ў Крыштафа было пяць сыноў, дачка Канстанцыя, якая пабралася шлюбам з Янам Касьцюшкам) і багацець, сям’я пачала распаўсюджвацца. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя частка сям'і пераязджае ў суседняе Берасьцейскае ваяводзтва, у Пінскі павет, у ваколіцы Піны і Прыпяці. Прадстаўнікі роду выконвалі шмат ганаровых функцый, галоўным чынам у рэгіёне Мельніцка-Пінска-Кобрынскім. Сярод іх былі падчашыя, падстоліі, харунжыі, пісары трыбуналу ВКЛ, маршалкі, стольнікі, ксяндзы, судзьдзі, падваяводы і іншыя.

Ад Крыштафа можна прасачыць наступную лінію да героя гэтага артыкула: Мікалай – Андрэй — Казімір – Міхал – Антоні — Юзэф – Фэлікс.

Вывад шляхецтва 1802 года

Вывад шляхецтва 1802 года

Нарадзіўся Флярыян 9 сакавіка 1835 года ў Кобрынскім павеце былога Вялікага Княства Літоўскага. Пасьля заканчэньня гімназіі ў Мітаве ён быў прыняты на навучаньне ў Медыка-хірургічную акадэмію ў Пецярбургу і штогод прыязджаў у Людвінава, дзе падчас сустрэчаў з сябрамі вяліся гарачыя дыскусіі аб правах сялянаў і падзеях у сталіцы імпэрыі. У гэты час старэйшы брат Пётр ажаніўся з Элізай Паўлоўскай. Пасьля вясельля маладыя Пётр Ажэшка і Эліза паехалі ў радавы маёнтак Людвінава Кобрынскага павета, які належаў Ажэшкам. Пісьменьніца так узгадвала месца, дзе жыла сям’я мужа:

«У марозны і сьнежны лютаўскі дзень мы выправіліся ў дарогу ў Людвінава, што за 40 вёрст ад Горадні, у Кобрынскім павеце, амаль на мяжы з Валыньню. Людвінава было вельмі прыгожай палескай вёскай, акружанай лесам, зь вялікім і прыгожым садам, у якім адна алея са старых каштанаў была асабліва цудоўнай. Хата была прасторная і ўтульная, але пад саламяным дахам яшчэ пахла старасьцю і спрадвечна прыгожай паэзіяй нашых шляхецкіх дамоў».

Прыязнай душой у новым для пісьменьніцы асяродзьдзі стаў малодшы брат яе мужа — Флярыян. Зь яго дапамогай Эліза заснавала ў маёнтку школу для сельскіх дзяцей.

Урывак з твору Элізы Ажэшка «Над Нёманам»:

«Паміж гэтымі панамі, іх жонкамі, дочкамі і сынамі яны часта абмяркоўвалі айчынную і замежную літаратуру, грамадзкія справы, а менавіта нядаўна завершаную франка-італьянскую кампанію і плянаванае вызваленьне сялянаў. Калікст Ажэшка і Ян Жук, першы ў Пецярбургу, другі ў Горадні, уваходзілі ў склад камісіі па сялянскай справе паводле ўрадавай пастановы і, вярнуўшыся з гэтых гарадоў, рабілі поўныя справаздачы аб сваёй дзейнасьці перад суграмадзянамі.

Эліза слухала гэтыя размовы з надзвычайнай цікавасьцю, тым больш, што ўся група знаёмых маладых людзей, у тым ліку Флярыян Ажэшка, малодшы брат Пятра, захаплялася сялянствам. Эліза адразу ж далучылася да гэтай групы безумоўных энтузіястаў і пачала весьці гарачыя спрэчкі з тымі, хто меў умоўнае захапленьне ў гэтай справе, а калі выпадала магчымасьць, брала актыўны ўдзел і ў паляпшэньні сялянскага становішча, напрыклад, разам з Флярыянам Ажэшка, стварылі вясковую школу ў фальварку Людвінава. Праз гэта ёй даводзілася змагацца з самымі блізкімі, якія выступалі супраць яе поглядаў і намераў. Адсюль спрэчкі і перакананьні, потым гнеў і плач і, нарэшце, адчай».

Урывак з «Над Нёманам»

Урывак з «Над Нёманам»

Пазьней Эліза Ажэшка прызнавалася, што і гэтыя дыскусіі з Флярыянам, і паўстаньне 1863 года паўплывалі на тое, каб стаць пісьменьніцай.

У 1861 годзе Флярыян скончыў вывучэньне медыцыны ў Пецярбургу і займаўся медыцынскай прыватнай практыкай на радзіме, у Кобрынскім павеце. Адначасова з гэтым ён таксама дапамагае Элізе ў школе для некалькіх дзесяткаў дзяцей. Але братавая жонка не разумела абыякавасьці свайго мужа Пятра Ажэшкі да грамадзкіх праблемаў і яго захапленьня картачнай гульнёй і паляваньнем. Як вядома, шлюб Элізы Ажэшкі і Пятра ня быў ніколі гісторыяй сапраўднага каханьня. У іх не было дзяцей, а апошнія гады жыцьця ў выгнаньні Пётр дажываў самотна: Эліза не паехала за ім.

Паўстаньне 1863

Шмат сілаў і энтузіязму ён аддаваў справе адмены прыгоннага права сялянаў. Флярыян Ажэшка прымаў самы актыўны ўдзел у паўстаньні як паўстанец і лекар у паўстанцкіх аддзелах Рамуальда Траўгута.

Абыходзячы маёнткі, ён заклікаў шляхту і сялянаў далучацца да паўстанцкіх атрадаў, зьбіраючы адзеньне, прадукты і грошы для паўстаньня. Пазьней і сам уступіў у атрад паўстанцаў, удзельнічаў у баях, лекаваў параненых. Яго пастаянную актыўную дзейнасьць назірала Эліза Ажэшка, якая таксама дапамагала паўстанцам.

Эліза з Паўлоўскіх Ажэшка

Эліза з Паўлоўскіх Ажэшка

Як адзначае гісторык Іван Буднік, пры вывучэньні сацыяльнага складу паўстанцаў Кастуся Каліноўскага выяўляецца вялікая колькасьць лекараў. Лекары, якія атрымалі адукацыю ў сталічных ВНУ, жылі ў дэмакратычным асяродзьдзі. Па роду працы яны ведалі настроі грамадзтва і сьвядома ўступалі ў шэрагі змагароў за свабоду.

У час паўстаньня ўваходзілі ў рэвалюцыйную арганізацыю Горадні, належалі да паўстанцкіх атрадаў, дапамагалі пацярпелым. Такім чынам, кіраўніком паўстанцкага аддзела Горадні стаў паважаны ў горадзе лекар Цэлястын Цеханоўскі, земскім старастам Ваўкавыскага павета - Мечыслаў Гліндзіч, павятовым старастам Слонімскага павета - Сімановіч, збіральнікам грошаў для паўстанцаў у Гарадзенскім павеце быў лекар Юзэф Маркевіч.

Да гарадзенскай арганізацыі належалі таксама лекары Баляслаў Заблоцкі і Уладзіслаў Брыэрэ дэ Мартэрэ і іншыя. Таму невыпадкова і лекар Флярыян Ажэшка далучыўся да паўстанцаў.

З дакумэнта, у якім пазначаны допыт паўстанца Людгарда Бердусевіча:

«Калі я гасьцяваў у пана Гутоўскага 24 красавіка 1863 года, прыехаў лекар Флярыян Ажэшка і зь ім двое маладых людзей... Яны заахвочвалі мяне далучыцца да паўстаньня, кажучы, што прыйдуць французы і ангельцы ... пагражаючы судом, а то мае дзеці будуць няшчасныя.

Нарэшце паставілі крыж і прысягнулі шляхцічу на наступны дзень прыехаць у лес ля Людвінава і далучыцца да іх. На наступны дзень я прыехаў у пазначанае месца».

Згодна з дакумэнтам, згаданы Беркусевіч атрымаў амуніцыю ад Флярыяна Ажэшкі і ваяваў супраць захопнікаў. А потым сустракаў ў лягеры лекара, калі той лекаваў параненых паўстанцаў.

Бацькоўскі маёнтак Аўсічы, дзе жыў Флярыян з сям'ёй малодшага брата Браніслава, паўстанцы выкарыстоўвалі як месца для вырабу зброі або адпачынку. Падчас ператрусу вясной 1863 года тут знайшлі сьвінец, кулі, забароненыя вершы. Матэрыяльна падтрымліваў паўстаньне старэйшы брат Пётр — муж Элізы, а ў маёнтку Ажэшкаў Людвінова знайшоў прытулак і паранены Рамуальд Траўгут, апошні дыктатар паўстаньня. Адкуль яго вывезла Эліза Ажэшка ў Каралеўства Польскае.

Рамуальд Траўгут

Рамуальд Траўгут

Флярыян Ажэшка выправіўся ў даволі небясьпечнае падарожжа па Кобрынскім павеце, каб агітаваць новых людзей у паўстанцкія злучэньні, але 5 ліпеня 1863 года быў затрыманы і арыштаваны.

Расейскія акупанты ў адной са справаў за 1864 год мелі наступны кароткі запіс пра Флярыяна Ажэшку:

«Быў пад судом, не знаходзіўся на службе, за наяўнасьць у сябе вершаў абуральнага зьместу і бытнасьць у хеўры мяцежнікаў і па канфірмацыі ваеннага губэрнатара Горадні, пазбаўлены ўсіх уласных асабіста і па стану прысвоеных правоў і перавагаў і сасланы на жыцьцё ў Томскую губерню».

Жыцьцё ў выгнаньні

Пасьля арышту асуджаны на ссылку ў Томскую губэрню. Маёнткі былі канфіскаваныя акупацыйным расейскім рэжымам. Разам з Флярыянам паехала яго нявеста Гелена Мількевіч, зь якой ён абвянчаўся ў маленькай драўлянай царкве побач з вязьніцай у Цюмені. Дзякуючы велізарнай фізычнай і душэўнай трываласьці ён вытрымаў нягоды 18-месячнага пешага шляху ў Сібір.

У Томску ён спачатку сядзеў у турме на цяжкай працы, затым яму спачатку далі ролю мыйшчыка посуду, а потым шмат гадоў ён быў турэмным лекарам.

У 1871 годзе быў пазбаўлены паліцэйскага нагляду і вёў, акрамя працы ў вязьніцы, прыватную практыку. Набыў дом па адрасе вуліца Мільённая, 38. З першай жонкай меў дваіх дзяцей: Уладзіслава і Браніслава. Жонка памерла ў 1870 годзе, пры родах Браніслава.

Будучы чалавекам добрай душы, жонка перад сьмерцю папрасіла сваю 17-гадовую сяброўку Люцыю Пацалуеўскую, дачку гарадзкога лекара, стаць жонкай Флярыяна і выхоўваць асірацелых хлопчыкаў. Люцыя годна выконвала абавязкі як добрай жонкі, так і клапатлівай маці для двух сваіх выхаванцаў і траіх уласных дзяцей.

Летам 1873 года спадчыньнік расейскага трона падарожнічаў па Заходняй Сібіры. І менавіта да яго зьвярнуўся лекар Ажэшка з просьбай зьмяніць сваю пасаду, кіруючыся парадай мясцовага кіраўніцтва, якое падтрымала яго просьбу. Да канца года ў Томск дайшло рашэньне імпэратара аб «зьняцьці абмежаваньняў на службу», але гэта яшчэ не зьяўлялася дараваньнем яго ўдзелу ў паўстаньні Кастуся Каліноўскага. Толькі ў 1879 годзе Аляксандар II памілаваў, але не прабачыў.

З таго часу становішча Флярыяна Ажэшкі зьмянілася да лепшага.

Праз год, у 1880 годзе, як даведаўся гісторык Іван Буднік, па колькасьці выслужаных гадоў загадам Сэнату ён быў прызначаны тытулярным дарадцам, а праз шэсьць гадоў - калежскім дарадцам. Больш за ўсё яго ўзрадавала прэмія ў памеры 1000 рублёў, атрыманая ад міністра нутраных справаў, якая палепшыла яго матэрыяльнае становішча.

Уся дзейнасьць Флярыяна Ажэшкі была зьвязаная з турэмным шпіталем, празь які прайшлі сотні палітычных зьняволеных.

Флярыян з жонкай Люцыяй і дачкой Антанінай

Флярыян з жонкай Люцыяй і дачкой Антанінай

У 1870-я гады амэрыканскі журналіст Джордж Кенан падарожнічаў па Сібіры і выдаў кнігу пад назвай «Сібір», у якой ён таксама апісаў турэмны шпіталь у Томску, дзе працаваў Ажэшка: «Пакоі для хворых утрымліваліся ў чысьціні, ложкі былі чыстыя, умовы лепшыя, чым у аналягічным шпіталі для ссыльных у Цюмені... Але і тут, нягледзячы на ​​намаганьні лекара, было вельмі цяжка...».

Флярыян Ажэшка быў вядомы ў Томскай правінцыі не толькі сярод ссыльных як добры лекар, але і як паслужлівы чалавек і патрыёт.

Абедзьве яго жонкі былі актывісткамі сібірскай польскай суполкі, што аб’ядноўвала патрыётаў усёй былой Рэчы Паспалітай, як польскай, так і беларускай яе частак. У доме Флярыяна заўсёды аказвалася дапамога ссыльным з нашых земляў.

Ён двойчы самааддана ўдзельнічаў у ліквідацыі халеры ў горадзе. Яго паважалі за вернасьць клятве Гіпакрата, за далікатнасьць да людзей, за ахвярнасьць. Удзел у дзейнасьці Томскага медыцынскага таварыства, каталіцкага таварыства, дабрачынных і асьветніцкіх таварыстваў спрыялі посьпеху яго дзейнасьці: ён тройчы абіраўся міравым суддзёй Томскага земскага суда.

А вось які пра Флярыяна Ажэшку пакінуў запіс у сваіх запісных кніжках князь Павел Сапега, які наведаў Томск у пачатку кастрычніка 1889 года: «Самай паважанай і высока шанаванай асобай Томска нараўне з ксяндзом Грамадзкім зьяўляецца лекар Ажэшка, лекар тутэйшых турмаў. Гэты Ажэшка сапраўды чалавек рэдкай высакароднасьці, чысьціні пачуцьцяў характару; пра яго распавядаюць шматлікія гісторыі, якія даказваюць, што гэтая асоба, магчыма адзіная ў Сібіры, якая валодае абсалютнай папулярнасьцю сярод самых шырокіх колаў, у тым ліку паміж валацугамі, бандытамі, разбойнікамі. Ніхто на яго не нападае, бо ён дабрадзей, лекар, які не толькі ніколі і нікому не адмаўляе ў радзе, дапамогі сваёй прысутнасьцю, але словам суцяшае, уласнай кішэняй, якможа, дапамагае. Натура Катона, сагрэтая цяплынёй каталіцтва. Куча дзяцей; жонка даволі мілая і высакародная жанчына».

Флярыян памёр у Томску 29 сакавіка 1905 года. За яго труной, як паведамляецца, ішлі дэлегацыі з многіх гарадоў, ішлі ксяндзы і папы, рабін і мула.

Флярыян Ажэшка зьяўляецца маім дзевяціюрадным прапрапрадзедам.