Як беларус забіў пасла Масквы

Навіна пра публічнае забойства расейскага амбасадара ў Турцыі шакавала і здзівіла многіх. Аднак гэта было не першае забойства...

koverda.jpg


Аднак гэта не першы раз, калі маскоўскі пасол гіне ад куль мсціўцаў. Больш за тое, самы блізкі па стылі і ня менш гучны тэрарыстычны акт учыніў наш суайчыннік, беларус, 19-гадовы нарадзінец Вільні Барыс Каверда.
7 чэрвеня 1927 года на вакзале ў Варшаве ён забіў стрэламі з рэвальвера паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы Пятра Войкава.
«Люба мне буква «Ка»,Вокруг нее сияет бисер.Пусть вечно светит свет венцаБойцам Каплан и Каннегисер.
И да запомнят все, в ком естьЛюбовь к родимой, честь во взгляде,Отмстили попранную честьБорцы Коверда и Конради».
Так пісаў расейскі паэт-сімваліст Канстанцін Бальмант, згадваючы Каверду ў ліку іншых антыкамуністаў, якія стралялі ў кіраўнікоў і функцыянераў Савецкай Расеі.
Барыс Каверда нарадзіўся ў 1907 годзе ў сямʼі настаўніка і быў вымушаны пакінуць Беларусь з-за набліжэння фронту Першай сусветнай вайны ва ўзросце 8 гадоў. У Расеі ён стаў сведкам Грамадзянскай вайны і чырвонага тэрору, у выніку каторага загінулі ягоны стрыечны брат і праваслаўны святар, які быў сябрам сямʼі. Пазней разам з бацькамі Барыс вярнуўся на Радзіму — у Вільню, якая стала польскай.

caricature_for_riga_peace_1921.png


Размоўнай мовай у сямʼі была беларуская, і Барыс паступіў у Віленскую беларускую гімназію, аднак савецкі тэрор схіліў хлопца ў бок правага радыкалізму, хоць ягоны бацька быў эсэрам (сацыялістам-рэвалюцыянерам). З прычыны правых перакананняў ён не прыжыўся ў беларускай гімназіі, дзе тады на хвалі супрацьстаяння з польскімі ўладамі былі папулярнымі сацыялістычныя ідэі, і перайшоў у расейскую гімназію.
«У гімназіі адрозніваўся добрымі здольнасцямі, але неабходнасць пастаяннага заробку замінала яму вучыцца, быць у ліку лепшых вучняў. У школьным грамадскім жыцці ўдзелу не прымаў… Не выказваў асаблівай цікаўнасці да грамадска-палітычных пытанняў і стаяў у баку ад расейскага грамадска-палітычнага жыцця», — пісала потым расейская эмігранцкая газета «За Свободу!».
Працаваў беларускамоўны хлопец карэктарам і экспедытарам у беларускай антыкамуністычнай газеце «Беларускае слова», рэдактарам якой быў Арсень Паўлюкевіч, загадчык шпіталя беларускіх паўстанцаў падчас Слуцкага Збройнага Чына.
Паўлюкевіч таксама прытрымліваўся правых перакананняў — ён быў адным са стваральнікаў Часовай беларускай рады, палітычнага апанента антыпольскіх левых беларускіх партый.

01_1926_4_zag_620.jpg


«Кожны народ толькі тады можа жыць і спакойна глядзець у сваю будучыню, калі ён нацыянальна свядомы. Дык галоўным пунктам нашай праграмы і зʼяўляецца — нацыянальнае адраджэнне», — пісала «Беларускае слова» у сваім першым нумары.
Потым на судзе Каверда будзе згадваць пра доўгія размовы з Паўлюкевічам і свае ваганні паміж расейскай і беларускай нацыянальнымі ідэнтычнасцямі. Іншым блізкім сябрам хлопца стаў былы казачы есаўл Міхал Якаўлеў, які выдаваў у Вільні газету «Новая Расія».
Менавіта з Паўлюкевічам і Якаўлевым Каверда абмяркоўваў свой тэракт. Яны і далі маладому чалавеку зброю і грошы на вандроўку ў Варшаву.
Забойства, якое прынясло маладому чалавеку сусветную вядомасць, адбылося амаль выпадкова – ён прачытаў памылковую зацемку ў газеце пра тое, што Войкаў збіраецца ехаць у Маскву. Аднак на самой справе савецкі амбасадар нікуды не збіраўся і прыйшоў на вакзал, каб сустрэць праязжаючага транзітам у Вялікую Брытанію іншага савецкага дыпламата.

Карыкатура з "Беларускага слова"

Карыкатура з "Беларускага слова"


Першая куля патрапіла Войкаву ў спіну, аднак у былога дасведчанага баявіка-рэвалюцыянера, саўдзельніка ў забойстве расійскай царскай сямʼі, хапіла сіл абярнуцца і выхапіўшы браўнінг нейкі час адстрэльвацца. Ад раненняў ён памёр.
Потым у расійскіх манархічных кругах будуць распавядаць, што Каверда «помсціў за расійскую імператарскую сямʼю». Аднак хлопец быў правым рэспубліканцам і на судзе нават не згадваў пра Раманавых.

Допыт Барыса Каверды

Допыт Барыса Каверды


У адказ на «кропкавы» палітычны тэрарызм СССР выкарыстаў тэрарызм масавы – ў ноч з 9 на 10 чэрвеня былі забітыя 20 арыстакратаў, якія знаходзіліся ў савецкіх турмах пад рознымі абвінавачваннямі ці былі спецыяльна арыштаваныя без судоў.
У савецкай прапагандзе Войкаў стаў «пакутнікам», у ягоны гонар сталі называць вуліцы, заводы, шахты. Дагэтуль вуліцы Войкава існуюць у Віцебску, Гомлі, Слоніме, Бабруйску, Магілёве і нават заходнебеларускіх Баранавічах. У той жа час Каверду абвесцілі «белагвардзейцам».

Труна з целам Войкава

Труна з целам Войкава

«Ня хочучы абвастрэння з Саветамі, польскі суд прысудзіў Кавэрду пажыццёвае зняволеньне, у адрозненьне ад падобнай справы 1923 г. з забойствам Вароўскага ў Швайцарыі, дзе два забойцы-расейцы былі апраўданыя… Разам з гэтым Кавэрда стаў кумірам расейскай эміграцыі, яго ўважалі за прыклад моцнага духу, за чалавека, здольнага на ахвярны ўчынак», – піша даследчык беларускай эміграцыі ў Амерыцы Віталь Зайка.
«И огнями горит золотыми
Путеводная наша звезда
Дорогое, любимое имя:
«Русский рыцарь Борис Коверда!
» — пісала адна эмігранцкая паэтэса.
Верагодна, гэты статус героя сярод расейскіх «белых» канчаткова паўплываў на нацыянальную свядомасць Барыса Каверды — пасля выхаду з турмы ён канчаткова ўліваецца ў жыццё расейскай эміграцыі.Радыкальны антыкамуніст у часы Другой сусветнай вайны стаў афіцэрам у так званым Зондэрштабе «Р» генерала Барыса Хольмстан-Смыслоўскага, які рыхтаваў агентаў і афіцэраў для вайсковых фармаванняў з савецкіх грамадзянаў, якія ваявалі супраць СССР на баку Нямеччыны.
Пасля вайны Барыса Каверда працаваў у расейскіх эмігранцкіх выданнях і памёр ва ўзросце 79 год у Вашынгтоне.Вынікам акцыі Кавэрды сталі новыя рэпрэсіі, «кананізацыя» Войкава і антызаходняя істэрыя ў СССР, але яна ня выклікала ані антысавецкіх паўстанняў, ані значнага пагаршэньня адносінаў паміж СССР і Захадам, адзначаюць гісторыкі.
Лёс Барыса Каверды — прыклад складанай гісторыі беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці ў перыяд яе фармавання і пашырэння. Можна ўпэўнена сказаць, што рашучы і перакананы хлопец мог бы прынесці сапраўдную карысць беларускаму і суседнім народам, калі б працягваў працаваць у «Беларускім слове».
Паводле belsat.eu