Украінскія журналісты агучаць свае версіі забойства Паўла Шарамета

Агенцтва расследванняў «Слідство інфо» рыхтуе дакументальны фільм-расследаванне пра забойства Паўла Шарамета. Мяркуецца, што стужку пакажуць на пачатку наступнага года, паведамляе baj.by

download_10.jpg


На месцы здарэння журналісты агенцтва расследаванняў “Слідство інфо” былі ўжо праз гадзіну пасля выбуху ў машыне Шарамета.
“Мы не вельмі давяраем нашай паліцыі. Да таго ж як журналісты, якія займаюццца расследваннямі і ведалі Пашу, мы разумеем, што для нас гэта — справа гонару, — расказвае журналістка Ганна Бабінец. —  16 год таму ў Кіеве забілі журналіста Георгія Гангадзэ, і я асабіста была перакананая, што такое не можа больш паўтарыцца. Забойства Шарамета стала вельмі рэзанансным ва Украіне”.
Журналісты ствараюць дакументальны фільм пра апошнюю ноч перад выбухам — што адбывалася, якія людзі з’яўляліся побач з месцам будучага здарэння.
“Так, мы будзем гаварыць пра асобу Паўла, але наш фокус — паказаць ноч перад забойствам, якія людзі былі ў гэтым раёне, хто можа быць датычны, хто падкладаў выбухоўку, хто мог націснуць кнопку. Гэта наша спроба правесці незалежнае расследаванне”, — гаворыць Ганна.

13263829_1095014273871308_1615834887948171609_n.jpg

Пасля выбуху журналісты абыходзілі офісы і ўстановы з просьбай узяць відэа з камер назірання. Агулам былі атрыманыя відэазапісы прыкладна ад 30 крыніц.
Гэтыя відэазапісы дазваляюць меркаваць пра датычных людзей да забойства. Яны ж ілюструюць падазроных асобаў, якія “аднекуль прыйшлі і некуды сышлі, мелі падазроныя паводзіны”.
Таксама апытвалі людзей, якія жывуць ці працуюць у тым раёне, размаўлялі з Аленай Прытула, якой і належаў аўтамабіль. Журналісты згодныя з высновамі паліцыі, што выбухоўка ўсё ж была для Паўла. Алена Прытула ніколі не ездзіла ў такі час на машыне. Таксама вядома, што выбухоўка была закладзеная менавіта пад крэсла кіроўцы і яе магутнасць была разлічаная менавіта на аднаго чалавека.
У СМІ пісалі пра магчымую дачытнасць да забойства дабравольных узброеных фарміраванняў. Таму гэты кірунак журналісты таксама бралі да разгляду.
Дабравольны батальён “Азоў” — моцнае вайсковае фарміраванне. Павел Шарамет падтрымліваў з імі добрыя стасункі, і напярэдададні ён сустракаўся з прадстаўнікамі батальёна.
“З таго, што мы цяпер бачым, выразнай лініі, якая паказвала б датычнасць да злачынства, няма. Разам з тым “Азоў” нязручны ўладам, і гэта было б выгодна — “павесіць” на іх забойства. Але, каб абвінаваціць  у датычнасці, мусяць быць моцныя доказы, бо “Азоў” карыстаецца вялікай павагай у грамадстве, — гаворыць Ганна Бабінец. — У ноч перад забойствам з соты мабільнага аператара ў тым раёне былі перазвоны з месцамі дыслакацыі батальёна. Але там не толькі азоўцы былі. І мы ведаем, што паліцыя правярала каля 300 званкоў”.
Нагадаем, што ў хуткім часе пасля выбуху ў машыне Шарамета было распаўсюджанае відэа, на якім зафіксаваны момант верагоднага закладання выбухоўкі. Гэта рабілі жанчына і мужчына. Ганна гаворыць, што паліцыя Украіны шукае жанчын, што маюць дачыненне да вайсковых фарміраванняў. У тым ліку і па-за межамі Украіны.
Але дагэтуль няма версій, чаму забойства было спланавана такім тэатральным і відовішчным.
Над фільмам працуюць чатыры журналісты. Дапамагае, у тым ліку і фінансава, Цэнтр па  расследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP — the Organized Crime and Corruption Reporting Project). Таксама да расследавання далучаныя журналісты з іншых краін.
Мяркуецца, што фільм будзе прадстаўлены публіцы ў студзені-лютым 2017 года.
Супрацы з паліцыяй няма. Дарэчы, цягам апошніх месяцаў паліцыя Украіны не агучвала якой-кольвек інфармацыі па справе. Час, калі злачынства раскрываецца па гарачых слядах, ужо сышоў. Таму журналісты мяркуюць, што маюць права агучваць вынікі свайго расследавання.

sheremet_127.jpg