Беларускаму Радыё Рацыя скарочана фінансаванне

Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы паведаміла на афіцыйным сайце пра памер сродкаў, якія атрымаюць арганізацыі прадстаўляючыя нацменшасці.

10468101_338514642966313_263862566282190363_n_833x315.jpg


З прыведзеных лічбаў вынікае, што Беларускае Радыё Рацыя атрымае 120 000 злотых на перадачы для беларускай нацыянальнай меншасці. Гэта удвая менш, чым 3 гады таму – у 2013 радыё атрымала 250 000 злотых.
Сродкі Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы прызначаліся на перадачы „Падляшскі канцэрт пажаданняў”, „З Падляшша родам”, „Краязнаўчыя кропкі”, „Казкі малышам”, „Падляшскі тыдзень”.
Кажа праграмны дырэктар Радыё Рацыя Юры Ляшчынскі:
 – На працягу чатырох гадоў на 60% зменшылася фінансаванне беларускіх перадач, падляшскіх перадач на Радыё Рацыя, перадач для беларускай меншасці. З 2013 перасталі выходзіць чатыры перадачы: “Народная аптэка”, “Беларуская маладзёвая”, “Культурнае бязмежжа”. Што будзе ў 2017 годзе цяжка сказаць, але гэтых сродкаў нашмат менш.
Радыё Рацыя падала ў Міністэрства ўнутраных спраў праекты на 2017 год на фінансаванне ўжо існуючых перадач, а таксама 4 праекты на новыя перадачы.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя