Як беларусы святкавалі юбілей кнігадруку 90 гадоў таму
У канцы красавіка Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Саюз беларускіх пісьменнікаў распачалі кампанію «Пяцісотгоднасць», прысвечаную юбілею беларускага кнігадрукавання.
Асноўная мэта – годна сустрэць 2017 год, у жніўні якога споўніцца роўненька 500 гадоў з часу, як Францішак Скарына ў Празе выдаў першую друкаваную беларускую кнігу. Такія кампаніі праводзіліся і раней. Адзін з яскравых прыкладаў – “чатырохсотлецьце” беларускага кнігадруку, якое шырока адзначалася як у БССР, так і эміграцыйнымі асяродкамі беларусаў у замежжы.
Як і цяпер, у 20-я гады да юбілею пачалі рыхтавацца загадзя. У восьмым нумары часопіса “Крывіч” за 1924 год, які ў Коўне выдаваў былы прэм’ер-міністар БНР Вацлаў Ластоўскі, з’явілася прапанова абвясціць 1925 год юбілейным: “У 1925 годзе прыпадае 400-летняя гадаўшчына крыўскага (беларускага) друку. Гэтаму вялікаму сьвяту будзе пасьвячаны цэлы 1925 год. На нашых культурных дзеячах ляжыць абавязак радам лекцій і юбілейных сабраньняў урочыста адсьвятковаць гэты год разам з усім грамадзянствам па гарадох, мястэчках і вёсках”. Ластоўскі ўзяў у якасці юбілейнай даты выданне Скарынам “Апостала” ў 1525 годзе ў Вільні. У тым жа нумары быў надрукаваны гістарычны артыкул “Доктар Франціш Скарына (1525–1925)”. Заклік Ластоўскага быў пачуты, і не дзе-небудзь, а ў сталіцы савецкай Беларусі.
У снежні 1925 года ў Мінску ў будынку Камуністычнага ўніверсітэта па вуліцы Універсітэцкай пачала працу Першая усебеларуская мастацкая выстава. Прысвечанае мерапрыемства было дзвюм значным падзеям: юбілею рэвалюцыі 1905 года і 400-годдзю беларускага кнігадрукавання. Адным з арганізатараў выступіў загадчык секцыі Інбелкульта па вывучэнні беларускага мастацтва Язэп Дыла. Той самы, які быў народным камісарам працы ва ўрадзе Жылуновіча ў 1919 годзе. Ён жа разам з іншымі арганізатарамі напісаў прадмову да каталога выставы.
На Першай усебеларускай мастацкай выставе ў 1925 годзе экспанаваліся разам авангардныя творы, гістарычныя палотны Язэпа Драздовіча, Францішка Аляхновіча і копіі фрэсак з полацкіх цэркваў. Але далей – болей: вядомы мастак Аляксандр Ахола-Вало, які ў той час жыў у Мінску і займаўся афармленнем розных беларускіх выданняў, прадставіў лінарыт, на якім штучны спадарожнік лунаў над Зямлёй. Хай сабе і ў мастацкай форме, але беларусы ўжо тады паляцелі ў космас. Так злучыліся сівая традыцыя і вірлівая сучаснасць.
Але на гэтым справа не спынілася. У 1926 годзе дзякуючы працы Інстытута беларускай культуры пабачыла свет калектыўнае выданне “Чатырохсотлецьце беларускага друку”. Асноўны корпус навуковых прац прысвечаны жыццю і дзейнасці Францыска Скарыны, а асаблівую каштоўнасць мае работа “Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францыска Скарыны” Мікалая Шчакаціхіна.
Нельга абмінуць арыгінальнае афармленне зборніка: на вокладцы ўдала спалучаліся скарынаўскі шрыфт, сігнет “сонца-месяц”, які візуальна рэпрэзентуе беларускую культуру, а таксама серп з молатам у чырвонай зорцы, як сімвал перамогі рэвалюцыйных сацыялістычных ідэяў. Атрымаўся такі сабе аўтэнтычны беларускі нацыянал-бальшавізм.
Натуральна, што для многіх дзеячаў кшталту Змітра Жылуновіча, Аляксандра Чарвякова, Усевалада Ігнатоўскага,Язэпа Дылы ды іншых такая эклектыка была зразумелай і прымальнай. Беларускія нацыянал-камуністы спрабавалі зрабіць максімум для сваёй Бацькаўшчыны па ўсіх франтах.
У той жа час у Беларусі напоўніцу разгарнулася беларусізацыя, а таксама эканамічная праграма “Беларусь – чырвоная Данія!”, якая прадугледжвала хутарызацыю краіны. Многія з эмігрантаў змянілі сваё негатыўнае стаўленне да БССР. Цяпер рэспубліка падавалася ім не штучным дзяржаўным утварэннем, а самай сапраўднай беларускай дзяржавай, дзе пануюць працоўныя і сяляне. Некаторыя вырашылі нават вярнуцца.
Юбілей кнігадрукавання адзначалі і ў эміграцыі. Яшчэ ў сёмым нумары часопіса “Крывіч” за 1924 год Вацлаў Ластоўскі даў заахвочвальную абвестку: “Пры Рэдакціі “Крывіча” апрацоўваецца да друку “Гісторыя беларускай кнігі”. Спроба беларускай бібліяграфіі ў зьвязку з гісторыяй беларускага друкарства, друкароў і друкавань, а такжа разьвіцьцём пісьменнасьці і культуры. Гэта будзе юбілейнае выданьне с прычыны 400 лецьця беларускага друку (Біблія Скарыны 1517-1925 г.) Выдавецтва запрашае ў склад Рэдакційнай Камісіі спэціялітаў прафэсараў Літоўскага унівэрсітэту”. Далей аўтар надрукаваў прыкладную праграму будучай фундаментальнай кнігі, якая “абойме рукапісную і друкаваную крыўскую пісьменнасьць ад Х да ХІХ стагодзьзя”. Ён яшчэ не ведаў, што гэтую працу яму давядзецца выканаць самастойна. У далейшых нумарах выдання ён змяшчаў рэкламу пра выхад і мажлівае набыццё кнігі.
У 1926 годзе Вацлаў Ластоўскі пасля некалькіх гадоў працы нарэшце выдае ў Коўне “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі”. Ягоная “спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца Х да пачатку ХІХ стагодзьдзя” ў выніку будзе мець 776 старонак вялікага фармату, “багата аздоблена рысункамі, кніг і кніжных старасьвецкіх заставак”. Можна толькі здагадвацца, якім чынам яму ўдалося апрацаваць вялікую колькасць крыніц і зрабіць гэтае выданне. Аформіў яго вядомы мастак, адзін з настаўнікаў Марка Шагала Мсціслаў Дабужынскі, які з 1924 года жыў у Літве. Ён жа з’яўляецца стваральнікам сучаснага літоўскага сцяга.
У бібліяграфіі Вацлава Ластоўскага “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” выглядае найбольш вялікай і грунтоўнай працай, вянцом яго творчай дзейнасці. З яе выданнем фактычна заканчваецца ковенскі перыяд у жыцці Ластоўскага, мажліва, найбольш прадуктыўны ў яго творчай біяграфіі. Бо менавіта ў Коўне наш славуты зямляк здолеў напоўніцу раскрыць усе свае таленты. Кніга дагэтуль мае вялікую каштоўнасць для даследчыкаў і аматараў беларускай старасветчыны.
Фінал для аўтараў “Чатырохсотлецьця” быў для тых часоў прадказальным. У 1927 годзе Ластоўскі пераедзе з Літвы ў БССР. У 1930 годзе ён і іншыя выбітныя прадстаўнікі беларускай грамадскасці і культуры апынуцца ў “капцюрох ГПУ” па справе міфічнага “Саюза вызвалення Беларусі”. За сваю дзейнасць Ластоўскі, як, дарэчы, і Язэп Дыла, будзе прысуджаны да высылкі ў Саратаў. Там былы прэм’ер-міністар БНР і наркам працы ў першым урадзе БССР будуць сябраваць і дапамагаць адзін аднаму. У 1938 годзе Ластоўскага расстраляюць. Язэпа Дылу будуць арыштоўваць, але ў выніку ён застанецца жыць. Падчас вайны гэты пажылы чалавек на вокладках старых часопісаў напіша шэраг мастацкіх твораў на гістарычную тэматыку. Сярод іх п’еса “Падуанскі студэнт”, прысвечаная Францішку Скарыну, якая дагэтуль не бачыла сцэны і чакае сваёй пастаноўкі.
Канстанцін Касяк, budzma.by