БХД адзначыла 500-годдзе Бібліі Скарыны
Імпрэза "Творцы БХД", прысвечаная 500-годдзю Бібліі Скарыны і 100-годдзю «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», арганізаваная Культурніцкай камісіяй БХД, прайшла 6 жніўня ў Мінску.
Удзельнікі імпрэзы чыталі прадмову Францішка Скарыны да Бібліі, вершы
легендарных ксяндзоў-хадэкаў Канстанціна Стаповіча, Аляксандра Астрамовіча,
Язэпа Германовіча.
Затым выступілі сучасныя дзеячы хрысціянскай дэмакратыі — пісьменнікі Аляксей Шэін, Зміцер Дашкевіч, Анатоль Астапенка, Павел Севярынец, багаслоў Георгій Салаўёў, кінарэжысёр Аляксей Туровіч, мастачка Наталля Бордак, якія распавядалі пра сваю творчасць альбо зачытвалі ўрыўкі са сваіх кнігаў.
Частку тэкстаў на вечарыне чытала адмыслова запрошаная народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
— Столькі творцаў, колькі сёння ёсць у БХД, няма ні ў якой іншай беларускай партыі — сказаў, выступаючы, пісьменнік і выкладчык Анатоль Астапенка, які 7 жніўня адзначае сваё 70-годдзе.
Напрыканцы прайшла прэзентацыя кнігаў сябраў БХД і каляровых буклетаў, прысвечаных 100-годдзю партыі.
Завяршылася імпрэза пачастункам з гарбатай і тварожным пірагом.