Ён любіў нас як родных дзяцей
Цяпер у вёсцы Дзярэчын Зэльвенскага раёна я бываю вельмі рэдка. А калі праязджаю праз гэта мястэчка і гляджу на вялікі пусты дом Пятра Марціноўскага, то не магу супакоіцца — сэрца
шчыміць, сумна да болю ад таго, што мяне больш ніколі не сустрэне гэты тактоўны, культурны, адукаваны і інтэлігентны чалавек.
Яго не стала 1 лютага 2006 года. Але здаецца, што Пятро Мікалаевіч жыве і сёння, зараз выйдзе на панадворак, сустрэне, абдыме, мы сядзем у яго «Жыгулі» і паедзем у вандроўку па
роднай Гродзеншчыне. Ён нас, маладых, любіў як родных дзяцей, пра нас пісаў, друкаваў нашы творы на старонках зэльвенскай раёнкі, прапагандаваў нашу творчасць, арганізоўваў вечары і сустрэчы. Гэта
быў чалавек апантаны і ўлюбёны ў жыццё, у літаратуру і ў родную Бацькаўшчыну.
Дом Пятра Мікалаевіча Марціноўскага ў Дзярэчыне прадстаўнікі беларускай творчай інтэлігенцыі жартоўна называлі Домам літаратараў. Калі б ні прыехаў у старажытны Дзярэчын — ноччу ці днём, у
святы ці ў гарачы будзень — з усмешкай і з бацькоўскай цеплынёй Пятро Мікалаевіч заўсёды запрашаў у сваю светлую і прасторную хату. І не проста запрашаў, а смачна частаваў кумпячком ці
вэнджанай кілбаскай і абавязкова наліваў самаробнага вінаграднага віна, якому мы далі назву «Marcini» (ад прозвішча Марціноўскага). І за гэтым частаваннем гадзінамі, а то і суткамі
лілася гутарка пра лёс роднай мовы, пра літаратуру, гісторыю і пра Беларусь наогул.
У доме Пятра Марціноўскага пабывала шмат вядомых пісьменнікаў, мастакоў, журналістаў, музыкантаў. Але часцей за ўсё ў Дзярэчын прыязджалі землякі — Павел Сцяцко, Міхась Скобла, Юрка Голуб,
Уладзімір Ягоўдзік, Валянцін Дубатоўка. А ў прыватнай бібліятэцы гаспадара засталіся кнігі з аўтографамі Максіма Танка, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Дануты Бічэль, Сяргея Законнікава — ці не
паловы прадстаўнікоў Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Пра свае сустрэчы, знаёмствы і гутаркі Пётр Мікалаевіч планаваў напісаць і выдаць кнігу. І верылася, што яму гэта ўдасца... Не ўдалося, не паспеў. Бог яму адмераў 74 гады.
Сам Пятро Марціноўскі быў родам з вёскі Катчыно Мастоўскага раёна, хаця большая частка жыцця была пражытая ў Дзярэчыне — у малым Версалі, як назваў гэту вёску некалі беларускі эмігрант з ЗША
Ян Пятроўскі.
Бацькі Пятра Марціноўскага былі звычайнымі сялянамі. Маці непісьменная, а бацька — самы адукаваны чалавек на вёсцы. Ён меў прыгожы почырк, добра ведаў беларускую, рускую і польскую мовы. А
яшчэ Мікола Марціноўскі быў майстрам на ўсе рукі, але найперш — вясковым рацыяналізатарам. Сам зрабіў тры веялкі (у нас называюць іх «архі») для ачысткі насення ад мякіны
пасля абмалоту. Змайстраваў станок для вырабу прасяной крупы і шмат чаго іншага. «А яшчэ мой бацька, — згадаў неяк Пятро Марціноўскі, — пастаянна выпісваў газеты і
часопісы. У нашым доме збіраліся вяскоўцы, дзе за газавай лямпай бацька чытаў людзям пра тое, што адбывалася ў свеце. А мы з братам, седзячы за сталом, рыхтавалі ўрокі. Я быў вельмі задаволены, калі
чытаць газеты давяралі і мне. Гэта было ў канцы саракавых гадоў мінулага стагоддзя».
У 1944 годзе Пётр Марціноўскі паступіў у пяты клас дзярэчынскай сярэдняй школы. Пачаў пісаць замалёўкі, вершы, інфармацыйныя паведамленні ў Зэльвенскую раённую газету. У школьныя гады захапляўся яшчэ
музыкай. Нядрэнна іграў на мандаліне. Нават марыў з адной дзяўчынай паступаць у кансерваторыю. Дый да апошніх дзён жыцця Пятро Мікалаевіч паэзію і музыку любіў аднолькава. «Яны неяк
узвышаюць чалавека духоўна, робяць яго міласэрным, гуманным і лепшым», — казаў Марціноўскі.
Пасля службы ў войску мой зямляк вярнуўся на радзіму і пачаў працаваць настаўнікам у дзярэчынскай сярэдняй школе. Работу ў школе сумяшчаў з завочнай вучобай у Гродзенскім педінстытуце. А з 1969 года
і да пенсіі працаваў у гэтай школе намеснікам дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце. Пра стыль работы і пра метады навучання ў дзярэчынскай СШ напісаў і выдаў брашуру «У нагу з
часам» (1986).
Першыя селькораўскія карэспандэнцыі Пятра Марціноўскага былі надрукаваны ў пачатку 1950-х гадоў у Зэльвенскай раённай газеце. Пасля матэрыялы на самыя розныя тэмы з’яўляліся на старонках
газет «Звязда», «Гродзенская праўда», «Літаратура і мастацтва», «Наша слова» і ў многіх іншых рэспубліканскіх выданнях. Усё
свядомае жыццё дзярэчынскага настаўніка хвалявалі пытанні адраджэння беларускай мовы, літаратуры і культуры. Адсюль вынікала і тэматыка ягоных публікацый. Самымі светлымі старонкамі ў жыцці Пятра
Марціноўскага былі сустрэчы і шчырае сяброўства з беларускай паэткай Ларысай Геніюш. З ёй ён пазнаёміўся ў канцы 1950-х гадоў, пасля таго, як паэтка была рэабілітавана і вярнулася ў 1956 годзе ў
Зэльву. «Гэта была шчырая, добразычлівая і простая беларуская жанчына. З трывогай і надзеяй думала яна пра лёс роднай Беларусі, паэтка верыла ў яе адраджэнне, у росквіт нацыянальнай культуры
і мовы. Прыкладам бескарыснага служэння людзям з’яўляецца яе паэзія, яе жыццёвы подзвіг. Мне пашчасціла быць першым чытачом многіх вершаў, якія Ларыса Антонаўна з хваляваннем і гордасцю
перш-наперш прачытвала сама», — расказваў Марціноўскі.
У 2002 годзе ў Слоніме выйшла з друку кніга ўспамінаў пра Ларысу Геніюш Пятра Марціноўскага «Наша Лорка». Я быў рэдактарам гэтай кнігі і напісаў да яе ўступнае слоўца.
Ларыса Антонаўна Геніюш часта гасціла ў Марціноўскіх у Дзярэчыне, дый яны неаднаразова наведвалі хату Геніюшаў у Зэльве. Кніга «Наша Лорка» пачынаецца з успамінаў пра тое, як аўтар
кнігі, Алесь Траяноўскі і Ларыса Геніюш ездзілі на матацыкле ў Гудзевічы да Алеся Белакоза, а таксама на радзіму паэткі — у засценак Жлобаўцы і ў вёску Палаўкі, што на Ваўкавышчыне. Там
землякі Ларысы Геніюш ласкава называлі яе «наша Лорка»: «Наша Лорка прыехала. Прыходзьце да нас...»
Пётр Марціноўскі цікава распавядае ў кнізе і пра тое, як Ларыса Геніюш напісала і чытала яму верш «Зубры», як яна па-мацярынску клапацілася пра Уладзіміра Караткевіча, якім
апантаным кнігалюбам быў Янка Геніюш.
У кнізе «Наша Лорка» змешчаны таксама тэксты пісем і паштовак Ларысы Геніюш да Марціноўскіх, а таксама ўрыўкі з «Незакончанай паэмы» паэткі. Паэма цалкам нідзе не
друкавалася, яна прысвечана рэпрэсіям на Беларусі ў 1930–1950-х гадах, падчас якіх шмат загінула беларускіх пісьменнікаў і палітыкаў:
«На якой мове з табой гаварыць,
Знаеш расейскую,
Можа выклікаць перакладчыка,
Можа па-чэшску?»
Гляджу адважна, не, не баюся:
«Не знаю рускай,
Вы жа міністр на Беларусі
Дык гаварыце, як тут належыць,
Па-беларуску!»
«Не, па-расейску ты загаворыш»,—
Грыміць Цанава.
Мовы ён нашай знаці — не знае,
Ад злосці шэры.
Біч для народу, скула ліхая,
Піяўка на сэрцы!
Бесіцца люта і мне жадае.
Суддзі — не суддзі,
Быццам не людзі,
Скалы сядзяць:
«За беларускасць няхай вам будзе
Лет 25!»...
Акрамя малавядомай паэмы ў кнізе змешчаны вершы гродзенскіх паэтаў, прысвечаныя Ларысе Геніюш, — Юркі Голуба, Дануты Бічэль, Міхася Скоблы, Уладзіміра Мазго, Ірыны Навуменкі, Ірыны Войткі і
іншых аўтараў. У кнізе надрукаваны таксама і рэдкія фотаздымкі.
На працягу 25 гадоў Пётр Марціноўскі кіраваў зэльвенскім раённым літаб’яднаннем «Зоры над Зальвянкай». Сам рыхтаваў вершы да друку, наладжваў літаратурныя сустрэчы,
вечарыны. Па запрашэнню літаб’яднання на Зэльвеншчыне пабывалі пісьменнікі Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Алег Лойка, Алесь Асіпенка, Мікола Гроднеў, Данута Бічэль, Юрка Голуб, Міхась Скобла,
Уладзімір Мазго... Усіх і не пералічыць.
Плённа супрацоўнічаў Пётр Мікалаевіч з мясцовым кампазітарам Уладзімірам Плютам. Вось што ўспамінаў пра гэта сам Пётр Мікалаевіч: «Зазваніў тэлефон. Бяру трубку і пазнаю голас калегі па
рабоце, вядомага дзярэчынскага музыкі Уладзіміра Плюты. Прывітаўшыся, ён адразу прапануе паслухаць па тэлефоне мелодыю акардэона. Яна сапраўды мне спадабалася. Але да гэтай песні не хапала слоў, і
Уладзімір Міхайлавіч прапанаваў мне напісаць іх. Так нарадзілася ў нас сумесная песня: «Любы мой»:
Замяла завея нашыя сляды,
А я ўсё кахаю, як было заўжды.
Ноччу мне не спіцца — страціла спакой,
Дзе ж ты, адгукніся, мілы мой.
Навокал лютуе матухна зіма,
Выйду на дарогу, а цябе няма.
Стынуць ногі, рукі, у сэрцы неспакой.
Можа, ты адчуеш, мілы мой.
Сум і адзіноту вып’ю ўсю да дна,
Песню, што я склала, запяю адна.
І калі пачуеш, дома не сядзі.
Я цябе чакаю — дык прыйдзі.
Замяла завея нашыя сляды,
А я ўсё кахаю, як было заўжды.
Ноччу мне не спіцца — страціла спакой,
Дзе ж ты, адгукніся, мілы мой.
Аўтар музыкі Уладзімір Плюта — карэнны жыхар вёскі Дзярэчын. Тут прайшло яго дзяцінства, школьныя і юнацкія гады. Працаваў у дзярэчынскай школе бібліятэкарам, пасля настаўнікам спеваў і
музыкі, а з 1978 года аж да пенсіі — дырэктарам дзярэчынскай музычнай школы.
На працягу многіх гадоў Уладзімір Плюта ўзначальваў харавыя калектывы дзярэчынскай школы. Падрыхтаваныя ім калектывы шмат разоў выступалі на рэспубліканскіх і абласных аглядах мастацкай
самадзейнасці, за што ўзнагароджваліся дыпломамі і падарункамі.
Дарэчы, Пётр Марціноўскі і Уладзімір Плюта, выйшаўшы на пенсію, стварылі творчы дуэт, пладамі якога сталі 18 песень, што гучаць не толькі на сельскіх, але і на раённых сцэнах.
Перад смерцю ён падрыхтаваў добры том вершаў зэльвенскіх паэтаў, амаль дамовіўся з дзярэчынскімі фундатарамі і хацеў выдаць іх асобнаю кніжкай пад назвай «Зоры над Зальвянкай». Зноў
не паспеў. Прайшоў год пасля яго смерці, а кніжка так і не выйшла з друку: няма грошай. А ён так хацеў патрымаць яе ў руках, парадаваць тых, каго ён чытаў, друкаваў на старонках зэльвенскай газеты
«Праца», даваў дарогу ў літаратурнае жыццё. І толькі ў 2008 годзе ў Слонімскай друкарні «Зоры над Зальвянкай» пабачылі свет. Праўда, з кнігі выкінулі вершы Ларысы
Геніюш і мой артыкул пра самога Пятра Марціноўскага. Выкінулі сённяшнія ідэолагі з Зэльвенскага райвыканкама...
Гэты цудоўны чалавек усё жыццё пражыў у глыбінцы, але ніколі не старэў душой, не заставаўся ўбаку ад тых падзей, якія адбываліся ў нашым паўсядзённым жыцці. 28 чэрвеня Пятру Марціноўскаму споўнілася
б 80 гадоў.