Калі статыстыка і трагедыя ідуць побач
Там, дзе перагукаюцца званамі Свята-Духаў кафедральны сабор і касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, павольна адбівае гадзіны гарадская ратуша, жыве пісьменнік і даследчык Леанід Маракоў. Эла Оліна завітала да яго ў госці, каб паразмаўляць пра лёсы людзей, якія адданасцю сваёй справе заслужылі месца ў гісторыі Беларусі і якіх краіна заўчасна страціла.
Там, дзе перагукаюцца званамі Свята-Духаў кафедральны сабор і касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, павольна адбівае гадзіны гарадская ратуша, жыве пісьменнік і даследчык Леанід Маракоў. Эла
Оліна завітала да яго ў госці, каб паразмаўляць пра лёсы людзей, якія адданасцю сваёй справе заслужылі месца ў гісторыі Беларусі і якіх краіна заўчасна страціла.
Леанід Уладзіміравіч Маракоў — гісторык, энцыклапедыст, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага саюза журналістаў, правамоцны сябра міжнароднага ПЭН-цэнтру — ужо больш за
дванаццаць гадоў даследуе рэпрэсіі савецкіх уладаў супраць беларускага, польскага, габрэйскага народаў. Чалавека, які зрабіў няпросты маральны выбар, ахвяраваў уласным бізнесам і маёмасцю, каб
захаваць для нашчадкаў імёны загінулых суайчыннікаў, відаць, нешта ўсё ж яднае з Небам.
Старонкі спісу — доўгімі ланцужкамі цягнуцца прозвішчы і разнастайныя звесткі. Насупраць кожнай асобы коратка пазначана, дзе нарадзіўся, жыў, працаваў, па якой справе арыштаваны.
“Антысавецкая агітацыя, “удзел у дзейнасці контррэвалюцыйнай арганізацыі, “шкодніцкая дзейнасць у гаспадарцы — тыповыя прысуды тых
часоў. Даследчык сабраў вялікую факталагічную базу, сумленна занатаваў старонкі жыцця рэпрэсаваных літаратараў, дзеячаў культуры, асветы, навукоўцаў, святароў і медыкаў, на якіх пасягнула рука НКУС.
Цяпер яму пішуць і тэлефануюць з Гомеля, Гродна, Магілёва, Брэста ды іншых гарадоў і мястэчак нашчадкі рэпрэсаваных, каб адшукаць звесткі пра сваіх пацярпелых продкаў. На сайт пісьменніка
www.marakou.by заходзяць наведвальнікі з Кіева, Лондана, Нью-Йорка, Амстэрдама, Варшавы, Берліна, пакідаюць удзячныя водгукі, змяшчаюць партрэты родных. Леанід Маракоў расказвае, што, каб сабраць
столькі звестак, даводзіцца многа часу корпацца ў архівах, праз яго рукі праходзяць тысячы аркушаў паперы, на якіх занатаваныя лёсы людзей. Без выходных і адпачынкаў, 12–14 гадзін на суткі
— так выглядае працоўны графік даследчыка.
Збіраць звесткі пра ахвяраў сталінскага рэжыму Леанід Маракоў пачаў у 1997 годзе. Тады яму
патэлефананавалі з выдавецтва і запыталіся, ці мае рукапісы свайго дзядзькі паэта Леаніда Маракова, які быў любімым вучнем Янкі Купалы. Леанід Маракоў быў расстраляны карнымі органамі НКУС акурат у
крывавую ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 года, калі ў Мінскай унутранай турме НКУС было знішчана каля ста прадстаўнікоў беларускай культуры і літаратуры, эліты беларускай нацыі.
У гэтым годзе ў выдавецтве “Смэлтак выйшаў новы том даследаванняў Леаніда Маракова “Рэпрэсаваныя каталіцкія, духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі
1917–1964 гг.. У ім сабрана каля 700 біяграфій ксяндзоў і служыцеляў, расказваецца пра дзейнасць 800 касцёлаў, 400 з іх існавалі ў нашай краіне і пазней былі зачыненыя ці
разбураныя.
— Кніга пачынаецца з біяграфіі Фабіяна Абрантовіча, — расказвае сп. Леанід. — Пасля заканчэння Магілёўскай семінарыі і духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу ён вучыўся ў
каталіцкім універсітэце Лювэна і абараніў доктарскую дысертацыю. У жніўні 1918 года Фабіян Абрантовіч з біскупам Зыгмунтам Лазінскім у Мінску адправіў першую ў ХХ стагоддзі імшу на беларускай мове.
Святар быў рэктарам Духоўнай семінарыі і выступаў за ўвядзенне беларускай мовы ў набажэнства ў Касцёле і духоўных установах, пра гэта неаднаразова пісаў у рэлігійных выданнях. Ён сябраваў з
Браніславам Эпімах-Шыпілам, з Янкам Купалам. Зімой 1920 года Фабіян Абрантовіч дзяжурыў каля ложка хворага паэта і падтрымліваў яго духоўна. Пра многіх святароў, чые біяграфіі змешчаныя ў новай
кнізе, раней не было звестак у Беларусі. Пачынаючы працу некалькі гадоў таму, я думаў, што змагу яе завяршыць гадоў праз дзесяць. Дзякуючы падтрымцы Касцёла, а менавіта біскупа Антонія Дзямьянкі,
удалося сабраць звесткі з-за мяжы, часопісы і кнігі па тэме, паскорыць пошукі.
Леанід Маракоў склаў двухтомны зборнік з біяграфіямі праваслаўных святароў. У пошуках матэрыялу для выдання даследчык наведваў Далёкі Усход, Краснадар, Алтайскі край. У кнізе змешчаны факты з
памятных кніг губерняў, мемарыяльных сайтаў і сінодыкаў, дакументы, успаміны сведак. У зборніку, напрыклад, можна знайсці звесткі пра іерэя Міхаіла Сулкоўскага, сваяка блажэннай Валянціны
Мінскай.
— Том “Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі. 1917–1967 рабіўся больш за два гады, — каментуе Леанід Маракоў. — З
праваслаўных святароў практычна сто адсоткаў былі сасланыя на катаргу, расстраляныя. Можна лічыць, што гэта даведнік не проста рэпрэсаваных, а ўсіх святароў, якія неслі служэнне на Беларусі на
пачатку ХХ стагоддзя.
Зараз я збіраю звесткі пра рэпрэсаваных медыкаў, падрыхтавана ўжо паўтары тысячы біяграфій. Падчас “крывавага тунеля смерці — піку сталінскіх рэпрэсій (чэрвень 1936
— лістапад 1938 гадоў) з маўклівай згоды Масквы адбылося поўнае запусценне сістэмы медыцынскага абслугоўвання насельніцтва БССР. Тыповым было знішчэнне хворых праз неаказанне ім дапамогі
— канцлагеры пад здаровых не паспявалі будаваць, а тут хворыя. Дайшло да таго, што на большасць раённых бальніц БССР прыходзіўся адзін лекар. Адзін на тысячы і тысячы людзей! А ў некаторых
бальніцах і ўвогуле — ніводнага. І кожны трэці-чацвёрты ўрачэбны ўчастак быў без доктара. Як вам такое — урачэбны ўчастак і без доктара? Ды што без доктара — без фельчара і
акушэркі. У БССР не хапала соцень дактароў і фельчараў, паўтысячы акушэрак, а іх з асаблівай стараннасцю арыштоўвалі і вынішчалі. І арыштоўвалі з такой хуткасцю і перыядычнасцю, што тры сотні
выпускнікоў Мінскага і Віцебскага медыцынскіх інстытутаў штогод не паспявалі закрываць гэтыя правалы. Праўда, медыкаў не дзеля руціннай працы розуму вучылі. Спецбальніцы, спецклінікі, спецсанаторыі,
спецдамы адпачынку для партыйных бонзаў і супрацоўнікаў НКУС патрабавалі спецабслугоўвання. Для іх і рыхтавалі маладую медыцынскую гвардыю.
Справядлівая сацыялістычная дзяржава хоць і выдзяляла на ахову здароўя будаўніка камунізму ў месяц “цэлыя 4 рублі (сапраўды, амаль бясплатная медыцына), але, відаць,
“цэлых не хапала. За 1937 год у Барысаве, Віцебску, Гомелі, Лепелі, Магілёве, Мінску, Оршы, Полацку, Рэчыцы дзіцячая смяротнасць узнялася на 30–60 працэнтаў. У Мінскай
дзіцячай клініцы ў пакоі дзяжурных маці, разлічаных на дзесяць-дванаццаць чалавек, знаходзілася сорак.
Хворыя не маглі працаваць, не маглі прынесці сістэме дывідэнды, а значыць, падлягалі спісанню-вынішчэнню. Пад вынішчэнне траплялі і асабліва актыўныя выратавальнікі хворых. І не мела значэння,
санітарка гэта была, медсястра, галоўны ўрач шпіталя ці загадчык кафедры лячэбнага факультэта. У пятым томе акурат і змешчаныя біяграфіі або кароткія звесткі тых выратавальнікаў. Гэта рэпрэсаваныя
ўрачы шпіталяў, бальніц, дыспансераў, радзільных дамоў, паліклінік, медыцынскіх пунктаў і кансультацыяў, вайсковых частак, месцаў зняволення, супрацоўнікі Народнага камісарыята па ахове здароўя
абласных, гарадскіх, раённых медыцынскіх, санітарных, ветэрынарных інспекцый і ўстаноў.
Іх вінавацілі ў інтэлігентнасці, інтэлектуальнасці, адукаванасці, у тым, што яны належалі да людзей думаючых, а значыць, ставіліся да падзей крытычна. Вось гэтых крытыкаў Сталін і вынішчаў. І, як
ведаеце, не толькі медыкаў, але настаўнікаў, літаратараў, дзеячаў культуры.
— Вы — аўтар шэрагу кніг прозы, заўважных грамадскасцю. Як адбыўся пераход ад навуковага даследавання да пісьменства?
— Пасля напісання тысячы незвычайных, з нечаканымі, трагічнымі паваротамі біяграфій мне захацелася расказаць пра гэтых людзей падрабязна.Таму амаль усе мае апавяданні дакументальныя,
гістарычныя. Але ў наш камп’ютарны век я намагаўся напісаць іх так, каб яны чыталіся імгненна, на адным дыханні. Мае героі, сапраўды, непамяркоўныя, бо яны любым коштам, нават коштам жыцця,
імкнуцца вырвацца з няволі.
— Ці падтрымлівае вас сям’я?
— Я вельмі ўдзячны сваёй сям’і. Жонка Наталля дапамагае мне складаць імянныя і геаграфічныя паказальнікі. Сын Дзмітрый — набіраць тэксты. Пятнаццацігадовая дачка Дыяна
— не па гадах сур’ёзны чалавек, займаецца ў сярэдняй і мастацкай школах, піша вершы, апавяданні, любіць замежныя мовы. Яе працоўны стол — побач з маім.
У даведачнай базе Леаніда Маракова я знайшла дадзеныя на свайго рэпрэсаванага прадзеда. Станіслаў Іванавіч Крыцкі нарадзіўся ў Віцебскай вобласці ў 1881 годзе. Старое фота занатавала момант шлюбу
ў касцёле. Яго нявеста пані Ружа паходзіла са збяднелай шляхты. Станіслаў Іванавіч вадзіў цягнікі з Рыгі на Беларусь, у Крыцкіх было трое дзяцей. У 1933 годзе прадзед быў арыштаваны: уначы да дома
пад’ехаў чорны варанок, і родны чалавек знік. У картатэцы Леаніда Маракова значыцца нумар яго справы і судовы вырак — пяць гадоў лагераў за антысавецкую дзейнасць. Прадзеда
адправілі на Беламора-Балтыйскі канал.
Сям’я Крыцкіх, фота з сямейнага архіву