«Магутны Божа», «Маладая Беларусь» і «Паланэз» Агінскага

Пасля зацвярджэння герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга ў якасці дзяржаўных сімвалаў лагічна паўстала пытанне пра новы дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Міністэрства культуры абвясціла адпаведны конкурс. Пра тое, якім мог быць гімн незалежнай Беларусі, наш артыкул.

496d9629_d986_46bb_b67c_2b5a257371d1_mw1024_mh1024_r1_s.jpg


Конкурс Міністэрства культуры павінен быў прайсці ў два этапы: з 15 кастрычніка да 1 снежня 1991 года і з 1 снежня 1991 года да 1 студзеня 1992 года. Удзельнікі мусілі прадставіць тэкст гімна (у трох экземплярах), а таксама музыку (у выглядзе клавіра для хору з суправаджэннем). Канкурсантамі маглі быць паэт і кампазітар як разам, так і паасобку. Пры гэтым музыканты маглі карыстацца як тэкстамі сучасных аўтараў, так і «литературным наследием прошлых лет».

Не існавала абмежаванняў па мовах, можна было дасылаць тэксты гімнаў і па-руску. У спецыяльным Палажэнні аб конкурсе абяцалася, што на адабраныя музычныя творы будзе зроблены дзяржзаказ з мэтай стварэння аркестравай партытуры для сімфанічнага і духавога аркестраў.

Тэкст і музыку павінна было ацэньваць спецыяльнае журы пад кіраўніцтвам старшыні камісіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны Ніла Гілевіча. У журы ўвайшлі 22 чалавекі, найбольш вядомыя з якіх — Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Вольга Іпатава, Адам Мальдзіс, Дзмітрый Смольскі.

Першы крок — самы цяжкі

Абвяшчэнне конкурсу выклікала ажыятаж сярод грамадскасці: паступіла звыш 300 варыянтаў (у асноўным тэксты, значна радзей — ноты) новага гімна. Да 1 студзеня 1992 года журы адабрала 50 лепшых. У далейшым планавалася ўзяць ад трох да пяці варыянтаў і зрабіць усенароднае праслухоўванне па радыё.

Разам з аматарскімі варыянтамі журы вырашыла прадставіць на праслухоўванне варыянты гімнаў, створаныя на верш «Пагоня» класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, а таксама на творы «Магутны Божа» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» («Ваяцкі марш») Наталлі Арсенневай і Макара Краўцова.

3e8d0375_8ef6_4179_b93e_1a021346e1d1_w1023_r1_s.jpg

Тэксты падаваліся толькі пад дэвізам без указання імя і прозвішча аўтараў. Дэвізы мелі як традыцыйныя («Міласць»,«Хараство», «Гусляр», «Надзея»), так і даволі экзатычныя («Дзеці Еўропы»:«Мы дзеці Рагнеды, унукі Ўсяслава…»; «Адгадай»: «Цякуць гаманлівыя рэкі, азёры блішчаць сінявой…», «Эдэм»: «Колькі вякоў над бязмежнаю ніваю вочы ўзнімала, гукала зару…») назвы.

Вось так, напрыклад, выглядаў пачатак і прыпеў варыянта пад дэвізам «Гусляр»:


Герб наш «Пагоня» — герб Беларусі

Ты не пакінуў наш край у бядзе,

Крокам імклівым да перамогі

Светлы твой вобраз наперад вядзе.

Прыпеў:

Слаўся азёрная і сінявокая

У цэнтры Еўропы краіна мая

У дружбе надзейная і непаўторная

Ты мая гордасць, ты маці мая.


15 ліпеня 1992 года ў прэсе былі апублікаваны шэсць варыянтаў тэксту гімна. Тры з іх былі класічныя: «Магутны Божа» (музыка Мікалая Равенскага, словы Наталлі Арсенневай), «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» (музыка Уладзіміра Тэраўскага, словы Макара Краўцова) і «Пагоня» (музыка Мікалая Шчаглова-Куліковіча, словы Максіма Багдановіча). Астатнія тры падаваліся пад дэвізамі: «О, фартуна!», «Трэці варыянт» і «А хто там ідзе?».

20 ліпеня 1992 года па радыё транслявалі шэсць варыянтаў гімна (у харавым фармаце) і яшчэ адзін — чыста музычны твор — пад дэвізам «Белая вежа». Тэксты гімнаў выклікалі бурную рэакцыю чытачоў і слухачоў, якія накіроўвалі свае лісты ў журы. Як і чакалася, адносіны былі розныя.

Калі браць традыцыйныя варыянты, то, напрыклад, адзін з грамадзян абрынуўся на Наталлю Арсенневу, абвінавачваючы яе ў сувязях з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Аўтар наракаў «на низкий моральный облик жюри» і пажадаў застацца ананімам, бо нібыта, «подписаться мне опасно, ибо власть у поклонников таланта Арсеньевой, а это сулит веселую перспективу для тех, кто напоминает о ее военном прошлом». Але ж аўтар ўсё ж падпісаўся як «не желающий петь с голоса Арсеньевой».

Людміле Паляковай спадабаўся «Ваяцкі марш»: «Он наиболее решителен и динамичен, не плаксив, как некоторые». На другое месца спадарыня Палякова паставіла «Пагоню»: «Остальные варианты вообще неприемлемы, так как это обращение к Богу, а мы светское государство».

За твор «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ў лісце прагаласавала цэлая сям’я Байкачовых. Наталля Арсеннева і Макар Краўцоў таксама спадабаліся братам Загідуліным: «ученику 8-га класса» Аляксею і «дошкольнику» Багдану.

На думку чытача Эрнста Сарычава, тэкст гімна не павінен змяшчаць упадабення, правакаваць няшчырасць, сцвярджаць спрэчныя гістарычныя ці палітычныя версіі, выкарыстоўваць ненарматыўныя спосабы словаўтварэння, сінтаксісу, несці прароцтвы і заклікі. Сарычаў у сваім лісце ў журы быў упэўнены, што «А хто там ідзе?» — прароцтва, а «Пагоня» малюе карціны і асабістыя пачуцці ад першай асобы.

У падтрымку «Пагоні» і «Ваяцкага маршу» ў адмысловым лісце ад 22 ліпеня 1992 года выступіла вядомая сёння грамадская актывістка Ніна Багінская.

20891449_262225724291827_358550_n.jpg

За «Пагоню» выказаўся і ананімны аўтар, «старый солдат, участник прошлой войны»: «Когда исполняют “Погоню”, у меня мурашки ползут по коже».

Адно са складаных пытанняў тычыцца статыстыкі падтрымкі таго ці іншага варыянта гімна. На жаль, нейкіх лічбавых аглядаў ці сацыялагічных звестак не захавалася. Адзінае, на што можна абапірацца, — на колькасць лістоў чытачоў, што маюцца ў Нацыянальным архіве.

З класічных варыянтаў найбольш папулярнымі сталі «Магутны Божа» і «Ваяцкі марш». У іх падтрымку выказаліся 68 і 63 чытачы адпаведна. «Пагоня», у сваю чаргу, атрымала толькі 20 лістоў падтрымкі.Сярод чытачоў і слухачоў безумоўным фаварытам стаў гімн пад дэвізам «О, фартуна!» (музыка Васіля Раінчыка, словы Леаніда Пранчака). У яго падтрымку паступіла 210 лістоў.

У выглядзе песні гімн выконваўся пачынаючай музычнай зоркай Лікай Ялінскай.


Жыве Беларусь!

Веру — будзе жыць заўсёды.

Святло «Пагоні» будзе нашы сэрцы акрыляць.

Жыве, жыве —

Наш край пакутны і свабодны

Нескароная нікім і святая зямля.

Беларусь, Беларусь,

Хай цябе мінуць усе нягоды.

Век у шчасці жыві,

Ты радзіма мая.

На другім месцы апынуўся варыянт гімна пад дэвізам «Трэці варыянт» (музыка Ігара Лучанка, словы Аляксандра Лягчылава) — 79 лістоў.


Радзіма Беларусь.

Мы не згубіліся ў свеце,

Мы збераглі наш дом —

Нам пераможна свеціць

Грунвальд сваім шчытом.

 

Радзіма Беларусь,

Ты сцяг свой узняла

Сатканы з белых руж

І чырвані-святла.

 

20840420_262226204291779_320418313_n.jpg

На апошнім месцы слухачы і чытачы пакінулі варыянт гімна пад дэвізам «А хто там ідзе?» (на жаль, аўтарства ў архіўных крыніцах не пазначана). У яго падтрымку прыйшло ўсяго 7 лістоў.


Не пакіне Бог нашу Беларусь —

Яна ў вяках адшукае свой шлях.

Люд свой збірай

Пад Айчыны вольны дах.

Вышэй уздымай

Бел-чырвона-белы сцяг!

 

Што да «Белай вежы», то за яе выказаліся 20 слухачоў. Як і ў выпадку з папярэднім варыянтам гімна, аўтарства «Белай вежы» адсутнічае ў дакументах.

24 снежня 1992 года журы разглядала 18 варыянтаў гімна, аднак ні адзін з іх так і не стаў візітнай карткай Беларусі. У асноўным спрэчкі вяліся вакол тэкстаў Наталлі Арсенневай, Максіма Багдановіча і Макара Краўцова.

1 студзеня 1993 года за нагоды стагоддзя нараджэння Канстанцыі Буйло газета «Звязда» паставіла пытанне аб тым, ці мог бы стаць гімнам верш паэткі «Люблю свой край».

fota_.zviazda.by.jpg


Тур другі, але не апошні

Конкурс было вырашана працягнуць. 9 студзеня 1993 года ў папулярнай «Народнай газеце» была надрукавана нататка «Конкурс працягваецца». Праўда, зараз, гаварылася ў «Народнай газеце», усе намаганні будуць накіраваныя на выяўленне паэтычнага тэксту, «які б адпавядаў па сваіх мастацкіх якасцях тым высокім патрабаванням, што неабходныя для гімна незалежнай дзяржавы». Свае тэксты на адрас сакратаркі журы Эльвіры Алейнікавай усе жадаючыя маглі дасылаць да 1 сакавіка 1993 года.

Як і раней, публікацыя ў вядучай газеце краіны пра працяг конкурсу ўзрушыла грамадства. Некаторыя «энтузіясты» на вуліцах падыходзілі да людзей і жадалі «ўвапхнуць» свой гімн. Пра гэта, у прыватнасці, пісаў у «Літаратуры і мастацтве» Юрый Станкевіч. Журы было літаральна заваленае лістамі. У адных былі проста прапановы, у другіх — уласныя творы рознага ўзроўню паэтычнай якасці (каля 200 варыянтаў).

Так, ананімны аўтар, «не стар и не млад, а 1921 года рождения, 5 классов образования» з г.п. Кастрычніцкі Гомельскай вобласці ў лісце ад 12 студзеня 1993 года прапанаваў у якасці гімна «Паланез» Агінскага, а тэкст да яго раіў падабраць з вершаў Максіма Багдановіча. «Можно взять еще и “Варшавянку”, — працягваў чытач, — и музыка и текст сильны». А каб гімн быў весялейшы, можна звярнуцца да маршу авіятараў: «Мы рождены, чтоб сказку сделать былью…».

Прапанова пра «Паланез» і раней мела месца, у прыватнасці з боку рады Латвійскага таварыства беларускай культуры «Світанак». Беларускае згуртаванне вайскоўцаў ужо карысталася гэтым творам у час публічнага прыняцця сябрамі БЗВ сімвалічнай вайсковай прысягі на вернасць Беларусі, якая адбылася 8 верасня 1992 года на плошчы Незалежнасці.

Але не ўсе былі ў захапленні ад Агінскага. Напрыклад, працоўны Мінскага трактарнага завода Генадзь Санкоўскі абураўся: «Почему предлагают Огинского, почему сразу не “Лявоніху”»?

У выніку разгляду журы абрала 117 паэтычных твораў (без персанальных звестак і дэвізаў). У гэтых творах, як і на папярэднім этапе, яскрава праявілася тэндэнцыя гераізацыі гісторыі Беларусі, асабліва эпохі Сярэднявечча, сакралізацыя велічных постацяў і сімвалаў: герба «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга.

Каб ацаніць іх мастацкія вартасці, трэба прывесці некалькі прыкладаў з урыўкамі.


Адзін з твораў, напрыклад, пачынаўся так:

Тост падымем — не асудзіць публіка —

Мы за бел-чырвона-белы сцяг.

Наша суверэнная рэспубліка

Узрасла на лаўрах і касцях.

 Шмат тэкстаў пачыналася са слоў «Мы, беларусы»: «Мы, беларусы — вольныя людзі», «Мы, беларусы — Богам прызнаны», «Мы, белорусы, взявшись за руки», «Мы, белорусы — свабодныя людзі».

У адным з твораў былі такія радкі:

Усе беларускія землі ўз’яднаем і выйдзем да мора

За матчыну мову, за беларускія школы.

Парваўшы кайданы расійцаў і ляхаў

Мы шчасце збудуем з працоўным размахам.
Захаваўся верш, у якім быў заклік да беларусаў не быць манкуртамі і жаданне, каб да ўлады прыйшоў «Народны фронт нацыянал-дэмакратаў». У іншых вершах мела месца згадка нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага: 

Ты, чырвоная каліна,

Беларусь — мая краіна.

Прымі ты сыноўю любоў.

Цвіцеш ты вясною,

Ірдзеешь увосень

Як Каліноўскага кроў…

 Альбо:

 Нас вёў Каліноўскі, Талаш і Даватар

Змагацца за шчасце зямлі,

Каб мы былі роднай рэспублікі варты

І каб заваёў не здалі.
Варыянтаў гімнаў, дзе выкарыстоўвалася савецкая спадчына, за рэдкім выключэннем, не было. Захаваўся літаральна адзін тэкст, пабудаваны на тэме Вялікай Айчыннай вайны: «Не ўявіць партызанка, цябе, без лясных генералаў і трох Беларускіх франтоў, што ішлі на Берлін па сівому курганню руін».

У абсалютнай большасці прадстаўленых варыянтаў гімнаў (як і раней), адсутнічаў важкі ідэалагічны элемент, які панаваў у гімне БССР — сяброўства з Расіяй.

Можна прывесці прыклад варыянту гімна на рускай мове (таксама вельмі рэдкае выключэнне, таму што ўсе амаль усе тэксты падаваліся па-беларуску), дзе ўсё ж згадваецца Расія:
С Россией вечно жить стремилась,

В битву на Куликово поле послала

Андрея Полоцкого — князя боевого

Братство защитить на вечные года.

Республика моя родная,

Ты по праву партизанкою стала,

Под Игуменем с вилами, топорами французов добивала

С русскими войсками Полоцк штурмом брала.

 Як і раней, пэўная частка тэкстаў уяўляла сабой банальныя паэтычныя сентэнцыі, якія і блізка не маглі прэтэндаваць на гімн. Напрыклад, можна здзіўляцца, на якой падставе журы нават на папярэднім этапе ўхваліла такі рускамоўны тэкст:
Строим фабрики, заводы

Нефтевышки и метро,

Жить свободному народу

Не мешай никто.

Зреют яблоки и сливы,

Много ягод и грибов

Я влюблен в тебя счасливый,

У нас взаимная любовь!

 

Тварам да Купалы

Пра тое, што праца над тэкстамі шматлікіх аўтараў (вядомыя, у тым ліку і народныя паэты амаль цалкам адмовіліся ад удзелу, а Ніл Гілевіч у інтэрв’ю выданню «Наша слова» ў маі 1994 года назваў гэта незразумелым) не дала ніякіх вынікаў, сведчыў зварот журы конкурсу, які быў надрукаваны ў цэнтральных выданнях 19 кастрычніка 1993 года.

Старшыня журы Ніл Гілевіч паведаміў грамадскасці, што яны спынілі свой выбар на вершы Янкі Купалы «Маладая Беларусь» («Вольны вецер напеў вольных песень табе»). Улічваючы, што верш даволі вялікі па аб’еме, гаварылася ў звароце, журы вырашыла абмежавацца чатырма строфамі з дванаццаці. Заключныя радкі верша («Паднімайся з нізін сакаліна сям’я…») павіны былі стаць прыпевам.

Ніл Гілевіч выказаў упэўненасць, што выбар журы слушны, бо ў гэтым вершы, сцвярджаў народны паэт, закладзена ідэя дзяржаўнага адраджэння Беларусі, «скандэнсавана сурова-драматычная» яе гісторыя.

У сувязі з гэтым абвяшчаўся конкурс на напісанне музыкі да тэксту верша ў варыянце камісіі. Дасылаць творы да 15 лістапада зноў маглі ўсе жадаючыя.

У згаданым вышэй інтэрв’ю «Нашаму слову» Ніл Гілевіч распавёў цікавыя нюансы абрання верша Купалы ў якасці тэкстуальнай асновы гімна, і быў больш стрыманым. Народны паэт паведаміў, што менавіта заключныя радкі верша канчаткова схілілі журы, аднак у цэлым да самога тэксту маюцца пытанні стылёвага і іншага характару.

Паштоўка ў падтрымку гімна пад дэвізам «О, фартуна!». Такія стандартныя паштоўкі дасылаліся на карысць астатніх варыянтаў гімна

Паштоўка ў падтрымку гімна пад дэвізам «О, фартуна!». Такія стандартныя паштоўкі дасылаліся на карысць астатніх варыянтаў гімна

Ніл Гілевіч меў рацыю. Ужо 28 кастрычніка 1993 года чальцы аддзялення Таварыства беларускай мовы імя Франыска Скарыны ў Акадэміі навук накіравалі ў журы ліст, дзе выказаліся супраць гімна на твор Купалы. На іх думку, верш залішне метафарычны, мае вялікі аб’ём, а выбар для гімна яго асобнай часткі выглядае штучна. Акрамя таго, у «Маладой Беларусі» маюцца асобныя русізмы.

Старшыня журы паведаміў, што на конкурс былі пададзены 28 твораў прафесійных кампазітараў і каля 60 — сама­дзейных аўтараў. Сярод апошніх варта адзначыць Валерыя Марцінкевіча з Ганцавіч, Барыса Магаліфа (папярэджваў камісію, што свае ноты «будет отстаивать до конца») з Мінска, Мікалая Мамчыца з в. Салтанаўшчына Нясвяжскага раёна. Апошні быў упэўнены, што стварыў «лёгкі, гучны і запамінальны гімн». На думку Мамчыца, «сталінскія і гітлераўскія маршы ўжо даўно адышлі ў гісторыю».

Пятнаццацігадовая Наталля Мазейка ў лісце ад 14 лістапада 1993 года пісала, што навучаецца ў музыкальнай школе і таксама жадае прыняць удзел у конкурсе. Хутчэй за ўсё, гэта была дэкларацыя аб намерах, бо ў архіве нічога няма наконт гэтай дзяўчынкі. А Аляксандр Клімец з Брэста прапанаваў кампутарную праграму для стварэння гімна на мове «Бэйсік». Калі ўвесці, сцвярджаў Клімец, праграму у кампутар тыпу ZX-Spectrum, то «вы пачуеце мелодыю гімна».

Самадзейныя аўтары не змаглі скласці рэальную канкурэнцыю прафесіянальным кампазітарам, з якіх журы выбрала трох: мэтра і легенду Анатоля Багатырова, Уладзіміра Дарохіна і Віктара Войціка. Хто з іх павінен быў увайсці ў гісторыю Беларусі ў якасці стваральніка музыкі да гімна, вырашала пасяджэнне журы 6 мая 1994 года.

На ім прысутнічалі 15 чалавек, у тым ліку, у якасці чальца, Уладзімір Дарохін. Пасля ўступнага слова Ніла Гілевіча, які заявіў, што факт удзелу ў конкурсе Анатоля Багатырова — асабістага знаёмага Янкі Купалы, мае сімвалічнае значэнне, пачаліся дыскусіі. Тон задала Вольга Іпатава, якая не заўважыла асаблівай розніцы ў трох творах, а таму параіла вярнуцца да «Ваяцкага маршу». Яе падтрымаў Анатоль Вярцінскі.

Аднак астатнія чальцы журы былі супраць. Так, Галіна Куляшова, як сведчыць пратакол пасяджэння, «тактоўна і прафесійна адмовіла мастацкім якасцям “Ваяцкага маршу”, зазначыўшы, што паняцці “мастацкая якасць” і “гістарычная якасць” не заўсёды супадаюць». Пры гэтым спадарыня Куляшова заўважыла, што «па выніках абмеркавання і сацыялагічных апытанняў “Магутны Божа” займаў больш высокае месца», бо «духоўнасць, сціплае хараство напеву і слоў ужо даўно набылі шырокую папулярнасць сярод насельніцтва, прычым сярод розных сацыяльных груп і розных канфесій».

Гэтыя словы Галіны Куляшовай, доктара мастацтвазнаўства і прафесара разбураюць міф, запушчаны прапагандай пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, пра тое, нібыта верш Наталлі Арсенневай беларускі народ не ўспрымае, а тым больш, у якасці гімна.

Пасля спрэчак была створана Падліковая камісія па галасаванні ў складзе Эльвіры Алейнікавай і Уладзіміра Някляева. У тэксце пратакола адсутнічаюць дакладныя лічбы, але зафіксавана, што большасць чальцоў журы бюлетэнямі падтрымала твор Анатоля Багатырова.

22 чэрвеня 1994 года міністр культуры і друку Анатоль Бутэвіч накіраваў старшыні Вярхоўнага Савета Мечыславу Грыбу ліст: разгледзець на сесіі парламента пытанне аб зацвярджэнні ў якасці Дзяржаўнага гімна твор Анатоля Багатырова на верш Янкі Купалы, а таксама зрабіць якасны радыёзапіс і арганізаваць яго праслухоўванне.

11 ліпеня 1994 года Ніл Гілевіч накіраваў свой ліст Мечыславу Грыбу. З ліста відаць, што сімпатыі народнага паэта да верша Купалы яўна зменшыліся: Гілевіч заклікаў кіраўніка парламента даць праслухаць не толькі новы варыянт гімна Багатырова-Купалы, але і іншыя варыянты. Калі грамадскасць не пагодзіцца, пісаў Ніл Сымонавіч, то працягнем працу, нічога страшнага ў такой «гімнічнай» сітуацыі няма: «Лепш папрацаваць не спяшаючыся, чым прыняць гімн не зусім удалы».

20885015_262224567625276_530224034_n.jpg


Гімн — народны!

Яшчэ адна эпапея, звязаная з гімнам, пачалася 6 ліпеня 1994 года. Выданне «Наша слова» надрукавала верш «Жыве Беларусь» мінчаніна Уладзіслава Жыгалкі да музыкі Нестара Сакалоўскага. Адзначыўшы добрую якасць музыкі («не яе віна, што ёй карысталіся ў савецкі час»), Жыгалка адмовіўся ад уласнага аўтарства і заклікаў усіх жадаючых агульнымі намаганнямі ўдасканаліць верш.

Жыве Беларусь!

Мы — беларусы!

Вольныя людзі —

Вольным заўсёды будзе наш шлях!

Сімвал Свабоды — Сцяг Беларусі,

Бела-Чырвона-Белы наш сцяг!


Прыпеў:

Хай жа ніколі ён не загіне!

Бог захавае Белую Русь!

Наша адданасць — вольнай Ра­дзіме

Хай жа заўсёды Жыве Беларусь!

 

Працу народа, моц і Свабоду —

Годнасць гартуе, з году ў год…

Веліч Радзімы — мужнасць народу;

Люд Беларусі — слаўны народ…

 

Прыпеў.

 

Край наш багаты, шчодры, дзівосны:

Рэкі павольныя, светлыя тут;

Мірна гамоняць бярозы ды сосны…

Цешце, нашчадкі, родны наш кут!

Прыпеў.

Ідэя была падхоплена рэдакцыяй, якая дала на гэту працу два месяцы, папярэдзіўшы, каб чытачы не дасылалі новых тэкстаў. Газета абяцала, што канчатковы тэкст будзе накіраваны ў камісію Ніла Гілевіча.

Пачынанне Жыгалкі зацікавіла шматлікіх чытачоў, якія дасылалі ўласныя варыянты на аснове папярэдняга тэксту: Мікалай Валошчык, Осіп Рагонька, Мікалай Грыман і іншыя. Напрыклад, замест сказа «Цешце, нашчадкі, родны наш кут» адзін з чытачоў прапанаваў: «Людзі, любіце ж родны наш кут».

Па некаторых пытаннях разгараліся цэлыя дыскусіі. Напрыклад, Канстанцін Міхайлаў з Оршы і Алесь Крэмень са Скідаля выказаліся супраць таго, каб у гімне гучала «Белая Русь». Яны ўзгадае, што існуе Славянскі сабор «Белая Русь», які варожа ставіцца да ўсяго беларускага. Некаторыя выступалі супраць таго, каб у гімне фігураваў Бог.

28 снежня 1994 года «Наша слова» надрукавала канчатковы варыянт «народнага» гімна.

Жыве Беларусь! 

Мы — беларусы!

Вольныя людзі —

Вольным заўсёды будзе наш шлях!

Нас акрыляе сімвал Радзімы

Бела-чырвона-белы наш Сцяг!

 

Прыпеў:

Разам ніколі мы не загінем,

З Богам сустрэнем шчасця зару,

Наша адданасць — вольнай Радзіме

Хай жа заўсёды жыве Беларусь!

 

Цяжкая праца нас узмацняе,

Мужнасць гартуе, з году ў год.

Веліч Радзімы — мужнасць народа,

Мы, беларусы — слаўны народ.

 

Прыпеў.

 

Край наш багаты, шчодры, дзівосны:

Рэкі павольныя, чыстыя тут;

Мірна гамоняць бярозы ды сосны.

Слаўце, нашчадкі, родны наш кут!

 

Прыпеў.

Невядома, ці быў адасланы гэты тэкст да Ніла Гілевіча. Ва ўсялякім разе ў пратаколах пасяджэння камісіі да 20 красавіка 1995 года пра «народны гімн» нічога не гаворыцца.

20864349_262225350958531_1866786511_n.jpg

 

Таго, хто не цікавіцца палітыкай…

Перад тым, як адказаць на пытанне, што здарылася 20 красавіка 1995 года, трэба папярэдне адзначыць: Вярхоўны Савет 12 склікання не толькі не зацвердзіў новы Дзяржаўны гімн, але нават не ўносіў гэта пытанне ў парадак дня. Чаму? Першыя прэзідэнцкія выбары і прыход Аляксандра Лукашэнкі да ўлады, супрацьстаянне новага кіраўніка дзяржавы з парламентам, даклад Сяргея Антончыка і іншыя падзеі напалілі атмасферу: стала не да гімна. А тут яшчэ Лукашэнка ініцыяваў рэферэндум, два пытанні якога тычыліся змены сімволікі і надання рускай мове статусу дзяржаўнай.

13 красавіка 1995 года — пасля гвалтоўнай «эвакуацыі» з залі парламента (у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года) галадаючых супраць правядзення плебісцыту прадстаўнікоў Беларускага народнага фронту і Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады — Вярхоўны Савет пад ціскам Лукашэнкі зацвердзіў усе чатыры пытанні.

У сувязі з гэтым камісія Гілевіча сабралася на пасяджэнне 20 красавіка 1995 года (колькасць прысутных у пратаколе не пазначана). Асудзіўшы рэферэндум, чальцы камісіі вырашылі пытанне з гімнам. Старшыня камісіі заўважыў, што музыка Анатоля Багатырова на верш Янкі Купалы добрая, аднак тэкст настолькі складаны, што яго ніхто не можа запомніць. У якасці новага варыянта гімна Ніл Гілевіч прапанаваў узяць «Магутны Божа» Наталлі Арсенневай. Чалец камісіі Леанід Баршчэўскі заявіў, што няма ніякіх іншых варыянтаў.

У выніку было прынята наступнае рашэнне: 1) Лічыць, што для Дзяржаўнага гімна найбольш падыходзіць песня Мікалая Равенскага на словы Наталлі Арсенневай «Магутны Божа»; 2) Прасіць Кабінет Міністраў забяспечыць штодзённую трохмесячную трансляцыю песні для азнаямлення па радыё і тэлебачанні ў зручны для слухачоў і гледачоў час; 3) Унесці пытанне аб новым Дзяржаўным гімне на наступную сесію Вярхоўнага Савета.

Ці магчыма было здзейсніць такое рашэнне пры Лукашэнку? Канешне, не. У варыянтаў гімнаў патрыятычна-гістарычнай накіраванасці з памінаннем, напрыклад, Грунвальда альбо бел-чырвона-белага сцяга не было ніякіх шанцаў.

Не ўсе падзялялі аптымізм з нагоды новага гімна. Адзін з чытачоў параіў аўтарам гімнаў звярнуцца да… псіхіятра 

Не ўсе падзялялі аптымізм з нагоды новага гімна. Адзін з чытачоў параіў аўтарам гімнаў звярнуцца да… псіхіятра 

Больш таго, 13 мая 1995 года, за дзень да рэферэндуму, у газеце «Советская Белоруссия» пад рубрыкай «Кощунство» быў апублікаваны артыкул Аляксандра Брожскага і Уладзіміра Падгаенскага «Там ли мы ищем автора гимна?». Аўтары сцвярджалі, што гэта павінен быць чалавек, «безупречный во всех отношениях», чаго нельга сказаць пра Арсенневу. Публікуючы архіўныя дакументы (без спасылка на крыніцы), Брожскі і Падгаенскі з паэткі літаральна зляпілі монстра, якая нібыта давала паказанні супраць партызана Канстанціна Немчыка, забіўшага ў лістападзе 1943 года рэдактара калабаранцкай «Беларускай газеты». «Можем ли мы, — пыталіся аўтары, — с благоговением и замиранием сердца внимать гимну, который написан рукой женщины, ласкавшей убийцу-эсэсовца и писавшей статьи в газету, которая вдохновляла людоедов».

З такім жа поспехам можна было б прывесці словы камуністычнага правадыра Уладзіміра Леніна аб неабходнасці тэрору і абвясціць яго забойцам і злачынцам.

Як бы ні было, публікацыя стала своеасаблівай вяхой у гісторыі падрыхтоўкі гімна, ідэалагічны складнік якога развярнуўся на 180 градусаў. Цяпер слова было за новай уладай.