Стагоддзе БССР. Зняць ружовыя акуляры

Савецкая Беларусь — гэта адзін з этапаў гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Аднак не варта яе «гларыфікаваць», як робяць сённяшнія дзяржаўныя ідэолагі і казаць, што гэта была «краіна, мёдам і малаком бягучая».

halounaja_2_logo.jpg

Дзяржаўныя ідэолагі, афіцыйныя медыя і гісторыкі з пачатку 2019 года актыўна «святкуюць» стагоддзе стварэння Савецкай Беларусі. Усё б нічога, калі б год таму на такім жа ўзроўні беларуская дзяржава сустрэла і 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак у сакавіку 2018 года была агучана каманда «не выпінаць». Таму з’яўляюцца пытанні: ці сапраўды ўсё так кепска ў працэсе фармавання БНР, і ці гісторыя БССР такая адназначная і пазітыўная?

Дэпеша ў Берлін

З савецкіх часоў галоўнай памылкай кіраўнікоў БНР называецца адпраўка тэлеграмы з Мінску ў сталіцу кайзераўскай Германіі. Праз месяц, пасля прыняцця 3-й Устаўной граматы, 25 красавіка 1918 года сябры Рады БНР падрыхтавалі тэкст тэлеграмы імператару германскага рэйху Вільгельму ІІ, у якой, у прыватнасці, адзначалася: «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі дэкларавала незалежнасць цэласнай, непадзельнай Беларусі і просіць Вашу імператарскую вялікасць замацаваць яе намаганні па дасягненні дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Тэлеграму падпісалі старшыня Рады Іван Серада, старшыня Народнага сакратарыята Язэп Варонка, сябры Рады Раман Скірмунт, Павал Аляксюк, Пятро Крычэўскі, Язэп Лёсік, Антон Аўсянік.

Пазней савецкая гістарычная навука ўчапілася за гэты факт і абвінаваціла бацькоў-заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасці ў тым, што яны, маўляў, пайшлі на «ўгоду з д’яблам». Гэты сюжэт стаў адным з галоўных у спісе абвінавачанняў з боку камуністычнай і сучаснай дзяржаўнай ідэалогіі ў дачыненні да БНР.

Аднак дзяржаўныя ідэолагі, звычайна, імкнуцца абысці ўвагай тое, што першымі на «змову з Кайзерам» пайшлі не Скірмунт і кампанія, а менавіта бальшавікі, якія яшчэ ў лістападзе 1917 года пачалі ў Берасці перамовы з немцамі, мэтай якіх быў, хутчэй, не мір, а стварэнне ўмоў для пашырэння бальшавіцкіх ідэй у Еўропе. План прасоўвання рэвалюцыі не перашкодзіў бальшавікам — Троцкаму, Каменеву, Карахану, Ёфэ і іншым — шыкаваць на «дыпламатычным прыёме», які ў іх гонар зладзілі немцы, і піць віно з кайзераўскімі афіцэрамі. Гасцей з Петраграда мала цікавіў лёс Беларусі і Украіны. Яны адстойвалі права распаўсюджваць сваю агітацыйную літаратуру за мяжой, у тым ліку ў Францыі і Англіі, што немцам імпанавала.

Белы палац у Берасцейскай крэпасці. Тут праходзілі перамовы паміж немцамі і бальшавікамі

Белы палац у Берасцейскай крэпасці. Тут праходзілі перамовы паміж немцамі і бальшавікамі

Як вядома, Берасцейскія перамовы скончыліся падпісаннем 3 сакавіка 1918 года мірнай дамовы, паводле якой значная частка Беларусі заставалася за кайзераўскай Германіяй. Гэтая стратэгія бальшавікоў, па сутнасці, паўтарылася праз дваццаць гадоў, калі ў жніўні 1939 года ў Маскве быў заключаны Пакт Молатава–Рыбентропа, паводле якога Еўропа павінна была быць падзелена паміж Гітлерам і Сталіным. У савецкі час і сёння дыпламатычныя манеўры «чырвоных» у 1918 і 1939 гадах афіцыйныя крамлёўскія (і не толькі) ідэолагі апраўдваюць неабходнасцю «ратаваць» бальшавіцкую Расію і Савецкі Саюз у «цяжкіх геапалітычных умовах».

Немцы сустракаюць бальшавіцкую дэлегацыю

Немцы сустракаюць бальшавіцкую дэлегацыю


Тады няцяжка зразумець тое, што ўвесну 1918 года дзеячы БНР таксама шукалі замежнай падтрымкі, і тэлеграма ў Берлін — гэта не «ўгода з д’яблам», а спроба ўратаваць беларускую незалежнасць. Аб’ектыўным з’яўляецца і тое, што пасля абвяшчэння незалежнасці БНР бальшавікі ўжо не маглі ігнараваць беларускі фактар і вымушаныя былі пайсці на стварэнне савецкай Беларусі.


Ліквідаваць канкурэнтаў

Яшчэ адзін гістарычны міф: у 1925 годзе дзеячы БНР зразумелі бессэнсоўнасць сваёй дзейнасці і перадалі свае паўнамоцтвы Мінску. Аналіз гістарычных фактаў дазваляе сцвярджаць, што бальшавікі правялі спецаперацыю па перацягванні прадстаўнікоў беларускай палітычнай эміграцыі на савецкі бок (у наўпроставым сэнсе) з мэтай будучай ліквідацыі палітычных ворагаў. Нягледзячы на тое, што большасць «буржуазных» суседзяў ставіліся абыякава да лёсу БНР, беларуская палітычная эміграцыя яшчэ верыла ў магчымасць стварэння несавецкай беларускай дзяржавы.

На змяненне гэтай канцэпцыі не паўплывала нават «амністыя» 1923 года, калі бальшавікі дазволілі вяртацца ў БССР тым, хто не змагаўся супраць іх са зброяй у руках. Беларускія палітыкі за мяжой працягвалі актыўна кантактаваць з урадамі краін Балтыі, Польшчы, удзельнічалі ў сустрэчах з прадстаўнікамі Лігі Нацый.

Усё гэта непакоіла бальшавіцкую ўладу. Урэшце было вырашана згуляць на супярэчнасцях, якія існавалі паміж лідарамі БНР. Яшчэ ў студзені 1925 года на нарадзе Бюро ЦК Кампартыі Беларусі было прынятае рашэнне аб «ліквідацыі беларускага народнага ўраду». Адказваў за рэалізацыю гэтага плану малады бальшавік Аляксандр Ульянаў (тады яму было ўсяго 24 гады. — І.М.). У красавіку таго ж года кіраўніцтва БССР прыняло рашэнне накіраваць чалавека з прозвішчам, як у правадыра сусветнай рэвалюцыі, на адказную працу ў Польшчу.

У пастанове пра гэта, у прыватнасці, адзначалася: «Паскорыць адпраўку па справах Беларусі, наладзіўшы ад яго атрыманне падрабязнай інфармацыі пра настроі і перспектывы сярод палітычных груповак у Заходняй Беларусі, выявіўшы і праверыўшы па гэтых дадзеных ступень спачування асобных груп і асоб да нашай палітыкі. Дамагчыся прысваення т. Ульянаву правоў не аташэ, а правоў дарадцы. З прычыны неабходнасці зрабіць пралом у сцяне, якой Польшча імкнецца абмежаваць Заходнюю Беларусь ад БССР, лічыць неабходным аказваць садзейнічанне жывому абмену думак паміж навуковымі і грамадскімі арганізацыямі БССР і Заходняй Беларусі, дапускаючы як прыезд з Польшчы прадстаўнікоў у БССР, так і паездкі ад нас у Польшчу.

Пры гэтым пытанні, звязаныя з дадзенымі перспектывамі, і рэалізацыю іх строга каардынаваць ва ўсіх дэталях з народным камісарыятам замежных спраў. [...] Даручыць т. Ульянаву выявіць значэнне і сілу ўплыву праваслаўнага духавенства ў Заходняй Беларусі і магчымасць выкарыстання гэтага ўплыву на нашу карысць».

Аляксандр Ульянаў

Аляксандр Ульянаў


Аляксандр Ульянаў падчас знаходжання на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай актыўна ўключыўся ў «вывучэнне» беларускай палітэміграцыі. Малады бальшавіцкі чыноўнік, які знаходзіўся ў кантакце з ДПУ БССР, пачаў «рыхтаваць» чальцоў ураду БНР у эміграцыі да гучнай акцыі, звязанай з прызнаннем бальшавіцкага Мінску як галоўнага цэнтра кансалідацыі беларусаў.

«З мэтай вяртання дадому ў БССР я пачаў перамовы з савецкім прадстаўніком ужо ў 1924 годзе, калі паўпрадам быў т. Лоранц. Больш рэальна гэтыя перамовы пачаліся пасля прыезду ў Коўна летам 1925 года т. Ульянава і прызначэння новага паўпрада, здаецца, Кажэўнікава. Тады ж было вырашана склікаць Берлінскую канферэнцыю для ліквідацыі БНР. На неабходнасці фармальнай, поўнай ліквідацыі ўраду БНР настойваў я, а таксама, наколькі памятаю, — таварыш Ульянаў», — адз­начаў у паказаннях, да­дзеных у ліпені 1930 года на допыце ў ДПУ, былы прэм’ер-міністр БНР Аляксандр Цвікевіч.

У жніўні 1925 года ЦК КП(б)Б прыняў пастанову, у якой адзначалася:

«1. Прызнаць мэтазгодным скліканне групай Цвікевіча ў Берліне беларускай канферэнцыі пры сямі абавязковых умовах:

а. Папярэдняе прызнанне Мінска як адзінага культурнага і палітычнага цэнтра, на які павінен арыентавацца беларускі рух Польшчы, Літвы і Латвіі. Унесці ў дэкларацыю гэтае прызнанне. Барацьба супраць спробаў замежных дзяржаў узяць беларускі рух у свае рукі;

б. Адмова ад арыентацыі на Лігу Нацый;

в. Папярэдняя, да канферэнцыі, перадача паўнамоцтваў БНР Ураду БССР у форме дэкларацыі, у крайнім выпадку з умовай апублікаваць яе тады, калі гэта не перашкодзіць скліканню канферэнцыі (улічваючы небяспеку высылак і г.д.);

г. Падтрымка сусветнага з’езда беларусістаў у Мінску, недапушчэнне якога б тое не было супрацьпастаўлення яму Берлінскай канферэнцыі;

д. Прызнанне мэтазгодным стварэнне новага цэнтра беларускага руху за мяжой, у крайнім выпадку згода на стварэнне цэнтра на тэрыторыі БССР з савецкай арыентацыяй;

е. Згода гэтай групы дзейнічаць у поўным кантакце з Працоўна-сялянскай грамадой пры польскім Сейме;

ж. Адмова ад канферэнцыі групы Цвікевіча, калі большасць канферэнцыі не прыме ўмовы, пералічаныя ў пунктах «а-д».

2. Пры прыняцці ўмоў фінансаваць групу Цвікевіча».

У выніку Берлінская канферэнцыя адбылася 12–16 кастрычніка 1925 года. Аднак яшчэ 10 кастрычніка 1925 года кіраўнік Рады БНР Пятро Крычэўскі прыняў адстаўку прадстаўнікоў беларускага эмігранцкага ўраду Захаркі, Пракулевіча і Зайца, таму ў Берліне гэтыя палітыкі прадстаўлялі саміх сябе, а не БНР. «Берлінская канферэнцыя была склікана восенню 1925 года. На ёй былі я, Заяц (былы дзяржаўны кантралёр БНР. — І.М.), Галавінскі (былы прадстаўнік Ураду БНР у Кіеве. — І.М.), Пракулевіч (адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну, дзяржаўны сакратар ва Урадзе БНР), Захарка (намеснік старшыні Рады БНР Пятра Крычэўскага), Мамонька (сябар урада БНР, адзін са стваральнікаў партыі беларускіх эсэраў), Езавітаў (былы народны сакратар вайсковых спраў у першым Урадзе БНР), дэлегат з Рыгі, Вяршынін (з 1918-га консул БНР у Чэхаславакіі) і прадстаўнік студэнцтва ў Празе, Бароўскі (амбасадар БНР у Германіі) з Берліна. У Берлін у сувязі з гэтым выязджалі таварышы Славінскі (прадстаўнік КПЗБ пры ЦК КП(б)Б і Ігнатоўскі (наркам асветы БССР). Але яны прыехалі раней і з’ехалі назад. З Вільні не было нікога. Ад беларускіх паслоў у Варшаўскім Сейме таксама ніхто не прыехаў», — адзначаў у пратаколе допыту, складзеным у ліпені 1930 года ў ДПУ, Аляксандр Цвікевіч.

Інфармацыя пра Берлінскую канферэнцыю Рады БНР у СБ, 1925 год

Інфармацыя пра Берлінскую канферэнцыю Рады БНР у СБ, 1925 год


На канферэнцыі, якую арганізавалі бальшавікі, была прынята рэзалюцыя ў падтрымку савецкай Беларусі як адзінага цэнтра «беларускай справы». Газета «Савецкая Беларусь» рапартавала аб «ліквідацыі ўраду БНР» і чарговай перамозе бальшавіцкай палітыкі. Аднак гэта быў толькі першы крок да знішчэння бацькоў беларускай дзяржаўнасці ХХ стагоддзя. Другі (і апошні) не прымусіў сябе чакаць.

Газета СБ пра канферэнцыю БНР у Берліне

Газета СБ пра канферэнцыю БНР у Берліне


Нечаканы 1937?

Афіцыйная беларуская ідэалогія сцвярджае, што, маўляў, ніхто не мог прадбачыць сталінскія рэпрэсіі. Аналіз развіцця бальшавіцкай сістэмы дазваляе сцвярджаць, што ад моманту захопу ўлады ў кастрычніку 1917 года яна была пабудавана на фізічным знішчэнні не толькі апанентаў, але і ўсіх іншадумцаў. Бальшавікам была патрэбна шэрая маса, вінцікі ў вялікім рэвалюцыйным рухавіку. Тыя, хто быў не згодны з гэтымі ўмовамі, проста ліквідаваліся. Так было падчас польска-бальшавіцкай вайны 1919–1920 гадоў, калі бальшавікі на тэрыторыі Беларусі расстралялі сотні святароў, заможных сялян, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Крывавае бальшавіцкае жніво было ў Беларусі і ў пачатку 1930-х гадоў, калі сталінскія каты пачалі раскручваць справу «Хаўрусу вызвалення Беларусі». Наступным крокам у жудасным летапісе савецкіх злачынстваў у Беларусі быў 1937 год.

«Сёння ў Беларусі не выносяць тых грамадзян, якія добра валодаюць беларускай мовай у пісьме і гутарцы. Такіх прымаюць за рэшткі «нацдэмаўскага атрэб’я». Напрыклад, акадэмік беларускай Акадэміі навук спецыяльна стараецца гаварыць на беларускай мове з памылкамі, каб партячэйка не падазравала яго ў нацыянал-дэмакратызме. Бяспечней выкарыстоўваць ва ўстановах і штодзённым жыцці рускую мову, чым беларускую. Доўга Масква змагалася з ненавіснай «нацдэмаўшчынай». Бальшавікі бачылі яе ў ва ўсім», — так характарызавала рэпрэсіі ў БССР польская газета «Віленскі кур’ер» у 1937 годзе.

За адну ноч, з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, апрычнікі Сталіна знішчылі больш за 100 выдатных дзеячаў культуры і навукі Беларусі, сярод якіх былі Платон Галавач, Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны і іншыя. Тады ж НКУСаўцы канчаткова «разабраліся» і з бацькамі БНР, якія «наіўна» прыехалі ў 1920-я гады ў «калыску беларускай дзяржаўнасці» — БССР.

Вацлаў Ластоўскі. Здымак са следчай справы

Вацлаў Ластоўскі. Здымак са следчай справы

У Саратаве 20 жніўня 1937 года быў арыштаваны загадчык аддзела рэдкіх рукапісаў дзяржбібліятэкі Вацлаў Ластоўскі. У немалой ступені на гэта паўплывалі паказанні згаданага вышэй Аляксандра Ульянава, якога «блакітныя фуражкі» арыштавалі ў маі 1937 года.

На допыце, які адбываўся ў чэрвені таго ж года, былы бальшавіцкі чыноўнік адзначаў: «Падчас наступных сустрэч ён (супрацоўнік польскай выведкі Ваявудскі) расказаў мне пра тых, хто былі завербаваныя ім непасрэдна ў Беларусі. Ён, у прыватнасці, распавёў мне, што ў 1920 годзе ім былі завербаваныя для антысавецкай працы, акрамя Ігнатоўскага, таксама яшчэ Чарот, Смоліч, Лёсік, Ластоўскі».

Хутка пратакол допыту Ульянава трапіў у Саратаўскі НКУС, а там ужо было справай тэхнікі выкрыць «махрыстага» ворага Ластоўскага. Падчас следства навукоўца дапытвалі толькі адзін раз, у кастрычніку 1937 года. На пытанне «Ці прызнае абвінавачаны сваю віну ў супрацы з польскай выведкай?» Ластоўскі адказаў: «Я прызнаю сябе вінаватым у тым, што на працягу шэрагу гадоў пад кіраўніцтвам польскіх выведвальных органаў праводзіў актыўную працу, накіраваную супраць савецкай дзяржавы, і, у прыватнасці, супраць Савецкай Беларусі. Але мая шпіёнская праца насіла некалькі своеасаблівы характар, у адрозненне ад звычайнага ра­зумення слова «шпіён».

Адказваючы на пытанні следчага, былы прэм’ер БНР прызнаваў сваю «контррэвалюцыйную дзейнасць», называў прозвішчы сваіх паплечнікаў. Чытаючы пратакол допыту, становіцца зразумелым, што паказанні даваў загнаны ў кут, стомлены ад жыцця чалавек, які, безумоўна, разумеў, які лёс яго чакаў.

Пры гэтым варта разумець, што супрацоўнікі НКУС маглі маніпуляваць атрыманымі падчас допыту дадзенымі. Падчас судовага пасяджэння Вайсковай калегіі Вярхоўнага суда СССР Вацлаў Ластоўскі цалкам прызнаў сваю віну, быў абвінавачаны ў супрацы з Другім аддзелам Генштабу Войска Польскага (выведкай) і 23 студзеня 1938 года прысуджаны да вышэйшай меры сацыяльнай абароны — расстрэлу. Прысуд быў выкананы ў той жа дзень.

Падобны лёс чакаў і іншага прэм’ера БНР — Аляксандра Цвікевіча. НКУС арыштаваў яго 17 снежня 1937 года, а ўжо 30 снежня яго расстралялі. Падчас працэсу «Хаўрусу вызвалення Беларусі» 1930 года, характарызуючы Берлінскую канферэнцыю, ва ўласнаручна напісаных паказаннях Цвікевіч адзначыў: «Я асабіста і пасля гэтай канферэнцыі застаўся беларускім нацыяналістам. З той толькі розніцай, што свой нацыянальны настрой імкнуўся рэалізаваць і задаволіць не ў старых формах «народнай» Беларусі, а ў новых формах Беларусі савецкай».

Старонка з рукапісных паказанняў А. Цвікевіча

Старонка з рукапісных паказанняў А. Цвікевіча


Лёс іншых сябраў Рады БНР, якія так ці інакш апынуліся ў 1920–1930-я гады ў БССР, быў таксама трагічным. Сябар Рады БНР Сымон Рак-Міхайлоўскі пераехаўу Мінск у кастрычніку 1930-га і працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага сацыяльна-гістарычнага музея. У жніўні 1933 года супрацоўнікі ДПУ арыштавалі яго ў 2-м доме Саветаў, які па сёння знаходзіцца на мінскай вуліцы Карла Маркса. Рак-Міхайлоўскага абвінавацілі ва ўдзеле ў так званым «Беларускім нацыянальным цэнтры» і прысудзілі да расстрэлу, але потым замянілі прысуд 10-гадовай катаргай у Салавецкіх лагерах. У верасні 1937 года палітыка вярнулі ў Мінск. Новае следства працягвалася год. У лістападзе 1938 года «тройка» абвінаваціла беларуса ў супрацы з польскай выведкай і прысудзіла яго да расстрэлу. Прысуд быў выкананы ў сталіцы БССР.

Дзяржаўны кантралёр Ураду БНР і падпісант Берлінскай дэкларацыі 1925 года Леанард Заяц у 1935 годзе памёр ад сухотаў у турме НКУС ва Уфе. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну і дзяржаўны сакратар Ураду БНР Уладзімір Пракулевіч быў арыштаваны ў 1930 годзе, а праз 8 гадоў прысуджаны да расстрэлу. Сакратар апекі ў Народным сакратарыяце БНР Палута Бадунова ў 1925 годзе пераехала ў БССР з Чэхаславакіі. У лістападзе 1937 года яе прысудзілі да 10 гадоў катаргі, аднак праз год расстралялі ў Мінску.

 Сябар Рады БНР Язэп Лёсік быў арыштаваны ў 1930 годзе і прысуджаны да 5 гадоў ссылкі. У сакавіку 1940 года прысуджаны за антысавецкую агітацыю да 5 гадоў лагераў. Памёр у турме ў Саратаве. Удзельнік абвяшчэння БНР у сакавіку 1918 года географ Аркадзь Смоліч быў арыштаваны ДПУ ў чэрвені 1930 года і прысуджаны да 5 гадоў ссылкі. У чэрвені 1937 года паўторна арыштаваны і праз год расстраляны ў Омску.

У 1922 годзе былы прэм’ер-міністр Беларускай народнай рэспублікі Аляксандр Цвікевіч так ахарактарызаваў БССР: «Сёння, 25 сакавіка 1922 года, перад намі ляжыць яшчэ адна нераскрытая страніца. Загаловак яе: «Савецкая Беларусь». Гісторыю стварэння гэтай храміны мы добра ведаем. Створана яна чужымі, не беларускімі рукамі, і таму на ёй ляжыць спецыфічная пячатка штучнасці, няшчырасці і фарысейства. Прымірыць яе з усім папярэднім беларускім рухам, думаць, што ёй заканчваюцца імкненні нашага рэнесансу — па меншай меры наіўнасць. Створана яна не беларускімі рукамі і менш за ўсё служыць інтэрасам беларускага народу».

Менск, 1930-я гады

Менск, 1930-я гады


Зразумела, што Савецкая Беларусь — гэта адзін з этапаў гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Аднак не варта яе «гларыфікаваць», як робяць сённяшнія дзяржаўныя ідэолагі і казаць, што гэта была «краіна, мёдам і малаком бягучая». Гісторыю Беларусі трэба разглядаць не з савецкіх, а з беларускіх пазіцый. Толькі тады атрымаецца аб’ектыўны аналіз фактаў і адбудзецца перамога гістарычнай праўды над ідэалагічнай хлуснёй.

Фота з архіву аўтара