Рускі прывід: гісторыя аднаго артыкула, які апярэдзіў час

Беларускіх чытачоў, якія набылі суботні нумар ад 15 студзеня 1994 года папулярнай «Народнай газеты» (дарэчы, выдання на той час вышэйшага заканадаўчага і прадстаўнічага органа ўлады — Вярхоўнага Савета), чакала сапраўдная сенсацыя.

zastauka_2.jpg


На другой старонцы нумара на ўсю паласу быў апублікаваны артыкул лідара Беларускага Народнага Фронта і кіраўніка парламенцкай апазіцыі БНФ Зянона Пазняка пад назвай «О русском империализме и его опасности».
Артыкул быў пададзены на рускай мове, аднак мелася невялічкае прадмоўе, у якім давалася адпаведнае тлумачэнне. Па прызнанні самога аўтара, ён свядома ўжыў рускую мову, каб надрукаваць артыкул у галоўнай прасаўмінаўскай газеце «Советская Белоруссия». Па словах Пазняка, там друкаваць яго артыкул катэгарычна адмовіліся, таму ён звярнуўся ў «Народную газету». Сам лідар БНФ пры гэтым заўважыў, што ў «Народнай газеты» «зусім іншы ўзровень», чым у «Советской Белоруссии», дый у іншых выданнях. Са свайго боку рэдакцыя «Народнай газеты» паведаміла, што мусіць даць слова Зянону Пазняку паводле заканадаўства аб статусе народнага дэпутата і аб сродках масавай інфармацыі.

Чаму адмовіліся?

На артыкул Пазняка лева-камуністычная прэса адказала шэрагам карыкатураў. Крыніца: Мы и время, 1994 год.

На артыкул Пазняка лева-камуністычная прэса адказала шэрагам карыкатураў. Крыніца: Мы и время, 1994 год.

Праз два дні ў сваёй калонцы пад назвай «Писание от лукавого, или о том, почему “Советская Белоруссия” отказалась печатать статью лидера Белорусского Народного Фронта Зенона Позняка» выказаўся галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Ігар Асінскі (гэты прызначэнец Вячаслава Кебіча ўзначаліў газету ў лістападзе 1993 года).
Асінскі заявіў, што артыкул Пазняка пададзены ў зневажальнай у адносінах да рускага народа і Расіі форме, а гэта, маўляў «торпедирует» жыццёва неабходны для Беларусі грашовы саюз з Расійскай Федэрацыяй. Асінскі сцвярджаў, што на Захадзе беларусы ніколі не былі і не будуць патрэбныя: «Даже если все 10 миллионов белорусов будут петь по утрам и вечерам аллилуйю Западу, он никогда не станет оказывать нам экономическую помощь в таких же масштабах, как Эстонии, Литве и Латвии».
Як чалавек, зразумела, залежны ад Кебіча, Асінскі не змог не абыйсці пытанне рэйтынгу Савета Міністраў. Асінскі прыводзіў лічбы апошняга апытання грамадскай думкі, які быў праведзены Інстытутам сацыялогіі Акадэміі навук: за адстаўку ўрада нібыта выступаюць 16,6% насельніцтва, між тым Пазняка падтрымліваюць толькі 4,2% (фарміраванне адпаведнай грамадскай думкі на карысць Кебіча тады актыўна курыраваў сацыёлаг Ігар Катляроў).
Асінскі прызнаў, што антырасійскі складнік ідэалогіі БНФ вядомы, але дзівіўся таму, «откуда такая сверхоткровенность, граничащая с той, на которую способен человек после изрядной дозы спиртного». І даваў уласны «вразумительный» адказ: «От полного паралича, охватившего все ветви власти». У якасці аднаго з фактараў, які быццам бы сведчыў пра такі параліч, Асінскі прыводзіў візіт у Беларусь 15 студзеня 1994 года Біла Клінтана. Галоўны рэдактар абураўся, чаму такі прыезд, маўляў, вызначалі амерыканскі пасол і беларуская апазіцыя, чаму прэзідэнт ЗША наведаў не Курган Славы ці Хатынь, а Курапаты, «последнее слово о которых отнюдь не сказано».

У канцы Асінскі заявіў пра тое, што «националистическая оппозиция перешла в решительное наступление», і зрабіў бязлітасную выснову: калі б такі артыкул з’явіўся ў Германіі, то лідара БНФ прыцягнулі б да крымінальнай адказнасці за распальванне нацыянальнай варожасці.


Распяць яго!

На артыкул Пазняка лева-камуністычная прэса адказала шэрагам карыкатураў. Крыніца: Мы и время, 1994 год.

На артыкул Пазняка лева-камуністычная прэса адказала шэрагам карыкатураў. Крыніца: Мы и время, 1994 год.

Кліч Асінскага наконт прыцягнення Пазняка да крымінальнай адказнасці падхапілі ветэраны і камуністы Бабруйска. Праз камуністычную газету «Мы и время» яны звярнуліся ў вышэйшыя органы, у прыватнасці, да Генеральнага пракурора Васіля Шаладонава. Бабруйчане «недоумевали о причине молчания Генерального прокурора республики по части очередной фашистской выходки З.Позняка».

Не засталіся ўбаку і дэпутаты Вярхоўнага Савета. На пасяджэнні сесіі Вярхоўнага Савета 20 студзеня 1994 года Міхаіл Сасноўскі заявіў, што мэта артыкула Пазняка палягае ў тым, каб «взорвать белорусско-российские отношения, осложнить реализацию наметившегося экономического и политического сотрудничества с Россией». Тое, што прапаноўвае Пазняк, казаў Сасноўскі, гэта «путь к конфронтации, к столкновению, к кровавым драмам». Калега Сасноўскага, дэпутат ад арганізацыі ветэранаў вайны і працы Алякандр Траццякоў накіраваў афіцыйны запыт Шаладонаву, каб той распачаў афіцыйнае расследванне.
У адказ дэпутат ад апазіцыі БНФ Лявон Баршчэўскі нагадаў пра інцыдэнт у Мінску (16 студзеня 1994 года) з Булатам Акуджавам. 16 студзеня 1994 года гэты сусветны вядомы бард даў канцэрт у Белдзяржфілармоніі. Аднак левыя камуністы і панславісты (Славянскі Сабор «Белая Русь») усяляк імкнуліся сарваць канцэрт. Навошта, пытаўся Баршчэўскі нам саюз з такой Расіяй, «дзе і Анпілаў паэт»?
У сувязі з гэтым незалежная газета «Свабода» ўсур’ёз меркавала, што артыкул Пазняка можа стаць добрай нагодай для забароны БНФ у цэлым. Бо публікацыя выклікала адпаведны рэзанас у расійскіх урадавых колах. Гэта падцвярджае ў сваіх мемуарах «Искушение властью» былы прэм’ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч: нібыта яго калега Віктар Чарнамырдзін абураўся тым, што Беларусь хоча адабраць у Расіі Смаленск.
Аднак зімою 1994 года кампанія супраць Пазняка пайшла не далей слоў і прапаноў. Каб не ствараць прэцэндэнт, улады не сталі ўзбуджаць справу. Тым больш, што ў Кебіча меўся свой разлік. У лістападзе 1993 года пытанне аб справаздачы галоўнага рэдактара «Народнай газеты» па ініцыятыве ветэранаў-дэпутатаў было ўключана ў парадак дня 13-й сесіі Вярхоўнага Савета. За гэтую ініцыятыву прагаласавалі 188 народных абраннікаў, зачэпкай для яе паслужыла інтэрв’ю Шушкевіча ў верасні 1993 года галоўнаму рэдактару «Народнай газеты». Тады Сярэдзіч прапанаваў старшыні Вярхоўнага Савета «аб’яднацца» з Расіяй і Украінай, каб нанесці ўдар па сілах мінулага.
Дэпутаты-ветэраны Мікалай Лакцюшын і Надзея Ізвалава запатрабавалі ад Сярэдзіча тлумачэнняў: па кім і ў якіх маштабах ён хоча нанесці ўдар.
Для лідара БНФ сітуацыя, калі яго жадалі прыцягнуць да адказнасці, была добра знаёмая. Яшчэ 23 лістапада 1989 года Лепельская раённая арганізацыя ветэранаў вайны і працы накіравала ў Вярхоўны Савет БССР ліст, у якім выказвала здзіўленне і абурэнне «степенью деградации лидера БНФ». Гаворка ішла пра выступ Пазняка на другім з’ездзе Народнага Фронту Латвіі 8 кастрычніка 1989 года. У сваёй антыкамуністычнай прамове Пазняк назваў СССР «нашим общим гробом». Абураныя ветэраны пісалі: «Позняк называет СССР тюрьмой народов. Ах, Зенон, Зенон, не видел ты тюрьмы. Тебе мало стало твоего академического иждивенчества на горбу рабочих и крестьян. Наш корабль штормит, но мы не допустим, чтобы позняковские крысы прогрызли его днище».
Аднак лістом ветэранаў справа не скончылася. Шэраг дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР XI склікання накіравалі ліст на імя прэзідэнта АН БССР Уладзіміра Платонава. У лісце было пастаўлена пытанне-ультыматум: што робіцца кіраўніцтвам АН «по прекращению раскольничьей антиконституционной деятельности сотрудника Института истории З.С. Позняка». 6 снежня 1989 года старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей даў Платонаву даручэнне разгледзець справу. 15 студзеня 1990 года адбылося сумеснае пасяджэнне дырэкцыі і прафсаюзнага камітэта Інстытута гісторыі. Аднак ніякіх санкцый да Пазняка ўжыта не было. У рашэнні пасяджэння гаварылася, што «по ряду позиций дирекция и профсоюзный комитет не разделяет взглядов Позняка, особенно про тюрьму народов». Адначасова ў рашэнні адзначаўся «некорректный тон письма, особенно выражение “академическое иждивенчество на горбу рабочих и крестьян”». У рашэнні канстатавалася, што навукоўцы атрымоўваюць нізкую зарплату ў параўнанні з іншымі катэгорыямі работнікаў па краіне ў цэлым. Таксама супрацоўнікі Акадэміі падкрэслівалі, што «из письма вытекает стремление авторов положить конец плюрализму мнений, а это противоречит духу перестройки». У выніку за тое, каб зацвердзіць рашэнне за подпісам дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР Міхаіла Касцюка, прагаласавалі 8 чалавек, супраць — 2, не ўстрымаўся ніхто.

Не першы раз

На артыкул Пазняка лева-камуністычная прэса адказала шэрагам карыкатураў. Крыніца: Мы и время, 1994 год.

На артыкул Пазняка лева-камуністычная прэса адказала шэрагам карыкатураў. Крыніца: Мы и время, 1994 год.

Гэта быў не першы матэрыял Зянона Пазняка, накіраваны непасрэдна супраць Расіі. Так, у студзені 1993 года «Народная газета» надрукавала яго артыкул «Беларусь, Расія, СНД». Публікацыя з’явілася напярэдадні сустрэчы лідараў краін-членаў СНД у Мінску 22 студзеня для падпісання Статуту Садружнасці. Па выніках сустрэчы Статут не падпісалі Украіна, Малдова і Туркменістан.
Лідар БНФ запэўніваў, што падпісанне Статуту нічога не дасць: «Такі статут — знявага дзяржавам. Безумоўна, Беларусі нельга падпісваць такі статут. Не трэба ўвогуле занімацца самаашуканствам. СНД практычна ўжо не існуе. Яна ціха канае і хутка памрэ зусім. Трэба ўмацоўваць сваю дзяржаву і развіваць двухбаковыя сувязі». Зянон Пазняк пытаўся: калі Расія і нават Украіна парушаць Статут, то хто і якія захады супраць іх здзейсніць? Лідар БНФ прывёў прыклад парушэння пагаднення па СНД, калі 3 жніўня 1992 года ў Ялце Расія і Украіна падпісалі дамову аб прынцыпах фармавання сваіх ваенна-марскіх флатоў на базе Чарнаморскага флоту былога СССР. Згодна з дамовай, Чарнаморскі флот выводзіўся са складу Аб’яднаных Узброеных Сіл СНД і падпарадкоўваўся непасрэдна прэзідэнтам Расіі і Украіны. 6 жніўня 1992 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларусі заявіў, што гэтая дамоўленасць парушае пагадненні паміж дзяржавамі-удзельніцамі СНД: ад 30 снежня 1991 года — аб стратэгічных сілах, ад 14 лютага 1992 года — аб Аб’яднаных Узброеных сілах на пераходны перыяд. Але, сапраўды, што рэальна здолела б зрабіць Беларусь?
У гэтым артыкуле меліся і філасофска-палітычныя развагі Пазняка пра Расію. Ён заклікаў «паглядзець» на Усход, на СНД: «Вялізарнай па тэрыторыі, насельніцтву, эканамічнаму патэнцыялу і ваеннай магутнасці Расіі няма тут супрацьвагі. Якая б фармальна сістэма дзяржаў тут ні ўтварылася разам з Расіяй у межах былой Расійскай і савецкай імперыі — ці то саюз, ці то канфедэрацыя, ці то садружнасць, ці то якая-небудзь асацыяцыя, ці іншая супольнасць, яна заўсёды будзе асуджана на імперскую перспектыву, на залежнасць усіх ад Расіі, на паступовую страту астатнімі сваіх правоў і незалежнасці, на палітычны ўціск і навязванне расійскіх інтарэсаў, «языка», агульнага войска і г. д. Сумесна з Расіяй у межах былога СССР не можа стабільна існаваць ніякая аб’ядноўчая сістэма дзяржаў. Гэта аб’ектыўная, навуковая і гістарычная рэальнасць. Пара б ужо гэта зразумець, пазбавіцца ад ілюзій, чужых пражэктаў і марнавання часу. Лепш пашукаць выхад з пагрозлівага становішча».
Выйсцем з такога становішча, на думку Пазняка, павінна стаць своеасаблівая раўнавага Расіі ў выглядзе Балта-Чарнаморскай Садружнасці (Эстонія, Латвія, Літва, Беларусь, Украіна, Малдова). Гэта будзе, запэўніваў аўтар, стымулам для развіцця самой Расіі, якая «вечна пакутуе ад імперскага сіндрому».
Артыкул Зянона Пазняка справакаваў масу крытычных артыкулаў. Напрыклад, у даволі рэзкай форме яму адказаў дэпутат-генерал Валерый Прывалаў (Беларусь, Россия, БНФ. Народная газета ад 20 студзеня 1993 года), а таксама колішні прыхільнік БНФ Валянцін Акулаў. Апошні ў сваім артыкуле «Куда развернут БНФ?» у газеце «Мы и время» сцвярджаў, што Балта-чарнаморскі саюз — «удавка на шее народа», а ў артыкуле Пазняка, «как в хорошей мусорной свалке — можно найти всё, что хочешь». Праўда, публікаваліся і матэрыялы, у якіх рабілася спроба дыскутаваць з Пазняком на прыстойным, навуковым узроўні (Божанов В. Суверенитет и добрососедство — не антиподы. Народная газета. 27 лютага 1993 года). Таксама ў некаторых лістах чытачоў выказвалася падтрымка ідэй Зянона Пазняка (На поводке у «старшего брата». Народная газета. 27 лютага 1993 года).

Чаму з’явіўся?

З’яўленне артыкула пра расійскую імперскасць было абумоўлена некалькімі фактарамі. Па-першае, імклівым збліжэннем Беларусі і Расіі. Мэта беларускага кіраўніцтва на чале з Кебічам палягала ў заключэнні не менш як грашовага саюза з Масквой. Кебіч наіўна лічыў, што гэта не нясе ніякай небяспекі для незалежнасці ўласнай краіны, а больш таго — дазволіць вырашыць шматлікія праблемы ў беларускай эканоміцы. Вядомы журналіст Анатоль Майсеня ў адной з публікацый справядліва зазначыў, што саюз з Расіяй з’яўляецца своеасаблівай «небитой политической картой» старшыні Савета Міністраў Беларусі. У той жа час Майсеня перасцярагаў ад фетышызацыі грашовага саюза з Расіяй: маўляў, Масква ўсё роўна ніколі не будзе вырашаць за Беларусь яе эканамічныя праблемы. Беларускія інтэграцыйныя памкненні ў прынцыпе віталіся ў расійскіх кіруючых колах. 5 студзеня 1994 года Кебіч і Чарнамырдзін зрабілі сумесную заяву пра тое, што абедзве краіны неўхільна рухаюцца на шляху да адзінай рублёвай зоны. Па-другое, перамогай у снежні 1993 года на выбарах ў Дзяржаўную Думу Расійскай Федэрацыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі на чале з Уладзімірам Жырыноўскім. Як вядома, асаблівае значэнне ў перадвыбарчай праграме Жырыноўскага набыў нацыянал-патрыятычны матыў. Лідар ЛДПР паабяцаў адрадзіць пачуццё нацыянальнай годнасці расіянаў, прымусіць усіх суседзяў зноў трапятаць перад вялікай Расіяй. Галоўнай мэтай сваёй знешняй палітыкі Жырыноўскі абвясціў аднаўленне межаў Расійскай імперыі.
Некаторыя знешнепалітычня лозунгі Жырыноўскага, у тым ліку і тыя, што былі выказаныя ў ягонай кнізе «Последний бросок на юг» гучалі як заклік да вайны і непасрэдна пападалі пад дзеянне 71 артыкула тагачаснага Крымінальнага кодэкса Расіі (прапаганда вайны). Аднак палітычныя праціўнікі Жырыноўскага, быцца бы шакаваныя ягонай нацыяналістычнай рыторыкай і ўспрымальнасцю да яе народных масаў, не зрабілі спробы прад’явіць яму гэтае абвінавачванне.

У чым сэнс?

Вячаслаў Кебіч і Віктар Чарнамырдзін падчас сумеснай заявы аб аб’яднанні грашовай сістэмы Рэспублікі Беларусь з грашовай сістэмай Расійскай Федэрацыі, 5 студзеня 1994 года. Крыніца: Советская Белоруссия, студзень 1994 года.

Вячаслаў Кебіч і Віктар Чарнамырдзін падчас сумеснай заявы аб аб’яднанні грашовай сістэмы Рэспублікі Беларусь з грашовай сістэмай Расійскай Федэрацыі, 5 студзеня 1994 года. Крыніца: Советская Белоруссия, студзень 1994 года.

Артыкул Зянона Пазняка «О русском империализме и его опасности» ўмоўна можна падзяліць на дзве вялікія часткі: агульныя філасофска-палітычныя разважанні пра Расію і фактычны перадвыбарчы маніфест БНФ з пералікам канкрэтных дзеянняў, якія павінны былі быць ажыццяўлены ў выпадку прыходу Фронта да ўлады.
Паколькі тэкст артыкулу маецца ў вольным доступе ў Інтэрнэце ёсць магчымасць не пераказваць яго цалкам, а сканцэнтравацца на асноўных момантах.
Што да імперскай сутнасці Расіі, то наўрад ці лідар БНФ быў тут арыгінальны: падобныя думкі былі выказаныя ў свой час расійскімм заходнікамі, а таксама гісторыкам Ключэўскім. Сэнс гэтай пазіцыі ў тым, што «заходні» і «ўсходні» пачаткі ў расійскай цывілізацыі мелі месца ў перыяд Кіеўскай Русі. Аднак у час мангольскага іга адназначна перамог «усходні» пачатак. Калі Маскава вызвалілася з-пад улады Залатой Арды, яна захавала шматлікія ханскія дзяржаўна-палітычныя традыцыі і злучыла іх з традыцыямі візантыйскімі. У выніку ўзнікла жорсткая цэнтралізаваная ўлада з усімі прыкметамі дэспатыі.
Далей маскоўскія гаспадары, асабліва Іван Жахлівы здолелі знішчыць адну эліту (баярства) і стварыць іншую (дваранства), ператварыць у рабоў мільёны вольных сялянаў, узарпаваць іх уласнасць. З часоў Маскоўскай дзяржавы ў расійскай гісторыі цэнтральнае месца заняла дзяржава, яна кіравала як фарміраваннем ўсіх сацыяльных адносінаў і структураў, так і адносінаў уласнасці, ад якіх залежала эканамічнае развіццё. Ленін і бальшавікі не толькі не скасавалі гэтую цывілізацыйную характарыстыку расійскага грамадства, але і давялі яе да крайнасці.
Што да характарыстыкі Пазняком знешняй палітыкі Расіі, то, на жаль, яна спраўдзілася, калі гаворка ідзе пра Крым і крывава-драматычныя падзеі ва Украіне. Дастаткова ўспомніць рэзананснае звальненне з маскоўскага МГИМО прафесара Зубава, які параўнаў далучэнне Крыма да Расіі з аншлюсам Аўстрыі гітлераўскай Германіяй у 1938 годзе.
Калі разважаць пра тэрытарыяльныя памкненні лідара БНФ, то ў артыкуле не прагледжваюцца непасрэдныя заклікі да нейкай вайны. Хутчэў за ўсё размова ішла пра вырашэнне гэтых праблемаў з дапамогай міжнароднага права. Але і на той час гэта гучала даволі наіўна. Больш таго: выказванне такіх тэзісаў стала буйнай паліттэхналагічнай памылкай лідара БНФ і саслужыла яму дрэнную службу на першых прэзідэнцкіх выбарах.
У знешнепалітычнай дактрыне, выказанай Пазняком у артыкуле, прасочваецца відавочная супярэчнасць. Адным з членаў Балта-Чарнаморскага саюза аўтар бачыць Літву, аднак адначасова абяцае паставіць пытанне пра вяртанне Вільні.
Тым не менш, астатнія тэзісы артыкула Пазняка (сацыяльная рэформа, пенсіі, ліквідацыя сістэмы Саветаў і інш.) сёння актуальны як ніколі. Асабліва пераканаўчым выглядае тезіс пра замежную працоўную сілу, калі беларускі грамадзянін павінен мець першае права на працоўнае месца. Гэта асабліва відавочна, калі ў Беларусі назіраецца яўная «кітаізацыя» працоўнай сілы (вельмі рэзанансным стаў «бунт» кітайскіх будаўнікоў у Добрушы ў сувязі з затрымкай зарплаты, якая дасягала 8 тыс. долараў у месяц).
Меў рацыю Гегель, калі казаў, што гісторыя паўтараецца двойчы. Дваццаць пяць гадоў таму назад, 15 студзеня 1994 года выйшаў артыкул Пазняка «О русском империализме и его опасности». 11 студзеня 2019 года Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагародаў заявіў, што ў бліжэйшыя часы нас будуць спрабаваць на зуб. Няцяжка здагадацца, хто.