«Тут не танчаць бугі-вугі». Як «Вожык» са стылягамі змагаўся
Працягваем ваяж па старонках флагмана беларускай савецкай сатыры. Гэтым разам узгадваем, як «Вожык» змагаўся супраць стылягаў — моладзевай субкультуры ў СССР 1940-1950-х гадоў.

Часопіс «Вожык» акрамя ўсяго з’яўляецца індыкатарам сацыяльных працэсаў у савецкай Беларусі. Гарадская тэматыка пачала дамінаваць у выданні толькі на пачатку 70-х, калі пачалася другая хваля індустрыялізацыі і наш край стаў пераважна ўрбаністычным.
Адпаведна, раней больш увагі надавалася праблемам вёскі. У тым ліку «Вожык» бязлітасна змагаўся з тымі маладымі сялянамі, якія філонілі пасяўныя і ўборачныя, п'янствавалі, кралі з калгасных складаў, ставілі асабістае вышэй за грамадскія і партыйныя задачы.
Што тычыцца гарадской моладзі, то прыблізна да сярэдзіны 50-х «Вожык» цікавіўся ёй рэдка. Хіба што час ад часу ад яго аўтараў даставалася хуліганам.

Пастаральныя матывы панавалі ў «Вожыку» пакуль у Маскве не абвясцілі «крыжовы» паход супраць касмапалітаў – аматараў Захаду, пад каток якога таксама трапілі і маладыя людзі, якія цікаваліся джазам і іншымі імпартнымі культурнымі фішкамі. У 1949-м на старонках маскоўскага «Крокодила» выйшаў артыкул «Типы уходящего века», што стаў маніфестам вайны з стылягамі, кульмінацыя якой прыйдзецца на 50-я. Паступова давялося падключацца да той кампаніі і Мінску. У кастрычніцкім нумары «Вожыка» за 1955 год сталася гістарычная падзея. Упершыню ў якасці антысацыяльнага элемента быў выяўлены тыпаж, падобны на стылягу.
Апроч іншага гэта азначала, што Мінск выйшаў з алгарытма жыцця гораду, які залізвае раны вайны. Беларуская сталіца пачынала жыць у нармальным рытме вялікага гораду з адпаведнай паліфаніяй спажывецкіх забабонаў яго жыхароў.

«Был на конкурсе я джазов,обалдел от джазов сразу.Буги-вуги, самба-мамба,чувствую, приходит амба».
Прыкладна так гучалі на савецкім радыё куплеты супраць стылягаў. А ў «Вожыка» былі свае метады барацьбы з «плесенью» (так у афіцыёзе часта называлі стылягаў). Ён крыў некаструктыўную моладзь вершамі і карыкатурамі.

Кульмінацыя барацьбы з стылягамі ў «Вожыку» прыйшлася на 1958 год. Адначасова яго аўтары спрабавалі агітаваць за нейкі альтэрнатыўны пазітыўны стыль. Паводле яго, малады беларус добра працуе і ў вольны ад працоўных рэкордаў час замест розных бугі-вугі скачыць у рытме народных танцаў. Аднак хутка ад такіх пошукаў адмовіліся. Стала зразумела, што патрэбная свая эстрада.

Гартаючы старонкі «Вожыка» можна заўважыць цікавы феномен. Мяркуючы па карыкатурах, усе, хто не хацеў весці савецкі лад жыцця ў 50-я гады, паступова так ці інакш запазычвалі фішкі стылягаў. На малюнку 1959 года тыповы дармаед носіць т.з «боты на маннай кашы» — тыповы атрыбут гардэробу стыляг.

Культуролагі сцвярджаюць, што стылягі ў СССР пачалі паступова знікаць пасля Маскоўскага сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у 1957-м. Па яго слядах быў легалізаваны джаз і лібералізаваны дызайн маладзёвай вопраткі. Акрамя таго, дзякуючы Гагарыну і дэсталінізацыі Захад ахапіла хваля сімпатый на адрас СССР, уласцівая таксама маладзёвым субкультурам (напрыклад, амерыканскім бітнікам).
Да пачатку рок-рэвалюцыі і эры хіпі (прыкладна 1964-1967) тэма варожай Саветам юнацкай контркультуры ў «Вожыку» амаль знікае. Хаця асцярожнае стаўленне да тых, хто не адпавядае стандартам звычайнага савецкага працоўнага, як бачым па карыкатуры 1961 году, усё ж прысутнічала.
