У пошуках «антысавецкага падполля»: КДБ і яго прыдумкі

Гісторыкі і журналісты ў 1990-я сталі з захапленнем апісваць разнастайныя «антысавецкія» арганізацыі, якія існавалі цягам сямі папярэдніх дзесяцігоддзяў. Яно і не дзіва: з аднаго боку, з паслабленнем цэнзуры стала магчыма пісаць пра многае з таго, пра што раней можна было толькі перашэптвацца.

1490601760_1026438816.jpg

Валянцін Цюрын, пра якога пойдзе размова, таксама прадстаўлены такім чынам, нібыта ён вырашыў ствараць падпольную арганізацыю і актыўна спрабаваў вербаваць яе чальцоў. Тым не меней, варта зазірнуць у дакументы, каб паспрабаваць разабрацца ў хітраспляценнях справы. Паколькі я меў магчымасць азнаёміцца з нагляднай справай Цюрына, якая захоўваецца ў фондзе Пракуратуры СССР у Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі, то хачу падзяліцца з чытачамі «Новага Часу» дэталямі справы і некаторымі назіраннямі.

Правадыр «рабоча-сялянскай партыі»

Валянцін Нікіфаравіч Цюрын нарадзіўся ў 1927 годзе ў сяле Знаменка, цэнтры Знаменскага раёна Тамбоўскай вобласці. Паходзіў з сялян-сераднякоў, да 1957 года не быў судзімы, беспартыйны, рускі, жанаты, гадаваў дзіцё, жыў у Мінску па 4-м Загарадным завулку, 56а, кватэра 9. Біяграфія Цюрына пачыналася звычайна для сельскіх жыхароў яго пакалення — школа, праца ў калгасе, тэрміновая служба ў войску. Апошняя была не толькі цяжкай павіннасцю, але і сацыяльным ліфтам, магчымасцю назаўжды развітацца з калгасам. Не дзіва, што ў арміі Цюрын затрымаўся. Але ў 1953 годзе быў «за антысавецкія настроі і кепскую дысцыпліну выключаны з чальцоў УЛКСМ і звольнены з Савецкай Арміі ў запас» у званні гвардыі старшага тэхніка-лейтэнанта.

Як данеслі ўладальнікі доўгіх вушэй і не карацейшых языкоў, з 1948 года «будучи враждебно настроенным по отношению к советскому строю и КПСС, подсудимый Тюрин среди военнослужащих и гражданского населения высказывал антисоветские настроения, извращал в этих высказываниях политику партии и правительства в колхозном строительстве, всячески охаивал советскую литературу и клеветал на КПСС, а также подслушивал и распространял антисоветские радиопередачи «Голос Америки». […] Антисоветская деятельность подсудимого Тюрина этого периода подтверждается показаниями [на судзе. — У.В.] свидетелей Чернякова, Верник, Рудакова и др., которые утверждают, что они пытались разъяснить Тюрину его заблуждения и недопустимость распространяемой им антисоветской пропаганды, но он не слушал и продолжал высказывать антисоветские свои настроения» (цытата з судовага прысуду).

Шчыра кажучы, мала верыцца, каб Цюрын мог адкрыта крытыкаваць уладу ў часы позняга сталінізму і пры гэтым застацца на свабодзе. Хутчэй за ўсё, ён дазволіў сабе крытычныя выказванні ў размовах са знаёмымі, якія (на той момант) на яго не данеслі. Можна дапусціць, што яго язык развязаўся пасля смерці Сталіна, і тут дзяржбяспека вырашыла пазбавіцца такога ненадзейнага вайскоўца.

З 1953 па 1957 год Цюрын жыў у Мінску, працаваў і вучыўся завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Апошняе месца яго працы перад арыштам — майстар вытворчага навучання тэхнічнага вучылішча №2 г. Мінска. Трэба думаць, што пасля выключэння з камсамолу і звальнення з войска дзяржбяспека Цюрына не забыла і рэгулярна падсылала да яго сваіх інфарматараў.

Тыя даносілі, што «Тюрин систематически навязывая своим знакомым разговоры на политические темы, опошлял в этих разговорах условия жизни трудящихся в СССР, осуждал политику партии и советского правительства, возводил клевету на колхозное строительство» (цытата з заключэння Пракуратуры БССР ад 13 студзеня 1959 года). У судовым прысудзе дадаткова паведамляецца, што Цюрын «всячески охаивал жизнь советских людей, восхвалял жизнь людей в капиталистическом лагере […] и в извращённом виде рассказывал о событиях в Венгрии».

«Антысавецкія» размовы Валянціна прыгадваюць у тым ліку па месцы працы (сярод навучэнцаў тэхнічнага вучылішча) і па месцы вучобы (сярод завочнікаў біялагічнага факультэта БДУ). На судзе пра такія размовы казалі сведкі Гуткіна, Вайсман, Новікаў, Грамыка, Вайцяховіч, Залескі ды іншыя.

Паводле версіі Пракуратуры БССР, увосень 1956 года і ў пачатку 1957 года Цюрын актывізаваў сваю «варожую» дзейнасць і стаў прадпрымаць практычныя меры да стварэння арганізацыі, якая «ставіла за мэту барацьбу з камуністычнай партыяй і савецкай уладай». У гэты час ён напісаў статут і праграму «Усерасійскай рабоча-сялянскай партыі», а таксама артыкулы «Воззвание к народу», «Наши лозунги», «О необходимости социалистической революции».

Сведкі Дворкін і Дзягцяр паказалі, нібыта Цюрын схіляў іх да ўступлення ў названую «антысавецкую» арганізацыю, а таксама нібыта ён заяўляў, што дзеля дасягнення мэтаў арганізацыі «они должны установить связь с разведкой иностранных государств и в своей практической деятельности применять террор, как метод борьбы с руководителями коммунистической партии и советского правительства». Паказанні пра спробы вярбоўкі таксама далі сведкі Курскі і Грамыка.

18 лютага 1957 года Валянцін Цюрын быў арыштаваны. Падчас вобшуку ў Цюрына былі знойдзены напісаныя ім статут, праграма і артыкулы. У праграме «Усерасійскай рабоча-сялянскай партыі» ён пісаў: «…Задачей программы-минимума является свержение диктатуры партийной бюрократии, … уничтожение двойственности в управлении народным хозяйством путем устранения партийных органов от прямого руководства предприятиями… Народ не нищий, …он не будет ждать свободы с Запада, он не будет ждать ее у Хрущева и Ко…, он должен взять власть в свои руки сам… Агрессивная группировка, вдохновляемая… партийной бюрократией КПСС, охотно идет на обострение международного положения, желая в пожаре войны убить двух зайцев и очиститься от кровавых преступлений против народа…» А вось іншая цытата: «Рабоче-крестьянская партия отдаёт себе полный отчёт в том, что в лице партийной бюрократии она видит более сильного и искусного врага, чем русский царизм…»

Графічная экспертыза засведчыла, што праграма ды іншыя знойдзеныя пры вобшуку рукапісы створаны Цюрыным.

Адзін абзац пракурорскага заключэння супярэчыць іншаму. Нашто б гэта Цюрын імкнуўся звязацца з замежнай выведкай, калі ён пісаў, што народ «не будзе чакаць свабоды з Захаду»? Нашто яму прапагандаваць тэрор, калі ён з абурэннем піша пра «крывавыя злачынствы супраць народа», то бок сталінскі тэрор? Хутчэй за ўсё, і імкненне да сувязі з выведкай, і «тэрарыстычныя намеры» былі прыпісаны Цюрыну следчымі з КДБ, якія жадалі атрымаць сабе паболей «зорачак» на пагоны.

Цікава, што перад арыштаваным паўставала ў тым ліку і перспектыва карнай псіхіятрыі. Цюрын быў накіраваны на амбулаторную судова-псіхіятрычную экспертызу, якая дала выснову, што ён у перыяд даследавання прыкмет псіхічнага захворвання не выяўляў.

У матэрыялах Пракуратуры СССР ёсць і цытата з паказанняў Цюрына: «Я находился среди людей, от некоторых из которых я слышал жалобы на тяжесть жизни, видел различные недостатки на предприятиях и в учреждениях, задумываясь над тем, какой найти выход, чтобы облегчить материальное положение людей, я пришёл к выводу, что во всём этом виновата компартия и советское правительство. В связи с этим он решил создать организацию, для борьбы с КПСС и советским правительством». Цяжка ска­заць, як моцна правілі гэтыя паказанні следчы (ці сакратар суда), а потым пракурор. Але тое, што праўка мела месца, бачна хоць бы з апошняга сказа, дзе Цюрын раптам пачынае гаварыць пра сябе ў трэцяй асобе.

29 красавіка 1957 года Судовая Калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда ў складзе старшыні Маставога, народных засядацеляў Собалева і Шураева, пры сакратары Іваньковай, з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы пракурора Зубар і абаронцы-адваката Бухаўца, разгледзела ў закрытым судовым пасяджэнні крымінальную справу Валянціна Нікіфаравіча Цюрына. Яго асудзілі па артыкулах 76 і 72 (частка «а») Крымінальнага кодэксу БССР («антысавецкая арганізацыя» і «антысавецкая агітацыя» адпаведна) на пазбаўленне свабоды тэрмінам 10 гадоў з паражэннем у правах на 5 год пасля адбыцця пакарання. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР разгледзела справу 13 мая 1957 года па касацыйнай скарзе асуджанага і пакінула прысуд у сіле.

Валянцін Цюрын паехаў адбываць пакаранне ў Дубраўны «папраўча-працоўны» лагер (Мардовія) — на той час асноўны лагер для ўтрымання людзей, асуджаных па палітычных артыкулах.

kdb_kgb_respublika_belarus_a.jpg


Вінаватым сябе не прызнаў

Пакуль што мы знаёміліся пераважна з версіяй следства, пракуратуры і суда. Але варта звярнуць увагу і на версію Цюрына.

У судовым пасяджэнні 29 красавіка 1957 года падсудны Цюрын вінаватым сябе не прызнаў ні па адным з пунктаў абвінавачання і патлумачыў, што «антисоветской агитацией он не занимался, что такие разговоры вели сами свидетели, в частности свидетель Дворкин, он же натолкнул его составить антисоветские документы, обнаруженные при аресте и приобщённые к делу».

Патрапіўшы ў зняволенне, ды яшчэ на такі працяглы тэрмін, Цюрын меў дастаткова часу, каб пісаць скаргі і ў іх выкладаць дэталі сваёй справы. Пасля шматлікіх безвыніковых лістоў у пракуратуру ды іншыя інстанцыі, ён вырашыў напісаць ліст на імя першага сакратара ЦК КПСС і старшыні Савета Міністраў СССР Мікіты Хрушчова. Ліст датаваны 29 кастрычніка 1961 года. Варта прывесці адтуль разгорнутую цытату:

«В силу своей политической наивности, беспринципности и неискушенности, отсутствия жизненного опыта — я потерял веру в ЦК КПСС и задумал попытаться объединить морально-чистых и идейно-стойких коммунистов-ленинцев в подпольную антисоветскую организацию, под названием: «Революционная Рабоче-Крестьянская Партия». Но, как говорят, между желанием и действительностью — лежит дистанция огромного размера.

Будучи сам беспартийным, я обратился к некоторым членам КПСС с вопросом: способен ли нынешний ЦК КПСС под руководством Н. С. Хрущева удержать партию на ленинском пути? […]

[Одни] коммунисты пытались открыто разбить мои идеологические заблуждения. Другие же, почуяв во мне антисоветский дух, а возможно и врага Советской власти, усугубили мои заблуждения, предложив мне на бумаге изложить свои мысли.

В течении нескольких часов я составил «Манифест», «Устав» и «Программу Революционной Рабоче-Крестьянской Партии» и передал всё это для ознакомления коммунисту Дворкину. Через несколько дней я был арестован и осуждён».

Тут Цюрын можа хітраваць наконт таго, ці быў ён «камуністам-ленінцам», а можа і пісаць чыстую праўду. У той перыяд у СССР з’яўлялася шмат падпольных гурткоў менавіта «праўдзіва-ленінскай» накіраванасці. Ва ўмовах дастаткова жорсткай цэнзуры палітычнай літаратуры крытычна настроеныя жыхары СССР творча выкарыстоўвалі працы «класікаў», якія былі лёгка даступныя. Настолькі шмат у навакольнай рэчаіснасці не адпавядала прарочым візіям Маркса, Энгельса і Леніна, што іх працы не толькі прымушалі пазяхаць ад нуды няшчасных студэнтаў перад іспытам па марксізму-ленінізму, але і давалі глебу для крытычнага пераасэнсавання рэчаіснасці.

Цюрын прамым тэкстам піша: спроба стварэння арганізацыі — вынік дзеяння падасланага агента-правакатара Дворкіна, які пераканаў Цюрына напісаць статут і праграму. Прычым Пракуратура БССР у заключэнні ад 17 студзеня 1959 года пацвердзіла праўдзівасць яго словаў: Дворкін «действительно после установления преступных действий Тюрина поставил об этом в известность органы госбезопасности, выполнив тем самым долг советского гражданина».

simg.sputnik.ru.jpg


Хапун–1957

Чаму дзяржбяспека чакала больш за тры гады, каб справакаваць Цюрына? Чаму менавіта ў пачатку 1957 года трэба было стварыць «антысавецкую арганізацыю» з аднаго чалавека, каб потым яе паспяхова выкрыць? Бо 25 лютага 1956 года на ХХ з’ездзе КПСС Мікіта Хрушчоў зрабіў закрыты даклад «Пра культ асобы і яго наступствы». Затым цягам вясны даклад зачытваўся на разнастайных закрытых сходах па ўсім СССР, і яго праслухалі не толькі амаль усе камуністы, але і значная частка камсамольцаў і нават многія беспартыйныя.

Даклад выклікаў настолькі вялікае ўзрушэнне ў грамадстве, настолькі вялікае жаданне адкрыта абмяркоўваць праблемы нядаўняга мінулага і сённяшняга дня, што ўжо 5 красавіка 1956 года ЦК КПСС прыняў пастанову «Аб варожых вылазках на сходзе партыйнай арганізацыі Цеплатэхнічнай лабараторыі Акадэміі навук СССР па выніках ХХ з’езда КПСС». Пастанова была сігналам стрымаць адкрытае абмеркаванне бальшавіцкіх злачынстваў мінулага і наяўнага грамадска-палітычнага ладу ў СССР.

Далей здарыліся чэрвеньскія хваляванні рабочых у Познані (падаўленыя танкамі), польскі кастрычнік (некаторыя лібералізацыя, звязаная з прыходам да ўлады Уладзіслава Гамулкі) і венгерская рэвалюцыя (кастрычнік—лістапад 1956 года), брутальна падаўленая войскамі СССР. Усе гэтыя падзеі знайшлі водгук і ў СССР. Многія насельнікі краіны, у тым ліку і Валянцін Цюрын, крытыкавалі ўвод войскаў у Венгрыю. Адказам на крызіс сталі рэпрэсіі. 19 снежня 1956 года быў зацверджаны закрыты ліст ЦК КПСС да партыйных арганізацый «Аб узмацненні палітычнай работы партыйных арганізацый у масах і стрыманні вылазак антысавецкіх, варожых элементаў». Гэты ліст быў сігналам не толькі для ўласна партыйных органаў, але і для пракуратуры, судоў і дзяржбяспекі: «узмацніць барацьбу па стрыманні вылазак».

І барацьба сапраўды была ўзмоцненая. У 1957 годзе ў БССР па артыкуле 72 Крымінальнага кодэксу («антысавецкая прапаганда і агітацыя») было асуджана 60 чалавек, яшчэ 8 чалавек былі абвінавачаныя ў гэтым «злачынстве», але не асуджаныя, а прызнаныя вар’ятамі і накіраваныя на прымусовае псіхіятрычнае «лячэнне». Агулам за дзяржаўныя злачынствы ў БССР у 1957 годзе было асуджана 96 чалавек, яшчэ 13 чалавек сталі ахвярамі карнай псіхіятрыі. Для параўнання, у 1956 годзе па гэтых артыкулах асудзілі толькі 4 чалавекі, у 24 разы менш! У лік гэтых 96 асуджаных уключаны і ваенныя злачынцы (Другая сусветная вайна), але іх — меншасць, не больш за 20%.

У 1957 годзе былі арыштаваныя і асуджаныя Браніслаў Ржэўскі, браты Лявон і Міхась Белыя, удзельнікі «Партыі свабоды рускага народу» (Гомель) ды многія іншыя, менш вядомыя асобы.

4bdf8169_3aff_42eb_85ab_3c16dfcf4739_w1023_r1_s.jpg


«Цвёрда ўстаў на шлях выпраўлення»

22 чэрвеня 1963 года ад імя Генеральнага пракурора СССР Рамана Рудэнкі і старшыні КДБ пры Савеце Міністраў СССР Уладзіміра Сямічаснага ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларускай ССР быў накіраваны ліст, у якім пісалася: «При изучении поведения заключённых в Дубравном ИТЛ выяснено, что Тюрин своё преступление осознал и осуждает его, активно участвует в проводимых администрацией политико-воспитательных мероприятиях, добросовестно относится к труду, твёрдо встал на путь исправления». Улічваючы гэта, КДБ і Пракуратура СССР лічылі магчымым датэрмінова вызваліць Цюрына ў парадку памілавання.

Пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 27 жніўня 1963 года Цюрын быў памілаваны з вызваленнем ад далейшага адбыцця пакарання. Звестак пра далейшае жыццё героя гэтага артыкула няма.

Навошта зараз узгадваць гэтую справу? Каму сёння цікавы Валянцін Цюрын з яго «партыяй»? Справа Цюрына ілюструе метады працы КДБ часоў «адлігі», калі «контррэвалюцыйныя арганізацыі» часам інспіраваліся дзяржбяспекай. Яна таксама паказвае, як праходзілі ў Беларусі грамадскія дэбаты ў сярэдзіне 1950-х гадоў, і якія (дастаткова вузкія) рамкі ім былі зададзены. Таму і сышлі ўсе палітычныя размовы з партыйных сходаў 1956 года глыбока на прыватныя кухні аднасямейных кватэр. Дзяржаўны апарат СССР у гады «адлігі» стаў менш крывавым, але часы былі далёка не «вегетарыянскія», што паказвае хоць бы падаўленне танкамі і кулямётамі забастоўкі ў Новачаркаску ў 1962 годзе.

Наша грамадства ўсё яшчэ не прайшло дарогу дэсталінізацыі да канца, пра што яскрава сведчаць паводзіны сённяшняга міністра ўнутраных спраў РБ. Нам усё яшчэ трэба выбраць, якім тонам размаўляць пра часы Хрушчова, як устрымацца ад безумоўнага ўхвалення «лібералізатара» і ад занадта эмацыйных праклёнаў на адрас «клятых камуністаў». І нам трэба вызначыцца, якое месца ў грамадскай памяці зоймуць і такія людзі, як Валянцін Цюрын. Ён далёка не «герой антыкамуністычнага супраціву», але і не «антысаветчык, які наслухаўся «Голасу Амерыкі» і быў гатовы прадаць радзіму заходнім шпіёнам». Як мы будзем памятаць «адлігу», як мы будзем даводзіць дэсталінізацыю да завяршэння — пытанні да ўсіх жыхароў Беларусі.