У пошуках лепшай долі

У міжваенны час міграцыйная палітыка польскіх улад была досыць ліберальнай. Грамадзяне Польшчы мелі права наведваць любыя краіны, а таксама выязджаць у іншыя дзяржавы на пастаяннае месца жыхарства ці на працу. Усяго ў перыяд з 1918 па 1939 гады Другую Рэч Паспалітую пакінула 1,3 мільёна чалавек. Сярод гэтых людзей было нямала і беларусаў.
 



budynak_banka_pko_sa_u_buenos_ajresie_logo.jpg

Будынак банка PKO SA у Буэнас-Айрэсе

Улады Польшчы разглядалі палітыку ў сферы міграцыі як спосаб рэгулявання нацыянальнай структуры насельніцтва. Гаворка, перш за ўсё, ідзе аб усходніх ваяводствах, так званых «крэсах», дзе няпольскае насельніцтва пераважала над тытульнай нацыяй. Так, 24 лютага 1938 года ў Варшаве прайшло пасяджэнне міжміністэрскай камісіі па эміграцыі, на якім было заяўлена пра неабходнасць падтрымкі і стымулявання эміграцыі нацыянальных меншасцяў з тэрыторый, дзе адзначалася перавага прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў над палякамі (гаворка ішла, перш за ўсё, пра Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну). Акрамя гэтага, удзельнікі пасяджэння выказаліся за забарону эміграцыі з гэтых тэрыторый этнічных палякаў.

na_cerimon_adkriccja_banka_pko_sa_u_buenos_ajrese_logo.jpg

На цырымонii адкрыцця банка PKO SA у Буэнас-Айрэсе


Аднак галоўнай прычынай таго, што заходнія беларусы пакідалі свае дамы і адпраўляліся за мяжу, было беспрацоўе і «зямельны голад». Буйныя зямельныя надзелы ў Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах знаходзіліся ў руках багатых польскіх землеўласнікаў, а сродкаў для таго, каб выкупіць гэтую зямлю ў «пана», папросту не было. Некаторыя жыхары Заходняй Беларусі, паддаўшыся камуністычнай прапагандзе, выбіралі «ўцёкі» у «бальшавіцкі рай». Іншыя легальна афармлялі дакументы і з’язджалі ў Латвію, Эстонію, Францыю, Аўстрыю ці за акіян, у Паўночную ці Паўднёвую Амерыку.

pol_sk_zamezhni_pashpart_1930_h_gado__logo.jpg

  Польскі замежны пашпарт

pol_sk_pashpart_dlja_viezdu_eston_ju_logo.jpg

  

Польскі пашпарт для выезду ў Эстонію

pjachatka_pol_sk_h_pamezhn_ka_ab_vijazdze_m_kalaja_stadol_n_ka_z_kra_ni_1939_g__logo.jpg

Пячатка польскіх памежнікаў аб выяздзе Мікалая Стадольніка з краіны (1939 г.)


Выезд за мяжу польскіх грамадзян ажыццяўляўся па замежных пашпартах. Першапачаткова за атрыманне такога дакумента трэба было заплаціць сімвалічную суму, аднак з 1925 года атрыманне пашпарта стала бясплатным. Для таго, каб атрымаць замежны пашпарт для выезду на сезонныя працы ў адну з еўрапейскіх краін, жадаючы павінен быў прадставіць даведку з дзяржаўнай установы па працоўным пасрэдніцтве, а ў выпадку выезду за акіян трэба было прадставіць адпаведны дакумент з эміграцыйнага агенцтва. Звычайна з афармленнем такіх папер праблем не ўзнікала.
Калі казаць пра заакіянскую працоўную міграцыю, то часцей за ўсё заходнія беларусы з’язджалі ў Аргенціну. Справа ў тым, што 17 жніўня 1932 года ў Буэнас-Айрэсе была падпісана канвенцыя, якая надзяляла польскіх грамадзян аднолькавымі з аргенцінцамі правамі ў пытанні кампенсацыі пры няшчасных выпадках на працах. Таксама канвенцыя прадугледжвала выплату сродкаў сваякам і блізкім (без уліку іх месца пражывання) у выпадку гібелі польскіх працоўных у Аргенціне.

pjachatka_saeckaga_konsula_eston_pashparce_m_kalaja_stadol_n_ka_logo.jpg

  

Пячатка саецкага консула ў Эстоніі ў пашпарце Мікалая Стадольніка

pashpart_m_kalaja_stadol_n_ka_logo.jpg

Пашпарт Мікалая Стадольніка

adznachenne_shto_pashpart_vidani_besplatna_logo.jpg

Адзначэнне, што пашпарт выданы бесплатна


Акрамя гэтага, польскія ўлады паклапаціліся пра тое, каб мігранты з Другой Рэчы Паспалітай не мелі праблем з перасылкай заробленых грашовых сродкаў на радзіму. У сакавіку 1929 года Міністэрства фінансаў Польшчы стымулявала стварэнне банка РKO SA, галоўнай задачай якога было правядзенне аперацый па пераводзе зберажэнняў польскіх гастарбайтэраў на радзіму. Адно з першых замежных аддзяленняў гэтага банка было адкрыта менавіта ў Аргенціне.
У 1920–1930-х гадах у гэтую лацінаамерыканскую краіну з Польшчы прыехала, па розных падліках, да 20 тысяч беларусаў. Што дзіўна, звычайна палітычна апатычныя беларусы разгарнулі ў Аргенціне актыўную грамадскую дзейнасць. У 1939 годзе ў гэтай краіне адбылося аб’яднанне беларускіх культурна-асветніцкіх арганізацый у Федэрацыю беларускіх таварыстваў, дзейнасць якой насіла адкрыта прасавецкі характар. Многія заходнебеларускія перасяленцы далучаліся да прафсаюзнага руху і Кампартыі Аргенціны. У канцы 1920-х гадоў быў створаны Саюз украінскіх і беларускіх працоўных арганізацый Аргенціны, які ў 1934 годзе налічваў у сваім складзе ўжо каля 3 тысяч сябраў.
Прыехаўшыя ў Аргенціну беларусы з польскімі пашпартамі часцей за ўсё працавалі фермерамі (чакарэра) або наёмнымі рабочымі; адпраўляліся таксама на нафтаздабычу на поўдзень, у Камадора-Рывадавія. Многія адразу па прыбыцці асядалі ў гарадах, асабліва ў Буэнас-Айрэсе. Адным з тых, хто вырашыў пакінуць Другую Рэч Паспалітую і перабрацца ў Аргенціну, быў і жыхар Навагрудскага ваяводства Уладзімір Малько. У пачатку 1930-х гадоў ён працаваў фермерам, але перад самай вайной, у 1939 годзе, назапасіўшы грошай на куплю зямельнага ўчастка, вырашыў вярнуцца на радзіму. На жаль, нам не вядомы далейшы лёс гэтага чалавека. Хутчэй за ўсё, ён згінуў у бездані Другой сусветнай вайны або стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. Адзіным прадметам, які нагадвае пра гэтага жыхара Заходняй Беларусі, з’яўляецца яго аргенцінскі пашпарт, выдадзены паліцыяй Буэнас-Айрэса.
Іншым ажыўленым напрамкам працоўнай міграцыі заходніх беларусаў былі прыбалтыйскія краіны — Латвія і Эстонія. Латвійскі рынак працы ў 1930-х гадах адчуваў вялізарную нястачу працоўных рук, перш за ўсё ў сельскай гаспадарцы. У 1938 годзе польскія ўлады правялі перамовы з латышамі па пытанні заключэння Дамовы аб эміграцыі, абумовіўшы ў гэтым дакуменце правы польскіх сезонных рабочых у гэтай краіне. 29 кастрычніка 1938 года паміж урадамі Польшчы і Латвіі была падпісана дамова, якая значна спрасціла становішча польскіх рабочых у Латвіі. Падобная сітуацыя была і ў дачыненні да Эстоніі. Многія беларусы працавалі ў эстонскіх марскіх партах, а таксама наймаліся работнікамі да тамтэйшых землеўласнікаў. Пасля падпісання міжурадавай дамовы аб працоўных мігрантах у 1937 годзе ў Эстонію з усходніх польскіх ваяводстваў выехала каля 700 сельскагаспадарчых рабочых. Сярод іх быў і беларус Мікалай Стадольнік з вёскі Пашэкі, Дзісненскага павета, Віленскага ваяводства.

argenc_nsk_ja_dakumenti_uladz_m_ra_mal_ko_logo.jpg

  

Аргенцінскія дакументы Уладзіміра Малько

argenc_nsk_pashpart_logo.jpg

Аргенцінскі пашпарт


Мікалай хутка прызвычаіўся да новых умоў жыцця і працы, тым больш, што сялянскую працу ён добра ведаў. Да таго ж, 22 лістапада 1938 года паміж Польшчай і Эстоніяй была заключана эміграцыйная дамова, якая абумоўлівала правы польскіх сезонных рабочых у Эстоніі. Гэтая навіна не магла не цешыць беларускіх працоўных мігрантаў. 27 красавіка 1939 года Мікалай у чарговы раз перасякае польска-латвійскую мяжу і ў той жа дзень, праехаўшы праз памежны пункт у Валге, аказваецца ў Эстоніі.
Але на гэты раз доўга папрацаваць не ўдалося. У верасні 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Нямецкія войскі імкліва прасоўваліся на ўсход. 17 верасня 1939 года ў Заходнюю Беларусь увайшла Чырвоная Армія...

argenc_nsk_pashpart_uladz_m_ra_mal_ko_logo.jpg

Аргенцінскі пашпарт Уладзіміра Малько


Пакідаючы ў красавіку 1939 года Польшчу, Мікалай Стадольнік не мог ведаць, што вяртацца яму давядзецца ўжо ў іншую краіну. 6 лістапада 1939 года начальнік КПП у Бігосава, капітан НКУС Кашырын зрабіў запіс у пашпарце беларуса: «Прыбыў. Вяртаецца ў Заходнюю Беларусь». А незадоўга да гэтага ў консульскім аддзеле савецкага паўпрэдства ў Эстоніі ў пашпарт Стадольніка чыноўнік паставіў штамп «Вяртаецца на радзіму».
Цікава, што адчуваў Мікалай, калі перасякаў мяжу? Пра што думаў? Напэўна, пра тое, як сустрэне яго родная зямля. А між тым, радзіма была ўжо іншай. Не было ні «вуйта», які выпісваў пашпарт, ні пана, які жыў недалёка ад вёскі. Іх арыштавалі і вывезлі. У вёсцы арганізавалі калгас, і хутка Мікалай стаў называцца «калгаснікам».
А калі з рэпрадуктараў заспявалі: «Вставай, страна огромная», беларускі селянін пайшоў абараняць сваю Радзіму. У 1946 годзе чырвонаармеец Мікалай Стадольнік атрымаў медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне». Потым было няпростае, але мірнае жыццё.
Вось некаторыя эпізоды гісторыі працоўнай міграцыі заходніх беларусаў у міжваенны час. Многія з польскіх грамадзян, назаўсёды пакінуўшы кантынент, пройдуць праз усе цяжкасці і стануць «амерыканцамі». Іншыя, паблукаўшы на чужыне, вырашаць вярнуцца, і апынуцца ў цэнтры самага жудаснага ў гісторыі чалавецтва ўзброенага канфлікту. Пры ўсёй неадназначнасці палітыкі польскіх улад, яны давалі сваім грамадзянам шанец знайсці сябе ў іншых краінах, пры гэтым не кідалі сваіх суайчыннікаў на чужыне і імкнуліся рэгуляваць іх статус праз міжнародныя дамовы. Варта таксама памятаць, што пакуль заходнія беларусы «шукалі сябе за мяжой», іх усходнія браты спаўна спазналі бальшавіцкі рай, працуючы за «палачкі-працадні».