«Здаецца, кат б'е ўвесь час аднолькава, са страшнай сілай. А насамрэч ёсць сотні адценняў»
Чалавецтва прыдумала сотні спосабаў здзекавацца з самога сябе: пазбаўляць людзей волі, надзеі, правоў, любові, катаваць, гвалціць, забіваць... Людзі прыдумалі канцлагеры і газавыя камеры, але да іх былі не менш страшныя формы забойства цела і духу. «Настоящее время» расказвае пра тое, якой была катарга на Сахаліне.
Улас Дарашэвіч — адзін з вядомых рускіх фельетаністаў канца XIX — пачатку XX стагоддзя, журналіст, тэатральны крытык і публіцыст. Адна з найбольш вядомых яго прац — серыя нарысаў пра Сахалін і Сахалінскую катаргу, якія пазней выйшлі асобнай кнігай «Сахалін. Катарга». Дарашэвіч напісаў пра карумпаваных наглядчыкаў, якія даводзілі катаржан да людаедства, пра арыштантаў, якія прайграліся ў пух і прах і нясуць «падвойную катаргу», і бяспраўных пасяленках, адпраўленых «на фарт».
«Ад скарынкі да скарынкі за ноч»
Пра тое, як ствараліся сахалінскія нарысы, можна прачытаць у кнізе «Лёс фельетаніста» Сямёна Букчына. На думку аўтара, «Катарга» — празорлівы твор, які апярэдзіў «Колымские рассказы» і «Архипелаг ГУЛАГ».
У 1897 годзе 32-гадовы Улас Дарашэвіч — ужо вядомы журналіст, які паспеў пасупрацоўнічаць з буйнымі маскоўскімі газетамі. Аўтар падарожных нарысаў, тэатральных рэцэнзій, гумарыстычных апавяданняў і літаратурных пародый, але ў першую чаргу — фельетонаў на актуальныя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя тэмы.
Пераехаўшы з Масквы ў Адэсу, ён публікуе ў «Адэскім лістку» фельетон, які раззлаваў адэскага кіраўніка горада Паўла Зялёнага. Той, даведаўшыся пра намер журналіста напісаць пра Сахалін, асабіста просіць галоўнае турэмнае кіраванне гэтаму перашкодзіць.
Дарашэвіч, не атрымаўшы дазволу аглядзець сахалінскія турмы, адпраўляецца ў катаржны край на свой страх і рызыку. З Адэсы, дзе знаходзілася перасыльная турма для асуджаных да катаргі, журналіст плыве на адным параходзе з асуджанымі. Нягледзячы на найстражэйшую забарону мець зносіны з імі, з некаторымі паспявае пазнаёміцца ў дарозе.
Каб пабачыць востраў знутры, ён гатовы ператварыцца ў «бродягу, родства не помнящего» і трапіць у сахалінскую турму ў якасці арыштанта. Але абышлося. Ужо прыбыўшы на Сахалін, Дарашэвіч усё-ткі атрымлівае неабходны для агляду месцаў зняволення дазвол ад тагачаснага «сістэмнага ліберала» — прыамурскага генерал-губернатара Сяргея Духоўскага.
«У камеры ад 30 да 40 пакрытых тоўстым пластом бруду людзей»
Сахалінскую рэальнасць Дарашэвіч спасцігаў два з паловай месяцы па 18 гадзін у суткі. Пабываў і ў турмах, і ў лазарэтах, і ў дамах сахалінскіх служачых, і ў хібарах катаржан, якія выйшлі на пасяленне.
У суправаджэнні наглядчыка і інжынера ён нават спускаўся ў Аляксандраўскі руднік, размешчаны ў некалькіх вёрстах ад паста Аляксандраўскага — тагачаснай сталіцы Сахаліна. Вось як Дарашэвіч апісаў гэты досвед:
«Нібы нейкія чарвякі, мы паўзлі ў нетрах зямлі па вузенькіх, крывых, звівістых "паралелях"..."Крывашэйнымі" працамі называюцца такія, калі рабочы ляжыць, скрывіўшы шыю, каб не стукнуць сябе ў галаву, і наперадзе сябе праціскае ў каменнавугальным пласце кайлом такую дзірку, каб у яе можна было пралезці аднаму чалавеку. Працы гэтыя лічацца не толькі самымі цяжкімі з усіх існуючых, але і проста забойнымі.
— Колькі, мабыць, народу ў гэтых паралелях перагінула... Ладзілі руднікі непісьменныя наглядчыкі! — злаваўся інжынер. — Зладзяць бог ведае што і пашлюць у Пецярбург радасную тэлеграму. А там думаюць, што і сапраўды тут добраўпарадкаванне расце!»
Жахнулі карэспандэнта «Адэскага лістка» і ўмовы ўтрымання катаржан-шахцёраў у турме пры Аляксандраўскім рудніку.
«Лахманы адзення, лахманы подсцілаў, бруд, — усё гэта кішэла казуркамі.
— Хлебушку кавалачак з'есці немагчыма! — скардзіліся мне потым катаржане. — Усё з імі, з праклятымі, есці даводзіцца!..
У "саклях" (камерах. — Заўв. рэд.), прыслоненых да гары, цякло. Падлога земляная, ад волкасці, ад таго, што на падлогу ўсё выплюхваецца, ад "парашы", якая стаяла там жа, ператвораны ў бруд…
Да столі можна было дастаць рукою. У такім "нумары" ляжала на нарах ад трыццаці да сарака чалавек.
Ад трыццаці да сарака пакрытых тоўстым пластом бруду людзей».
Дарашэвіч піша, што інжынер, які суправаджаў яго, абураўся антысанітарыяй і лаяў чыноўнікаў, якія прыдумалі такія саклі, аднак, калі Дарашэвіч спытаў, чаму б не пабудаваць для катаржнікаў прыдатныя для жыцця памяшканні, інжынер адказаў, што адказвае за вугальныя склады, астатняе — не яго справа.
Тут жа Дарашэвіч апісвае і маладога, але ўжо «асахаліненага» доктара Давыдава, які ў кожным пацыенце-катаржаніне бачыць сімулянта і імкнецца выкрыць. Спосабы, якімі лекар гэта робіць, Дарашэвіч наўпрост называе катаваннямі.
«Хворы, трыццаці гадоў, нага сагнутая ў калене, — расказвае спадар Давыдаў, — два з паловай гады правёў у ложку, мышцы і ногі былі атрафаваныя. Тады яму сілком выпрасталі нагу, мышцы сталі ажыўляцца, але хворы стаяць не мог. Яго выпісалі з лякарні, і ён упаў ля пад'езда. Хворага аднеслі ў турму, і ніякімі пакараннямі і пазбаўленнямі нельга было прымусіць яго хадзіць. Тады спадар Давыдаў звярнуўся "для вопыту" да наступнага спосабу. "Хвораму абвясцілі, што адрэжуць нагу, падрыхтавалі яго да аперацыі, паклалі на стале, расклалі перад ім усе пілы і нажы, якія меліся ў лазарэце, захлорафармавалі..."
Хлорафармаванне без патрэбы — злачынства. І ў якой жа ступені павінен быў "асахалініцца" гэты "малады лекар", каб лічыць злачынства чымсьці штодзённым, законным, належным, выхваляцца ім у сваёй "навуковай" працы!
Гэты доктар, паводле яго ўласнага прызнаннія, падвяргаў катаванням хворых, — тыповая ўказанне, як "асахаліньвае" Сахалін нават адукаваных і, здавалася б, развітых людзей.
Вядома, не ад такіх спадароў можа чакаць катарга абароны ад наглядчыцкага самавольства!»
У 1897 годзе Фельдман, былы наглядчык іншай сахалінскай турмы, Ваяводзінскай, падаў на Дарашэвіча ў суд. Абвінавачанне — «паклёп у друку».
Фельдман фігуруе ў некалькіх нарысах «Катаргі» як чалавек баязлівы, жорсткі і зладзеяваты. Гэты былы турэмны наглядчык публікаваў у «Адэскім лістку» свае сахалінскія ўспаміны. У іх, у прыватнасці, ён з гонарам піша, як загадаў застрэліць катаржнікаў, якія задумалі бегчы, і распарадзіўся не прыбіраць труп забітага на месцы арыштанта.
«"Замест двара турмы, дзе звычайна адбываецца раскамандзіроўка арыштантаў на працу, я рабіў яе каля рудніка, каб арыштанты, бачачы непрыбраны труп таварыша, зразумелі, што ранейшы спосаб уцёкаў больш не існуе", — цытуе Дарашэвіч Фельдмана і каментуе: — Засада, забойства, непрыбраны труп, — жорсткасць, на якую толькі і здольны баязлівец. Баязлівец, які помсціць за тое прыніжэнне, якое ён адчувае, баючыся катаргі.
Слова "фельдзіць" азначае "падманваць"... Кажуць, што слова "фельд" спецыяльна сахалінскае і з'явілася на свет у той час, калі наглядчыкам Ваяводскай турмы быў нехта Фельдман, пра якога я ўжо згадваў. Тады толькі хітрасць, толькі хітрасць магла выратаваць катаржаніна ад мант і лоз: Фельдман не прызнаваў нелупцаваных арыштантаў. Арыштанты і фельдзілі перад Фельдманам, як Фельдман, які карміў турму сырым хлебам і эканоміў на "прыпёку", фельдзіў перад начальствам».
Той судовы працэс Дарашэвіча, які цягнуўся сем гадоў, скончыўся поўным яго апраўданнем.
«Для таго і ўгаварыў бегчы, каб забіць і з'есці»
Дарашэвічу дазволілі размаўляць з катаржанамі сам-насам, без сведак. Давялося яму выслухаць і споведзь людаеда Васільева, які ўцёк на Сахаліне з катаржных работ разам з двума іншымі арыштантамі — юнаком Фядотавым і закаранелым злачынцам Губарам, якога катарга ненавідзела за жорсткасць. Губар забіў Фядотава ўжо на другі дзень.
«Я так думаю, ён для таго яго і ўгаварыў бегчы, каб забіць і з'есці. Ужо загадзя ў яго ў думках было!» — цытуе Дарашэвіч Васільева.
Васільеў, паводле слоў журналіста, «лагодны велікан», зусім не падобны да чалавека, здольнага на такое зверства.
«Ён расказаў мне, чырванеючы, бляднеючы, хвалюючыся ад страшных успамінаў, усё падрабязна, як яны падышлі, выразалі мяккія часткі з трупа, вынялі печань і зварылі суп у кацялку, які панеслі з сабой з працы.
— Маладзенькай крапіўкі нашчыпалі і паклалі для смаку.
Васільеў, паводле яго слоў, спачатку не мог есці.
— Ды ўжо вельмі жываты падвяло. А тут Губар сядзіць і ўплятае... Есць».
Калі ўцекачоў злавілі, Васільеў ва ўсім прызнаўся. Абодвух прысудзілі да аднолькавага пакарання — 50 бізуноў. Васільева катарга шкадавала, а Губара падазравала ў тым, што ён не ў першы раз і з халодным разлікам здзейсніў такое злачынства. Арыштанты заплацілі кату 15 рублёў, і ён залупцаваў Губара да смерці.
«Каты — артысты, віртуозы ў мастацтве валодаць бізуном, — і ніякае самае дасведчанае начальніцкае вока не адрозніць, з якой сілай б'е кат. Здаецца, увесь час аднолькава са страшнай сілай. А насамрэч ёсць сотні адценняў».
Васільеў страціў прытомнасць пасля 48 удараў. У яго развілася «манія пераследу ў самай бурнай форме». Журналіст гутарыў з ім у лазарэце. Як расказаў Васільеў, ён з'ехаў з глузду не ад перанесенага пакарання, а ад жаху за зробленае ім.
Гэты і іншыя выпадкі людаедства, пра якія паведамляе Дарашэвіч, сталі следствам невыносных умоў, у якіх аказаліся катаржане на работах па правядзенні Анарскай прасекі — дарогі, якую начальства вырашыла пракласці з сярэдняга Сахаліна на паўднёвы праз забалочаную тундру і тайгу.
Дарашэвіч піша, што катаржане працавалі па пояс у топкай гразі, іх неміласэрна грызла машкара. За ўсё лета прасеклі толькі 70 вёрст, а зімой задачу прарэзаць прасекай увесь Сахалін начальства прызнала невыканальнай. З 390 арыштантаў, адпраўленых на гэтыя працы, вярнуліся толькі 80. Лёс астатніх аўтар не ўдакладняе.
Цалкам артыкул пра Сахалін можна прачытаць тут.