Паралімпіец Аляксандр Ігнатовіч: «Я паглядзеў на сваю краіну па-новаму»

«Я спартсмен, а ў спартсмена павінна быць цвёрдая грамадзянская пазіцыя», — гаворыць паралімпіец Аляксандр Ігнатовіч. Ён адным з першых падпісаў ліст «Свабоднага аб’яднання спартсменаў» супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту. У інтэрв’ю «Новаму Часу» Аляксандр распавёў пра тое, з якімі праблемамі сутыкнуўся ў спорце і ў жыцці.

img_0559_3_logo.jpg

Ракавая траўма і шлях у спорт

З Аляксандрам Ігнатовічам мы сустракаемся каля аднаго з цэнтраў настольнага тэніса ў Мінску, дзе малады чалавек трэніруецца. У свае 30 з невялікім ён — майстар спорту па футзале, настольным тэнісе, васьміразовы чэмпіён Беларусі і шматразовы чэмпіён і прызёр міжнародных спаборніцтваў, дзесяціразовы чэмпіён Беларусі і ўдзельнік чэмпіянату Еўропы-2019 па настольным тэнісе. Вывучыўся на праграміста, працуе менеджарам па продажы камп’ютарнай тэхнікі, мае каханую жонку і дзяцей, водзіць машыну. А яшчэ ў Аляксандра інваліднасць.

img_0614_2_logo.jpg

Мой суразмоўца нарадзіўся ў сям’і ваеннага ў Магдэбургу, потым бацьку накіравалі служыць ва Узбекістан. Хлопец з самага дзяцінства быў актыўным, і, калі яму было тры гады, гэта адыграла паваротную ролю ў яго жыцці: ён трапіў пад матацыкл. Аляксандр атрымаў чэрапна-мазгавую і спіннамазгавую траўмы, і дактары не давалі аніякіх добрых прагнозаў, хлопец не мог нават сядзець без дапамогі падушак. Але паступова ён стаў адчуваць сябе лепш. Сашу хацелі адправіць на рэабілітацыю ў Маскву, але тут разваліўся Савецкі Саюз, і бацьку хлопца перавялі на радзіму ў Беларусь.
Доўгі час дактары з года ў год проста перапісвалі дыягназ Аляксандра. Але, пасталеўшы, ён захацеў разабрацца ў сваёй праблеме. Выявілася, што ў маладога чалавека ёсць пустоты ў нервавым спінальным канале і гэта перашкаджае яму цалкам аднавіцца пасля траўмы. Гэтая з’ява называецца сірынгамелія, вылечыць яе немагчыма і трэба рэгулярна кантраляваць, ці не павялічваюцца пустоты. 

У спорт Аляксандр прыйшоў услед за старэйшым братам. Пачалося ўсё з гандбола. Потым — футзал, настольны тэніс, плаванне…

 Мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў плаванні, але на той момант я плаваць яшчэ не ўмеў. Мяне спрабавалі вучыць, але нічога не атрымлівалася. І неяк у сёмым класе мы пайшлі з сябрамі на рэчку. Мяне стала зносіць плынню, і водарасці пачалі чапляцца за ногі. Я набраў паветра, лёг на ваду і стаў грэбсці рукамі — і ў мяне атрымалася праплыць! — апавядае Аляксандр.

img_0616_logo.jpg

Пайшоў у каледж, бо там была секцыя па настольным тэнісе

З 1 да 11 класа Аляксандр жыў у гарадскім пасёлку Рось. Пасля школы паступіў вучыцца ў радыётэхнічны каледж у Мінску.
 Я ўсё жыццё марыў быць эканамістам, але зразумеў, што інжынерна-тэхнічная адукацыя больш запатрабаваная, і я пайшоў на праграміста, — прызнаецца Аляксандр.
Адметна, што каледж ён выбіраў паводле наяўнасці там секцыі настольнага тэніса.
 Я прыходжу ў каледж, запытваюся пра тэнісны стол. Мне кажуць, што ён быў, але яго даўно ўжо спісалі. Але я пайшоў да загадчыцы — і цягам месяца каледж набыў два тэнісныя сталы, і ў нас з’явіліся трэніроўкі.
Але з плаваннем тым часам усё чамусьці заглухла. Жывучы ў Росі, Аляксандр выступаў на спаборніцтвах за Гродна. Аднойчы паехаў на чэмпіянат Беларусі і, да свайго здзіўлення, выйграў яго. Потым стаў плаваць на разрад кандыдата ў майстры спорту. Але пасля пераезду ў Мінск маладога чалавека перасталі запрашаць на спаборніцтвы па плаванні.
— Гэта крыўдна, бо ўсе крычаць, што трэба развіваць спорт, павінна быць матывацыя, каб людзі з інваліднасцю маглі ім займацца, а тут абразаецца колькасць удзельнікаў. Апошнія шэсць гадоў я не плаваю, хоць кажуць, што будуць запрашаць, — зазначае Аляксандр.

img_0584_2_logo.jpg


«Выступаеш дрэнна — вінаваты ты. Добра — дзяржава ставіць сабе птушачку»

Затое ў каледжы ў яго жыцці з’явіўся футбол. Каманда, у якой гуляў Аляксандр, ездзіла на чэмпіянаты рэспублікі, на спаборніцтвы ў Расію і ва Украіну. Супернічаць даводзілася нават з паралімпійскімі чэмпіёнамі Алімпіяды ў Сіднэі.
— Увесь час нас кармілі сняданкамі, што ў Беларусі з’явіцца федэрацыя паралімпійскага футбола, каб можна было ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету з магчымасцю атрымаць ліцэнзію на Паралімпійскія гульні. Але аднойчы два нашыя трэнеры не сышліся ў меркаваннях і вырашылі падзяліцца. Бо адзін разглядаў спорт як спосаб рэабілітацыі дзяцей, а ў нас была мэта на вынік. З гэтага часу ў наш бок пасыпаліся пагрозы і абвінавачанні.
У выніку каманду выключылі са спаборніцтваў.
Са спартыўнымі праблемамі Аляксандр сутыкнуўся не толькі ў футболе, але і ў настольным тэнісе.
— У нас ёсць толькі чэмпіянат рэспублікі, і ён абсалютна не рэйтынгавы. Ты не можаш зразумець, на якім узроўні гуляюць спартсмены за мяжой. Так, у нас адкрыты чэмпіянат, і на яго рэгулярна прыязджаюць літоўцы. Але гэта не той узровень, каб зразумець, да чаго трэба імкнуцца.

img_0623_logo.jpg


Неўзабаве Аляксандру надакучыла спадзявацца на некага, і ў 2019 годзе ён на краўдфандынгу сабраў грошы на паездку на чэмпіянат Еўропы ў шведскі Хельсінгборг — узнос туды каштуе 1200 еўра.
 Людзі дапамаглі сабраць мне грошы, я паехаў з трэнерам і яшчэ з адной дзяўчынай з Брэста. І нам пастаянна тэлефанавалі з федэрацыі спорта, хаця яны не ўклалі ні капейкі, і запытваліся: «Ну, як спартсмены?» І такая сітуацыя заўжды: калі ты выступаеш дрэнна, то вінаваты ты альбо трэнер. А калі добра, то дзяржава адразу ставіць сабе «птушачку», бо гэта нашы трэнеры і спартсмены і мы прыклалі для гэтага ўсе намаганні.

img_0552_logo.jpg

Аляксандр распавядае, што падчас чэмпіянатаў рэспублікі ў Раўбічах ці Стайках пражыванне даводзіцца выбіваць праз скандал.
 Калі чэмпіянат праходзіць на адлегласці ад Мінска і кожны дзень даводзіцца ездзіць туды-назад — дзе канкурэнтныя магчымасці для спартсменаў? Нехта ў гэты час адпачывае, а ты едзеш дадому. І калі заўтра спаборніцтвы пачынаюцца а 9-ай раніцы, ты думаеш, як табе ўстаць а 5-ай, каб даехаць туды.
Паводле слоў суразмоўцы, прызавыя налічэнні за першае месца на чэмпіянаце рэспублікі цяпер складаюць 50 рублёў. Аляксандр кажа, што эквівалент гэтай жа суме спартсмены атрымлівалі яшчэ ў 2002 годзе.
— А сёлета я даведаўся, што на чэмпіянаце рэспублікі па плаванні нават не плацілі прызавыя за першае месца, — гаворыць паралімпіец.

img_0622_1_logo.jpg


За працу і правы кіроўцы давялося змагацца

Аляксандр Ігнатовіч зазначае, што яму не даводзілася сутыкацца са стэрэатыпным стаўленнем да магчымасці чалавека з інваліднасцю займацца спортам. Часцей гэта выклікала захапленне, асабліва падчас спаборніцтваў са здаровымі людзьмі.
А вось з чым былі перашкоды, дык гэта з пошукам працы. Пасля вучобы ў каледжы Аляксандр планаваў па размеркаванні працаваць на «Інтэграле». Але на камісіі па размеркаванні яму заявілі, што месцаў няма і яго ўзяць не могуць. Як высветлілася, прычынай адмовы стала інваліднасць. Тады Аляксандр запатрабаваў вольнае працаўладкаванне і стаў шукаць працу ў камп’ютарных фірмах. Для гэтага давялося прайсці праз мноства сумоўяў.
— Нікога не хвалявалі мой узровень ведаў і магчымасці, усе глядзелі на мяне як на вокладку для сваёй кампаніі. Нават выпрабаваўчы тэрмін ніхто не прапаноўваў.

img_0525_logo.jpg

За час пошука працы Аляксандр паспеў атрымаць правы кіроўцы. Гэта таксама далося не так проста: тады, у 2010 годзе, бліжэйшым да Мінска месцам, дзе людзей з інваліднасцю вучылі кіраваць машынай, была Вілейка. Прыйшоўшы па медыцынскую даведку, Аляксандр пачуў: у вас чэрапна-мазгавая траўма, вы не можаце кіраваць аўтамабілем. Для таго, каб атрымаць даведку, хлопец мусіў цягам пяці дзён прадаставіць вынікі МРТ, якія б засведчылі адваротнае. І ён гэта зрабіў.
Прыехаўшы ў Вілейку, ён са здзіўленнем убачыў, што з групы ў 20 чалавек 13 былі з Мінска, хоць яму казалі, што ў сталіцы групы не набіраюць, бо гэта незапатрабавана.
Паколькі ў Аляксандра праблемы з нагамі, яму выдалі дазвол на ручное кіраванне. Але калі адна нага здаровая і дазваляе ездзіць на аўтамаце, то гэта можна рабіць. Таму ў аўташколе Аляксандр вучыўся на аўтамабілі не з ручным кіраваннем, а з камібінаваным.
Аляксандр набыў машыну і за 10 гадоў аб’ехаў на ёй мноства краін, але на медкамісіях яму ўвесь час пярэчаць, што ён не можа ездзіць на машыне з каробкай-аўтамат. Цяпер у яго дакументах кіроўцы пазначана мадыфікаванае ручное кіраванне.

img_0557_3_logo.jpg


«Я паглядзеў на сваю краіну па-новаму»

— Я спартсмен, а ў спартсмена павінна быць цвёрдая грамадзянская пазіцыя, — тлумачыць Аляксандр свой подпіс пад лістом «Свабоднага аб’яднання спартсменаў».
Але яго прыклад падтрымалі няшмат спартсменаў-паралімпійцаў, хаця Аляксандр кажа, што яны ў большасці падзяляюць яго пазіцыю, бо цяперашні ўзровень развіцця спорту і пенсіі іх не задавальняюць. Але яны маўчаць, бо баяцца страціць працу.
— Людзі з інваліднасцю баяцца, бо для іх гэта адзіны варыянт зарабіць, і, калі іх выганяць, ім не будзе куды падацца. Сярод майго атачэння ёсць чалавек, які заўсёды крытыкаваў адсутнасць развіцця і стаўленне да людзей з інваліднасцю, але ён знайшоў працу ў сябе ў горадзе ў структуры спорту і падпісаў праўладны ліст.

img_0527_3_logo.jpg

Аляксандр разумее, што праблема — ва ўсёй сістэме. Рэгрэс ён назірае паўсюль, не толькі ў спорце, у якім ён ужо 20 гадоў, хаця гэты прыклад для яго найбольш яскравы. Паводле яго слоў, Паралімпійскі камітэт ніяк не дапамагае яму, усе яго дасягненні — вынік уласнай працы і ўкладанняў.
Апошнім часам праз каронавірус трэніроўкі давялося абмежаваць, і Аляксандр звярнуўся ў Фонд спартыўнай салідарнасці з просьбай знайсці магчымасці, каб ён мог падтрымліваць сваю фізічную форму. Фонд падарыў Аляксандру прафесійны тэнісны стол. Цяпер спартсмен можа трэніравацца дома і мае намер атрымаць ліцэнзію на Паралімпійскія гульні — у складзе зборнай Беларусі ці пад нейтральным сцягам.
— Мая мэта — паказаць уладам у Паралімпійскім камітэце і Міністэрстве спорта, што яны катэгарычна не маюць рацыі ў тым, якую палітыку праводзіць па развіцці спорту ў краіне. Нашы спартсмены могуць дамагчыся большага, калі ўкладваць у іх крыху больш любові, разумення і фінансавання.
Запытваюся, ці не было ў Аляксандра жадання памяняць умовы на больш спрыяльныя для спартыўнага развіцця і пераехаць у іншую краіну.
 У мяне былі такія думкі, калі я быў адзін, у мяне не было сям’і, — прызнаецца ён. — Але пасля жніўня 2020 года, калі суседзі пачалі пазнаваць адно аднаго і вітацца, у мяне расплюшчыліся вочы. Я паглядзеў на сваю краіну па-новаму.
Калі я круціўся ў паралімпійскай супольнасці, мне заўжды здавалася, што здаровыя спартсмены, якія маюць пэўныя рэгаліі, стаяць на іншым баку барыкад і ніколі мы з імі не будзем нароўных. Але насамрэч усё не так. Гэта такія ж самыя людзі, мы пасябравалі, у мяне шмат знаёмых сярод іх. Яны, як і ўсе беларусы, неверагодныя. І калі мы разам будзем працягваць у тым жа рэчышчы, у нас усё абавязкова атрымаецца.  

img_0583_1_logo.jpg

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева