217-ты дзень вайны. Расійцы агучваюць вынікі «рэферэндумаў», УСУ прасоўваюцца на Данбасе

Расійскія акупацыйныя адміністрацыі агучылі «канчатковыя вынікі» так званых «рэферэндумаў па далучэнні да Расіі» у захопленых тэрыторыях Украіны. У трох акупаваных украінскіх рэгіёнах нібыта больш за 90% жыхароў хочуць у РФ, толькі на Херсоншчыне намалявалі 87%.

fdm8ffpwyaubtx9.jfif


Звесткі абнародуюць расійскія СМІ. Па выніках «апрацоўкі» 100% «бюлетэняў» акупанты падаюць такія «вынікі галасавання»:

«ДНР» — 99,23%;

«ЛНР» — 98,42%;

Запарожская вобласць — 93,11%;

Херсонская вобласць — 87,05%.

Нягледзячы на тое, што ніводны з названых рэгіёнаў Расія не кантралюе поўнасцю, у Крамлі «рэферэндумы» назвалі «адбыўшыміся». Тым часам у сеціве з'явілася шмат фота і відэа, як на згаданых «рэферэндумах» падлічваюць пустыя «бюлетэні».

photo_2022_09_27_20_53_53.jpg


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас выступу на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН, сабранай адмыслова з нагоды гэтых «рэферэндумаў», пералічыў пяць актуальных злачынстваў Расіі і прапанаваў адказы на іх.

Кіраўнік Украінскай дзяржавы заявіў, што сваёй адмовай вывесці войскі з тэрыторыі Запарожскай атамнай электрастанцыі краіна-агрэсар свядома ўтрымлівае мір на мяжы радыяцыйнай катастрофы. У той жа час Крэмль адкрыта пагражае ядзернай катастрофай.

Акрамя таго, Зяленскі нагадаў пра сваю формулу міру, прадстаўленую на Генасамблеі ААН, і адзначыў, што ў адказ на гэта афіцыйная Масква абвясціла мабілізацыю, ажыццяўляючы генацыд карэннага насельніцтва сваёй краіны, а таксама анэксаванага паўвострава Крым.

Далей, працягнуў украінскі лідар, парушаючы Статут ААН, Расія праводзіць на захопленых тэрыторыях Украіны «рэферэндумы», каб потым анексаваць гэтыя землі.

У адказ на такія дзеянні, па яго словах, краіны свету павінны:

  • Ізаляваць Расію, у прыватнасці пазбавіўшы яе права вета ў СБ ААН і выключыўшы з усіх міжнародных арганізацый;
  • Увесці новыя антырасійскія санкцыі;
  • Забяспечыць Украіну неабходнай ваеннай і фінансавай дапамогі, каб перамагчы суперніка на полі бою;
  • Даць Кіеву выразныя і юрыдычна абавязковыя гарантыі калектыўнай бяспекі;
  • Адмовіцца ад перамоваў з расійскімі ўладамі.

Тым часам сітуацыя на фронце складваецца не на карысць расійскай арміі. Кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі і ўкраінскія вайскоўцы пацвердзілі, што часткі УСУ вызвалілі чыгуначны вузел Купянск-Вузлавы. Непацверджаныя звесткі пра гэта з'явіліся яшчэ на выходных. Купянск-Вузлавы — гэта адна з самых вялікіх лагістычных, чыгуначных развязак на тэрыторыі Харкаўскай вобласці.

photo2022_09_2721_06_07.webp


У чарговы зводцы аб становішчы на фронце амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведаміў, што ўкраінскія сілы ўмацоўваюць пазіцыі каля Лімана ў Данецкай вобласці і працягваюць набліжацца да гэтага горада, вызваляючы ўсё новыя населеныя пункты.

У раёне Лімана працягваюцца жорсткія баі, і ўкраінскія вайскоўцы, мяркуючы з паведамленняў з фронту, блізкія да таго, каб перарэзаць апошнія шляхі забеспячэння дзейнай там расійскай групоўкі і ўзяць яе ў аператыўнае акружэнне. Эксперты ISW пішуць, што напрацягу 26 і 27 верасня УСУ ўзялі пад кантроль некалькі вёсак на паўночны захад і поўнач ад Лімана. Акрамя таго, украінская артылерыя трымае пад агнявым кантролем апошнюю дарогу для забеспячэння расійскіх войскаў у горадзе, якая ідзе праз Сватава, Макееўку і Цёрны. Украінскія выведвальныя і дыверсійныя групы ўжо заўважаныя ў гарадах Торскае і Ямпаль на паўднёвы ўсход ад Лімана.

Пра сітуацыю ў раёне Бахмута (адзінага ўкраінскага горада, дзе расійскія войскі робяць актыўныя наступальныя дзеянні) у зводцы ISW сказана, што 27 верасня гэтыя атакі скончыліся няўдачай.

Пры гэтым эксперты Інстытута цытуюць рэпартаж журналістаў New York Times, якія, спасылаючыся на ўкраінскіх вайскоўцаў, пішуць пра дзеянні на бахмуцкім фронце «ПВК Вагнера». Па звестках журналістаў, «вагнераўцы» выкарыстоўваюць зняволеных, якія адправіліся на вайну, у якасці гарматнага мяса, і тыя часта здаюцца ў палон украінскай арміі.

Некаторыя іншыя высновы са зводкі ISW:

  • 30 верасня Уладзімір Пуцін, верагодна, абвесціць аб анэксіі акупаваных украінскіх тэрыторый пасля фальсіфікаванага рэферэндуму.
  • Расійскія войскі адпраўляюць толькі што мабілізаваных вайскоўцаў Заходняй вайсковай акругі ў Херсонскую і Харкаўскую вобласці без навучання.
  • Улады РФ рыхтуюць гвалтоўную мабілізацыю жыхароў падкантрольных ім украінскіх тэрыторый, якія могуць быць найбліжэйшым часам анэксаваныя.



Тым часам расійскія войскі працягваюць абстрэлы тэрыторыі Украіны. Расіяне ўдарылі ракетамі па Адэскай вобласці і Крывым Рогу: усе збілі сілы СПА. Абстрэлу падвергся Мікалаеў. Украінскія падраздзяленні СПА ўвечары, 27 верасня, збілі варожую ракету ў небе над Днепрапятроўскай вобласцю.

Увогуле за мінулыя суткі праціўнік нанёс 10 ракетных і 17 авіяцыйных удараў, здзейсніў больш за 105 абстрэлаў з РСЗА. Ад агню пацярпелі больш за 40 населеных пунктаў, у прыватнасці, Харкаў, Славянск, Краматорск, Мікалаеў, Аўдзееўка і Мар'інка.

А каля Купянска ўжо быў злоўлены «мабілізаваны», які стаў на службу толькі 21 верасня. Гэта пацвярджае, што Расія кідае ў бой людзей без усялякай падрыхтоўкі і навучання.

Паводле ВВС, РБК-Украіна, korrespondent.net