342-гі дзень вайны. Пад Бахмутам «сапраўднае пекла»

Хутка міне год, як ва Украіне ідзе вайна. Сёння — 342-гі дзень пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі. Апошнія навіны — у традыцыйнай ранішняй падборцы «НЧ».

1672214164_6006.jpg

Самай гарачай кропкай на вайне застаецца горад Бахмут Данецкай вобласці. Там ідуць пастаянныя баі, якія ўжо ператварыліся ў «сапраўднае пекла». Акупанты спрабуюць усталяваць кантроль над шашой Адэса —Бахмут.

«Бо ўжо пяць-шэсць месяцаў пад Бахмутам сапраўднае пекла. Праціўнік пастаянна атакуе. І мы можам больш назіраць за тым, як змяняецца надвор'е, якое, дарэчы, вельмі моцна ўплывае на баяздольнасць, баявы дух і бытавыя ўмовы кожнага вайскоўца», — распавёў намеснік камандзіра батальёна «Свабода» 4-й брыгады хуткага рэагавання Нацгвардыі Уладзімір Назаранка.

На яго думку, наймітаў ПВК «Вагнер» цяпер замянілі расійскімі дэсантнікамі. Пры гэтым вайсковец адзначыў, што абаронцы Украіны «робяць неверагодную працу і з'яўляюцца сапраўднымі героямі».

«Вораг спрабуе ўзяць пад кантроль трасу Канстанцінаўка — Бахмут. У яго гэта не атрымліваецца. Нашы байцы працуюць на ўсю моц: Узброеныя Сілы і Нацгвардыя робяць неверагодную працу, яны сапраўдныя героі. Вораг нясе вялізныя страты... "Вагнер" практычна цалкам знішчаны. На змену ім прыйшлі дэсантнікі, якія таксама амаль штодня панясуць страты не толькі ў жывой сіле, але і ў бронетэхніцы», — падсумаваў Назаранка.

Баі за горад-крэпасць Бахмут доўжацца ўжо далёка не першы дзень. Ва Усходняй групоўцы ўкраінскіх войскаў распавялі, што расійцы ўвесь час ідуць на штурм на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Вугледарскім кірунках.

Пры гэтым прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што сітуацыя на фронце пад Бахмутам і Вугледарам застаецца надзвычай вострай.

Акрамя таго, у паветраных сілах УСУ распавялі, што акупанты сталі часцей выкарыстоўваць верталёты і самалёты з-за ажыўлення баявых дзеянняў каля Бахмута.

У сваю чаргу аналітыкі Інстытута вывучэння вайны лічаць, што расійскія вайскоўцы, верагодна, замяняюць знясіленыя сілы наймітаў з ПВК «Вагнер», каб узмацніць свой наступ на Бахмут.

Украінскія сілы абароны за мінулыя суткі адбілі атакі войскаў РФ каля 13 населеных пунктаў на ўсходзе краіны.

Як паведаміў Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы, за мінулыя суткі адбітыя атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае, Белагораўка Луганскай вобласці і Ямпалаўка, Спорнае, Чырвоная гара, Параскавіеўка, Бахмут, Кляшчэеўка, Іванаўскае, Аўдзееўка, Вадзяное, Першамайскае і Вугледар Данецкай вобласці.

Адзначаецца, што праціўнік працягвае весці наступальныя дзеянні на Ліманскім і Бахмуцкім напрамках, нясучы вялікія страты. Вядзе беспаспяховыя наступальныя дзеянні на Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім напрамках. На Купянскім і Запарожскім напрамках — бароніць раней захопленыя рубяжы.

_viyskovi_bahmut_gettyimages_1244306857_11_1300x820.jpg

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што яго краіна не будзе даваць знішчальнікі F-16 Украіне. Украінскія афіцыйныя асобы актывізавалі свае заклікі да заходніх партнёраў з нагоды авіяцыі, каб змагацца супраць акупацыйных войскаў.

Адзначаецца, што на пытанне журналістаў аб перадачы Украіне знішчальнікаў F-16 Украіне, Байдэн абмежаваўся кароткім «не» і не назваў прычын.

Нагадаем, прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў пра гатоўнасць перадаць УСУ амерыканскія знішчальнікі F-16, калі Штаты дадуць «зялёнае святло».

Паводле слоў спікера камандавання паветраных сіл Узброеных Сіл Украіны Юрыя Ігната, Украіне для абароны трэба замяніць увесь свой парк савецкіх самалётаў на F-16. Акрамя таго, неабходна стварыць з іх па меншай меры пяць паветраных брыгад.

1651495147_4694.webp

Расійскія сілы ствараюць умовы для пачатку наступу, верагодна, у Луганскай вобласці. Як гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), гэтыя заявы пацвярджаюць ацэнку Інстытута аб тым, што наступ у бліжэйшыя месяцы з'яўляецца найбольш верагодным планам дзеянняў.

У ISW згадваюць, у прыватнасці, аб заяве генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга аб тым, што альянс чакае новага наступу Расіі. А таксама заяву кіраўніка Савета рэзервістаў Сухапутных войскаў Украіны Івана Цімочкі аб узмацненні групоўкі РФ на Данбасе ў рамках чаканага наступу.

Таксама адзначаецца, што расійскія так званыя вайсковыя блогеры раздзімаюць паведамленні аб тым, што нібыта асноўныя сілы РФ для чаканага наступу і абяцанага прарыву яшчэ «не ўступілі ў бой».

«Заявы Столтэнберга і Цімочкі пацвярджаюць папярэдні прагноз ISW аб тым, што расійскія сілы ствараюць умовы для пачатку наступу, верагодна, у Луганскай вобласці, у бліжэйшыя месяцы», — гаворыцца ў справаздачы.