380-ты дзень вайны ва Украіне. Што здарылася за ноч?

Раніцай па ўсёй Украіне была абвешчана паветраная трывога.

Фота з сацсетак Генштаба Украіны, www.facebook.com/GeneralStaff.ua

Фота з сацсетак Генштаба Украіны, www.facebook.com/GeneralStaff.ua

Па ўсёй Украіне раніцай 10 сакавіка абвясцілі паветраную трывогу. Гэта здарылася таму, што з беларускага аэрадрома Мачулішчы вылецеў расійскі знішчальнік МіГ-31К — носьбіт гіпергукавой ракеты Х-47м2 «Кінжал».

Паводле звестак беларускай маніторынгавай групы, гэта адбылося ў 09:02 раніцы.

Расія цяпер не выкарыстоўвае паветраную прастору Беларусі для нападаў на Украіну. Пра гэта паведаміў спікер паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат: «З Беларусі, напэўна, некалькі месяцаў таму былі пускі «Шахедаў», па Дняпры яны ішлі на Кіеўскую вобласць, іх збівалі. Цяпер Беларусь, яе паветраная прастора не выкарыстоўваецца. Нават для тых жа ўдараў ракетамі С-300, С-400. Таму сёння маем запускі з Разанскай вобласці, таксама з усходняга, паўднёвага напрамку».

Пасля ўчорашняй расійскай атакі ў Жытоміры і Харкаве частка спажыўцоў усё яшчэ застаюцца без электразабеспячэння. Крытычная інфраструктура гэтых гарадоў працуе пераважна ад аўтаномных крыніц сілкавання, паведаміла Укрэнерга. Акрамя таго, расійская армія 9 сакавіка працягвала абстрэльваць Днепрапятроўшчыну і Запарожжа, з-за чаго ў гэтых рэгіёнах праводзяцца аварыйныя адключэнні.

Брытанская выведка мяркуе, што інтэрвал паміж ракетнымі ўдарамі па Украіне расце, таму што цяпер Расіі неабходна назапасіць крытычную масу нядаўна вырабленых ракет, перш чым яна зможа арганізаваць досыць магутную атаку, каб надзейна здушыць украінскую супрацьпаветраную абарону.

Уначы расіяне ўдарылі па Нікапальскім раёне Днепрапятроўскай вобласці ракетамі і цяжкай артылерыяй, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак. Людзі не пацярпелі, але пашкоджаны прадпрыемствы і дамы. У Пакроўскай абшчыне ў выніку абстрэлу моцныя разбурэнні на энергетычным аб'екце, тры населеныя пункты раёна часткова абясточаны. Таксама з цяжкай артылерыі армія РФ двойчы абстраляла Краснагрырор’еўскую абшчыну — пашкоджаны транспартнае і аграрнае прадпрыемствы, адміністрацыйны будынак.

У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў чатыры чалавекі загінулі, трое паранены. У Данецкай вобласці адзін загінулы (у Ваўчанцы) і двое параненых.

Генштаб Украіны агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 10 сакавіка: асабовага складу — каля 156 990 (+870 за апонія суткі) чалавек.

Фота з сацсетак Генштаба Украіны, www.facebook.com/GeneralStaff.ua

Фота з сацсетак Генштаба Украіны, www.facebook.com/GeneralStaff.ua

Ранішняя зводка Генштаба УСУ. Галоўнае

  • За мінулыя суткі Расія запусціла 95 ракет рознага базіравання. 34 ракеты збіты ўкраінскімі сіламі. Таксама войскі Расіі нанеслі 31 авіяцыйны ўдар, запусцілі 8 дронаў-камікадзэ «Шахед» (палова з іх збіта) і ажыццявілі 65 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
  • Расійскія сілы не пакідаюць спроб акружыць Бахмут. УС РФ наступаюць на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках. Украінскія сілы адбілі 102 атакі расіян.
  • На Купянскім і Ліманскім кірунках праціўнік спрабуе палепшыць тактычнае становішча.
  • На Бахмуцкім кірунку праціўнік не спыняе штурму горада Бахмут. Украінскія сілы адбілі шматлікія атакі ў раёнах Жалязнянскага, Арэхава-Васільеўкі, Дубава-Васільеўкі, Бахмута і Іванаўскага.
  • На Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках расійскія сілы беспаспяхова наступалі ў раёне населеных пунктаў Краснагораўка, Каменка, Вадзяное, Паўночнае, Першамайскае, Невельскае, Мар'інка, Пабеда, Новаміхайлаўка і Угледар Данецкай вобласці.
  • На Запарожскім і Херсонскім кірунках расійскія сілы абараняюцца.

Украіна атрымала адну з дзвюх сістэм СПА «Patriot», абяцаных ЗША і Германіяй, але яна пакуль не ўведзена ў эксплуатацыю, піша «Financial Times».

СБУ паведаміла аб падазрэнні ў дачыненні да гендырэктара ГП «Антонаў», яго намесніка і начальніка падраздзялення па авіябяспецы, чые дзеянні прывялі да знішчэння самалёта «Мрія». Па матэрыялах следства, напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання чыноўнікі не дапусцілі вайскоўцаў Нацгвардыі на тэрыторыю Гастомельскага аэрапорта для падрыхтоўкі яго да абароны. Гэта прывяло да захопу стратэгічна важнага аэрадрома, навакольных населеных пунктаў і знішчэння самалёта АН-225 «Мрія».



Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што Расія нанесла найбуйнейшы сёлета ракетны ўдар па Украіне толькі для дасягнення мэт дзяржаўнай прапаганды. Атака, якую Мінабароны РФ назвала «адплатай за тэракты» ў Бранскай вобласці, ніяк не паўплывае і не палепшыць пазіцый Расіі на перадавой, адзначаюць эксперты.

У прыватнасці, на думку аналітыкаў, Крэмль наўмысна запусціў ракеты, якія ўкраінская СПА не можа перахапіць, нягледзячы на скарачэнне іх запасаў, каб супакоіць расійскія праваенныя і ультранацыяналістычныя колы, што пераважнай большасцю заклікалі яго адпомсціць за інцыдэнт у Бранскай вобласці. Аднак большасць расійскіх блогераў не падтрымалі ўдары 9 сакавіка, адзначыўшы, што Крамлю неабходна карэнным чынам змяніць тактыку іх нанясення, улічваючы, што Украіна прыстасавалася да ўсталяванай схемы нападаў.

Таксама ISW паведаміў, што расійскія сілы рыхтуюцца да аднаўлення наступальных аперацый у раёне Угледара, аднак пастаянныя праблемы з асабовым складам і боепрыпасамі будуць стрымліваць іх прасоўванне. У прыватнасці, 155-я марская пяхотная брыгада панесла катастрафічныя страты падчас кульмінацыйнага трохтыднёвага лютаўскага наступу на Угледар. А цяпер расійскія войскі, верагодна, праводзяць ратацыю ў 136-й мотастралковай брыгадзе, каб замяніць злучэнні, што моцна дэградавалі, і спадзяюцца аднавіць наступ пад Угледарам. Пры гэтым эксперты ISW не лічаць, што з дапамогай ратацыі расійцам атрымаецца ўзмацніць свой наступальны патэнцыял на гэтым кірунку.

Больш за тое, аднаўленне дарагіх наступальных аперацый вакол Угледара было б няправільным размеркаваннем і без таго знясіленых войскаў на ўсё больш бессэнсоўныя аператыўныя намаганні, але асабістая матывацыя камандуючага Усходняй ваеннай акругай Рустама Мурадава можа падахвочваць расійскія войскі ў гэтым раёне ўсё ж аднавіць наступальныя аперацыі, рэзюмуюць аналітыкі.

Бельгія прызнала Галадамор генацыдам украінскага народа

Рашэнне па Галадаморы напярэдадні прыняла Палата прадстаўнікоў — ніжняя палата парламента Бельгіі, паведамляе тэлерадыёкампанія «RTBF».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі вітаў гэтую пастанову. «Я ўдзячны Бельгіі за гэтае важнае для кожнага ўкраінца рашэнне, за гэты глыбока сімвалічны крок сёння!» — напісаў ён у твітары.

Украіна гадамі дамагалася афіцыйнага прызнання Галадамору генацыдам, на фоне вайны многія краіны падтрымалі гэтае рашэнне.

Вярхоўная рада Украіны ў 2006 годзе абвясціла Галадамор актам генацыду ўкраінскага народа. Сярод іншых краін, якія афіцыйна далі гэтай падзеі такую ж ацэнку, ЗША, Канада, Аўстралія, Партугалія, Мексіка, Бразілія і іншыя.

Паводле сацсетак, korrespondent.net, meduza.io, Украінскай службы РБК; www.unian.net