529-ты дзень вайны: Уначы РФ зладзіла адзін з самых маштабных абстрэлаў Украіны
У суботу ўвечары і сёння ўначы армія РФ нанесла ракетны ўдар па Украіне, пазней, пасля запуску ракет, Расія атакавала Украіну беспілотнікамі.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскізаявіў, што ў выніку начнога нападу сярод іншага пацярпеў завод па вытворчасці авіярухавікоў «Матор Січ» і станцыя пералівання крыві ў раёне Купянска — там, паводле яго слоў, ёсць загінулыя і параненыя.
Адзін з самых маштабных абстрэлаў Украіны
Усяго за некалькі хваляў нападаў з вечара 5-га па раніцу 6 жніўня РФ ужыла 70 сродкаў паветранага нападу.
Падчас масіраванай атакі РФ, якая працягвалася з вечара 5 жніўня да раніцы 6 жніўня, сілы СПА збілі 30 крылатых ракет і 27 ударных дронаў Shahed-136/131, паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны.
У прыватнасці, у першай хвалі атакі ўвечары 5 жніўня РФ ужыла 14 крылатых ракет марскога базавання “Калібр” і тры аэрабалістычныя ракеты Х-47 “Кінжал”. З іх удалося знішчыць 12 “Калібраў”, а наконт “Кінжалаў” інфармацыю не апублікуюць.
Акрамя таго, у ноч на 6 жніўня Расія атакавала ўдарнымі БПЛА Shahed з паўднёва-ўсходняга напрамку, крылатымі ракетамі “Калібр” — з акваторыі Чорнага мора і крылатымі ракетамі Х-101/Х-555 з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС з раёна Каспію. Сіламі СПА знішчаныя ўсе 27 ударных дронаў, пяць з шасці ракет “Калібраў” (другая хваля) і 13 з 20 крылатых ракет паветранага базавання Х-101/Х555.
Мінабароны РФ заявіла пра паразу ўкраінскіх авіябаз
Расійскія ракеты патрапілі ў ангар з авіятэхнікай УСУ і ракетна-артылерыйскім узбраеннем 9-га армейскага корпуса УСУ ў Запарожжы. Прынамсі, так абвясціў у нядзелю афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Расіі.
Акрамя гэтага, як паведаміў Ігар Канашэнкаў, у раёнах населеных пунктаў Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобласці і Дубна Роўненскай вобласці таксама Рф пацэліла ў авіябазы паветраных сіл Украіны.
Украінскі ж бок паведаміў, што расійская армія з вечара 5 жніўня тройчы атакавалі Хмяльніцкую вобласць, цэліліся па аэрадроме Стараканстанцінава. Пра гэта паведаміў першы намеснік кіраўніка АВА Сяргей Цюрын. Была серыя выбухаў у Стараканстанцінаўскай і Хмяльніцкай абшчынах, большасць ракет былі збітыя сіламі СПА.
У Стараканстанцінаўскай абшчыне выбуховай хваляй пашкоджаны некалькі прыватных жылых дамоў, будынак камунальнай установы культуры, памяшканне аўтавакзала і камерцыйнае памяшканне. Акрамя таго, у выніку атакі РФ узнік пажар на складзе адходаў кукурузы на тэрыторыі элеватара ў Стараканстанцінаўскай абшчыне, адзін чалавек пацярпеў.
На тэрыторыі Хмяльніцкай абшчыны працавала СПА, інфармацыя ўдакладняецца.
Увечары 5 жніўня расіяне нанеслі ўдар кіраванай авіябомбай па нежылым памяшканні ў Круглякоўцы Купянскага раёна Харкаўскай вобласці. Пачаўся маштабны пажар, паводле папярэдніх звестак, загінулі два чалавекі, чацвёра атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.
Акрамя таго, на працягу мінулых сутак працягваліся абстрэлы населеных пунктаў Багадухоўскага, Харкаўскага, Чугуевскага, Ізюмскага і Купянскага раёнаў вобласці, адзін чалавек паранены.
Ракетны ўдар па Харкаве
Расіяне нанеслі ракетныя ўдары па Харкаве, папярэдне з ЗРК С-300. Профільныя службы выехалі на абследаванне наступстваў абстрэлаў. На гэты момант інфармацыя аб пацярпелых не паступала, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.
Пускаў ракет з Беларусі не было?
Падчас масіраванай ракетнай атакі ўвечары 5 жніўня Расія магла імітаваць запускі ракет з тэрыторыі Беларусі, каб уцягнуць Мінск у вайну супраць Украіны, заявіў прадстаўнік ГУР Мінабароны Андрэй Юсаў.
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» таксама паведамляе, што за ўвесь дзень 5 жніўня з тэрыторыі Беларусі не было зафіксавана запускаў ракет паветранага або наземнага базавання. Больш за тое, у раёне 19:00 не было ўзлётаў авіяцыі, якая патэнцыйна магла б запусціць ракету, а таксама не было зафіксавана заходу авіяцыі ў патэнцыйную зону запуску ракет.
Акрамя таго, пасля паведамлення аб нібыта запуску ракет з тэрыторыі Беларусі па Украіне група атрымала «дастатковую колькасць аспрэчанняў з найбольш верагодных лакацый запуску».
Аднак, хоць амаль год з нашай краіны ракеты не ляцелі, украінскія СМІ нагадваюць, што ўсяго ж з 24 лютага 2022 года з тэрыторыі Беларусі па Украіне была выпушчаная мінімум 721 ракета.
Украіна-Маці і новы трызубец
У Кіеве паднялі трызубец на манумент Радзіма-Маці. Мантажныя работы плануюць завяршыць да Дня сцяга Украіны — 23 жніўня. Таксама манумент плануюць перайменаваць ва Украіну-Маці.
Раніцай 6 жніўня на помніку «Радзіма-Маці» ў Кіеве быў усталяваны ўкраінскі герб — трызубец, піша «Украінская праўда». Украінскі дзяржаўны сімвал замяніў савецкі герб. Трызубец пачалі ўсталёўваць напярэдадні, 5 жніўня. Аднак да канца гэтага дня зрабіць гэта не ўдалося. Украінскі герб, як паведамляецца, большы за савецкі, які раней усталяваны на помніку.
Украінскі Генштаб: Страты расійскай арміі — амаль 250 тысяч салдат
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 6 жніўня: асабовага складу — каля 249 700 (+590) чалавек.
За суткі на фронце адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, на Купянскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі атакі РФ ў раёнах Альшанай і Сінькоўкі Харкаўскай вобласці. На Ліманскім кірунку салдаты РФ вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Белагораўкі Луганскай вобласці.
На Бахмуцкім кірунку сілы абароны Украіны стрымліваюць рускіх у раёне Курдзюмаўкі, на Аўдзееўскім адбілі атакі расійскіх войскаў у раёне Аўдзееўкі. На Мар'інскім кірунку УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне Мар'інкі.
На Шахцёрскім кірунку РФ распачала беспаспяховыя спробы аднавіць страчанае становішча ў раёне Старамаёрскага. На Запарожскім кірунку РФ беспаспяхова спрабавала наступаць у раёне Рабоціна. Сілы абароны працягваюць наступальную аперацыю на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
Расія страціла палову дэсантнікаў, адпраўленых на вайну ва Украіну — брытанская выведка
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскае войска страціла не менш за палову дэсантнікаў, накіраваных на лінію фронту ва Украіне. Пра гэта паведаміла міністэрства абароны Вялікабрытаніі са спасылкай на брытанскую выведку.
Так, адзначаецца, што ў звароце галоўнакамандуючы ВДВ РФ генерал-палкоўнік Міхаіл Цяплінскі паведаміў, што 8,5 тысячы дэсантнікаў атрымалі раненні і пазней вярнуліся ў страі або адмовіліся пакінуць лінію фронту.
«Ён не пракаментаваў, колькі расійскіх дэсантнікаў было забіта або настолькі сур'ёзна паранена, што яны не змаглі вярнуцца ў бой. Аднак экстрапаляцыя дадзеных Цяплінскага пацвярджае ацэнку, што як мінімум 50% з 30 000 дэсантнікаў, накіраваных ва Украіну ў 2022 годзе, былі забітыя або параненыя», — адзначылі ў выведцы.
Мірная канферэнцыя
Удзельнікі саміту ў горадзе Джыда Саудаўскай Аравіі пасля першага дня кансультацый дасягнулі згоды ў двух пытаннях, піша Corriere della Sera.
Так, усе ўдзельнікі перамоваў лічаць, што ў аснове любога мірнага пагаднення павінна быць павага тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны і вяршэнства Статута ААН. Акрамя таго, удзельнікі дамовіліся стварыць рабочыя групы для абмеркавання плана ўрэгулявання вайны ва Украіне, прапанаванага Кіевам. Цяпер вядуцца перамовы з нагоды тэрмінаў правядзення сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў — яна можа адбыцца да канца года.