685-ты дзень вайны. Расія забіла трох чалавек у Хмяльніцкай вобласці
Апошнія звесткі з Украіны, дзе працягваецца развязаная Расіяй злачынная вайна.
Да трох узрасла колькасць загінулых украінцаў у Хмяльніцкай вобласці ў выніку ракетнага ўдару расійцаў 8 студзеня. Пра гэта ў Telegram паведаміў сёння мэр горада Хмяльніцкага Аляксандр Сімчышын.
«На жаль, у выніку правядзення выратавальных работ знойдзены яшчэ адзін загінулы. Мужчына 1955 года нараджэння», — адзначыў ён.
Разбор канструкцый аб'екта і ліквідацыя наступстваў ракетнага ўдару завершаныя.
Сімчышын удакладніў, што ў выніку тэрарыстычнай атакі загінулі тры чалавекі (мужчыны 1947, 1964, 1955 гадоў нараджэння) і два атрымалі раненні.
8 студзеня Расія чарговым разам абстраляла Украіну ракетамі. У прыватнасці, у Хмяльніцкай вобласці прагрымела па меншай меры шэсць выбухаў у выніку ракетнай атакі.
За мінулыя суткі, 8 студзеня, на фронце адбылося 67 баявых сутыкненняў. Як паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы, на Купянскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы адбілі пяць нападаў акупантаў каля Сінькоўкі Харкаўскай вобласці.
На Ліманскім кірунку агрэсар здзейсніў дзве безвыніковыя атакі на ўсход ад Тэрнаў Данецкай вобласці. Яшчэ дзве атакі ўкраінскія войскі адбілі на Бахмуцкім кірунку ў раёнах Кляшчыеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці.
«На Аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. Нашы воіны стойка трымаюць абарону, наносячы акупантам значныя страты. Так, сілы абароны за мінулыя суткі адбілі тры атакі праціўніка паблізу Аўдзееўкі, Севернага, Тоненькага і яшчэ 15 нападаў непадалёк Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці», — дадалі ў Генштабе.
На Мар'інскім напрамку УСУ працягваюць стрымліваць захопнікаў у раёнах Георгіеўкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці. Там было адбіта 12 нападаў. У той жа час на Запарожскім кірунку расійцы спрабавалі прарвацца на поўдзень ад Краснага, на захад ад Вербавай і паўночней Новапракопаўкі. Сілы абароны адбілі сем нападаў.
«На Херсонскім напрамку ўкраінскія абаронцы працягваюць мерапрыемствы па пашырэнні плацдарма. Нягледзячы на значныя страты, вораг не пакідае спробаў выбіць нашы падраздзяленні з займаных пазіцый. За мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 12 беспаспяховых штурмавых дзеянняў на пазіцыі сіл абароны. У той жа час нашы воіны працягваюць актыўнымі дзеяннямі наносіць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі фронту», — адзначылі ў ведамстве.
Расійскія акупанты маюць нязначнае прасоўванне ў раёне Данецка і Вербавага. Уздоўж усёй лініі фронту працягваліся пазіцыйныя баі, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Эксперты адзначаюць, што расійскія войскі нязначна прасунуліся на захад ад горада Данецк. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 7 студзеня, сведчаць аб прасоўванні на ўсходнюю ўскраіну Георгіеўкі (6 км на захад ад Данецка).
Расійскія ваенныя блогеры сцвярджалі, што расійскія войскі захапілі дзве царквы ў Георгіеўцы і прасунуліся на 300 метраў, а таксама што расійскія войскі таксама прасунуліся на супрацьлеглы бераг ракі Асыковая (на захад ад горада Данецк).
Пазіцыйныя баявыя дзеянні былі на захад ад Данецка ў раёне Мар'інкі і Георгіеўкі і на паўднёвы захад ад Данецка ў раёне Наваміхайлаўкі і Пабеды.
Таксама расійскія войскі здзейснілі наступ на захадзе Запарожскай вобласці і нязначна прасунуліся на захад ад Вербавай(на ўсход ад Рабоціна).
Расійскія і ўкраінскія крыніцы сцвярджаюць, што пазіцыйныя баявыя дзеянні працягваліся паблізу Рабоціна, на захад ад Вербавага і на поўнач ад Навапракопаўкі. Расійскі вайсковы блогер заявіў, што праз галалёд на Запарожскім кірунку расійскія войскі могуць дабрацца да сваіх пазіцый толькі на браняванай гусенічнай тэхніцы. Акупацыйны чыноўнік Запарожскай вобласці Уладзімір Рогаў заявіў, што дрэнныя ўмовы надвор'я ў Запарожскай вобласці перашкаджаюць абодвум бакам выкарыстоўваць беспілотнікі для карэкціроўкі артылерыйскага агню.
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што Украіна дакладна атрымае грошы на пасляваеннае аднаўленне з замарожаных актываў Расійскай Федэрацыі. Міністр спадзяецца, што сродкі паступяць да канца вайны.
«Гэта адбудзецца на 100%, пытанне ў тым, у якім аб'ёме. Таму што ёсць тры элементы: самі замарожаныя актывы, даходы ад іх і падаткі на гэтыя даходы. Замарожаных актываў дастаткова, каб пакрыць больш за 80% нашых патрэбаў у аднаўленні. Мы зможам адбудаваць школы, бальніцы, інфраструктуру за кошт краіны, якая іх разбурыла», — заявіў кіраўнік МЗС у інтэрв'ю El Pais.
Кулеба дадаў, што атрыманне сродкаў займае пэўны час. Міністр перакананы, што РФ павінна заплаціць за тое, што здзейсніла.
«Мы павінны пабудаваць комплексную сістэму, каб вырашыць юрыдычныя пытанні і фінансавыя механізмы. Гэта складаны прававы, рэгулятарны і фінансавы інструмент. Але нават калі ў кагосьці ёсць сумневы, гэта рашэнне прыйдзецца прыняць, таму што гэта самае натуральнае рашэнне з усіх магчымых», — падсумаваў ён.
Паводле даных Цэнтрабанка РФ, у цэлым у краінах Захаду замарожаныя расійскія актывы на агульную суму каля 300 мільярдаў долараў. Гэта была як раз палова ад тых 612 мільярдаў золатавалютнага рэзерву, які РФ мела на пачатак уварвання ва Украіну.
Раней ЗША прапанавалі рабочым групам G7 разгледзець варыянты канфіскацыі гэтых грошай. План павінны ўзгадніць да 24 лютага 2024 года.
The Financial Times пісаў, што ЕС і ЗША павінны
забраць замарожаныя актывы Расіі і перадаць іх Украіне. Калі дзяржава парушае
міжнароднае права, пацярпелы бок можа запатрабаваць рэпарацый, што з'яўляецца
ўсталяванай нормай звычайнага міжнароднага права.