713-ты дзень вайны. Расійская ракета забіла немаўля на Харкаўшчыне

Расійскія акупанты двума ракетнымі ўдарамі разбурылі трохпавярховы гатэль.

Фота з тэлеграм-канала Алега Сінягубава

Фота з тэлеграм-канала Алега Сінягубава

У выніку ракетнага ўдару расійскіх захопнікаў па гатэлі на Харкаўшчыне загінуў двухмесячны хлопчык. Пра гэта паведаміў старшыня Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

«Каля 2:30 у Золачаве Богадухаўскага раёна ў выніку двух удараў акупантаў ракетамі С-300 разбурана трохпавярховая гасцініца. Загінуў двухмесячны хлопчык», — напісаў ён.

Таксама раненні атрымалі тры жанчыны, яны шпіталізаваныя ў медыцынскую ўстанову.

Акрамя таго, пашкоджаныя сем прыватных дамоў, 19 аб'ектаў грамадзянскай інфраструктуры (крамы, кафэ, кіёскі), два адміністрацыйныя будынкі, не менш за пяць грамадзянскіх аўто.

Як паведаміў Сінягубаў, артылерыйскім і мінамётным абстрэлам РФ падвергліся каля 20 населеных пунктаў вобласці.

Кіраўнік вобласці ўдакладніў, што двухмесячны хлопчык нарадзіўся 4 снежня. Таксама ён паведаміў узрост пацярпелых жанчын. «Тры жанчыны 21, 28 і 39 гадоў з выбуховымі траўмамі і аскепкавымі раненнямі шпіталізаваныя ў бальніцу, у тым ліку і маці загінулага дзіцяці», — дадаў Сінягубаў.


Фота УСУ

Фота УСУ

За мінулыя суткі, 5 лютага, на фронце адбылося 126 баявых сутыкненняў, паведаміў Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы.

На Купянскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы адбілі восем нападаў каля Сінькоўкі Харкаўскай вобласці, дзе расійцы спрабавалі прарваць абарону.

На Ліманскім напрамку вяліся баі непадалёк Белагораўкі Луганскай вобласці і Ямпалаўкі, Цернаў, Торскага, Грыгараўкі Данецкай вобласці. Украінскія сілы адбілі 20 нападаў.

На Бахмуцкім кірунку УСУ адбілі 10 нападаў паблізу населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае і Кляшчыеўка Данецкай вобласці.

«На Аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. Нашы воіны стойка трымаюць абарону, наносячы захопнікам значныя страты. Так, сілы абароны за мінулыя суткі адбілі 29 нападаў ворага ў раёне населеных пунктаў Навабахмутаўка, Аўдзееўка і яшчэ 16 нападаў на поўдзень ад Тоненькага, Першамайскага, Невельскага Данецкай вобласці», — дадалі ў Генштаб.

У той жа час на Мар'інскім кірунку баі вяліся недалёка ад Георгіеўкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе адбіта 26 нападаў. На Запарожскім кірунку расійцы здзейснілі дзве атакі ў раёне Рабоцінага Запарожскай вобласці, але поспеху не мелі.

«На Херсонскім кірунку сілы абароны працягваюць утрымліваць пазіцыі і адбіваць штурмы акупацыйных войскаў. Нягледзячы на значныя страты, вораг не пакідае спробаў выбіць нашы падраздзяленні з займаных пазіцый. Так, за мінулыя суткі праціўнік здзейсніў тры беспаспяховыя штурмавыя дзеянні», — падсумавалі ў Генштабе.


Калаж unian.net

Калаж unian.net

УСУ маюць новыя поспехі на фронце — прасунуліся наперад у раёне горада Аўдзееўка Данецкай вобласці. Прасоўванне ўкраінскіх сіл адбылося на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW), спасылаючыся на кадры з геалакацыяй, якія былі апублікаваныя ў панядзелак, 5 лютага. «УСУ нядаўна прасунуліся на паўночны ўсход ад Невельскага», — удакладняюць эксперты.

У інстытуце дадалі, што каля гэтага населенага пункта і Аўдзееўкі працягваюць знаходзіцца падраздзяленні 110-й і 1-й мотастралковых брыгад так званай «ДНР». Паводле звестак украінскіх і расійскіх крыніц, пазіцыйныя баі ішлі, у прыватнасці, у раёне Невельскага і Першамайскага (паўднёва-захад ад ад Аўдзееўкі), каля Северскага і Тоненькага (на захад ад Аўдзееўкі).


Фота УСУ

Фота УСУ

Затрымкі ў аказанні ваеннай дапамогі ад Захаду ўзмацняюць недахоп боепрыпасаў ва Узброеных сіх Украіны. Як паведамілі аналітыкі ISW, такое становішча рэчаў падрывае здольнасць украінскіх войскаў выкарыстоўваць заходнія контрбатарэйныя сістэмы.

Кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка заявіў, што за апошні тыдзень акупанты павялічылі інтэнсіўнасць артылерыйскіх удараў амаль на 25% і абстралялі Украіну больш за 1500 разоў, уразіўшы больш за 570 населеных пунктаў.

Таксама эксперты ўспомнілі пра артыкул у The New York Times, у якім паказваецца, што ўкраінскія абаронцы на крытычна важных участках фронту, напрыклад, каля Аўдзееўкі, абмяжоўваюць выкарыстанне артылерыйскіх снарадаў. Сілы абароны могуць паражаць толькі вялікія масы захопнікаў. Аднак расійцы ўжо адаптаваліся да гэтага і ажыццяўляюць штурмы невялікімі групамі.

Паводле слоў украінскага аналітыка Пятра Чэрніка, у УСУ адносна лепшыя контрбатарэйныя магчымасці, чым у УС РФ, паколькі яны валодаюць амерыканскімі радарамі AN/TPQ-36 (48 і 50), а таксама нямецкай сістэмай COBRA.

«Контрбатарэйныя радары эфектыўныя тым, што яны выяўляюць надыходзячы агонь і разлічваюць месца яго паходжання, каб артылерыя магла весці агонь у адказ», — растлумачылі аналітыкі.

У ISW адзначылі, што недахоп боепрыпасаў сур'ёзна пагаршае працу контрбатарэйных сістэм. Радары эфектыўныя настолькі, наколькі вялікая колькасць снарадаў, наяўных у распараджэнні УСУ для дасягнення мэтаў.

У той жа час акупанты атрымліваюць выгаду ад недахопу боепрыпасаў у Украіны і яе далейшай няздольнасці весці дастатковую контрбатарэйную вайну, і гэтая дынаміка, верагодна, будзе абвастрацца па меры таго, як перыяд недахопу снарадаў у УСУ будзе зацягвацца.


Фота president.gov.ua

Фота president.gov.ua

Магчымая адстаўка камандуючага УСУ Валерыя Залужнага — крок, які, імаверна, раззлуе многіх вайскоўцаў, піша The Times.

Выданне нагадвае нядаўнюю заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з намёкам аб тым, што звольнены можа быць не адзін Залужны, а Украіне агулам патрэбная нацэленая на перамогу новая каманда: «Я кажу пра перазагрузку, пра замену, я маю на ўвазе нешта сур'ёзнае, якое тычыцца не аднаго чалавека, а кірунку кіраўніцтва краінай».

Як адзначае The Times, разлад паміж Зяленскім і Залужным стаў відавочным у лістападзе, калі генерал заявіў The Economist, што вайна зайшла ў тупік. Лічыцца таксама, што ў Зяленскага ёсць рознагалоссі з Залужным праз ягоную просьбу мабілізаваць паўмільёна чалавек.

Палітолаг Уладзімір Фясенка прагназуе, што адстаўка Залужнага будзе вельмі непапулярная сярод украінскіх жаўнераў і мірных жыхароў, але якога-небудзь вайсковага перавароту не будзе.

«Украінскія вайскоўцы досыць дысцыплінаваныя і разумеюць, што бунт у ваенны час нясе небяспеку ваеннай паразы. Акрамя таго, не ўсе ваеначальнікі падтрымліваюць Залужнага. Але будзе моцная незадаволенасць і ў войску, і ў грамадстве», — сказаў ён.

Таксама выданне адзначае, што звальненне Залужнага можа зрабіць яго канкурэнтам на пасаду прэзідэнта: «Хоць Залужны не падаў ніякіх прыкмет таго, што ў яго ёсць палітычныя амбіцыі, крытыкі Зяленскага бачаць у ім ягоную магчымую замену».