733-ці дзень вайны. Зяленскі ўпершыню агучыў страты Украіны ў вайне з Расіяй

Расійцы працягваюць ціснуць на ўкраінскую абарону, цяпер — на мар’інскім кірунку. Афіцыйныя расійскія чыноўнікі і СМІ сарамліва «замаўчалі» другую гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. І гэта зразумела — пахваліцца няма чым. За два гады «другая армія свету» так і не дасягнула якіх-небудзь пастаўленых мэт.

56_big_1.jpg

Як паведамляе Генеральны штаб УСУ, за мінулыя суткі адбылося 95 баявых сутыкненняў, 40 з іх — на мар’інскім напрамку. Там сілы абароны працягваюць стрымліваць ворага ў раёнах населеных пунктаў Новаміхайлаўка, Георгіеўка, Перамога і Краснагораўка Данецкай вобласці.

На купянскім напрамку адбіта 6 атак праціўніка ў раёне населеных пунктаў Сінькоўка і Табаеўка Харкаўскай вобласці.

На ліманскім напрамку ўкраінскімі ваярамі адбіта 5 атак у раёнах Цернаў Данецкай вобласці і Белагораўка Луганскай вобласці.

На бахмуцкім напрамку Сіламі абароны адбіта 8 нападаў праціўніка ў раёнах Іванаўскага і Кляшчэеўкі Данецкай вобласці.

На аўдзееўскім напрамку абаронцамі Украіны адбіта 25 атак у раёнах населеных пунктаў Паўночнае, Стэпавае, Бердзічы, Ластаўчына і Невельскае Данецкай вобласці.

На запарожскім напрамку сіламі абароны адбіта 6 атак у раёне Рабоціна і 1 — у раёне Гуляйпольскага Запарожскай вобласці.

На херсонскім напрамку сілы абароны працягваюць утрыманне пазіцый на левабярэжжы Дняпра. За мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 4 беспаспяховыя штурмы пазіцый украінскіх войскаў.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расійскія войскі з вялікімі намаганнямі спрабуюць прасунуцца ў межах Рабоціна на фоне лакальных наступальных аперацый на захадзе Запарожскай вобласці.

Вядомы блогер, звязаны з Крамлём, заявіў, што расійскія войскі атакуюць і прасоўваюцца ва ўсходняй і паўночнай частцы Рабоціна, а іншыя расійскія блогеры сцвярджалі, што ў населеным пункце і вакол яго працягваюцца жорсткія баі. Некаторыя блогеры дадаткова адзначылі, што ўкраінскія войскі спрабуюць контратакаваць і адціснуць расійскія войскі назад да ўскраін Рабоціна.

Расійская крыніца таксама паведаміла, што расійскія войскі актывізаваліся на Каменскім участку фронту (прыкладна за 35 км на паўночны захад ад Рабоціна) і што ў гэтым раёне працягваюцца баі. Відэа з геалакацыяй, апублікаванае 25 лютага, паказвае, што расійскія войскі нязначна прасунуліся ўздоўж вуліцы Астапа Вішні ў Крынках.

Украінскія і расійскія крыніцы паведамілі пра няспынныя пазіцыйныя баі ў Крынках, нягледзячы на заявы Расіі аб тым, што расійскія войскі цалкам адбілі населены пункт.

Пазіцыйныя баі працягваліся ўздоўж лініі Купянск-Сватава-Крамянная 25 лютага, але пацверджаных змен на лініі фронту не было.

Расійскія войскі прасунуліся ў раёне Бахмута. Відэа з геалакацыяй, апублікаванае 25 лютага, паказвае, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўнач ад Іванаўскага (на захад ад Бахмута).

Прадстаўнік украінскай Таўрычнай групоўкі войскаў Дзмітрый Ліхавы заявіў, што ўкраінскія войскі адышлі на заходнюю ўскраіну Ластаўчына, дзе занялі падрыхтаваныя абарончыя пазіцыі

Паведамляецца, што 25 лютага ўкраінскія войскі аднавілі некаторыя пазіцыі на паўднёвы захад ад Данецка каля Салодкага, але пацверджаных змен на лініі фронту не было.

* * *

Расійскія войскі ўначы атакавалі тэрыторыю Украіны з дапамогай ракет і ўдарных беспілотнікаў. Сілы СПА збілі дзевяць «Шахедаў» і тры ракеты.

Расійская армія нанесла чарговы ракетны ўдар па раёне Харкава. Мясцовыя ўлады паведамляюць, што інфармацыі аб пацярпелых у іх пакуль няма.

«Акупанты нанеслі ўдары па Харкаўскім раёне. Папярэдне: войска РФ ударыла ракетамі С-300 з тэрыторыі Белгарада. На гэтую хвіліну інфармацыі аб пацярпелых не паступала. Агляд месцаў траплянняў працягваецца», — напісаў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў.

* * *

417532381_746963854283362_1647354816669142559_n.jpg

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўпершыню назваў колькасць загінулых на вайне ўкраінскіх вайскоўцаў. На прэс-канферэнцыі яму было зададзена пытанне: «Якую цану плаціць Украіна за вызваленне?»

«Я не ведаю, ці маю я права. Гэта сур'ёзны момант. ( ... ) Кожны чалавек — гэта вялікія страты для нас. І гэта вельмі вялікія страты для нас. 31 тысяча ўкраінскіх вайскоўцаў загінулі на гэтай вайне. Не 300 тысяч, не 150 тысяч, што там хлусіць Пуцін са сваім хлуслівым кругам. Але тым не менш кожная гэтая страта — гэта вялікія страты для нас. Расійцы — іх загінула 180 тысяч.

Усяго страт загінулых і параненых у Расіі — 180 тысяч смерцяў. Я не ведаю, колькі без вестак прапала ў іх. І ведаю, што да 500 тысяч у суме з параненымі. Украінцаў 31 тысяча, і для нас гэта вельмі балюча. Я не скажу, колькі паранена, таму што Расія будзе ведаць, колькі людзей сышло з поля бою», — заявіў ён.

* * *

Расійскае апазіцыйнае выданне «Агенцтва навін» 25 лютага паведаміла, што пракрамлёўскія тэлеканалы не згадалі другую гадавіну пачатку вайны Расіі супраць Украіны ў перадачах 24 лютага.

ISW лічыць, што расійскія ўрадавыя чыноўнікі, верагодна, устрымаліся ад асвятлення другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі, спрабуючы пазбегнуць абмеркавання таго, што Расія не змагла дасягнуць заяўленых мэт вайны за кошт значных чалавечых ахвяр, і ў спробе захаваць грамадскую апатыю да вайны, якая, збольшага, дазваляе расійскім чыноўнікам працягваць вайну без значнай рэакцыі грамадскасці.

Супрацоўнікі Інстытута працягваюць лічыць, што Пуцін, верагодна, усведамляе, што другая хваля мабілізацыі будзе вельмі непапулярная, і занепакоены тым, што такая мера выкліча шырокую незадаволенасць. Аднак Пуцін, магчыма, стане менш турбавацца аб грамадскіх настроях пасля свайго пераабрання ў сакавіку 2024 года і вырашыць, што патрэбы Расіі ў нарошчванні Узброеных Сіл пераважваюць рызыкі шырокай унутранай незадаволенасці.