864-ты дзень вайны. Расійцы забілі ў Данецкай вобласці 11 мірных жыхароў
За мінулыя суткі на франтах расійска-украінскай вайны значных падзей не адбылося, але гэта не значыць, што навін пра злачынную крамлёўскую агрэсію ў суседняй краіне няма.
Расійскія захопнікі напярэдадні скінулі на прадпрыемства горада Селідава Данецкай вобласці дзве кіраваныя авіябомбы, у выніку чаго па меншай меры пяць чалавек з загінулі і восем параненыя, паведаміў кіраўнік рэгіёну Вадзім Філашкін у тэлеграм-канале.
Паводле яго слоў, абедзве бомбы патрапілі на тэрыторыю прадпрыемстваў. Пашкоджанні рознай ступені атрымалі 15 прыватных дамоў, 21 аўтамабіль, чатыры крамы і прамысловы будынак.
Філашкін у чарговы раз заклікаў людзей своечасова эвакуявацца.
У Данецкай абласной пракуратуры ўдакладнілі, што Селідава расійцы абстралялі двойчы, першы раз у 15.30. Праз гадзіну войскі акупантаў нанеслі паўторны ўдар па населеным пункце. Паводле папярэдніх звестак, РФ выкарыстала касетныя боепрыпасы і «ФАБ-500». У зоне паражэння апынуўся прыватны сектар і шматкватэрныя дамы.
Паведамляецца, што ў выніку нападаў загінулі пяць цывільных грамадзян. Акрамя таго, атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці чатыры жанчыны і сем мужчын ва ўзросце ад 28 да 71 года.
Акрамя гэтага, за мінулыя суткі расійцы забілі ў Данецкай вобласці яшчэ шэсць мірных жыхароў. У выніку абстрэлаў тры чалавека загінулі ўЧасавым Яры, па адным і Комары, Тарэцку і Украінску.
Сёння ноччу акупанты нанеслі ўдар 27-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed-131/136 з Крыма і Курскай вобласці, паведамляюць у Паветраных сілах УСУ.
Адзначаецца, што ўкраінскім абаронцам удалося збіць 24 «Шахеды» ў Днепрапятроўскай, Палтаўскай, Запарожскай, Херсонскай, Харкаўскай, Данецкай, Сумскай, Чарнігаўскай, Вінніцкай, Кіеўскай, Кіраваградскай, Мікалаеўскай абласцях.
«Да адбіцця паветранага нападу прыцягваліся мабільныя агнявыя групы Сіл абароны Украіны, зенітныя ракетныя падраздзяленні паветраных сіл, СПА Сухапутных войскаў, падраздзяленні радыёэлектроннай барацьбы», — гаворыцца ў паведамленні.
Паведамляецца, што расійцы нанеслі удар па энергетычнай інфраструктуры Сумшчыны, былі абясточаныя населеныя пункты вобласці ў некалькіх раёнах. Акрамя таго, паводле паведамлення Сумскага водаканала, у сувязі з абясточваннем часова была спыненая падача вады ў горад.
Расійскія вайскоўцы праз дэфіцыт тэхнікі, якую паспяхова знішчаюць УСУ, ствараюць усё новую больш мудрагелістую і грувасткую зброю. Аднак, як піша Forbes, імправізаваная палявая гармата, якую паказалі ў відэа ў расійскіх сацсетках на мінулым тыдні, можа аказацца самым незвычайным і найменш эфектыўным з усіх гэтых самаробных гармат.
«Гэта 73-міліметровая гармата нізкага ціску 2А28, якую прадпрымальныя расійскія тэхнікі знялі з баявой машыны БМП-1 узору 1960-х гадоў і прыварылі да грубага лафета, каб яе можна было буксіраваць», — піша выданне.
Так, у адным з відэаролікаў паказана, як салдат зараджае і страляе з прылады з хуткасцю адзін снарад у некалькі секунд. Яшчэ адно відэа паказвае гармату 2А28, якую буксірует грузавік.
Аднак Forbes звяртае ўвагу, што пры кожным стрэле 2А28 падскоквае на некалькі сантыметраў.
Як тлумачыць выданне, каб размясціць 73-міліметровую гармату на 15-тоннай БМП-1, канструктары 2А28 паменшылі ціск унутры ствала, у выніку чаго атрымалася лёгкая зброя з нізкай аддачай, але недастатковай дакладнасцю стральбы на адлегласці больш за некалькі сотняў метраў. Пры гэтым калі страляць з зямлі, без бронекорпуса, які забяспечвае ўстойлівасць, то дакладнасць будзе нашмат горшая.
«Усё гэта азначае, што самаробная палявая гармата 2A28 можа спрацаваць супраць буйных, нерухомых цэляў, якія знаходзяцца на адлегласці не больш за некалькі сотняў метраў», — падкрэслівае Forbes.
Але, як адзначае выданне, падобна. у расійцаў не застаецца асаблівага выбару. Калі ў пачатку вайны яны мелі на ўзбраенні каля 4000 гаўбіц і ракетных установак, то да цяперашняга моманту ўжо страцілі не менш за 1400 гэтых гармат і пускавых установак.
І хоць Расія можа ствараць новыя артылерыйскія прылады і раскансерваваць старыя савецкія ўзоры, аднак не можа вырабляць замену зброі досыць хутка, каб папоўніць страты.
«Неаслабны попыт на агнявую моц на полі бою азначае, што франтавыя войскі будуць працягваць імправізаваць. Альтэрнатыва — нічога не рабіць і рызыкаваць атакаваць украінскія пазіцыі без агнявой падтрымкі, замест недакладнай і ўразлівай агнявой падтрымкі», — падкрэслівае Forbes.
Заявы і патрабаванні кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна аб заканчэнні вайны сведчаць аб тым, што ён не хоча згаджацца ні на што іншае, акрамя знішчэння ўкраінскай дзяржаўнасці і ідэнтычнасці, гаворыцца ў аналізе Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Адзначаецца, што Пуцін выкарыстаў сустрэчу з прэм'ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам 5 ліпеня, каб выступіць супраць спынення агню шляхам перамоваў і выказаў сваю прыхільнасць «канчатковаму» спыненню вайны, што дазволіць дасягнуць ягонай мэты — знішчэнне ўкраінскай дзяржаўнасці.
«Пуцін заявіў, што пагадненне паміж Расіяй і Украінай не павінна прывесці да часовага спынення агню, паколькі гэта дазволіць Украіне перагрупавацца і пераўзброіцца, і што РФ выступае за «поўнае» і «канчатковае» спыненне канфлікту», — гаворыцца ў паведамленні.
Пуцін патрабуе як здачы значнай часткі тэрыторыі і насельніцтва Украіны пад расійскую акупацыю, так і капітуляцыі ўкраінскіх вайскоўцаў перад пачаткам любых перамоваў па завяршэнні вайны.
Адзначаецца, што Пуцін ужо даўно заклікае да «дэмілітарызацыі» Украіны — патрабаванні, каб Украіна адмовілася ад сваёй здольнасці супраціўляцца расійскай агрэсіі, каб кіраўнік Крамля мог свабодна навязваць сваю волю Украіне.
У справаздачы гаворыцца, што Пуцін амаль напэўна выкарыстае капітуляцыю Украіны для дасягнення сваёй іншай мэты — звяржэння дэмакратычна абранай украінскай улады і замены яе прарасійскай палітычнай сістэмай.
Ваенныя аналітыкі адзначаюць, што ўкраінскія контрнаступныя аперацыі па вызваленні аператыўна важных тэрыторый застаюцца самым эфектыўным спосабам падарваць давер Пуціна да жаданага канчатковага выніку яго агрэсіўнай вайны супраць Украіны.
На думку экспертаў, упэўненасць Пуціна ў здольнасці Расіі спрыяць капітуляцыі або выйграць працяглую вайну на знясіленне грунтуецца на ацэнцы таго, што Украіна не зможа правесці аперацыйна значныя контрнаступныя аперацыі.
Падкрэсліваецца, што Захад павінен паспяшацца даць Украіне неабходную падтрымку для правядзення контрнаступальных аперацый, каб скасаваць разлікі Пуціна і пазбегнуць зацягвання вайны больш, чым гэта неабходна для забеспячэння міру, прымальнага для Украіны і яе партнёраў.
Нагадаем, Пуцін на брыфінгу пасля сустрэчы Орбанам заявіў, што Украіна адмаўляецца капітуляваць і здаваць Расіі свае тэрыторыі, таму што тады давядзецца адмяняць ваеннае становішча і праводзіць выбары.
Уладзімір Зяленскі заявіў, што за 53 абмены Украіна вярнула 3310 грамадзян з расійскага палону.
«53 абмены. 3310 нашых людзей, якія ўжо дома, ва Украіне, побач са сваімі роднымі», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Украіна працягвае працаваць і шукаць шляхі, каб вярнуць з расійскага палону кожнага і кожную — ваенных і грамадзянскіх, дарослых і дзяцей.
Зяленскі таксама адзначыў, што ніводзін з тых, хто пакуль знаходзіцца ў палоне, не будзе забыты і будзе вернуты дадому.
Раней паведамлялася, што Папа Рымскі Францішак заклікаў Украіну і РФ правесці абмен палоннымі ў фармаце «ўсіх на ўсіх». Кіраўнік украінскай выведкі Кірыл Буданаў сказаў, што ўкраінскі бок выступае толькі «за», але Расія не зацікаўленая ў гэтым.
У траўні Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з
ваеннапалоннымі паведамляў, што ў расійскім палоне застаюцца 403 украінскія
жанчыны. Акупанты ігнаруюць усе звароты з патрабаваннем вярнуць гэтых жанчын.