921-шы дзень вайны. Прынамсі 41 пацярпелы ў выніку расійскага ўдару па Харкаве
«Супернік цэліў выключна па грамадзянскай інфраструктуры». Распавядаем пра галоўныя падзеі чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Наступствы расійскага абстрэлу Курахава Данецкай вобласьці 1 верасня 2024 году. Данецкая АДА
Акупанты нанеслі каля 10 удараў па Харкаве. Прынамсі 41 пацярпелы
Пра новы абстрэл горада паведаміў кіраўнік Харкаўскай АДА Алег Сінягубаў.
«Сярод пашкоджанай інфраструктуры з прычыны варожых прылётаў – гандлёвы цэнтр, аб'ект спартовай інфраструктуры, жылыя дамы», — напісаў ён.
Колькасць пацярпелых у Харкаве вырасла да 41, у тым ліку 5 дзяцей.
«Сярод пашкоджаных — аддзяленне «Новай пошты», крамы, спартыўны комплекс, гандлёвы цэнтр, аўтамабілі. Супернік цэліў выключна па грамадзянскай інфраструктуры», — удакладніў Алег Сінягубаў.
Паводле папярэдніх дадзеных, па Харкаве ўдарылі «Іскандэрамі».
Крыніца: telegram
Уладзімір Зяленскі: «Расія зноў тэрарызуе Харкаў. Удары па грамадзянскай інфраструктуры, проста ў горадзе.
На дадзены момант больш за 30 параненых. Задзейнічаныя ўсе неабходныя сілы для правядзення выратавальнай аперацыі.
І трэба задзейнічаць усе неабходныя сілы свету, каб спыніць гэты тэрор. Для гэтага патрэбныя не надзвычайныя сілы, а дастатковая мужнасць лідэраў – мужнасць даць Украіне ўсё неабходнае для абароны».
3 чалавекі загінулі, 9 параненыя ў выніку расійскага абстрэлу Данецкай вобласці
Расійскія войскі абстралялі горад Курахава Данецкай вобласці з рэактыўных сістэм залпавага агню «Ураган»
Пра гэта паведаміў кіраўнік Данецкай аблдзяржадміністрацыі Вадзім Філашкін.
Расійскія войскі ўжылі «ўраганы», ударыўшы па прыватным сектары і шматпавярховым дамах у цэнтры горада, піша Hromadske.
На месцы працуюць прадстаўнікі ўлады, паліцыя, ратавальнікі. Дакладная колькасць ахвяр і маштабы разбурэнняў яшчэ ўстанаўліваюцца.
Над 16 рэгіёнамі Расіі — больш за паўтары сотні ўкраінскіх беспілотнікаў
Гэта найбуйнейшая атака з пачатку вайны. У Маскве з-за падзення абломкаў дрона адбыўся пажар на НПЗ, піша «Медуза».
Мінабароны РФ заявіла, што сродкі СПА за ноч у агульнай складанасці «знішчылі і перахапілі» 158 дронаў самалётнага тыпу над 15 рэгіёнамі. Па дадзеных ведамства, 46 беспілотнікаў збілі над Курскай вобласцю, 34 — над Бранскай, 28 — над Варонежскай, 14 — над Белгарадскай.
Больш падрабязна

Сярод згаданых рэгіёнаў аказаліся таксама Тамбоўская, Смаленская, Арлоўская і Іванаўская вобласці. Да гэтага часу з пачатку поўнамаштабнай вайны аб атаках дронаў на гэтыя рэгіёны не паведамлялася. Таскама адзін дрон быў збіты на падлёце да Яраслаўля, паведамілі мясцовыя ўлады. У зводцы Мінабароны гэты рэгіён не згадваецца.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што над горадам былі збітыя два беспілотнікі — абодва ў раёне НПЗ у Капотні. У выніку падзення абломкаў аднаго з іх адбыўся пажар, Сабянін падкрэсліў, што загарэўся тэхнічны будынак, які стаіць асобна.
Праз атаку ўначы і раніцай прыпынялася праца маскоўскіх аэрапортаў Унукава, Дамадзедава і Жукоўскі. Як паведаміла Расавіяцыя, на вылет затрымалі 74 рэйсы, на запасныя аэрадромы пайшлі 43 самалёты.
У Цвярской вобласці ўлады зрабілі справаздачу аб пяці збітых беспілотніках у раёне горада Канакова, дзе знаходзіцца ДРЭС. Таксама пад атаку патрапіла Кашырская ДРЭС у Маскоўскай вобласці.
Аб пацярпелых ні ў адным з рэгіёнаў афіцыйна не паведамляецца. Украіна атаку не каментавала.