945-ты дзень вайны. Зяленскі: Трэба прымусіць Расію да міру як адзінага агрэсара ў гэтай вайне
Расія вядзе сакрэтныя перамовы з еменскімі хусітамі аб пастаўках ім супрацькарабельных крылатых ракет П-800 "Онікс". Трамп не плануе сустракацца з Зяленскім падчас яго візіту ў ЗША. Запарожжа пад расійскімі авіябомбамі. Распавядаем пра галоўныя падзеі чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Зяленскі на паседжанні Савета Бяспекі ААН: Расію можна толькі прымусіць да міру
Па словах украінскага лідэра, Расея «з першай секунды» поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну здзяйсняе міжнародныя злачынствы, якія «ніяк нельга апраўдаць паводле Статута ААН». «Пуцін парушыў так шмат міжнародных нормаў і правілаў, што ён сам не спыніцца. Расію можна толькі прымусіць да міру. І менавіта гэта трэба — прымусіць Расію да міру як адзінага агрэсара ў гэтай вайне, адзінага парушальніка Статута ААН», — заявіў Зяленскі ў зале паседжанняў Савета бяспекі ААН, піша Deutsche Welle.
У Крамлі словы Уладзіміра Зялонскага аб тым, што Расію можна толькі "прымусіць да міру" назвалі "фатальнай памылкай". «Прымусіць Расію да міру немагчыма. Расія з'яўляецца прыхільніцай міру, але з умовай забеспячэння асноў яе бяспекі і выканання тых задач, якія стаяць перад СВА. Але без дасягнення гэтых мэт прымусіць Расію немагчыма», — сказаў прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, піша Медуза.
Запарожжа пад расійскімі авіябомбамі. Загінуў 55-гадовы мужчына
«Ёсць ахвяры і разбурэнні: вораг бязлітасна тэрарызуе Запарожжа», — паведаміў кіраўнік Запарожскай адміністрацыі Іван Фёдараў.
Ён дадаў, што ў Камунарскім раёне гораду ў выніку расійскай атакі разбураныя прыватныя дамы.
55-гадовы мужчына загінуў у выніку атакі расійцаў на раён Палогава, яшчэ 7 чалавек атрымалі раненні падчас абстрэлу Запарожжа. За суткі акупанты нанеслі 397 удараў па 8 населеных пунктах Запарожскай вобласці, — паведаміў Фёдараў.
УСУ: За ноч збітыя 28 з 32 «шахедаў» і чатыры з васьмі ракет
Паветраныя сілы УСУ паведамляюць, што ў ноч на 25 верасня расійцы запусцілі па Украіне 32 беспілотнікі-камікадзэ і 8 ракет. Украінская СПА збіла 28 беспілотнікаў і чатыры ракеты.
Астатнія чатыры беспілотнікі, як сцвярджаюць украінскія вайскоўцы, «лакацыйна страчаныя ў некалькіх рэгіёнах». Паведамленняў аб разбурэннях і ахвярах не паступала.
Усе чатыры збітыя ракеты, паводле зводкі Паветраных сіл, былі крылатымі ракетамі паветранага базіравання. У той жа час чатыры балістычныя ракеты, выпушчаныя па Харкаве, збіць не ўдалося.
У Крывым Рогу ў бальніцы памёр 50-гадовы пацярпелы, паранены падчас ракетнага абстрэлу 21 верасня
Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.
Агулам пры нападзе загінулі чатыры чалавекі, уключаючы 12-гадовага падлетка.
У Белгарадскай вобласці ўкраінскія дроны атакавалі сем населеных пунктаў
Пра гэта паведаміў губернатар рэгіёну Вячаслаў Гладкоў. Пацярпелых пры атаках, паводле папярэдніх звестак, няма, але ёсць разбурэнні дамоў і аўтамабіляў.
Генштаб УСУ: Сітуацыя на фронце застаецца складанай
«Праціўнік, выкарыстоўваючы сваю перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, няспынна атакуе нашы пазіцыі. Украінскія абаронцы стойка стрымліваюць націск акупантаў і наносяць ворагу максімальныя страты», — паведамляюць у Генштабе.
Усяго за мінулыя суткі, паводле Генштаба, зафіксаваныя 154 баявыя сутыкненні.
«На Харкаўскім напрамку праціўнік тройчы спрабаваў штурмаваць раён населенага пункта Ваўчанск. Акрамя таго, авіяцыя праціўніка абстраляла жылыя кварталы Харкава сямю зенітнымі ракетамі, у выніку чаго пацярпела мірнае насельніцтва і грамадзянская інфраструктура.
На Купянскім напрамку за суткі адбылося 12 атак захопнікаў. Сілы абароны адбівалі ўдары праціўніка ў раёне Сынькоўкі, Андрыеўкі, Круглякоўкі, Пішчанага, Стэльмахаўкі, Лозава», — паведамілі ва УСУ.
Associated Press: Дональд Трамп не плануе сустракацца з Зяленскім падчас яго візіту ў ЗША
Сустрэча паміж Трампам і Зяленскім на гэты тыдзень не запланавана, паведаміла крыніца АР у штабе кандыдата ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі.
Тыдзень таму Дональд Трамп не выключыў сваёй сустрэчы з прэзідэнтам Украіны, нагадвае Бі-бі-сі. Як паведамляў Reuters, на пытанне журналіста, ці плануецца такая сустрэча, Трамп адказаў: "Так, магчыма".
У ліпені Зяленскі і Трамп размаўлялі па тэлефоне, і прэзідэнт Украіны назваў гэтую гутарку "добрай". Зяленскі таксама паведаміў, што мае намер абмеркаваць з Трампам свой "План перамогі", які ён прадставіць і Беламу дому.
Расія пры пасрэдніцтве Ірана вядзе сакрэтныя перамовы з еменскімі хусітамі аб пастаўках ім супрацькарабельных крылатых ракет П-800 "Онікс"
Пра гэта паведамляе Reuters. Па словах крыніц агенцтва, гэтае рашэнне можа стаць свайго роду адказам на пазіцыю заходніх краін, якія абмяркоўваюць магчымасць дазволіць Украіне біць дальнабойнай зброяй па мэтам у глыбіні Расіі.