Зяленскі: Вайну ва Украіне можна скончыць значна хутчэй, чым здаецца
Прэзідэнт Украіны ўпэўнены, што прапанаваны ім «план перамогі» дазволіць прымусіць Расію да міру. Кандыдат у прэзідэнты ЗША Дональд Трамп назваў Зяленскага «найлепшым прадаўцом у гісторыі».

Уладзімір Зяленскі і заходнія палітыкі. Калаж ТСН
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што вайна з Расіяй можа быць скончаная ўжо ў наступным, 2025 годзе, адзначае dw.com. «Рашучыя дзеянні цяпер могуць паскорыць спыненне расійскай агрэсіі супраць Украіны ў наступным годзе. Наш план перамогі паспрыяе таму, каб практычна прымусіць Расію да міру», — напісаў ён у сваім мікраблогу на платформе X па выніках сустрэчы з прадстаўнікамі абедзвюх палат амерыканскага кангрэса ў Нью-Ёрку ўвечары ў панядзелак, 23 верасня.
I met with a bipartisan delegation from the United States Congress, Senators Ben Cardin, Dan Sullivan, Christopher Murphy, and Representative Gregory Meeks, to express my gratitude for their vital support for Ukraine.
— Volodymyr Zelenskyy / Володимир Зеленський (@ZelenskyyUa) September 23, 2024
I informed the delegation about the current security… pic.twitter.com/MgSPHewbtV
Зяленскі збіраецца распавесці пра свой план на перамовах і, магчыма, падчас публічных выступаў, каб дамагчыся дадатковай палітычнай і вайсковай дапамогі з боку саюзнікаў.
Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю тэлеканалу ABC News заявіў, што лічыць вайну з Расіяй «бліжэй да заканчэння», чым думаюць многія, і заклікаў саюзнікаў умацоўваць украінскую армію, адзначае ўкраінская служба ВВС.
«План перамогі — гэта ўзмацненне Украіны», — сказаў Зяленскі ў інтэрв'ю праграме «Добрай раніцы, Амерыка», якое ён даў разам з першай лэдзі Аленай Зяленскай, «таму мы просім нашых сяброў, нашых саюзнікаў умацоўваць нас. Гэта вельмі важна».
«Я думаю, што мы бліжэй да міру, чым мы думаем, — працягнуў ён. — Мы бліжэй да канца вайны . Мы проста павінны быць вельмі моцнымі, вельмі моцнымі».
Украінскі прэзідэнт таксама заявіў, што яго план «не пра перамовы з Расіяй»: «Гаворка ідзе не пра перамовы з Расіяй. Гэта мост да дыпламатычнага спынення вайны», — сказаў ён.
У інтэрв'ю Зяленскі таксама заявіў, што Пуцін «баіцца» Курскай аперацыі: «Гэта праўда. Ён вельмі баіцца, таму што яго людзі ўбачылі, што ён не можа абараніць — што ён не можа абараніць усю сваю тэрыторыю».
Зяленскі дадаў, што толькі з «моцнай пазіцыі» Украіна можа «падштурхнуць Пуціна да спынення вайны».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступае на Генаасамблеі ААН у Нью-Ёрку ў 2023 годзе. Фота Getty Images
Паводле брытанскай газеты The Times, «план перамогі» Зяленскага змяшчае патрабаванні аб прадастаўленні Украіне заходніх гарантый бяспекі, аналагічных тым, якія маюць сябры НАТА, і заклікі да выдзялення для Кіева новых пакетаў ваеннай і фінансавай дапамогі.
Пасля сустрэчы з кангрэсменамі, Уладзімір Зяленскі заявіў: «Цяпер, у канцы года, у нас ёсць рэальны шанец узмацніць супрацоўніцтва паміж Украінай і Злучанымі Штатамі. Я ўдзячны Кангрэсу ЗША, абодвум партыям і палатам за іх непахісную падтрымку».
Нагадаем, прэзідэнт Украіны неаднаразова звяртаўся да ЗША і Вялікабрытаніі з просьбай зняць абмежаванні на ракетныя ўдары ўглыб Расіі.
Глядзіце таксама

«Пуціну не скрасці будучыню свету»
У ходзе прамовы на «саміце будучыні» ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, Зяленскі паведаміў, што ў цяперашні час рыхтуецца правядзенне Другога саміту па ўсталяванні міру ва Украіне. Ён заклікаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў усіх краін і надалей падтрымліваць сумесныя намаганні, прыкладзеныя для дасягнення справядлівай і мірнай будучыні.
«Пуцін ужо шмат што скраў, але яму ніколі не скрасці будучыню свету. У гэтым я перакананы», — заявіў Зяленскі.
Расія па-ранейшаму адмаўляецца ўдзельнічаць у мірных самітах па Украіне. У чэрвені дзясяткі дзяржаў прынялі ўдзел у першым такім саміце, які адбыўся ў Швейцарыі. У сустрэчы, аднак, не ўдзельнічалі многія буйныя краіны, у тым ліку Кітай і Расія.
Зяленскі ўжо правёў шэраг сустрэч у ЗША, у прыватнасці з дэлегацыяй двухпартыйнага Кангрэса і канцлерам Германіі Олафам Шольцам. Пазней ён скіруецца ў Вашынгтон, каб сустрэцца з Байдэнам, а таксама з кандыдатамі ў прэзідэнты Камалай Харыс і Дональдам Трампам.
Глядзіце таксама

Дональд Трамп: Зяленскі — «найлепшы ў гісторыі прадавец»
Між тым кандыдат у прэзідэнты ЗША Дональд Трамп з нагоды візіту Зяленскага ў Нью-Ёрк назваў украінскага прэзідэнта «найлепшым прадаўцом у гісторыі».
«Я думаю, што Зяленскі з'яўляецца найлепшым прадаўцом у гісторыі — кожны раз, калі ён прыязджае ў краіну, ён з'язджае з 60 мільярдамі долараў», — сказаў Трампк.
Трамп таксама зноў паабяцаў у выпадку перавыбрання на пасаду прэзідэнта ЗША завяршыць вайну ва Украіне, прычым яшчэ да інаўгурацыі.
«Калі я выйграю гэтыя выбары, першае, што я зраблю, гэта патэлефаную Зяленскаму, патэлефаную прэзідэнту Пуціну і скажу: «Вы павінны падпісаць пагадненне, гэта вар'яцтва», — растлумачыў Дональд Трамп.