ААН: Згвалтаванні і сексуальныя напады — частка расійскай «ваеннай стратэгіі»

Такую сур’ёзную заяву-абвінавачванне зрабіла спецпрадстаўніца ААН па сексуальным гвалце ва ўмовах канфлікту Праміла Патэн.

photo_2022_10_12_10_49_08.jpg

Згвалтаванні і сексуальныя напады, якія прыпісваюцца расійскім вайскоўцам ва Украіне, з'яўляюцца часткай расійскай «ваеннай стратэгіі» і «наўмыснай тактыкі дэгуманізацыі ахвяр». Пра гэта прадстаўніца ААН Праміла Патэн заявіла агенцтву «AFP».

«Усе прыкметы ёсць», — сказала яна «AFP», адказваючы на пытанне, ці выкарыстоўваецца згвалтаванне як зброя вайны ва Украіне.

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый праверыла «больш за сто выпадкаў» згвалтаванняў або сексуальных нападаў ва Украіне з моманту ўварвання Расіі ў лютым, сказала Патэн са спасылкай на справаздачу ААН, апублікаваную ў канцы верасня.

У дакладзе «пацверджаны злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя расійскімі войскамі, і, паводле сабраных сведчанняў, узрост ахвяр сексуальнага гвалту вагаецца ад 4 да 82 гадоў».

«Калі жанчын суткамі ўтрымліваюць і гвалцяць, калі гвалцяць маленькіх хлопчыкаў і мужчын, калі вы бачыце серыю калецтваў, калі вы чуеце, як жанчыны сведчаць аб расійскіх салдатах, экіпіраваных віяграй, гэта відавочна ваенная стратэгія», — сказала яна.

«І калі ахвяры паведамляюць пра тое, што было сказана падчас згвалтаванняў, відавочна, што гэта наўмысная тактыка дэгуманізацыі ахвяр».

Але «зарэгістраваныя выпадкі — гэта толькі вяршыня айсберга», — дадала яна.

«Вельмі складана мець надзейную статыстыку падчас актыўнага канфлікту, і лічбы ніколі не будуць адлюстроўваць рэчаіснасць, таму што сексуальны гвалт — гэта ціхае злачынства», пра якое ў значнай ступені не паведамляецца, адзначыла Праміла Патэн.

Гэта надзвычай сур’ёзнае абвінавачванне ў бок Расіі, бо гаворка вядзецца не пра злачынствы асобных салдат, а пра сістэматычныя злачынствы, якія былі ўхвалены (ці, як мінімум, не забаронены) вайсковым, а значыць і палітычным кіраўніцтвам Расіі, адзначае гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман.

Ацалелыя жыхары вызваленых пасля акупацыі мястэчак распавядалі, як расійскія салдаты палявалі на ўсіх, хто падазраваўся ў супрацоўніцтве з украінскімі ўладамі або вайскоўцамі, іх забіралі для допытаў і катаванняў — некаторых у выніку забівалі.

Іншыя вызваленыя распавядалі, як салдаты прыходзілі да іх дамоў, збівалі або гвалтавалі, кралі маёмасць, а потым уцякалі, калі ўкраінскія войскі наступалі.

Кіеў сцвярджае, што Масква вядзе генацыдную вайну, накіраваную на знішчэнне іх нацыянальнай ідэнтычнасці шляхам забойства нявінных, дэпартацыі людзей у Расію і сістэматычных згвалтаванняў.

Паводле www.timesofisrael.com, www.dailymail.co.uk