ААН звярнулася з заклікам да часовага спынення ўсіх узброеных канфліктаў на 52 дні
ААН заклікае да «Алімпійскага перамір'я», і часам гэта спрацоўвала. У Белым доме лічаць, што Пуцін можа змякчыць сваю пазіцыю па Украіне. А тым часам саюзнікі РФ пакрысе знясільваюцца. Ідуць 1438-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 204 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 31 студзеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 46 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 25 разоў спрабаваў прарваць абарончыя рубяжы ў раёнах Старыцы, Прыліпкі, Ваўчанскіх Хутароў, Ваўчанску і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 19 атак — у раёне Гуляйполя і ў бок Зялёнага, Дабраполля, Гуляйпольскага і Аленаканстанцінаўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 14 атак паблізу Шчарбінаўкі, Пляшчыеўкі, Іванаполля, Сафіеўкі і ў бок Іллінаўкі, Сцяпанаўкі і Навапаўлаўкі.
На Ліманскім і Аляксандраўскім кірунках расіяне здзейснілі па 9 атак на кожным.
* * *
Сітуацыя ў пасёлку Купянск-Вузлавы Харкаўскай вобласці, які расіяне абвясцілі захопленым 27 студзеня, застаецца пад поўным кантролем Сіл абароны Украіны, паведамляе ўкраінскі аналітычны цэнтр DeepState.
Аналітыкі адзначаюць, што гэта пацвярджаецца штодзённымі відэа ад украінскага вайскоўца, які спакойна перамяшчаецца па цэнтры пасёлка без ахоўнага рыштунку: бронежылета, каскі ці нават шапкі.
У DeepState паведамляюць, што часам у пасёлак трапляюць невялікія групы расійскіх вайскоўцаў, якія спрабуюць прабрацца праз чыгунку з раёна Пясчанага. Аднак гэтыя пранікненні ўдаецца спыняць шляхам зачыстак: гэта адбываецца даволі часта, але неабходна для недапушчэння далейшага назапашвання расійскіх сіл.
У той жа час застаецца адкрытым пытанне адносна сітуацыі ў вёсцы Петрапаўлаўка на ўсход ад Купянска. На картах DeepState станам на 29 студзеня «шэрая зона» амаль наблізілася да гэтага населенага пункта.
* * *
У ноч на 31 студзеня Расія атакавала Украіну 85 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 64 БпЛА.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, адказваючы на пытанні журналістаў, заявіў, што ёсць «шанц на поспех» у перамовах Украіны і РФ.
«Але Зяленскі і Пуцін ненавідзяць адзін аднаго, і гэта ўсё ўскладняе», — прызнаў Трамп, аднак паспяшаўся запэўніць, што, на яго думку, «мы набліжаемся да ўрэгулявання».
Ён таксама традыцыйна паўтарыў свае заявы пра колькасць загінулых у вайне і сваё жаданне скончыць забойствы.
«Думаю, у нас ёсць неблагі шанец на здзелку», — выказаў здагадку кіраўнік Белага дома.
* * *
Напярэдадні зімовых Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у гарадах Мілан і Корціна-д’Ампеца, ААН звярнулася з заклікам да часовага спынення ўзброеных канфліктаў на 52 дні, паведамляе Euronews.
Правядзенне перамір’я падтрымалі арганізатары спартыўных мерапрыемстваў. Згодна з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН, прапанаванае перамір’е ахоплівае перыяд з 6 па 22 лютага, калі будзе праходзіць Алімпіяда, а таксама з 6 па 15 сакавіка падчас Паралімпіяды, і яшчэ адзін дадатковы тыдзень да пачатку і пасля завяршэння спаборніцтваў.
Кіраўнік Міжнароднага цэнтра алімпійскага перамір’я ў Афінах Канстанцінас Філіс адзначыў, што нават калі дасягнуць паўнавартаснага выканання перамір’я не заўсёды магчыма, яго ідэя застаецца значным сімвалам на глабальным узроўні. На яго думку, чалавецтва павінна імкнуцца ствараць хоць бы невялікія прамежкі для міру.
Ідэя алімпійскага перамір’я бярэ пачатак у Старажытнай Грэцыі, калі варожыя гарады-дзяржавы часова спынялі баі, каб спартсмены і гледачы маглі бяспечна прыняць удзел у спаборніцтвах у Алімпіі. У сучасным свеце гэты звычай адрадзілі ў канцы XX стагоддзя ў адказ на войны ў былой Югаславіі.
Падчас Зімовых Алімпійскіх гульняў у Нарвегіі ў 1994 годзе перамір’е дазволіла спыніць аблогу Сараева і даставіць гуманітарную дапамогу яго жыхарам. У 2000 годзе на Алімпіядзе ў Сіднеі дэлегацыі Паўночнай і Паўднёвай Карэі ўпершыню сумесна прайшлі цырымоніяй адкрыцця.
Аднак поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну ў 2022 годзе пачалося менавіта ў перыяд абвешчанага перамір’я.
* * *
З Белага дома пачалі паступаць сігналы, што Уладзімір Пуцін дэманструе больш канструктыўны падыход у перамовах, адыходзячы ад сваёй папярэдняй стратэгіі максімалісцкіх патрабаванняў. Такую заяву ў інтэрв’ю на тэлеканале Эспрэса зрабіў былы дырэктар па пытаннях Еўропы і Еўразіі ў Савеце нацыянальнай бяспекі ЗША, дыпламат Мэцью Брайза.
Дыпламат адзначыў, што хоць у вырашэнні тэрытарыяльнага канфлікту прагрэсу фактычна не назіраецца, сам факт працягу перамоў сведчыць пра пэўны рух наперад.
«З Белага дома пачалі паступаць уцечкі інфармацыі, маўляў, мы разумеем, што Пуцін доўгі час вёў перамовы з максімалісцкіх пазіцый, але цяпер, падобна, ён становіцца больш канструктыўным», — адзначыў дыпламат.
Брайза падкрэсліў, што на Крэмль аказвае ціск унутраны крызіс у Расіі. Адсутнасць поспехаў на фронце, 20-тысячныя страты сярод вайскоўцаў за апошнія тыдні і аслабленне эканомікі пагаршаюць сітуацыю для Масквы. Акрамя таго, Расія сутыкаецца з праблемамі ў папаўненні мабілізацыйнага рэзерву, вымушана пастаянна павялічваць выплаты навабранцам, што сведчыць пра знясіленне рэсурсаў. Гэтыя акалічнасці, на думку дыпламата, могуць заахвоціць Крэмль да пошуку шляхоў для завяршэння вайны.
* * *
Пастаўкі паўночнакарэйскага ўзбраення ў Расію ў студзені рэзка запаволіліся, паведамляе NK News.
За месяц у порт Расон на паўночным усходзе КНДР зайшоў толькі адзін расійскі карабель, які, імаверна, быў задзейнічаны ў схеме вайсковых паставак, сведчаць даныя спадарожнікавых здымкаў Planet Labs.
Гэта першае зафіксаванае наведванне Расона расійскім суднам з 21 снежня. Кантэйнеры пачалі назапашвацца на прычале з 27 па 31 снежня, новых кантэйнераў пасля 19 студзеня на прычале не зафіксавана. З кастрычніка па снежань расійскія судны заходзілі ў Расон як мінімум тры разы на месяц.
Прычынай такога запавольвання маглі стаць пагодныя ўмовы. Звычайна грузы з Расона дастаўляюць у порт Усходні на Далёкім Усходзе Расіі: там гавань амаль цалкам замерзла.
На запавольванне паставак маглі паўплываць і іншыя фактары. Раней у ГУР Украіны заявілі, што Паўночная Карэя больш чым у два разы скараціла пастаўку артылерыйскіх снарадаў у Расію — прычынай стала спусташэнне складоў.