Аліса ў Краіне цудаў і на карыкатурах
27 студзеня споўнілася 190 гадоў з дня нараджэння Льюіса Кэрала, аўтара славутых кніг пра прыгоды Алісы ў Краіне цудаў і ў Залюстроўі. Як ні дзіўна, але фабула, персанажы і сцэны гэтых твораў дапамагаюць і карыкатурыстам.
З кнігай «Аліса ў Краіне цудаў» чытач пазнаёміўся ў 1865 годзе. Яе поспех у дарослых і дзяцей быў неверагодным. На працягу 25 гадоў пасля выхаду ў свет кніга перавыдавалася 30 разоў. Не дзіўна, што хутка карыкатурысты сталі выяўляць палітыкаў у выглядзе персанажаў «Алісы». Так, на пачатку ХХ стагоддзя брытанскага караля Эдварда любілі маляваць падобным на рамантычнага белага рыцара.
![1_522.gif 1_522.gif](/img/v1/images/1_522.gif?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
А вось у 50-я гады мінулага стагоддзя падчас кульмінацыі халоднай вайны Мікіту Хрушчова выявілі ў выглядзе вусеня, які паліць кальян, выпускаючы аблокі з надпісамі «прапаганда», «хлусня», «абразы».
![2_483.png 2_483.png](/img/v1/images/2_483.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адзін з самых папулярных эпізодаў «Алісы» ў свеце карыкатурыстаў — сцэна, дзе гераіня п'е гарбату з Трусікам і Шапашнікам. Напэўна, таму, што дыялог удзельнікаў дзеі сапраўдны апафеоз вар’яцтва. Таму алюзіі на тое чаяванне выкарыстоўваюць для выяўлення кампаніі ідыётаў. Напрыклад, адзін з сучасных мастакоў намаляваў чальцоў адміністрацыі Дональда Трампа ў выглядзе герояў згаданай сцэны.
![3_432.jpg 3_432.jpg](/img/v1/images/3_432.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Іншаму мастаку шалёнае чаяванне нагадала сітуацыю ў клубе краінаў — уладальнікаў ядзернай зброі.
![4_404.jpg 4_404.jpg](/img/v1/images/4_404.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Запатрабаваны ў карыкатуры і вобраз Чэшырскага ката. Нейкаму мастаку яго паводзіны нагадалі Дональда Трампа, які, як той кот, любіць знікаць. На гэтым малюнку кот у выглядзе Трампа заклікае Алісу не верыць у тое, што ён з'яўляецца фігурантам шэрагу скандалаў.
![5_372.jpg 5_372.jpg](/img/v1/images/5_372.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сюжэт з ключом, які адчыняе дзверы ў Краіну цудаў, выкарыстаў брытанскі графік у час перамоваў наконт Брэкзіту. На малюнку брытанскаму прэм’еру Тэрэзе Мэй таксама патрэбны такі ключ, каб адчыніць дзверы пад назвай Брэкзіт. Задача, як бачым, складаная.
![6_262.jpg 6_262.jpg](/img/v1/images/6_262.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Падабенства Труляля і Траляля нагадалі аднаму аўстралійскаму мастаку падабенства партый лібералаў і лейбарыстаў.
![7_182.jpg 7_182.jpg](/img/v1/images/7_182.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Цікава, што сярод карыкатурыстаў ёсць запыт не толькі на сюжэт кнігі, аднак і на малюнкі яе першага ілюстратара Джона Тэніэла. Так, у наш час ілюстрацыя каскаду карт, якія ў фінале кнігі абвальваюцца на Алісу, была выкарыстана, каб перадаць атмасферу фінансавага крызісу 2008 года.
![8_128.jpg 8_128.jpg](/img/v1/images/8_128.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)