Чорныя дні ў найноўшай гісторыі валют. Дасье ў карыкатурах

На мінулым тыдні на глабальных валютных рынках адбылася гістарычная падзея — упершыню за апошнія 20 гадоў еўра ўпаў да ўзроўню долара. Чым не нагода ўспомніць найбуйнейшыя абвалы валют за апошні час.


Пачаць можна з Венесуэлы. 11 студзеня 2010 года венесуэльскі балівар упаў адразу на 100,3%. Прычына заключалася ў тым, што да гэтага 9 студзеня прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес заявіў аб рэгуляванай дэвальвацыі балівара на 17%, да 2,6 балівараў за амерыканскі долар з мэтай павелічэння даходу ад экспарту нафты і стымуляцыі экспарту. Але балівар упаў нашмат мацней. Неўзабаве долар стаў каштаваць на чорным рынку ажно шэсць балівараў, а мастакі ахвотна іранізавалі над фінансавай палітыкай Каракаса.

1_580.jpg

Увесну 2011-га стала кепска беларускаму «зайчыку». Беларусь ахапіў нябачаны фінансавы крызіс, які праявіўся ў недахопе валюты, росце цэн і падзенні пакупніцкай здольнасці насельніцтва. Кульмінацыя адбылася 23 мая, калі пастановай праўлення Нацбанка курс беларускага рубля быў паўторна дэвальваваны да 4930 рублёў за долар ЗША. Гэта значыць прыкладна на 56%. У выніку сярэдні заробак у доларавым эквіваленце ўпаў у 1,6 разы. А з улікам немагчымасці да верасня набываць долары легальна ён фактычна складаў 170-220 у. а. пры разліку па курсе чорнага рынку. Самае смешнае, што да 23 мая ўлады доўгі час казалі, што ўсё пад кантролем і заклікалі не набываць баксы. Нядзіўна, што сярод карыкатурыстаў таго часу была папулярна высмейваць барацьбу з попытам на долары дырэктыўнымі метадамі.

2_538.jpg

Пасля Майдана 2014 года і пачатку канфлікту на Данбасе падзенне ўкраінскай грыўні прагназавалася ўсімі экспертамі. Рэкорд быў усталяваны 5 лютага 2015 года, калі грыўня павалілася адразу на 49%. На сваім піку яе курс перавальваў за 30 грыўняў за долар (узімку 2014-га за долар давалі 6 грыўняў). Афіцыйнай прычынай здарэння называлася нежаданне Нацбанка праводзіць штодзённыя аўкцыёны на валютным рынку. Гэтая мера была адной з рэкамендацый Міжнароднага валютнага фонду, на дапамогу якога разлічваў урад. Народ, як і бывае ў такіх сітуацыях, рэагаваў скупкай долараў, а мастакі выяўлялі, як плачуць у жаху персанажы, намаляваныя на ўкраінскіх банкнотах.

3_477.png

16 снежня 2014 года многія расіяне міжволі ўзгадалі вялікі жнівеньскі дэфолт 1998-га. Тады, нагадаем, курс рубля менш чым за паўгода ўпаў у 3,2-3,5 разы — з 6,8 рубля за долар перад дэфолтам аж да 21-22 рублёў да 1 студзеня 1999 года. На гэты раз усё было, праўда, больш сціпла. Абвал рубля (яго прычынай стала падзенне коштаў на нафту) склаў толькі 15,3%. Зрэшты, грамадства ўсё роўна было вельмі ўсхвалявана, аб чым сведчыць маса тэматычных карыкатур таго часу.

4_444.jpg

17 снежня 2015 года стаў чорным днём для аргенцінскага песа, які абваліўся на 40,7%. Збольшага ў гэтым вінаватыя самі аргенцінцы. Дакладней, тыя, хто галасаваў на выбарах прэзідэнта за кандыдатуру Маўрысіё Макры. Адным з перадвыбарных абяцанняў палітыка было зняць абмежаванні на курсаўтварэнне песа для стымулявання эканамічнага росту. Адразу пасля пачатку таргоў 17 снежня песа павалілася. Замест эканамічнага росту ўраду прыйшлося экстрана браць новыя пазыкі для стабілізацыі. Узмацненне залежнасці краіны ад знешняга крэдытавання стала тэмай малюнка аднаго з аргенцінскіх графікаў.

5_411.jpg

20 жніўня 2015 года курс да долара на таргах на Казахстанскай фондавай біржы вырас у той дзень на 66,88 тэнге (на 27,9%) — да 255,26 тэнге за адзін долар. Так рынак адрэагаваў на рашэнне прэм'ер-міністра Казахстана Карыма Масімава перайсці да свабодна плаваючага курсу. У адказ на крах тэнге ў краіне пачалася паніка. Часова не працавалі банкі і пункты абмену валюты, выраслі кошты на імпартныя тавары. Казахстанскія мастакі ў тыя дні ў вельмі змрочных танах малявалі стан мясцовай валюты.

6_299.jpg


І вось чарга дайшла да еўра, хаця, зразумела, пра маштабны абвал казаць нельга. Калі ў лютым за «еўрык» давалі амаль 1,5 долара, то зараз толькі долар і часам нават менш. Чыннік, праз які еўра сышло ў піке, хаваецца ў асцярогах наконт перспектыў эканомікі еўразоны праз інфляцыю, вайну ва Украіне і нерашучую палітыку банкіраў ЕС. У сітуацыі, якая склалася, інвестары пераключаюцца на долар. З іншага боку, тэарэтычна, паслабленне еўра можа нават згуляць на руку еўрапейскім вытворцам, накіраваным на аб'ёмны амерыканскі рынак. Хаця некаторыя мастакі, як бачым, ужо гатовыя параўноўваць еўра і экскрэменты жывёлы. Пажывём — пабачым, ці маюць яны рацыю.

7_210.png