Егіпецкая Вандэя

У рэпартажах з Каіру апошнім часам часта паведамляецца пра масавыя сутычкі праціўнікаў і прыхільнікаў Мубарака. Што за людзі выступаюць супраць рэформаў? Пра асаблівасці егіпецкай контррэвалюцыі журналіст «НЧ» Алег Новікаў гутарыць з маскоўскім палітолагам, спецыялістам па Усходу Маркам Васільевым.

— Ці было з’яўленне на вуліцах арміі прыхільнікаў Мубарака сюрпрызам для тых, хто займаецца сталым маніторынгам сітуацыі ў Егіпце?



a09e75c5c86a7bf6582d2b4d75aad615.jpg

У рэпартажах з Каіру апошнім часам часта паведамляецца пра масавыя сутычкі праціўнікаў і прыхільнікаў Мубарака. Што за людзі выступаюць супраць рэформаў? Пра асаблівасці егіпецкай контррэвалюцыі журналіст «НЧ» Алег Новікаў гутарыць з маскоўскім палітолагам, спецыялістам па Усходу Маркам Васільевым.
— Ці было з’яўленне на вуліцах арміі прыхільнікаў Мубарака сюрпрызам для тых, хто займаецца сталым маніторынгам сітуацыі ў Егіпце?
— І так, і не. Спарадычныя вулічныя акцыі пратэсту выйшлі за рамкі ачаговых выступаў. Стала відавочна, што гаворка ідзе пра нацыянальнае паўстанне. Адначасова ўзнікла думка, што мы назіраем рымэйк нядаўніх туніскіх падзей. Здавалася, што грамадства, сытае па горла 30-цю гадамі кіравання Хосні Мубарака, хутка прымусіць прэзідэнта ўцякаць у эміграцыю. Аднак пазней ход падзей змяніўся. Супрацьстаянне набыло працяглы характар. У тым ліку таму, што нечакана ў рэжыму знайшліся прыхільнікі ў народзе, якія таксама пайшлі на вуліцы.
— Чаму ніхто не пралічыў тое, што ў Мубарака могуць знайсціся свае прыхільнікі, прычым у такой колькасці?
— Яшчэ ўчора ў палітычным плане цяперашнія прыхільнікі рэжыму былі дастаткова пасіўныя, адсутнічалі арганізацыйныя структуры, ім бракавала сістэмнага бачання сітуацыі ў краіне. Я думаю, яны нават ненавідзелі Мубарака. Выключэннем былі хіба што копты (хрысціянская меншасць). Увогуле, за 30 год усе прызвычаіліся, што ў Егіпце ўсё вызначае вертыкаль. А там апошнім часам адбываліся цікавыя працэсы, якімі галоўным чынам і цікавіліся эксперты. Нагадаю, што на восень у Егіпце прызначаны прэзідэнцкія выбары. Мубарак збіраўся сысці, аднак не спяшаўся называць прозвішча афіцыйнага пераемніка. Ішла кансалідацыя розных фракцый апаратчыкаў вакол той ці іншай кандыдатуры. А калі пачалася рэвалюцыя, усе палітолагі селі ў лужу. Дзяржаўныя інстытуты, за выключэннем войска, аказаліся паралізаваныя. Паліцыя разбеглася пасля першых сутычак з маніфестантамі, а кіруючая ў краіне Нацыянал-дэмакратычная партыя проста развалілася. 
— Да якіх сацыяльных катэгорыяй насельніцтва належаць тыя, хто жадае захавання ў Егіпце статус-кво?
— Выдзяляюць як мінімум тры дастаткова вялікія групы насельніцтва, лаяльныя прэзідэнту, — турыстычны бізнес, насельніцтва Поўдня і копты. Акрамя таго, армія прыхільнікаў Мубарака папаўняецца за кошт часткі беднага насельніцтва вялікіх гарадоў (толькі ў Каіры такіх людзей мільён). У час крызісу яны аказаліся вельмі залежныя ад дзяржаўных праграм сацыяльнай падтрымкі і зараз вельмі баяцца вакууму ўлады — адзінай крыніцы іх выжывання. З іншага боку, ніякіх палітычных ініцыятываў люмпен не праяўляе. Гэта неактыўная частка грамадства.
— Чаму турыстычны бізнэс вы разглядаеце як асобнага палітычнага акцёра? 
— Калі мы кажам пра турыстычны бізнес, мы гаворым не толькі пра ўладальнікаў буйных гатэляў. Гэта цэлая індустрыя. Кожны год Егіпет наведвала 15 мільёнаў турыстаў. У гэтай сферы працуе дзесяць працэнтаў насельніцтва краіны, якія хутка адчулі на сваёй скуры наступствы рэвалюцыі. За час бязладдзя з-за адтоку турыстаў краіна страціла мільярд долараў. У карпаратыўнай свядомасці занятых у турсектары бізнэсоўцаў хутка ўзнікла думка, што ва ўсім хаосе вінаватыя апазіцыянеры. Людзі баяцца, што з прыходам да ўлады «Братоў мусульман» еўрапейцы ўвогуле не захочуць адпачываць на Чырвоным моры. Па інерцыі адзінай альтэрнатывай выступае Мубарак і ягоны рэжым. Прычым абараняць Хосні тураператары гатовыя сур’ёзна. Калі на экранах тэлебачання паказваюць прыхільнікаў Мубарака на вярблюдах, трэба ведаць, што гэта не сяляне-правінцыялы. Гэта моладзь, якая раней звычайна тусавалася пад пірамідамі і зарабляла грошы на тым, што фатаграфавала турыстаў у кампаніі тых жа самых вярблюдаў. Не стала турыстаў — не стала працы. Прыйшлося сядлаць вярблюда і ехаць змагацца. 
— А што яшчэ за людзі з Поўдня?
— Жыхары паўднёвых правінцый. Для гэтых рэгіёнаў характэрныя не толькі эканамічная адсталасць, аднак і вялікая актыўнасць ісламскіх экстрэмістаў. Кволы мір тут трымаецца за кошт прысутнасці войска і датацый з цэнтру. Верагоднасць пачатку грамадзянскай вайны для тутэйшых — не ўтопія, а абсалютна рэальная перспектыва. Адсюль масавая праўладная пазіцыя. Натуральна, сваю ролю адыгрывае характэрны рэцыдыў нянавісці правінцыялаў да сталіцы.
— Копты таксама сталі ахвярамі рэвалюцыйных часоў?
— Думаю, што яны баяцца імі стаць. Зараз буйныя хрысціянскія кварталы патрулююцца фармаваннямі самаабароны. Вакол храмаў стаяць барыкады. Свой страх копты тлумачаць адсутнасцю прадказальнай будучыні ў выпадку прыходу да ўлады радыкальных ісламістаў. Нагадаю, што ў мінулым годзе ў краіне мелі месца пагромы хрысціян. Барыкады і патрулі — не толькі ахоўная рэакцыя. Праводзяцца маніфестацыі ў падтрымку Мубарака. Копцкі епіскап Александрыі адкрытым тэкстам кажа, што хрысціяне Егіпту патрабуюць, каб Мубарак застаўся. У крайнім выпадку яны згодныя на рэформы, аднак пад яго кантролем. Апазіцыя, у сваю чаргу, намагаецца заспакоіць хрысціянскую грамаду. Раней «Браты мусульмане» заявілі, што ў выпадку прыходу да ўлады яны гарантуюць хрысціянам тыя ж правы, што і мусульманам.
— Ці здолее Мубарак зацягнуць новых саюзнікаў у праўладную партыю?
— Гэта будзе залежаць ад фармату перадачы ўлады новаму дэмакратычна абранаму ўраду. Калі ў хуткім часе адбудуцца выбары, афіцыйная Нацыянал-дэмакратычная партыя можа выйграць на страху перад пераменамі. Аднак наўрад ці ўдасца стварыць сталую сацыяльную базу з тых жа тураператараў. Іх падтрымка Мубарака вельмі сітуацыйная. Цалкам вярнуцца ў старыя часы ўжо немагчыма — гэта пачынаюць разумець усе. Відавочна, што вяртанне да нармальнага жыцця і стабільнасці зараз магчымае выключна праз пошук кампрамісу паміж палітычнымі апанентамі. А Мубарак не з’яўляецца кампраміснай фігурай.