Forbes: Больш за ўсё Крэмль трывожыць магчымасць з’яўлення ў Беларусі празаходняга ўраду
Што замежныя СМІ пішуць пра падзеі ў Беларусі.
«Лідары беларускай апазіцыі пайшлі Расіі насустрач, запэўніўшы, што баяцца ёй няма чаго. Аднак у Маскве перакананыя, што дэмакратычная Беларусь непазбежна пойдзе ў бок Захаду, калі ёй не перашкодзіць фізічна. Таму Пуцін неахвотна ўмяшаўся ў падтрымку Лукашэнкі, прапанаваўшы неабходныя фінансавыя сродкі і каманду дарадцаў, а таксама голасна паабяцаўшы пры неабходнасці задзейнічаць расійскія сілы бяспекі. Аднак пуцінская падтрымка Лукашэнкі выклікае адчуванне сумнай непазбежнасці».Atlantic Council (ЗША)
«У Крамлі не хочуць, каб прэзідэнтам (Беларусі) сталі прамыя прадстаўнікі Злучаных Штатаў Амерыкі, Польшчы і Літвы. Да таго ж, натуральна, у асяроддзі Пуціна ёсць людзі, якія нагнятаюць яго ўяўленні пра небяспеку такога сцэнару. Гэта значыць, Пуцін не хоча бачыць Святлану Ціханоўскую прэзідэнтам, нават пераходным, а хоча, каб Еўрасаюз, уключаючы Польшчу і Літву, дамовіўся з ім пра нейкі сумесны сцэнар транзіту ўлады ў Беларусі. Калі такія перамовы будуць праведзеныя, Расія дашле Лукашэнку “адзіны правільны сігнал”: 2021 год павінен стаць для яго апошнім годам знаходжання ва ўладзе».Replyua.net (Украіна)
«Кансалідаваны аўтарытарны рэжым з лаяльным буйным бізнесам і магутным сілавым апаратам за спінай сапраўды аказаўся “моцным арэшкам”. Тэхналогіі каляровых рэвалюцый, разлічаныя на дэцэнтралізаваныя і нестабільныя рэжымы “алігархічных дэмакратый”, ва ўмовах Беларусі сталі малаэфектыўнымі. Падзеі апошніх месяцаў паказалі, што створаная Лукашэнкам сістэма ўлады перажывае глыбокі крызіс, а пратэставы патэнцыял у беларускім грамадстве вялікі, як ніколі. Аднак пакуль што ўсяго гэтага недастаткова, каб зрынуць “апошнюю дыктатуру Еўропы”».RuBaltic (Расія)
«Савецкі стыль кіравання Лукашэнкі азначае, што ў Маскве яго звычайна лічаць саюзнікам, а Крэмль вельмі задаволены, як адміністрацыя беларускага кіраўніка выступае ў якасці буфера, што перашкаджае далейшаму прасоўванню NАТО на Усход. Але цяпер сітуацыя складваецца вельмі няпростая. Пасля праведзеных у жніўні прэзідэнцкіх выбараў іх вынікі былі аспрэчаныя. Больш за ўсё Крэмль трывожыць магчымасць з’яўлення ў Беларусі празаходняга ўраду. Пакуль дэманстранты падкрэсліваюць, што ім у першую чаргу трэба не сяброўства ў ЕС і NАТО, а адстаўка Лукашэнкі. Тым не менш, Расія ўважліва назірае за развіццём падзей».Forbes (ЗША)
«Нягледзячы на знешне нязменную палітыку ў дачыненні да Беларусі і яе лідара, Крэмль працягвае аддаляцца ад яго. Кіраўніцтва Расіі не хавае, што яму не падабаецца адсутнасць хоць нейкага грамадскага дыялогу ў Беларусі. І гэта галоўная прычына аддалення ад Лукашэнкі, які нічога не робіць, каб знізіць градус грамадска-палітычнай напружанасці ў рэспубліцы. У выніку гэта прывядзе да канчатковага крызісу ў Беларусі з-за санкцый ЕС і адсутнасці падтрымкі з боку Расіі». Monavista (Расія)