Forbes: У Крамля праз шэсць месяцаў могуць скончыцца баявыя машыны
У 2024 годзе расійскія войскі кожны дзень губляюць тэхнікі ў пяць разоў больш, чым у 2022 і 2023 гадах. Пры такіх тэмпах страт у Расіі застаецца рэзерваў на 6 месяцаў.
Як піша Forbes, за кожны дзень вайны расійскія войскі ў сярэднім гублялі — знішчанымі, кінутымі або захопленымі — 19 танкаў, баявых машын, гаўбіц і іншага цяжкага ўзбраення.
У суботу, 3 лютага, яны страцілі сама меней 54 адзінкі тэхнікі, яшчэ 16 былі пашкоджаныя. Іншымі словамі, субота стала для Масквы адным з найгоршых дзён.
Аналітык Эндру Перпетуа, які займаецца падлікам страт транспартных сродкаў на падставе адкрытых крыніц і публікуе штодзённы спіс, адзначыў: «Гэта самая вялікая колькасць, якую я калі-небудзь знаходзіў за дзень».
Украінскія страты былі нязначнымі — дзевяць машын знішчана, кінута або захоплена, 21 пашкоджана.
Што яшчэ горш для расійскага боку, іх страты склалі 16 танкаў і ашаламляльныя 29 баявых машын і бронетранспарцёраў, у той час як страты Украіны ў асноўным складаліся з грузавікоў і грамадзянскіх аўтамабіляў, якія вайскоўцы, відавочна, выкарыстоўвалі для забеспячэння. Украінцы страцілі два танкі і адзін БТР.
Неабходна ўдакладніць, што разбітыя машыны, якія Перпетуа падлічыў у нядзелю, не абавязкова былі страчаныя ў суботу. Але паколькі ён падлічвае страты кожны дзень, дата, калі даныя заносяцца ў табліцу, з'яўляецца карысным рэзервам для вызначэння фактычнай даты спісання. Проста трэба адняць 24 гадзіны.
На пытанне, ці зʼяўляецца такі ўзровень страт прымальным для Крамля, відавочны адмоўны адказ. Паколькі вытворчасць новай бронетэхнікі працягвае адставаць, расійскія войскі па-ранейшаму ў асноўным ездзяць на старых машынах часоў халоднай вайны, якія яны дасталі з доўгачасовых сховішчаў.
Але гэтыя запасы некалі скончацца. Аналітык пад нікам @HighMarsed вывучае спадарожнікавыя здымкі, каб адсачыць запасы старой тэхнікі ў Расіі. У снежні ён прыйшоў да высновы, што Крэмль аднавіў 1081 з 4811 старых баявых машын БМП, якія былі ў яго да пачатку ваеннага канфлікту. Пры гэтым з 3730, якія засталіся, па меншай меры 765 былі «відавочна зламанымі і не падлягалі рамонту».
У 2022 і 2023 гадах, па даных аналітыкаў Oryx, расійскія войскі гублялі каля 80 БМП на месяц. Калі б такія тэмпы стратаў захаваліся і ў 2024 годзе, а вытворчасць новых БМП таксама заставалася б на ўзроўні 30-40 адзінак у месяц, то баявыя машыны скончыліся б у Крамля прыкладна праз два гады. Скажам, у пачатку 2026 года.
Аднак праблема ў тым, што ў гэтым годзе расіяне губляюць усё больш і больш машын, хутчэй, чым калі-небудзь. За адзін дзень яны страцілі 13 БМП, а таксама дадатковыя баявыя машыны БТР, паводле нядзельнага падліку Перпетуа. Гэта азначае, што штомесячны ўзровень страт БМП набліжаецца да 400 — у пяць разоў больш, чым у 2022 і 2023 гадах.
Рост страт да ўзроўню, які значна перавышае дапушчальны для расійскіх войскаў, таксама відавочны сярод танкаў і БТР.
Такім чынам, пры цяперашніх тэмпах страт у Расіі няма двухгадовага рэзерву баявых машын. Магчыма, у яе ёсць 6 месяцаў.
Паводле «Наша Ніва»