Годнасць на фоне вайны. Выбары прэзідэнта ў Літве дэманструюць трываласць дэмакратыі
Суседняя з Беларуссю Літва ўступіла ў важны электаральны перыяд. У краіне праходзяць прэзідэнцкія выбары. Нягледзячы на вялізную геапалітычную турбулентнасць у рэгіёне, літоўскія палітыкі паводзяць сябе годна, а літоўскія выбаршчыкі галасуюць усвядомлена. Усё гэта паказвае самадастатковасць і трываласць дэмакратыі ў гэтай краіне.
Восем кандыдатаў, Наўседа — фаварыт
Літва — парламенцкая рэспубліка з прыкметамі прэзідэнцкай. То бок пасада кіраўніка дзяржавы тут не зусім прадстаўнічая і сімвалічная. Сярод іншага ён вызначае знешнюю палітыку, адказвае за нацыянальную бяспеку, падпісвае міжнародныя дамовы, разам с Сеймам рэгулюе ўнутранае жыццё людзей. Так, урад больш уплывае на эканоміку, а законы прымае парламент, але ўсё ж прэзідэнцкія выбары — вельмі важная падзея ў палітычным календары краіны. Увага грамадства да яе — высокая.
Сёлета на пасаду прэтэндуюць восем чалавек. Дзейны лідар Гітанас Наўседа балатуецца на другі — і апошні — тэрмін. Удзельнічае як незалежны кандыдат. Цяперашняя прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманітэ спрабуе абрацца другі раз. Яе высунула партыя «Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы». Яны фаварыты на выбарах, што першы тур і прадэманстраваў.
Галасаванне прайшло 12 траўня. Наўседа набраў 44% галасоў. Шыманітэ — 20%. Яны выйшлі ў другі тур, які меркавана пройдзе праз два тыдні. З вынікаў бачна, што цяперашні прэзідэнт лідзіруе з вялікім адрывам, і эксперты ўжо прагназуюць яму канчатковую перамогу.
Першы тур паказаў найбольшую яўку з 1997 года — амаль 60%. І ў гэтым можна ўгледзець уплыў геапалітычнай нестабільнасці вакол Літвы. Працягваецца вайна ва Украіне, і невялікая балтыйская дзяржава прымае ў сабе шматлікіх украінскіх бежанцаў. У Беларусі не супакойваецца дуркаваты сусед Лукашэнка, які дапамагае Пуціну забіваць украінцаў і час ад час пагражае атакаваць Сувалкскі калідор. Сам жа Крэмль праводзіць вучэнні ядзернай зброі, напружвае магчымай агрэсіяй краіны Балтыі, праз што Вільня запытвае ў НАТО дадатковы кантынгент вайскоўцаў.
Выбары ў Літве праходзяць у неспакойны час — але праходзяць якраз вельмі спакойна.
Палярызацыя як пагроза дэмакратыі
Абстаноўка ў свеце цяпер сапраўды складаная. Пуцінская агрэсія ва Украіне і не думае спыняцца. Сітуацыя становіцца толькі гарачэй. Пра верагоднасць Трэцяй сусветнай вайны пішуць ці не ўсе медыя.
На гэтым фоне галаву ў Еўропе падымаюць палітычныя пракрамлёўскія маргіналы. Напрыклад, увосень у Славакіі выбары выйгралі мясцовыя прарасійскія папулісты на чале з Робертам Фіца, які стаў прэм’ерам. У лютым, у другую гадавіну расійскай агрэсіі, ён усклаў адказнасць за вайну на «ўкраінскіх неанацыстаў». Яны, маўляў, кепска сябе паводзілі, таму Пуціну нічога не заставалася, як пачаць «спецаперацыю».
Прыход да ўлады ў еўрапейскай краіне прапуцінскага палітыка ўзрушыла міжнародную супольнасць. Фіца адразу стаў у адзін шэраг з прэм’ерам Венгрыі Орбанам, і цяпер гэта крамлёўскі фарпост у ЕС.
Так, усяго два апраўдальнікі вайны — няшмат, выглядае, што тэндэнцыі пакуль няма. Але ніхто не адмаўляе таго, што падчас кровапраліцця ва Украіне вага крайне правых партый у Еўропе ўвогуле ўзрастае. Настолькі, што шэраг экспертаў прагназуе іх поспех на чэрвеньскіх выбарах у Еўрапарламент.
Папулярнасць крайніх партый найперш сведчыць пра раскол у грамадстве. І не проста раскол, а палярызацыю — тэрмін, які апошнім часам у палітыцы выкарыстоўваецца ўсё часцей.
Палярызацыя — гэта калі канкурэнцыя паміж тымі ці іншымі сіламі набывае радыкальны характар і пераўтвараецца фактычна ў варожасць.
Адбываецца гэта з розных прычын — вайна, нестабільнасць, эканамічныя, сацыяльныя праблемы. Усё, што павялічвае напружанасць сярод людзей.
У Еўропе гэтаму сярод іншага паспрыялі пандэмія ковіду і вялікая міграцыя. Розныя погляды на лячэнне каронавірусу ў спалучэнні з вялікай смяротнасцю абвастрылі палітычную барацьбу. Былі пратэсты, быў рух антываксераў. Да міграцыі людзей з іншай культурай негатыўна ставяцца многія еўрапейцы, асабліва ва ўсходняй частцы рэгіёна. Усё гэта суправаджалася эканамічным спадам, абвастралася праз памылкі дэмакратычных урадаў і кааліцый, урэшце ў 2022 годзе ва Украіне распачалася вайна, пакацілася новая хваля бежанцаў, скокнула інфляцыя.
У такія часы з’яўляецца запыт на простыя рашэнні складаных праблем. Менавіта гэта ўзносіць папулістаў, яны перацягваюць на свой бок значную частку электарату, не саромеюцца ў брутальных выказваннях. Так ствараецца раскол і ў выніку палярызацыя.
Ад Лукашэнкі да Польшчы
Красамоўны прыклад палярызацыі — Беларусь пасля 2020 года. Нежаданне Лукашэнкі, які прайграў выбары, сыходзіць абурыла грамадства і выклікала пратэсты. Гвалт сілавікоў, рэпрэсіі, міжнародная ізаляцыя прытулілі рэжым да Масквы. Потым вайна і падтрымка крамлёўскай агрэсіі. У выніку сацапытанні паказваюць, што «ябацькі» і «змагары» наўпрост ненавідзяць адно аднаго. Улада і прапаганда выкарыстоўваюць да сваіх апанентаў мову варожасці. Працягваецца тэрор. Прыхільнікі перамен ставяцца да рэжыму адпаведна, частка патрабуе не толькі люстрацыі, але і помсты. Унутраная напружанасць нікуды не знікла, і невядома, у што гэта выльецца.
Спроба кіраўніцтва Грузіі павярнуць краіну ў бок Расіі палярызавала грамадства ў гэтай гасціннай краіне. Ужо месяц там трываюць масавыя пратэсты, улада і апазіцыя крыюць адно аднаго апошнімі словамі.
На глебе стаўлення да Крамля існуе раскол у Малдове. Цяпер там кіруе праеўрапейскі ўрад, краіна атрымала статус кандыдата ў ЕС. Але прарасійскія сілы збіраюць рэсурсы для рэваншу, які хочуць узяць на восеньскіх парламенцкіх выбарах. Дыяметральныя каштоўнасці падзялілі грамадства на два варожыя лагеры.
На глебе карабахскіх падзей распаліліся эмоцыі ў Арменіі. Супраць прэм’ера Пашыняна, які гатовы на тэрытарыяльныя саступкі Баку, пратэстуюць масава і зацята. Да гэтага дадаецца пытанне стаўлення да Расіі, і тут насельніцтва таксама на разбалансаванае.
Ёсць палярызацыя ў Польшчы, дзе да мінулай восені кіравала кансерватыўныя партыя «Права і справядлівасць». Яе еўраскептыцызм характарызуецца як мяккі, але разыходжанні з кааліцыяй Туска, арыентаванай на ЕС, набылі такі востры характар, што Сейм падзяліўся на два варожыя лагеры. На выбарах перамагла апазіцыя, змена ўлады зменшыла градус, але што будзе далей, невядома.
Палярызацыя нясе непасрэдную пагрозу дэмакратыі. Бо дэмакратыя — гэта найперш пра кампраміс. Уменне дамаўляцца з апанентамі, гатоўнасць ісці на саступкі, ствараць кааліцыі робіць такую мадэль трывалай і эфектыўнай. Але гэта магчыма толькі тады, калі ты бачыш у сваім суперніку патэнцыйнага партнёра, з якім існуюць разыходжанні ў тактычных пытаннях пры агульным стратэгічным бачанні. Калі ж супернік — гэта ворага, ні аб чым іншым, акрамя перамогі над ім, ты ўжо не думаеш. А калі кампраміс немагчымы, то вашу дэмакратыю можа напаткаць калапс і сістэма стрымак і проціваг проста разбурыцца.
На выбарах быў фрык, і ён праваліўся
Як бачна з цяперашніх выбараў, у Літве палярызацыі няма. У другі тур ідуць сённяшнія лідары — прэзідэнт Наўседа і прэм’ерка Шыманітэ. Канкурэнты, але не ворагі. Палітыкі, якія ўсе апошнія гады ўзаемадзейнічалі ў літоўскай дэмакратычнай сістэме.
У іх бываюць разыходжанні, і адно з такіх тычылася беларусаў, якія жывуць і працуюць у Літве. Прэзідэнт хацеў зрабіць для іх такія ж абмежаванні, як і для расійцаў. Кіраўніца ўраду і яе партыя ў Сейме выступіла супраць. Наўседа наклаў вета на дэпутацкі законапраект, але яго ў выніку ўсё роўна прынялі. Падыскутавалі, паспрачаліся, у выніку выпрацавалі кампраміснае рашэнне.
Літва — маладая дэмакратыя, але ўжо вельмі трывалая. Нягледзячы на складаныя часы, у элітах — і галоўнае ў грамадстве — існуе паразуменне наконт шляху развіцця краіны. Будучыня — у ЕС і ў дэмакратыі; Украіне трэба дапамагаць у барацьбе супраць расійскага імперыялізму; нацыянальная бяспека магчымая толькі ў адзінстве.
Безумоўна, праблем у Літве хапае, як і ў любой іншай краіне. Але на іх не робяць сабе імя папулісты і палітычныя фрыкі. На сёлетніх выбарах такі персанаж прысутнічаў 67-гадовы Эдуардас Вайткус. Паводле прафесіі ён доктар, погляды мае цалкам маргінальныя: хваліць Пуціна, абвінавачвае ў вайне Захад і НАТО, лічыць, што Літве патрэбны закон аб «замежных агентах», а мабільныя сеткі 5G назваў тэхналогіяй кантролю за розумам чалавека.
У некаторых крыніцах згадваецца, што ён настойвае на дэпартацыі ў Беларусь Святланы Ціханоўскай, але шырокага распаўсюду гэтая цытата не мае.
Некаторых устрывожыла тое, што ў двух раёнах Літвы Вайткус набраў каля 40% галасоў. Але ў Вісагінскім жывуць пераважна рускамоўныя (этнічных літоўцаў там толькі 20%), а ў Шальчынінкайскім — палякі (літоўцаў 10%). Настальгія па СССР там распаўсюджаная, адсюль і электаральныя сімпатыі.
Агулам жа па краіне Вайткус праваліўся — за яго аддалі галасы ўсяго 7,4% выбарцаў. Літоўскія палітолагі лічаць гэта нармальным вынікам, бо прарасійскія погляды мае каля 10% насельніцтва краіны.
Эксперты лічаць, што гэты паказчык з часам будзе толькі змяншацца, і гэта таксама сведчыць на карысць добрай будучыні літоўскай дэмакратыі.