«Беларускае пытанне» ў Літве: ці стане горш пасля выбараў?

Ужо паслязаўтра ў Літве пройдуць прэзідэнцкія выбары. Ці чакаць беларусам, якія жывуць у гэтай краіне, пагаршэння палітыкі адносна дыяспары пасля іх?

13958040_611370545703328_8573438952687610425_o_logo.jpg

Апошні год стаўленне да беларусаў у Літве было даволі насцярожаным. У мясцовых медыя абмяркоўвалі небяспеку ідэалогіі «літвінізму», якой нібыта прытрымліваюцца некаторыя беларусы, а некаторыя палітыкі выступалі за большае абмежаванне правоў беларускіх грамадзян у краіне.

Сярод прадстаўнікоў беларускай дыяспары можна сустрэць меркаванне, што кампанія супраць беларусаў у Літве — гэта перадвыбарчы папулізм літоўскіх палітыкаў, і пасля выбараў пра яе забудуць. Ужо 12 траўня ў краіне пройдуць прэзідэнцкія выбары, а на восень прызначаныя выбары ў літоўскі Сейм. Як менавіта выбары ў Літве ўплываюць на пазіцыю краіны ў дачыненні да беларусаў і Беларусі, «Deutsche Welle» разбіралася з экспертамі.

З трох фаварытаў выбараў адзін — за супрацоўніцтва з Лукашэнкам

За крэсла прэзідэнта Літвы на выбарах 12 траўня пазмагаюцца 8 кандыдатаў, але фаварытам гонкі з'яўляецца дзейны прэзідэнт Гітанас Наўседа. Паводле апытання, праведзенага кампаніяй «Baltijos tyrimai» ў сярэдзіне красавіка, за Наўседу плануюць галасаваць 35,2% выбаршчыкаў. Следам ідзе адвакат Ігнас Вегеле з 12,3%, а за прэм'ер-міністарку краіны Інгрыду Шыманіце хочуць аддаць свой голас 10,2% выбаршчыкаў.

Як кажа палітолаг Анджэй Пукшта з Універсітэта Вітаўта Вялікага, на пазіцыі Наўседы і Шыманіце ў дачыненні да беларусаў можа ўплываць перадвыбарчы перыяд, але ў цэлым яны даволі падобныя. «Так, бывае яны ў папулісцкіх мэтах робяць крок назад або крок наперад, але ў цэлым у пытанні міграцыйнай палітыкі асаблівых рознагалоссяў няма. Ёсць кансенсус аб даволі жорсткім падыходзе, каб асцярожна прымаць новых мігрантаў, у тым ліку з Беларусі». 


Глядзіце таксама

Выключэнне ў тройцы лідараў — адвакат Ігнас Вегеле, у якога ёсць шанцы трапіць у другі тур выбараў. Нядаўна літоўскія медыя апублікавалі расследаванне аб тым, што бізнэс, які кантралюе сям'я Вегеле, мог абыходзіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі і Расіі. «Ён плануе перагледзець адносіны з Лукашэнкам, даць яму магчымасць вярнуцца ў стан да 2020 года, калі Лукашэнка падлашчваўся і да Усходу, і да Захаду. Шанцы ў Вегеле на перамогу, вядома, невялікія, але ў тэорыі яны ёсць», — расказвае літоўскі філосаф Гінтаўтас Мажэйкіс.

Палітыка Літвы ў дачыненні да беларусаў

Агулам беларускае пытанне, нягледзячы на памер беларускай дыяспары ў Літве, не стаіць на парадку дня кандыдатаў. «Палітыка ў дачыненні да Беларусі і беларусаў характарызуецца пэўнай дваістасцю, бо з аднаго боку Літва падкрэслівае, што ў Вільні знаходзіцца цэнтр беларускай апазіцыі, офіс Святланы Ціханоўскай. А з іншага боку, віды на жыхарства выдаюцца вельмі асцярожна, страх дэстабілізацыі бярэ верх. Ні прэзідэнт, ні ўрад, ні парламент якую-небудзь крытыку з боку грамадства за гэта не атрымліваюць, усе згодныя на гэтую дваістасць», — адзначае палітолаг Пушкта.

У сваю чаргу, філосаф Мажэйкіс лічыць, што ні адзін з васьмі кандыдатаў у прэзідэнты не ў стане змястоўна сфармуляваць стаўленне да беларускай апазіцыі ў Літве. «Мяне засмучае, што, абмяркоўваючы тэму Беларусі, літоўскія палітыкі зусім не гавораць пра беларускіх палітвязняў, пра парушэнні правоў чалавека. Усе гэтыя гісторыі з "літвінізмам" — ад неразумення і няздольнасці адрозніць, хто ёсць хто з беларусаў у Літве — і гэта, на маю думку, служыць інтарэсам Крамля».


Глядзіце таксама

У тым, што пасля выбараў палітыка ў дачыненні да беларусаў стане больш стрыманай, беларускі палітолаг з Віленскага ўніверсітэта Таццяна Чуліцкая сумняваецца. «Гэта новая рыторыка ў Наўседы, але паколькі Наўседа як палітык арыентуецца на грамадскую думку і кансерватыўную частку літоўскага грамадства, то складана сказаць, што гэта выключна перадвыбарчы папулізм. Магчыма, гэта яго інтуіцыя або прытрымліванне апытанняў і даследаванняў».

На становішча беларусаў у Літве паўплываюць выбары ў Сейм

Зрэшты, эксперты падкрэсліваюць, што, хоць прэзідэнцкія выбары ў Літве могуць паўплываць на статус беларусаў у краіне, паводле Канстытуцыі прэзідэнт у Літве не валодае ўсёй уладай. «Прэзідэнт адказны за знешнюю палітыку і палітыку бяспекі, але асноўныя рашэнні прымаюцца ў парламенце», — кажа Анджэй Пукшта.

Афіцыйная кампанія па выбарах у парламент яшчэ не пачалася, але Мажэйкіс тлумачыць, што, верагодней за ўсё, склад Сейма моцна зменіцца і большасць возьмуць сацыял-дэмакраты, якія лідзіруюць паводле апытанняў.


Глядзіце таксама

«Але ў цэлым, калі выйграе Наўседа, ён можа зноў пачынаць праціскаць у Сейм абмежаванні супраць беларусаў, а калі Вегеле са сваімі інтарэсамі ў Беларусі — то можна чакаць вялікай канфрантацыі паміж Сеймам і прэзідэнтам. Але паколькі ў Сейма больш улады, то менавіта ён мае шанцы выйграць у гэтым спаборніцтве», — лічыць філосаф Мажэйкіс.

На статус беларусаў уплывае сітуацыя ў самой Беларусі

Гаворачы пра ўплыў і прэзідэнцкіх, і парламенцкіх выбараў у Літве на становішча беларусаў, Чуліцкая чакае працягу сённяшняга трэнду. «Такое супрацьстаянне, калі хтосьці спрабуе абмежаваць беларусаў, а іншыя супраціўляюцца, застанецца. Але нават калі Сейм перавыбярэцца новым складам з большасцю сацыял-дэмакратаў, я б таксама не чакала вялікіх ваганняў. Няма моцна адрознай рыторыкі ў дачыненні да беларусаў у Літве. Я чакала б працягу сённяшняга трэнду». 


Глядзіце таксама

На думку палітолага, адзінае, што сапраўды можа змяніць палітыку літоўскіх уладаў у дачыненні да беларусаў, — гэта сітуацыя ў самой Беларусі. «Калі сітуацыя з беларускім рэжымам будзе пагаршацца, будзе нейкае развіццё ваеннай сітуацыі і яшчэ большае ўцягванне ў яе Лукашэнкі, то для беларусаў у Літве, ды і ў іншых краінах ЕС, будуць узрастаць пагрозы. Таму што чым большы краіна агрэсар, тым складаней — як беларусам унутры Беларусі, так і за мяжой. І гэта больш значны фактар, чым партыйная расстаноўка ў Літве», — лічыць экспертка.