Каін і Авель

У Вялікабрытаніі прайшлі выбары старшыні Лейбарысцкай партыі, якім у выніку барацьбы з родным братам сенсацыйна стаў Эд Мілібэнд.

Вынік партыйнай канферэнцыі лейбарыстаў, якія абіралі свайго лідэра, быў непрадказальны да самага апошняга моманту. Пасля першага і другога туру наперадзе быў Дэвід Мілібэнд, які, аднак, не сабраў патрэбнай большасці. Ягоным галоўным канкурэнтам аказаўся родны брат Эд. Усё павінен быў вырашыць трэці этап. І тут адбылася сенсацыя. Дзякуючы падтрымцы прафсаюзаў, з перавагай у 1,3 працэнта, перамогу святкаваў малодшы з Мілібэндаў.

У Вялікабрытаніі прайшлі выбары старшыні Лейбарысцкай партыі, якім у выніку барацьбы з родным братам сенсацыйна стаў Эд Мілібэнд.
Вынік партыйнай канферэнцыі лейбарыстаў, якія абіралі свайго лідэра, быў непрадказальны да самага апошняга моманту. Пасля першага і другога туру наперадзе быў Дэвід Мілібэнд, які, аднак, не сабраў патрэбнай большасці. Ягоным галоўным канкурэнтам аказаўся родны брат Эд. Усё павінен быў вырашыць трэці этап. І тут адбылася сенсацыя. Дзякуючы падтрымцы прафсаюзаў, з перавагай у 1,3 працэнта, перамогу святкаваў малодшы з Мілібэндаў.

Эд Мілібэнд

 

Дэвід Мілібэнд


Гонка за права стаць старшынёй вядучай апазіцыйнай партыі пачалася 10 мая, праз тры дні пасля ўсеагульных парламенцкіх выбараў. На выхадзе з тых выбараў Аб’яднанае Каралеўства атрымала так званы «падвешаны парламент» — парламент без большасці. Ні лейбарысты, ні торы не маглі сфармаваць урад. Усё залежала ад трэцяй партыі — ліберал-дэмакратаў, якія аказаліся ўладальнікамі залатой акцыі. Жоўтыя (жоўты — партыйны колер лібералаў) вырашылі будаваць Кабмін з кансерватарамі.
Такім чынам, левыя пасля 13 гадоў знаходжання на Даўнінг-стрыт, 10 адправіліся ў апазіцыю. Адначасова Гордан Браўн абвясціў пра свой сыход у адстаўку з пасады кіраўніка партыі. Таму Нацыянальны выканаўчы камітэт лейбарыстаў прызначыў на 25 верасня партыйную канферэнцыю, якая павінна была абраць новага старшыню.
Адпаведна статуту, для таго, каб які-небудзь партыец стаў кандыдатам на пасаду лідэра, яму трэба перш за ўсё заручыцца патрэбнай колькасцю подпісаў дэпутатаў фракцыі лейбарыстаў. Кандыдата на пасаду партыйнага боса павінна падтрымліваць 12,5 працэнта парламенцкай групы лейбарыстаў. Цяпер у Палаце абшчын 257 лейбарыстаў. Такім чынам, для выстаўлення сваёй кандыдатуры было патрэбна 33 подпісы.
Наступны этап — галасаванне. Галасуюць лейбарысты па цікавай схеме, падобнай на тую, па якой галасавалі ў царскай дзяржаўнай думе. Там былі гэтак званыя курыі — карпарацыі выбаршчыкаў: арыстакраты, гарадскія абывацелі, сяляне і г.д. Нешта падобнае і ў лейбарыстаў. Існуюць тры групы: дэпутаты парламенту, сябры партыі і актывісты сяброўскіх арганізацый (прафсаюзы, жаночыя арганізацыі, інтэлектуальныя гурткі). Кожная з трох груп кантралюе траціну ад агульнай колькасці выбаршчыкаў партыйнага старшыні.
Цяжка сказаць, нашто было выдумляць такі складаны механізм. Магчыма, у тым ліку для таго, каб не дапусціць у кіраўніцтва якога-небудзь папуліста. Нагадаем, што ў брытанскай палітычнай культуры ёсць паняцце «энтрызм», якое значыць пранікненне ў вялікую партыю сяброў маргінальнай секты з мэтай расколу структур партыі або выкарыстання яе рэсурсаў. Найбольш на гэтай глебе адзначыліся трацкісты, якія двойчы ўмудрыліся ўвайсці ў шэрагі лейбарыстаў і, разлажыўшы іх, забралі да сябе ўсю лейбарысцкую моладзь. Таму такая сістэма высоўвання кандыдата, магчыма, ёсць добрым сродкам ад з’яўлення рознага кшталту авантурыстаў.
Аднак на гэты раз формула перастрахоўкі цалкам не спрацавала. Магчыма, папросту не магла спрацаваць. Ад кожнага кандыдата, у сілу палітычнай кан’юнктуры, патрабавалася крытыкаваць спадчыну Тоні Блэра, на якога ўсклалі адказнасць за ўсе правалы лейбарыстаў апошніх гадоў. Што кандыдаты дружна і здзяйснялі. Аднак, калі крытыкі сфакусаваліся на асобе Тоні Блэра, дык міжволі зрабілі яго вяршыцелем лёсу партыі. Напярэдадні выбараў Тоні Блэр, адпаведна канонам партыйнай традыцыі, павінен быў падтрымаць кагосьці з кандыдатаў.
Яўным фаварытам лічыўся Дэвід Мілібэнд, былы міністр замежных спраў. Сярод тых, хто складаў яму канкурэнцыю, можна было вылучыць дзвюх асобаў. Па-першае, Дыяну Эбат — першую ў гісторыі краіны чарнаскурую жанчыну, якая стала дэпутатам парламенту. Дыяна з усёй эмацыйнасцю, якую ўспадкавала ад бацькоў з Ямайкі, атакавала партыйны істэблішмент. Аднак сур’ёзным кандыдатам пры гэтым яе не лічылі. Другім і галоўным праціўнікам Дэвіда нечакана для ўсіх стаў ягоны родны брат Эд.
Увогуле, сям’я Мілібэндаў мае трывалыя левыя традыцыі. Ральф, бацька Эда і Дэвіда, апынуўся ў Вялікабрытаніі з апошнім караблём, які вывозіў з Дзюнкерку салдат брытанскага экспедыцыйнага корпусу, што ў 1940-м дапамагаў французам у вайне супраць Гітлера. Да гэтага ён жыў у Бруселі. Пасля пераезду ў Лондан на магіле Карла Маркса Ральф Мілібэнд прыняў прысягу быць верным справе пралетарыяту і, мяркуючы па тым, які статус у левым руху займаюць ягоныя сыны, выканаў сваё абяцанне.
Яшчэ падлеткамі Эд і Дэвід далучыліся да лейбарыстаў. Дарэчы, усю генерацыю цяперашніх лідэраў лейбарыстаў можна лічыць унукамі Маргарэт Тэтчэр. Яны прыйшлі ў палітыку ў першай палове 1980-х , калі жалезная лэдзі пачала зачыняць шахты, справакаваўшы славутыя пратэсты гарнякоў і актывізацыю левых.
Пасля заканчэння ВНУ браты рабілі кар’еры і адначасова актыўна ўдзельнічалі ў жыцці партыі. Эду і Дэвіду пашанцавала — у 1992 годзе лейбарысты вярнуліся ва ўладу. Ім былі патрэбныя свае кадры на розныя высокія пасады ў дзяржаўным апараце. Мілібэнды хуценька прасоўваюцца ва ўладу. Дэвід становіцца дырэктарам МЗС, ягоны брат Эд узначальвае Міністэрства барацьбы з сусветным пацяпленнем. Паралельна яны абіраюцца ў парламент. Нарэшце, пасля паразы лейбарыстаў на выбарах, абодва вырашылі пазмагацца за пасаду партыйнага старшыні.
Здавалася, што асаблівай розніцы паміж поглядамі братоў не існуе. Аднак, пакапаўшыся ў нядаўняй гісторыі, эксперты прызналі, што Эд усё ж больш за Дэвіда чыніў супраціў кіраўніцтву партыі ў асобе Тоні Блэра і Гордана Браўна. Так, ён адкрыта выступіў супраць інтэрвенцыі ў Ірак. Гэтай дробязі хапіла, каб вакол малодшага з Мілібэндаў сфармаваўся німб вялікага левага апазіцыянера Тоні Блэру, хаця істотных ідэйных супярэчнасцяў паміж братамі няма. Эд нават паабяцаў, што дасць Дэвіду ў выніку перамогі пасаду старшыні ценявога ўраду.
Аднак вырашальную справу зрабіў фактар Тоні Блэра. Ён, ягоны духоўны бацька экс-шэф партыі Нэйл Кінак і нядаўні прэм’ер Гордан Браўн заклікалі галасаваць за Дэвіда. Як і варта было чакаць, той у выніку прайграў.
Цяпер усе гадаюць, якім будуць новыя лейбарысты, што самі сябе называюць next labour (наступныя лейбарысты). Сам Эд кажа: ён «прадстаўляе новую эру ў палітыцы», што, зразумела, гучыць неяк абстрактна. Правая прэса акцэнтуе ўвагу на тым, што сваёй перамогай Эд абавязаны прафсаюзам. Цяпер новы старшыня мусіць лабіраваць інтарэсы прафсаюзных босаў, а гэта пагражае рэмейкам 1970-х. Тады, будучы кліентам прафсаюзаў, лейбарысты страцілі падтрымку сярэдняга класу і адкрылі шлях ва ўладу кансерватарам.
20 кастрычніка будуць больш-менш вызначаныя контуры новых лейбарыстаў, калі кабінет Дэвіда Камерона прапануе план эканоміі дзяржаўных расходаў, а партыя Эда Мілібэнда — сваю канструктыўную альтэрнатыву.